Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +11° Маладзечна
Вілейка +11° Вілейка
Смаргонь +11° Смаргонь
Ашмяны +12° Ашмяны
Валожын +11° Валожын
Мядзел +11° Мядзел
Астравец +11° Астравец
Грамадства
17.06.2017 09:42 ,AЎТАР(Ы): Галіна СУДНІКОВІЧ

Эканомілі ў адпачынку на экскурсаводзе – дачка дзялілася ведамі. Маладзечанка пра адпачынак у Грэцыі з дзецьмі (Фота)

Фота забяспечанае Ірынай Сяліцкай.

Калі многія людзі з нецярпеннем чакаюць лета, каб адпачыць на моры, атрымаць бронзавы загар, маладзечанка Ірына Сяліцкая вырашыла не чакаць неверагоднай спякоты, а адпачыць з дзецьмі ў Грэцыі ў маі, на востраве Родас.

Для адпачынку выбірала паміж Балгарыяй, Іспаніяй і Грэцыяй. Гэтыя краіны былі аптымальныя па цане, аднак у першых дзвюх не знайшлі гатэля, таму перамагла Грэцыя.

Паехалі па гарачай пуцёўцы. На траіх яна каштавала 815 еўра (1520 рублёў 79 капеек) на 12 дзён. Гатэль быў чатырохзорны, дзе ўсё ўключана.

Праз расійкую турфірму атрымалася танней

– Бралі пуцёўку праз расійскую турыстычную фірму, – дзеліцца досведам Ірына. – Так атрымалася танней больш чым у два разы. У нас пуцёўка каштавала дзве тысячы еўра (3732 рублі), а праз расійскага тураператара – 815. Адзіная цяжкасць была з тым, як дабрацца да Масквы. Вырашылі самалётам з Мінска.  На кожнага выйшла па 100 еўра (186 рублёў 60 капеек). Аднак, калі б было больш часу, можна было б набыць білеты, таннейшыя недзе на 30 еўра (55 рублёў 98 капеек).

Як адзначае маладзечанка, спланавалі паезд­ку выдатна, у аэрапорце ў Маскве прыйшлося пачакаць толькі дзве га­дзіны. Гэтага часу нават не адчулі, а вось дзеці былі надзвычай уражаныя, што ляцяць на двух самалётах.

– Гэта выдатна, што паехалі менавіта ў маі, – расказвае Ірына. – У Грэцыі пераважна маленечкія адна-, двухпавярховыя дамкі, вузенькія вулачкі. У гэты час, як і ў нас, цвілі дрэвы, усё літаральна патанала ў кветках, дамы хаваліся ў гэтай прыгажосці. Водар быў проста фантастычны.

Фота забяспечанае Ірынай Сяліцкай.

Фота забяспечанае Ірынай Сяліцкай.

Фота забяспечанае Ірынай Сяліцкай.

Фота забяспечанае Ірынай Сяліцкай.

Фота забяспечанае Ірынай Сяліцкай.

Фота забяспечанае Ірынай Сяліцкай.

Фота забяспечанае Ірынай Сяліцкай.

Фота забяспечанае Ірынай Сяліцкай.

Абмяжоўваюць вываз алею

Падчас паездкі мала­дзечанка ўпэўнілася, што Грэцыя – краіна алівак. Пакаштавалі і разнастайныя стравы з аліўкамі і алеем, таксама набыла касметыку.

Калі ў іншых краінах ёсць абмежаванні па вывазе за мяжу алкагольнай прадукцыі, то ў Грэцыі абмежаванні на вываз аліўкавага алею – не больш за тры літры на чалавека.

– Алей не таннейшы, чым у нас, аднак смак і якасць значна адрозніваюцца, – дзеліцца маладзечанка. – Прадаюць яго і з рознымі дадаткамі, напрыклад, карыцай, размарынам, гваздзікай. Стравы, у якіх ёсць такі алей, іншыя, нават і спецыі не трэба і на выгляд больш прыцягальныя.

Фота забяспечанае Ірынай Сяліцкай.

Фота забяспечанае Ірынай Сяліцкай.

Кухня ў краіне блізкая да еўрапейскай, падаюць і шмат морапрадуктаў. Дзецям Ірыны асабліва спадабаліся мідыі ў ракавінках. Ірыне ж вельмі хацелася пакаштаваць сапраўдную грэцкую салату. У Грэцыі яе гатуюць з пяці інгрэдыентаў: памідоры, агуркі, перац, цыбуля і сыр. Усё парэзана вялікімі кавалкамі. Пры гэтым салату не запраўляюць аліўкавым алеем.

Каб сябры пакаштавалі сапраўдны аліўкавы алей, набыла яго ў падарунак. У якасці сувеніраў таксама прывезла мыла. А вось ад магніцікаў адмовілася – дарагаватыя, 2 еўра (3 рублі 74 капейкі).

Фота забяспечанае Ірынай Сяліцкай.

Фота забяспечанае Ірынай Сяліцкай.

У Грэцыі Ірына паспрабавала варыць каву ў пяску. Гэта ўсходні метад.

– Пясок насыпаны ў ёмістасць, якая нагадвае вялікую глыбокую патэльню, – расказвае тэхналогію прыгатавання Ірына. –  Тэмпература метала награе насыпаны ў яе пясок. Турка ставіцца на пясок так, нібы закапваецца. Дзякуючы таму, што з усіх бакоў пясок грэе турку, кава атрымліваецца больш насычаная, крэпкая, а пенка густая і плотная. І сама кава вельмі смачная і цікавы сам працэс, для дзяцей ён падаўся магічным.

Зэканоміла на экскурсаводзе і праверыла веды дачкі

Фота забяспечанае Ірынай Сяліцкай.

Фота забяспечанае Ірынай Сяліцкай.

– Мая дачка Анюта вывучае англійскую мову, – дзеліцца Ірына. – Хацела, каб яна папрактыкавалася паразмаўляць не толькі на занятках, а з носьбітамі мовы. У Грэцыі для гэтага было шмат магчымасцяў, бо ў асноўным адпачывалі еўрапейцы. Пад канец адпачынку дачка прызналася, што пачынае думаць па-англійску.

Як жартуе жанчына, падчас паездкі значна зэканоміла на экскурсаводзе. Дачка якраз скончыла пяты клас, у якім праходзілі гісторыю старажытнай Грэцыі. Таму з вялікай ахвотай дзялілася атрыманымі ведамі, а маці ўпэўнілася, што станоўчыя адзнакі атрымлівае недарма. Экскурсія па гістарычных месцах  каштуе 50 еўра (93 рублі 30 капеек) на чалавека.

Машыну напракат прапануе кожны другі

Ірына адзначае, што ў Грэцыі вельмі папулярнай паслугай з’яўляецца машына ў арэнду. Кожны другі прапануе скарыстацца магчымасцю самастойна аб’ехаць востраў. Арэнда машыны ў суткі – 25 еўра (46 рублёў 65 капеек).

Для тых, хто хоча паглядзець на краявіды няспешна, прапануюць своеасаблівы транспарт – прагулку на осліку. Такая паездка каштуе 6 еўра (11 рублёў 20 капеек).

– Мы ездзілі на грамадскім транспарце, абыходзілася значна танней, 3-4 еўра (5 рублёў 50 капеек – 7 рублёў 46 капеек), – расказвае Ірына. – Цана залежыць ад адлегласці паездкі. Пабылі ў акропалі, на востраве Родас, убачылі старыя разваліны, крэпасць.

Жанчына падагуліла, калі вы плануеце адпачываць з дзецьмі, Грэцыя для гэтага выдатна падыходзіць. Краіна мае мяккі клімат, летам сонца не стамляе, не перагравае, што вельмі добра для дзяцей. А мясцовыя гатэлі арыентаваныя на сямейны адпачынак.

Пяць рэчаў, якія варта зрабіць на востраве Родас

1. Адкупіць сем смяротных грахоў, выкупаўшыся ў даліне сямі крыніц Эпта-Пігесе, вада якіх апальвае холадам.

2. Падняцца на ўзгорак Цамбіка да аднайменнага манастыра, дзе знаходзіцца ікона Дзевы Марыі. Кажуць, што яна дапамагае бяздзетным сем’ям.

3. Пастарацца налічыць тысячу матылькоў у маляўнічай даліне, збіцца і проста атрымліваць асалоду ад віду трапяткіх узмахаў тысяч крылаў.

4. Убачыць “пацалунак” двух мораў – Эгейскага і Міжземнаморскага – у мястэчку Прасонісі. Гэта пясчаная каса злучае два востравы, Родас і Прасонісі, дзе з аднаго боку знахо­дзіцца цёмна-сіняе Міжземнае мора, а з іншага – неспакойнае бірузовае Эгейскае.

5. Залезці на гару Філерымас, на вяршыні якой знаходзіцца вялікі крыж.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце