Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +12° Маладзечна
Вілейка +12° Вілейка
Смаргонь +12° Смаргонь
Ашмяны +12° Ашмяны
Валожын +12° Валожын
Мядзел +12° Мядзел
Астравец +12° Астравец
Спорт
1
1.07.2017 10:02 ,AЎТАР(Ы): Галіна СУДНІКОВІЧ

“Пакуль не аб’еду родную краіну, за мяжу ні нагой!” Цяпер мінчанін падарожнічае па рэгіёне

Фота забяспечанае Ігарам Някрасавым.

Мінчанін Ігар Някрасаў захапіўся велапаходамі тры гады таму, з гэтага часу мужчына дакладна вызначыў для сябе: “Пакуль не аб’еду родную краіну, за мяжу ні нагой!”

Адно з першых месцаў, у якое захацеў трапіць падарожнік, былі Гальшаны на Ашмяншчыне.

– Чуў многа легендаў пра гэта месца, у тым ліку пра прывідаў, – тлумачыць Ігар. – Хацелася ўбачыць на ўласныя вочы, ці ёсць там яны. Прачытаў твор Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”, яшчэ больш загарэўся. Аднак быў расчараваны, бо ўбачыў нічым непрыкметныя разваліны, фантазія малявала іншы вобраз.

Летась мужчына складаў маршрут так, каб падарожнічаць па азёрах і рэках краіны. Сёлета ўжо пабываў на Валожыншчыне, Вілейшчыне і Маладзечаншчыне. За лета плануе ахапіць віцебскі і гродзенскі накірункі.

За лета атрымліваецца праехаць каля 1000 кіламетраў. У некаторыя раёны даязджае на электрычках, затым на ровары. Сёлета ў па­чатку сезона Ігар праехаў больш за 310 кіламетраў.

– Акрамя прыгожай беларускай прыроды, краявідаў, якія бачу, вельмі падабаюцца лю­дзі, што жывуць у невялікіх гарадах, вёсачках, дзеліцца ўражаннямі падарожнік. – У адрозненне ад мінчан яны вельмі адкрытыя, гатовыя прыйсці на дапамогу. Зайдзі ў любы дом – дадуць вады напіцца, зарадзіць тэлефон.

Шукае цікавыя месцы праз сацсеткі

Фота забяспечанае Ігарам Някрасавым.

Фота забяспечанае Ігарам Някрасавым.

Перш чым паехаць у пэўнае месца, падарожнік пакідае заклік у сацсетках жыхарам пэўнага рэгіёна, якія б месцы яны параілі наведаць. Хаця б адзін чалавек, ды адгукаецца.

У дарогу Ігар бярэ мінімум рэчаў: пакрывала, дыванок, палатку, газавую гарэлку, аптэчку, ваду, непрамакальныя запалкі, мыйныя сродкі і мінімальны набор адзення. Ежу мужчына купляе падчас паездкі альбо рыбачыць, а затым гатуе юшку.

– Пры гэтым усе прыстасаванні я вязу на багажніку, прымацаваным да ровара, так лягчэй, – тлумачыць мінчанін. – Калі ўсе рэчы везці ў рукзаку, то вельмі вялікая нагрузка на спіну, тады падарожжа не прыносіць задавальненне ад цяжару. Адзіны мінус таго, што вязеш рэчы ў багажніку, цяжка паднімацца ўгору.

У аддаленыя месцы мужчына ездзіць адзін, калі ў раёны не вельмі далёкія, можа ўзяць сяброў.

– Аднойчы ўзяў з сабой дзяўчыну, – расказвае Ігар. – Аднак ні ёй, ні мне гэта падарожжа не спадабалася. Яна цяжка пераносіць укусы насякомых, таму скар­дзілася на гэта, ды і роварны адпачынак гэта не для яе. Мы вырашылі, што летнія выхадныя – гэта мой час, таму магу бавіць яго ў паходах, ніякіх крыўдаў не будзе. А восенню і зімой можам адпачываць разам.

У вольны ад падарожжаў час мужчына піша даведнік па Беларусі.

– Спачатку планаваў выдаваць кнігай, каб іншым велападарожнікам было прасцей ездзіць у цікавыя куточкі нашай краіны, – расказвае Ігар. – Аднак пасля вырашыў, што гэта будзе кніга для маіх нашчадкаў, каб яны не былі цюфякамі, якія ўвесь вольны час праводзяць на канапах і каля камп’­ютараў, а вялі актыўны лад жыцця.

Як плануе мінчанін, яму спатрэбіцца яшчэ паўтара года, каб вывучыць сваю краіну, а там можна і за мяжу збірацца.

Фота забяспечанае Ігарам Някрасавым.

Фота забяспечанае Ігарам Някрасавым.

Абмеркаваць
Каментар (1) / Дадаць каментар
1.07.2017 17:28
Алекс / Да то скромно, однако:)) Наша группа из Сморгони за июнь месяц по 1000 км накрутила по району в совместных покатушках ...
Дадаць каментар
Новае на сайце