Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +10° Маладзечна
Вілейка +10° Вілейка
Смаргонь +10° Смаргонь
Ашмяны +10° Ашмяны
Валожын +10° Валожын
Мядзел +9° Мядзел
Астравец +10° Астравец
Свет
30.06.2017 16:00 ,AЎТАР(Ы): Марына РОХНЕР, Паводле “Газеты Слонімскай”

Чаму немцы аддаюць перавагу найманаму жыллю

Фота remontt.net.

Ураджэнка Гро­дзеншчыны, якая жыве ў Берліне, расказвае пра жыццё ў Германіі.

У Беларусі сваё жыллё – гэта ўпэўненасць у заўтрашнім дні, магчымасць вялікай эканоміі сямейнага бюджэту ды і доказ уласнай паспяховасці ў грамадстве. У Германіі ж адносна невялікі працэнт насельніцтва мае ўласнае жыллё. Як правіла, гэта людзі сталага ўзросту, якія адбыліся ў сваёй прафесіі і сабралі капітал. Бо задавальненне гэта не з танных. Але ёсць і яшчэ некалькі важных прычын, чаму маладыя людзі альбо сям’і не жадаюць абцяжарваць сябе жыллём.

Прычыны папулярнасці найманага жылля

Я з мужам і двума дзецьмі жыву ў цэнтры Берліна ў чатырохпакаёвай кватэры, якую мы наймаем ужо сем гадоў. Арэнду мы плацім кожны месяц першага чысла дзяржаўнай фірме, створанай адмыслова для таго, каб пакрываць жыллёвыя патрэбы насельніцтва, бо Германія вядзе палітыку сацыяльнай дзяржавы.

У кожным населеным пункце існуюць такія дзяржустановы, дзе вам прапануюць розныя варыянты кватэр альбо дамоў на ваш густ і кашалёк.

Арэнда нашых 92 метраў з выглядам на Аляксандэрплац каштуе штомесяц каля 700 еўра. Зразумела, кватэру можна выкупіць у дзяржавы – тады прыйдзецца раскашэліцца як мінімум на 350 000 еўра, што, вядома ж, здужае толькі чалавек з высокай зарплатай.

Калі быць настойлівым і нястомным ў сваім пошуку – жыллё можна знайсці і за 150 000 еўра, але гэта будзе ўжо двухпакаёўка далёка ад цэнтра.

Я ўсе гэтыя сем гадоў была студэнткай берлінскай ВНУ, і мы не маглі сабе дазволіць куплі такога роду. Але як толькі я выйду на працу і наш сямейны бюджэт будзе штомесяц папаўняцца за кошт ужо двух заробкаў – праз тры-пяць гадоў цалкам рэальна сабраць стартавы капітал і ўзяць у банку крэдыт на астатнюю суму.

Спальны раён Берліна

Узяць крэдыт не з’яўляецца лёгкай справай і ў Германіі, але калі двое працуюць і даход стабільны, крэдыт пад 1,7-1,9% гадавых вам забяспечаны. Але ёсць шэраг маленькіх нюансаў, якія рана ці позна прыцішаць ваш эйфарычны настрой ад доўгачаканай пакупкі.

Кран заменяць і адрамантуюць столь бясплатна

Паколькі дзяржава юрыдычна з’яўляецца ўласнікам, да прыкладу, кватэры, у якой мы цяпер жывём, то і за тэхнічны стан і дома, і кватэры адказвае яна. Прыклад: пацёк кран – я выклікаю сантэхніка, які замацаваны кантрактам за домам. Ён прыносіць новы кран, душ і ўстанаўлівае мне гэта ўсё цалкам бясплатна. Калі зімой у кватэры халодна, нягледзячы на тое, што батарэя гарачая, то прыйдуць рабочыя і заменяць мне ў кватэры вокны. І, вядома, гэта будуць вокны выдатнай якасці. Усё вам заменяць і адрамантуюць у самыя кароткія тэрміны, ды яшчэ і перапросяць за прычыненыя нязручнасці.

Фота remontt.net.

Фота remontt.net.

Калі ж ўласнікам кватэры з’яўляецеся вы, то ўсё ўсталёўваеце самі. Таксама плаціце сваю штомесячную долю за рамонт пад’езда, за азеляненне і ўборку двара каля дома, за афарбоўку і ўцяпленне фасада дома, за вываз і перапрацоўку смецця, за ўстаноўку смеццявых кантэйнераў, за ўстаноўку кандыцыянераў і пажарных прылад у кватэры і пад’ездзе, за рамонт або ўстаноўку ліфта...

Сэнс просты: нават калі вы ўжо аддалі пры куплі гэтыя неймаверна велізарныя 350 тысяч, вы рэгулярна працягваеце плаціць за функцыянаванне і належны выгляд і дома, і кватэры.

А гэта часта тысячы еўра. Зразумела, тут і задумаешся: ці магу я дазволіць сабе выплачваць крэдыт і рэгулярна плаціць па рахунках у адміністрацыю дома, улічваючы пры гэтым, што сям’і трэба харчавацца і апранацца, аплачваць дзіцячы садок? Да таго ж шматлікія страхоўкі ды і ўсе свае паўсядзённыя рахункі. Таму ў Германіі юрыдычная і фінансавая адказнасць часта становіцца перашкодай на шляху купляння кватэры.

Аптымізацыя свайго часу і рэсурсаў важней за ўсё

Яшчэ адной прычынай невысокага попыту на куплянне кватэр у Германіі з’яўляецца тое, што немцы заўсёды імкнуцца мінімізаваць любыя нязручнасці ў побыце. Напрыклад: офіс фірмы, у якой вы працуеце, перанеслі ў іншы раён, і вам цяпер трэба значна больш часу, каб дабрацца да працы, і, такім чынам, менш дома, вы зараз менш спіце, і выдаткі на бензін сталі большыя. У такой сітуацыі ў выйгрышы будзе той, хто хутка скасуе кантракт арэнды старой кватэры і заключыць кантракт на арэнду новай у раёне, дзе зараз размяшчаецца офіс фірмы.

Для немца простая аптымізацыя свайго часу і рэсурсаў вышэй за ўсё, нават важней пачуцця быць уладальнікам сімпатычнай кватэркі.

Немцы любяць скардзіцца на суседзяў

Ёсць яшчэ адна прычына, па якой не бойка прадаюцца кватэры прыватнымі асобамі. Гэта боязь “не сысціся характарамі” з суседзямі, таму што, купляючы кватэру, як кажуць немцы, вы купляеце і суседзяў. Па статыстыцы, у судах у Германіі найбольшая колькасць спраў – гэта самыя розныя скаргі на суседзяў: сусед слухае гучную музыку, дзяўбе дрылем сцяну, падразае чужыя дрэўцы і кусты, у суседа пастаянна брэша сабака, увесь час шумяць і бегаюць дзеці...

Немцы вельмі любяць скардзіцца на суседзяў, бо вышэй за ўсё цэняць камфорт і цішыню.

Зразумела, калі вы арандуеце кватэру і вас да гневу даводзіць дэбошамі і гучнымі гуляннямі за поўнач ваш сусед, то вы проста з’едзеце з гэтай злашчаснай кватэры з дэбашырам-суседам. Калі ж вы яе выкупілі і кожны месяц выкладаеце кругленькую суму за крэдыт – самі разумееце, з’ехаць адтуль ужо нерэальна.

Фота remontt.net.

Фота remontt.net.

Для многіх беларусаў рэгулярныя гучныя гулянні за сцяной з’яўляюцца трагічнай рэаліяй жыцця, бо такія бесклапотныя суседзі ёсць амаль у кожным доме. Немцы ж цярпець такога ні псіхалагічна, ні фізічна не гатовыя, а гэта значыць, пастаянныя скаргі ў паліцыю і стос папер у суд з просьбай высялення інфантыльнага суседа. Цяганіна з суседзямі па судах з’яўляецца стрымліваючым фактарам куплі жылля.

Хуткасны міжгародні транспарт

Ну, і яшчэ адной прычынай, чаму немцы больш ахвотна арандуюць кватэры, з’яўляецца банальны страх страціць грошы на куплі кватэры. А адбыцца гэта можа адносна лёгка: вы купілі кватэру ў новым мікрараёне, аддалі кругленькую суму і вельмі задаволеныя пакупкай, бо ведаеце, што нерухомасць – гэта лепшае ўкладанне і цана на вашу свежапабудаваную кватэру з часам толькі павялічыцца.

Але дзіўным чынам можа адбыцца зусім адваротнае. Насупраць вашага дома могуць пабудаваць дзіцячы сад або школу, што незваротна вядзе за сабой павышэнне ўзроўню шуму як у двары, так і ў вашай кватэры. А гэта адразу ж паніжае кошт кватэры (чытай вышэй – немцы вышэй за ўсё ставяць камфорт і цішыню ў побыце).

Немцы, як самыя вядомыя ў Еўропе “асцярожныя перастрахоўшчыкі”, папросту асцерагаюцца страціць грошы на куплі жылля.

Зразумела, ёсць немцы, якія валодаюць нерухомасцю. Гэтак жа як і ўсюды ва ўсім свеце, яны таксама купляюць жыллё. Але гэта людзі з вялікім капіталам, з высокім прыбыткам і прэстыжнай прафесіяй, гэта значыць, тыя, якім не пагражае жабрацкае існаванне пры якім-небудзь няўдалым дагаворы куплі-продажу. А так, увогуле, можна сказаць наступнае пра тэндэнцыі нямецкага жыллёвага рынку:

  •  у асноўнай сваёй масе немцы арандуюць кватэры ў дзяржавы, радзей у прыватнага ўласніка;
  •  тыя, каму дазваляе іх фінансавае становішча, аддаюць перавагу купіць альбо пабудаваць дом;
  •  маладыя людзі больш ахвотна арандуюць спецыяльна ўладкаваныя кватэры студэнцкага тыпу, у якіх пражываюць з мэтай эканоміі па трое альбо чацвёра;
  •  і толькі невялікі працэнт насельніцтва валодае кватэрамі.

Кватэру, якую мы арандуем цяпер, мы выкупляць не збіраемся, гэтак жа як і большасць немцаў. Мы падзбіраем яшчэ стартавы капітал і возьмем крэдыт на будаўніцтва ўласнага дома ў адным са спальных раёнаў Берліна, дзе пераважаюць прыватныя дамы, не баючыся пры гэтым рэгулярных выплат ў жыллёва-камунальная гаспадаркі шматкватэрнага дома і не баючыся, што побач з намі разгорнуць будоўлю хімзавода або што ў суседзі нам патрапіць дэбашыр-сусед.

Пасольства ФРГ у Беларусі. УНП 101166185.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце