Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -1° Маладзечна
Вілейка -1° Вілейка
Смаргонь Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын Валожын
Мядзел Мядзел
Астравец Астравец
Спорт
19.06.2017 09:36 ,AЎТАР(Ы): Наталля ТУР

Футбаліст ФК "Маладзечна" Максім Чабрыцкі: футбол – гэта мая свабода

Максім Чабрыцкі

Максім Чабрыцкі. Фота Наталлі Тур.

Мы працягваем рубрыку “Лепшыя футбалісты лепшага горада”.

І сёння ў нас у гасцях футбаліст-філосаф Максім Чабрыцкі.

Падчас сустрэчы Максім разважаў пра футбол і пра маладзечанскі фестываль, пра сям’ю і сяброў, пра дабро і дапамогу.

– Вось, дарэчы, не так даўно ехаў я з рынку, а дарогу пераходзіла бабуля з дзвюма цяжкімі сумкамі. Я думаю, дай дапамагу перайсці дарогу хутчэй. Потым, адчуўшы, што сумкі сапраўды цяжкія, прапанаваў падвезці да прыпынку. У машыне спытаўся: “Дзе вы жывяце?” – “У Сечках”. У Сечкі я бабулю не павёз, але завёз да вакзала. Яна выйшла з машыны і цалавала мне рукі. Няёмка было. Але гэта ўчынак, які не патрабуе ніякіх асаблівых высілкаў, мяне так выхавалі.

Выхоўваўся Максім Чабрыцкі ў звычайным маладзечанскім двары.

– Мы ж раслі без інтэрнэту, таму, вядома, усе ганялі ў футбол. Каб гуляць на ўзроўні, я запісаўся ў футбольную секцыю. А потым стаў гуляць за “Забудову”, прывык па суботах ездзіць у аўтобусе і пайшло-паехала.

Калі пару гадоў таму назад паўстала пытанне, ці быць футболу ў Маладзечне, Максім паставіўся да гэтага па-філасофску.

– Ніколі ў мяне нават думкі не ўзнікала пра тое, што горад застанецца без футбола. У Маладзечне ёсць футбол. І гэта не аспрэчваецца і не зменіцца. А вось за тое, што гледачу трэба відовішча, адказныя мы, футбалісты.

Сёлета каманду “Маладзечна-ДЮСШ-4” узначаліў новы трэнер Сяргей Дараховіч.

– Новы? Толькі той, хто ні разу не бачыў маладзечанскі футбол, можа сказаць, што Іванавіч новы. Ён, мне здаецца, быў заўжды. Іванавіч – гэта чалавек-парада. Ён заўсёды быў побач з броў­кай, даваў парады. І мне б хацелася, каб Сяргей Дараховіч узяў мяне ў памочнікі.

Каманда “Маладзечна-ДЮСШ-4” тры гульні запар сыграла ўнічыю.

– І ведаеце, пачаліся напады на трэнера: дзе ачкі, дзе гульня? Думаю, яму таксама цяжка ў новай ролі. Але я вам так скажу: ачкі будзем па восені лічыць.

Афарызмы Максіма Чабрыцкага:

– Толькі дохлы конь рве са старту.

– Калі гуляць у футбол без эмоцый, то лепей рабіць гэта на PlayStation.

– У жыцці фінціць не трэба, для фінтоў ёсць футбольнае поле.

Перажывае Максім Чабрыцкі і за тое, што іх каманда пакуль паказвае не гульню, а эпізоды.

– Вельмі крыўдна з-за гэтага, пасля гульні разбіраемся, што не так, чаму не забілі. У мяне асабіста ёсць пракляцце Любані. Некалькі гадоў таму ў фінале я не забіў ім. Лік застаўся 1:1. Маладзечна не заняло тады першае месца. Сёлета гулялі з імі. У мяне таксама была магчымасць забіць. Не забіў.

За іншымі камандамі ў беларускім футболе Максім не сочыць.

– Папрасіце мяне назваць беларускіх футбалістаў. Я з цяжкасцю назаву пяцярых. Няма ў Беларусі футбола. Ёсць БАТЭ і іншыя. А тое, што кажуць, быццам БАТЭ не будзе чэмпіёнам сёлета, дык каму ад гэтага лягчэй. Дай бог, калі гэта атрымаецца таму, што іншыя каманды падцягнулі ўзровень, а не панізіў сваё майстэрства БАТЭ. Пераможа хтосьці іншы, значыць, нам  бу­дзе сорамна ў Лізе чэмпіёнаў. 

У “Іслачы” гуляе пляменнік Максіма Ула­дзіслаў Фёдараў.

– У нас з ім розніца 13 гадоў. Я, можна сказаць, быў яго першым трэнерам. А цяпер гля­джу на яго і не разумею, чаму ў “Іслачы” не даюць яму гуляць. Там гуляюць футбалісты, якім пад сорак гадоў. Глядзіш навіны еўрапейскага ці сусветнага футбола, там вундэркінды з’яўляюцца па 17-18 гадоў. Чаму ў нас не даюць гуляць маладым, я не ведаю.

Што датычыцца сваёй каманды, то Максім упэўнена адказвае, што яны добры калектыў.

 – Дысцыпліна толькі павінна быць. Я раней і вочы баяўся ўзняць на Вышынскага. А то хіханькі ды хаханькі, тры гульні хаханькі ў нас ужо, а выніку няма.

 Год таму інтэрнэт абляцела відэа, дзе Аляксандр Альховік дае ў карак Сяргею Лавору за тое, што той стаў спрачацца на полі.

– Вось бачыце, у нас кожны выхоўвае адзін аднаго. І правільна даў. Лавора не спыні, дык ён нагаворыць! Хаця ў апошні год Сяргей падрос, паразумнеў. Цяпер бы па карку не атрымаў, калі толькі па задніцы.

Максім прызнаецца, што і сам такі, на футбольным полі вельмі эмацыйны.

– Магу з лёгкасцю зарабіць чырвоную картку. Але стрымліваю сябе, бо калі хлопцы ў распранальні раскажуць мне, як ім гулялася без мяне, думаю, мне гэта не спадабаецца.

Бліжэйшы хатні матч “Маладзечна-ДЮСШ-4” сыграе супраць каманды “ЮАБ Жыткавічы”.

– Перад гульнёй мы больш настройваемся эмацыйна, а трэніруемся тры разы на тыдзень. Наперадзе ў нас гуляюць вельмі творчыя хлопцы Голуб, Талькоўскі, Лавор, Пустаход. Мяне якую гульню ўжо выкарыстоўваюць як правага абаронцу, а так хочацца наперад.

На пытанне, ці не крыўдзіцца сям’я на тое, што Максім па суботах на гульні, а не дома, Максім адказвае:

– Жонка ж ведала, за каго замуж ідзе.

Максім Чабрыцкі жанаты ўжо 10 гадоў. Ажаніўся ў 22 гады. У пары Чабрыцкіх падрастаюць тры дачкі. Старэйшым двайняткам Вікторыі і Анастасіі сем гадоў. Малодшай Аляксандры– тры годзікі.

– Раней жонка верыла ў тое, што, калі яна прыйдзе на гульню, мы прайграем, таму не ха­дзіла. Цяпер, бывае, з дочкамі прыходзіць.

Але футбол – гэта мужчынскі свет. Тут жанчыне няма чаго рабіць. Вось ёсць у нас у Маладзечне жанчына – суддзя. Я не ведаю, як яна вытрымлівае тут, у гэтым свеце, мацюкі і грубасць. Жанчына павінна быць жанчынай – пяшчотнай і жаноцкай.

– А бацька вы харошы?

– Гэта трэба ў дочак спытацца. Так, я і кашу зварыць магу, і косы заплесці, і на выхадных завезці на поні пакатаць або ў парк.

– Значыць, вы шчаслівы чалавек?

– А я не ведаю, што такое шчасце. Што можна назваць шчасцем? Тое, што ты не глядзіш, колькі што каштуе ў магазіне? Тады не. Ці здароўе сваё і блізкіх? Ці наяўнасць сяброў? Ці тое, што ёсць магчымасць займацца любімай справай. Калі гэта, то так.

Бліц:

– Калі музыка, то…

– Сучасная, я спяваць і сам люблю. Спяваю ў душы. А націск пастаўце як захочаце.

– Калі адпачынак, то…

– На прыродзе, з сям’ёй і сябрамі. Лазня, возера, палаткі.

– Чаго не зможаце дараваць людзям?

– Здрады.

– Якой стравай можаце парадаваць жонку?

– Сушы  з магазіна.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце