Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +11° Маладзечна
Вілейка +11° Вілейка
Смаргонь +11° Смаргонь
Ашмяны +12° Ашмяны
Валожын +11° Валожын
Мядзел +11° Мядзел
Астравец +11° Астравец
Эканоміка
1
7.06.2017 19:02 ,AЎТАР(Ы): Аляксандра ПАРАХНЯ

"З абсталявання ў ветэрынара толькі рукі, вочы і галава". Ветэрынарны фельчар з Маладзечна распавядае, колькі зарабляе і як траціць грошы

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак. Фота migotkaxd.pinger.pl.

Лячыць нашых чацвераногіх сяброў, а тым больш даглядаць за статкам буйной рагатай жывёлы – справа не з лёгкіх. Колькі ж зарабляюць такія спецыялісты і ці атрымліваецца на гэтыя грошы ўтрымліваць сям’ю?

Пра гэта “Рэгіянальнай газеце” распавёў Віталь, ветэрынарны фельчар з Маладзечанскага раёна.

“Часам пад маім наглядам 1500 жывёл”

Віталь працуе ўжо амаль чатыры гады. Ён даглядае за буйной рагатай жывёлай – дойнымі каровамі, бычкамі і цялятамі ад самага нараджэння. Колькасць жывёл заўсёды розная. Часам, калі калегі ідуць на бальнічны ці ў адпачынак,  статак налічвае да 1500 галоў.

Агулам спецыялісты з ветэрынарнай адукацыяй могуць працаваць не толькі ў клініках і сельскай гаспадарцы. Патрэбныя яны ў мытнай службе, на мясакамбінатах і малаказаводах, а таксама на рынках і ў лабараторыях рыбгасаў.

Віталь пакуль працуе фельчарам, але паралельна павышае кваліфікацыю, каб давучыцца да доктара. Замяняць на працы ветэрынараў ужо даводзілася, таму пэўная практыка ёсць, аднак заробак пры гэтым застаецца на ўзроўні фельчара, дадае мужчына.

За сваю працу Віталь атрымлівае ў сярэднім 500 рублёў – з усімі прэміямі і надбаўкамі.

− Вядома, заробак не надта добры, − кажа ён. – За мяжой за нашу працу плацяць ледзь не ў 50 разоў болей. Але я да яе прывык, прафесія цікавая. Заўсёды развіваешся і даведваешся нешта новае. Хаця ёсць і іншыя мінусы. Напрыклад, тое, што ветэрынары заўсёды вінаватыя, на іх прасцей за ўсё скінуць усе праблемы ў гаспадарцы.

Ілюстрацыйны здымак. Фота polevet.blizko.ru.

Ілюстрацыйны здымак. Фота polevet.blizko.ru.

Пятая частка заробку ідзе на бензін

Працоўны дзень спецыяліста пачынаецца з абходу памяшканняў, дзе трымаюць жывёлу, і апытання жывёлагадоўцаў. Трэба запоўніць усе неабходныя паперы, часам зрабіць вакцынацыю.

− Звычайна ў месяц у мяне 28-30 працоўных дзён, адзін выхадны на тыдзень, і то не заўсёды, – кажа фельчар. – Бывае, што працую па 10-12 гадзін, бо трэба прыехаць раней або затрымацца ўвечары. Але ў табель усё роўна ідуць стандартныя 8.  

З-за частых паездак па раёне мужчыну даво­дзіцца карыстацца ўласнай машынай і траціцца на бензін. Яго кошт не кампенсуецца, а ў працадаўцы даць машыну няма магчымасці.

Рабочы аўтобус, якім можна карыстацца, ездзіць па сваім раскла­дзе, які часта не пасуе Віталю.

− Здараюцца і нач­ныя выклікі, − дадае мужчына. – Тады таксама еду на сваім транспарце. У месяц на бензін ідзе каля 100 рублёў. І гэта без уліку рамонту, які час ад часу патрэбны машыне, страхоўкі і тэх­аглядаў.

Камуналка і інтэрнэт цягнуць на 75 рублёў у месяц, яшчэ каля 30 рублёў ідзе на аплату мабільнай сувязі. Выплата крэдыту – 35 рублёў штомесяц. Каля 100 рублёў траціцца на ежу – чай, каву, крупы, макарону і іншыя прадукты. Тыя грошы, што застаюцца, ідуць на патрэбы сям’і – у Віталя ёсць жонка і дзіця.  

Начныя выклікі да сяброўскага сабакі – звыклая справа

Самае складанае ў працы ветэрынарнага фельчара, па словах мужчыны, – паставіць правільны дыягназ і прызначыць правільнае лячэнне.

− Жывёла – не чалавек, не скажа, дзе і што ў яе баліць, − тлумачыць Віталь. – Да таго ж у нас няма належнага абсталявання. Усё, што ў нас ёсць, – гэта рукі, вочы і галава.

Мужчына ўжо прывык, што ўсе сябры і знаёмыя закідваюць яго пытаннямі: што рабіць з сабачкам, як дапамагчы двароваму кату?

− Да такіх просьбаў і пытанняў настолькі прывыкаеш, што перастаеш раздражняцца, − кажа фельчар. – Ёсць і свае “пастаянныя кліенты”. Нават уначы пазваніць могуць. Дапамагаю ім, вядома.

Ілюстрацыйны здымак. Фота vetmarkvet.com.

Ілюстрацыйны здымак. Фота vetmarkvet.com.

Ужо хутка Віталь скончыць навучанне і атрымае спецыялізацыю ветэрынарнага доктара. Гэта дазволіць працаваць у ветэрынарных клініках. Неабходны досвед мужчына ўжо назапашвае.

− Я свайму сабаку дома рабіў аперацыю, − кажа ён. – Таксама даводзілася ката зашываць. Шмат сам вучуся, чытаю літаратуру па тэме.

Калі б заробак быў большым і ў сям’і атрымлівалася б адкласці нейкую суму, то Віталь патраціў бы яе на новую машыну.

− І можа, пачаў бы будаваць свой дом дзе-небудзь за межамі горада, − дадае мужчына.

Абмеркаваць
Каментар (1) / Дадаць каментар
7.06.2017 19:48
Ляля / Анекдот Приходит ветеринар к терапевту. Терапевт: — На что жалуетесь? Ветеринар: — Нет, ну так каждый может!
Дадаць каментар
Новае на сайце