Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -1° Маладзечна
Вілейка -1° Вілейка
Смаргонь Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын Валожын
Мядзел Мядзел
Астравец Астравец
Грамадства
14.06.2017 12:39 ,AЎТАР(Ы): Наталля ТУР

Маладзечанец аднавіў “Запарожац” 1967 года: Жонка не раўнавала да машыны, цяпер раўнуе, што нейкія дзеўкі прыязджаюць фоткацца (Фота)

Равеснікі: Юры Мазінскі і яго "Запарожац" 1967 году

Равеснікі: Юры Мазінскі і яго "Запарожац" 1967 году. Фота Наталлі ТУР.

Юры Мазінскі ў 2010 годзе купіў старэнькі, развалены “Запарожац”. І вось ужо сем гадоў рэстаўруе яго. 

– Ніколі не быў ні аўтамабілістам, ні калекцыянерам рэтра, – расказвае Юры, – проста аднойчы ўбачыў у суседа ў двары гэту машынку і стаў прасіць: прадай, прадай.

Сусед на здзелку доў­га не пагаджаўся, але якраз тым летам былі моцная навальніца і вецер, які паваліў дрэва акурат побач з “Запарожцам”. Тады, верагодна, сусед вырашыў, што гэта знак, і пагадзіўся прадаць гэты рарытэт.

– Я купіў свайго равесніка, ён таксама 67 года нараджэння, – жартуе Юрый. – Я на той час заплаціў за “Запарожац” каля двух мільёнаў, а тады гэта было 200 $.

На сайтах продажу аўтамабіляў такія адрэстаўраваныя “Запарожцы” каштуюць ад 7 да 10 тысяч долараў.

Па-першае, машыну трэба было паставіць на ўлік. Як аказалася, Юры стаў яе чацвертым гаспадаром.

Машыну купілі ў Віцебскай вобласці, потым прадалі ў Мядзел.

– Там мой сусед узяў яе па генеральнай даверанасці. А калі машыну прадаў мне, аказалася, што даверанасць пратэрмінаваная, а гаспадар машыны памёр.

Але пасля трох месяцаў запытаў у ДАІ, праверак, пераафармленняў, Юры нарэшце стаў законным уладальнікам машыны.

– Па праўдзе, жонка мая стала ўладальніцай машыны. І дзякуй ёй вялікі за цярпенне, пакуль я займаўся аднаўленнем машыны. Бо часу і грошай гэта вымагала  шмат.

Прасцей купіць крыло ад самалёта, чым запчастку

Машына першапачаткова была ў вельмі дрэнным стане.

– Калі ў машыны адмовіў матор, сусед яе проста кінуў пад плот. Думаў рамантаваць, але рукі не даходзілі.

У машыне давялося мяняць рухавік, варыць парогі, не было ні пярэдняй, ні задняй падвескі, не было колаў, не было даху, салон быў брудны і развалены.

– Некаторыя запчасткі да машыны я чакаў і шукаў па паўгода. Ператэлефанаваў усім, хто займаўся рэстаўрацыяй аўто, прасіў, можа, ёсць якая запчастка, каб падзяліліся.

Даўжэй за іншыя дэталі Юры шукаў абадок ад фары і брылёк ад сонца.

– Праз інтэрнэт купляў, напрыклад, значок “Запарожац”, які мацуецца спераду машыны, каштаваў 20 долараў.

Абіўку ў салон Юры замаўляў у Маскве.

– Доўга шукаў, каб салон  быў арыгінальны. Знайшоў фірму ў Маскве, якая робіць новыя рэчы, але пад даўніну. У іх можна было замовіць салон цалкам, ён каштаваў бы 1000 долараў, але я пашкадаваў грошай, заказаў толькі абіўку, астатняе рабіў сам.

Людзі сігналяць і паказваюць “клас”

Сёлета, нарэшце, машына была завершаная, і Юры стаў выязджаць на ёй у горад.

– Жонка сказала, што не сядзе ў яе ні за што. Цяпер, здаецца, рашэнне сваё змяніла.

Кіроўцы на дарозе “Запарожац” Юрыя сустракаюць з усмешкай.

– Адзін хлопец дык да пояса высунуўся з машыны і абедзвюма рукамі паказаў “клас”.

Прабег машыны – 42 тысячы кіламетраў.

– Але гэта ўмоўна, бо рухавік мяняўся. Я ставіў прыблізна такі ж з “Запарожца”- донара.

У машыне 28 конскіх сіл. Важыць машына  610 кілаграмаў. Аб’ём бензабака – 30 літраў.

– Праблема з бензінам ёсць. Машына ж павінна ездзіць на 76 бензіне, а цяпер толькі 92. Я хачу паспрабаваць зменшыць актанавы лік, але пакуль не эксперыментаваў.

У пашпарце сказана, што яна можа развіваць хуткасць да 90 кіламетраў у гадзіну. Але тады і расход паліва будзе прыкладна 10 літраў на 100 кіламетраў.

Цікава напісана ў пашпарце машыны: “Контрольный расход топлива на 100 километров пробега для исправного, прошедшего обкатку автомобиля, двигающегося с полной нагрузкой при постоянной скорости 35-40 км/ч на 4 передаче на горизонтальном участке автомобильной дороги с ровным покрытием, 5,5 литра”.

Юры рэстаўрацыю машыны завяршыў, але на падыходзе новы агрэгат.

– Сёлета думаю задацца мэтай аднавіць бацькоўскі матацыкл. Я на ім ездзіў, калі мне было 16 гадоў. Так сказаць, буду вяртаць да жыцця сябра дзяцінства.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце