Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +22° Маладзечна
Вілейка +21° Вілейка
Смаргонь +22° Смаргонь
Ашмяны +22° Ашмяны
Валожын +23° Валожын
Мядзел +21° Мядзел
Астравец +22° Астравец
Грамадства
13.06.2017 09:54 ,AЎТАР(Ы): Наталля ТУР

Вайна суседзяў. Хто каму павінны саступіць месца ў агародзе?

Любоў Рагель незадаволеная тым, што суседкі пасягаюць на яе агароды

Любоў Рагель незадаволеная тым, што суседкі пасягаюць на яе агароды. Фота Наталлі Тур.

Да нас у рэдакцыю звярнулася маладзечанка Любоў Рагель, якая жыве на праездзе Пушкіна. Жанчына сцвярджала, што яе суседка пашырала свой агарод і перанесла агароджу на тэрыторыю, якая належыць Любові Аляксандраўне. 

Пры гэтым суседзі, якія жывуць насупраць, калі даведаліся, што да суседкі прыехалі з газеты, усклікнулі:

– Ды гэта мы вам павінны былі тэлефанаваць! Вайну з нашай суседкай мы вядзём ужо дзесяцігоддзі!

Любоў Аляксандраўна паказвае петарды, якія ўнукі суседзяў узрываюць у яе двары

Любоў Аляксандраўна паказвае петарды, якія ўнукі суседзяў узрываюць у яе двары

Любоў Аляксандраўна ў сваім прыватным доме жыве адна.

Гадуе парсючка, козачак і курэй.

Працуе санітаркай у бальніцы.

Аднойчы яна заўважыла, што на яе тэрыторыю спакусілася суседка.

– Яны ўтрох, тры суседкі, мяне цкуюць, – расказвае Любоў Аляксандраўна са слязьмі на вачах, – мяне абараніць няма каму. Дык яны ўжо і плёткі пра мяне пускаюць, і смяюцца з мяне. Яны незадаволеныя, што я гаспадарку трымаю. А я раблю ўсё па законе, мае козы ў двары за агароджай стаяць, а вось яны сваіх сабак выпускаюць бегаць па вуліцы.  А я хачу толькі аднаго: каб вярнулі мне частку майго агарода і не чапалі мяне. Я ім не сяброўка!

Праз гаспадарку Любові Аляксандраўны год таму паміж суседкамі здарыўся канфлікт, які вырашала міліцыя.

На Любоў Аляксандраўну суседка напісала заяву ў міліцыю за тое, што быццам яе козы пагрызлі праз плот суседскія сланечнікі.

Міліцыя прыехала, склала пратакол. Высветлілі, што козы да пашкоджаных сланечнікаў дачынення не маюць.

Суседка праз вуліцу Ганна Уладзіміраўна  на гэта адказвае:

– Вы ведаеце, які ад тых коз летам смурод на вуліцы? Немагчыма на двор выйсці!

Суседкі Любові Рагель

Суседкі Любові Рагель

– А ты не нюхай, – крычыць праз плот Любоў Аляксандраўна.

– Ды нашто ёй той агарод, – працягвае Ганна Уладзіміраўна, – вы гляньце, у яе двары не расце ні адна травінка, увесь двор перакапаны. А з восені яшчэ і завалены саломай!

– Цяжка стала трымаць гаспадарку, – пасля ўсяго скажа гаспадыня, – буду зводзіць паціху козачак, кабанчыка закалю. Я ж адна. Касіць цяжка. Хачу зрабіць парадак у двары. Вароты паставіць, каб і не бачыць тых суседак.

– Люба, – кажуць суседскія жанчыны, – ты хаця парадак цяпер навядзі. Ты ж усе камяні з вуліцы пазносіла сабе пад плот, вішань наса­дзіла, машыны на вуліцы размінуцца не могуць! Нашто ты той бітай цэглы, жалязяк  пад плот накідала, гэта ж не дай бог дзіця якое там упадзе, заб’ецца.

– Не ваша справа, – адразае Любоў Аляксандраўна, – пойдзем у хату, не хачу з імі размаўляць.

У хаце бегае маленькае чорнае кацяня.

– Прыйшлося сёлета котку завесці, мышэй многа стала, – гаруе жанчына. А суседкі злуюцца, бо я сама па сабе, няма мне калі з імі плёткі на вуліцы разводзіць, работы шмат. Во і фундамент хачу падняць, і хату ўцяпліць.

Мы звярнуліся ў землеўпарадкавальную службу Маладзечанскага раёна. Начальнік Дзмітры Клопаў патлумачыў, што яны насамрэч выязджалі на праезд Пушкіна, мералі соткі.

– Усё там у парадку. Апошні дом па суседстве з Любоўю Аляксандраўнай  быў куплены ў 2007 годзе, тады рабіліся ўсе адпаведныя дакументы. З таго часу ніхто не забраў сабе ні сантыметра зямлі.

Як жа памірыцца суседзям, якія ваююць дзесяцігоддзі? Калі ведаеце, напішыце нам.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце