Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +1° Маладзечна
Вілейка +1° Вілейка
Смаргонь +2° Смаргонь
Ашмяны +2° Ашмяны
Валожын +1° Валожын
Мядзел +2° Мядзел
Астравец +2° Астравец
Гісторыя
1
1.06.2017 16:09 ,AЎТАР(Ы): вучань маладзечанскай гімназіі №3 Аляксандр БАБІЙ

Лаціна, рэлігія, гісторыя Польшчы і 200 злотых штогод: як вучыліся ў гімназіі Тамаша Зана

Гімназісткі. Фота забяспечанае Аляксандрам Бабіем

Гімназісткі. Фота забяспечанае Аляксандрам Бабіем.

Адкрыццё гімназіі ў Маладзечне ў 1922 годзе стала знамянальнай падзеяй. На той час у мястэчку жыло менш за 2000 жыхароў. І польская гімназія імя Тамаша Зана надавала яму пэўны прэстыж.

Рашэнне аб адкрыцці ў Маладзечне васьмігадовай гімназіі сумеснага навучання прынялі на сойме гміны напрыканцы 1920 года. Адзінай перашкодай, якая паўстала перад мясцовай польскай уладай, была адсутнасць прыстасаванага памяшкання для школы. Спачатку яе хацелі размясціць у фальварку Бухаў­шчына. Але гаспадар маёнтка, пан Тышкевіч, не пагадзіўся.

Дапамагалі ўлады, памешчыкі і таварыства разліву гарэлкі

У ліпені 1922 года мястэчка пакінула дзявятая польская дывізія, якая месцілася ў будынку былога кляштара і бліжэйшых дамах.

З гэтага часу і да 1939 года тут, на вуліцы Замкавай, і працавала поль­ская гімназія.

На рамонт памяшканняў вы­дзелілі 302 075 польскіх марак, прывезлі школьныя парты, сталы, іншую мэблю. Вельмі дапамагло “Крэсовае таварыства разліву гарэлкі”, якое выдаткавала на патрэбы гімназіі 500 000 марак. Памешчык Уладзімір Чайкін з Хоўхлава ахвяраваў 40 000 марак.

27 жніўня 1922 года абвясцілі  запіс у гімназію. 22 верасня адкрылі тры першыя класы, а таксама падрыхтоўчы клас. Урачыстае адкрыццё зладзілі 5 кастрычніка 1922 года.
У першы навучальны год у гімназіі было 116 вучняў:  61 хлопчык і 55 дзяўчынак.

Першым дырэктарам быў Людвік Адахоўскі, у мінулым інспектар поль­скай гімназіі пры касцёле святой Кацярыны ў Пецярбургу. Ён скончыў гімназію ў Маскве і некаторы час вучыўся на гуманітарным факультэце Лазанскага ўніверсітэта ў Швейцарыі. Але мясцовую ўладу гэты кіраўнік не вельмі задавальняў. Па-першае, чалавек прагрэсіўных поглядаў. Па-другое, не вельмі добра ведаў польскую мову. А па-трэцяе, нядрэнна ставіўся да ўсяго беларускага. На гэтай пасадзе Адахоўскі адпрацаваў два гады.

Гімназія. Фота забяспечанае Аляксандрам Бабіем.

Гімназія. Фота забяспечанае Аляксандрам Бабіем.

Нягледзячы на рознага роду складанасці, слабае матэрыяльнае забеспячэнне, жыццё гімназіі паступова ўваходзіла ў нармальнае рэчышча. Арганізоўвалі публічныя канцэрты і літаратурныя вечарыны, ставілі спектаклі. Усе гэтыя мерапрыемствы право­дзілі ў польскім патрыятычным духу, але тым не менш яны ажыўлялі жыццё мястэчка, стваралі маральны і духоўны клімат.

Лаціна для вучняў чацвертага класа

15 сакавіка 1923 года гімназіі прысвоілі імя Тамаша Зана – навукоўца, які нарадзіўся ў Мясаце. Па задуме ініцыятараў, імя Зана павінна было звязаць гісторыю гімназіі з мала­дзечанскай шляхецкай школай, дзе калісьці вучыўся польскі паэт-рамантык і ўдзельнік вызваленчага руху супраць царскага самадзяржаўя. Са справаздач відаць, што на пачатку працы ў гімназіі былі сур’ёзныя фінансавыя цяжкасці, цяжкасці з настаўніцкім складам. Не было патрэбнай мэблі і кніг у дапамогу настаўніку.

У 1924 годзе адкрылі чацверты клас. Дырэктарам стаў Тадэвуш Яцуньскі. Ад 1925 года вырашылі пачаць паступовы перавод гімназіі на гуманітарны тып. Ужо ў 4 класе ўводзілі вывучэнне лацінскай мовы. Праз некаторы час ліквідавалі падрыхтоўчы клас.  Спрабавалі пераўтварыць гімназію ў гандлёвую школу або ў настаўніцкую семінарыю. Але бацькі жадалі пакінуць у горадзе гімназію. Гэтае жаданне і ўзяло верх.

Гімназія атрымала статус дзяржаўнай гуманітарнай. У 1925-1926 гадах з’явіўся пяты клас. Праз год адкрылі шосты і сёмы, яшчэ праз год – восьмы клас. Да канца 1923 года ўсе памяшканні кляштарнага будынка аддалі для патрэб гімназіі.

У той час гімназія займала шэсць кабінетаў. У пяці з іх размяшчаліся класы, у адным – настаўніцкая і невялікі фізічны кабінет. Вокны выходзілі на паўночны бок, дзе ў двары расло шмат дрэў. Ад гэтага ў кабінетах было цёмна і вільготна.

Гарцэры, гурткі, малебны: як арганізоўвалі выхаваўчую работу

Яшчэ ў першыя гады ў гімназіі стварылі гарцэрскую жаночую дружыну – польскую скаўцкую моладзевую арганізацыю. Ёй кіравала настаўніца Смуроўская, а з 1930 года – Фальтынава.
На Каляды гарцэркі ладзілі для дзяцей абрадавыя лялечныя спектаклі, праводзілі танцавальныя вечары.

Асабліва ўрачыста ў гімназіі праходзілі вечары, прысвечаныя памяці Тамаша Зана. Праводзіліся вялікія канцэрты, спявалі песні, чыталі вершы, гаварыліся гарачыя прамовы ў гонар Зана.
У красавіку 1926 года гімназію наведаў акруговы школьны інспектар. Ён застаўся задаволены ўзроўнем яе працы.

У гэтым жа годзе ў гімназіі стварылі літаратурна-навуковы гурток, а крыху пазней –  гістарычны і краязнаўчы. Кіраваў ім Антоні Анцэвіч. Адчынілі гімназічную бібліятэку і дапаможную касу для набыцця падручнікаў і школьных прыладаў. У снежні 1926 года ў гімназіі арганізавалі ўрачыстае святкаванне 900-годдзя каранацыі польскага князя і караля Польшчы Баляслава Смелага. Быў малебен, урачысты канцэрт, тэатральнае прадстаўленне. На свяце прысутнічаў віленскі ваявода Уладзіслаў Раткевіч.

20 лістапада 1927 года гімназія адсвяткавала сваё пяцігоддзе. Раніцай а дзясятай гадзіне ў парафіяльным касцёле зладзілі святочнае набажэнства. Пасля правялі асвячэнне сцяга гімназіі, на якім з аднаго боку быў намаляваны белы арол з лозунгам “Айчына, навука і добрыя справы”. Свята скончылася пасяджэннем рады педагогаў.

Навучальны 1927/28 год быў па-свойму знамянальны: адчынілі восьмы клас, гімназія набыла правы навучальнай установы поў­нага гуманітарнага тыпу. З гэтага часу ніводнага вучня не вызвалялі ад аплаты. У чэрвені 1929 года правялі першыя экзамены. І ўжо 20 чэрвеня дзесяць вучняў атрымалі атэстаты сталасці. У тым жа 1927/1928 годзе ў гімназіі навучалася 152 вучні:  91 юнак і 61 дзяўчына.

Для належнага знешняга выгляду гімназіі выдзелілі 10 тысяч злотых –  сума, па тых часах, астранамічная. У справаздачы за 1930/1931 навучальны год дырэктар Уладзіслаў Ваўрык апісвае сістэму работы гімназіі, стан памяшканняў, матэрыяльна-тэхнічную базу, пералічвае абавязковыя і неабавязковыя прадметы. Абавязковымі прадметамі былі рэлігія, поль­ская мова, лаціна, нямецкая або французская мова, гісторыя Поль­шчы, геаграфія, бія­логія, фізіка, хімія, матэматыка, ваенная справа ў хлопцаў, праца, фізкультура.

Да неабавязковых адносіліся хор, ігра на мандаліне, гітары, ду­дзе. Раз на тыдзень праводзілі выхаваўчыя мерапрыемствы. Часта ездзілі на экскурсіі. Дзейнічала навуковае таварыства навучэнцаў.

Калекцыянавалі манеты, разводзілі рыбак

Ад 1927 года ў гімназіі працуе гістарычнае таварыства. Вядома, што ў 1931 го­дзе асаблівую ўвагу ў ім надавалі даследаванню паўстання 1830-1831 гадоў. Сябры таварыства збіралі калекцыю манет і банкнот, кнігі 18 стагоддзя. Кіраўніком быў Антон Анцэвіч, настаўнік гісторыі. Праводзілі прыродазнаўчыя навуковыя экскурсіі, разводзілі кветкі, рыбак у акварыуме.
У гімназіі быў хор, які наведвала ў 1931 годзе 58 чалавек. Спявалі духоўныя і свецкія песні.

Усе ўрачыстыя падзеі гімназіі суправаджаў духавы аркестр. У аркестры быў 21 інструмент. Іграла 20 чалавек. Кіраваў Антон Міхайлоўскі, настаўнік музыкі. Асаблівую ўвагу надавалі навучанню хлопчыкаў асновам ваеннай справы. 172 гадзіны ў навучальным годзе адводзілі на заняткі па стральбе з малакалібернай зброі, адпрацоўцы уменняў весці бой і абарону, навуцы аб зброі.

Працавала спартыўнае таварыства. Яно складалася з розных секцый: лёгкая атлетыка, спартыўныя гульні, стральба, плаванне. Гімназісты ўдзельнічалі ў розных спаборніцтвах, ездзілі на спартыўныя турніры ў Вільню, займалі прызавыя месцы па розных відах спорту, акрамя плавання.

Пяць кароў ці год вучобы?

У 1937 годзе ў гімназіі навучалася 200 чалавек. Дырэктарам быў Антошчак. Сярод найбольш паважаных педагогаў вылучаліся Анцулевіч (прыродазнаўства), Кавалюк (геаграфія і фізкультура), Бачэўская (французская мова), Плякова (лацінская мова),  Я. Бароўскі (паланістыка), ксёндз Чаплінскі (нямецкая мова і каталіцкая рэлігія), бацюшка Марозаў (праваслаўная рэлігія).

Гімназічны хор. Фота забяспечанае Аляксандрам Бабіем.

Гімназічны хор. Фота забяспечанае Аляксандрам Бабіем.

За вучобу ў гімназіі ў 1930-я гады плацілі 200 злотых штогод. На гэтыя грошы можна было купіць 100 пудоў жыта ці пяць кароў. Форма гімназістаў была сіняга колеру з акантоўкай. На берэце – эмблема з разгорнутай кнігай і паходняй. Нягледзячы на паланізацыю, акаталічванне многія гімназісты-беларусы не адмовіліся ад свайго нацыянальнага “я”, беларускай мовы і культуры.

Сярод іх сын вядомага дзеяча беларускага Адраджэння Браніслава Тарашкевіча Радаслаў Тарашкевіч, просты настаўнік вясковай школы Віктар Казлоўскі, дзеячы беларускага замежжа Павел Асіповіч, Міхаіл Ганько і Пётр Ганецкі.

Як усё скончылася

У канцы верасня 1939 года, калі ў Заходнюю Беларусь увайшлі савецкія войскі, пасаду дырэктара гімназіі заняў палымяны беларускі патрыёт Янка Карпіновіч, які выкладаў беларускую мову і літаратуру.

Нядоўгі час гімназія праіснавала як беларуская навучальная ўстанова. У кастрычніку 1939 года яе ліквідавалі. На яе базе адчынілі педагагічнае вучылішча імя Янкі Купалы, якое працавала да чэрвеня 1941 года.  

Маладзечанская гуманітарна-адукацыйная гімназія была цэнтрам культурнага і духоўнага жыцця мястэчка. На працягу 17 гадоў маладыя людзі маглі вучыцца тут, а пасля працягваць вучобу ва ўніверсітэтах.

Абмеркаваць
Каментар (1) / Дадаць каментар
13.06.2017 17:57
Marina Vernigora (Dubowik) / When was the photo taken? My father Rev. Peter Dubowik had a parish on Molodechno in 1933 until 1939 (?) where he was sent to a new parish in Lida where I was born. The person from top left to right appears to look like my father, but he was ordained in 1932 and would have looked younger. Please respond with detail
Дадаць каментар
Новае на сайце