Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +2° Маладзечна
Вілейка +2° Вілейка
Смаргонь +2° Смаргонь
Ашмяны +2° Ашмяны
Валожын +2° Валожын
Мядзел +2° Мядзел
Астравец +2° Астравец
Грамадства
Вілейка
17.07.2017 11:37 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

Зацікавіўся прафесіяй у стаматалагічным крэсле: вілейскі "стобальнік" Ягор Белахвостаў распавёў пра свае планы

Ягор падчас адпачынку. Фота vk.com

Ягор падчас адпачынку. Фота vk.com.

Па біялогіі чакаў “сотні”, таму 99 балаў першапачаткова засмуцілі. Але зразумеў, што 99 – не самы дрэнны вынік, і сумныя думкі хутка сышлі – так прыгадвае ўдзел у сёлетнім цэнтралізаваным тэставанні выпускнік вілейскай гімназіі “Логас” Ягор Белахвостаў.

Узорнымі вынікамі хлопец парадаваў і сям’ю, і настаўнікаў, і вілейскі аддзел адукацыі і, вядома, сябе. Па хіміі абітурыент набраў магчымы максімум – 100 балаў.

Па біялогіі зарабіў 99, па рускай мове – 96. Дапоўнілі скарбонку абітурыента 96 балаў школьнага атэстата: некалькі гадоў запар Ягор вучыўся на “выдатна”, мае медаль.

Пасля насычанага чэрвеня хлопец адпачываў у летніку на Вілейшчыне. Адкуль і падзяліўся з нашай газетай уражаннямі ад тэставання і сваімі планамі.

З аднакласнікамі. Ягор першы злева. Фота vk.com

З аднакласнікамі. Ягор першы злева. Фота vk.com

Па словах Ягора, у яго было некалькі варыянтаў для паступлення. У выніку спыніцца вырашыў на Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, а менавіта на стаматалагічным факультэце. Медыцына цікавая яму. Таму спадзяецца стаць добрым спецыялістам і дапамагаць людзям. Кажа, прафесіяй зацікавіўся, калі хадзіў лячыць зубы.

Можна і без рэпетытараў, але…

– Да тэставання рыхтаваўся даволі ўпарта, – прыгадвае абітурыент падзеі апошніх навучальных гадоў. – Наведваў рэпетытараў па трох прадметах.

Падрыхтоўку па хіміі скончыў самастойна. Прызнаецца, што шмат паўтараў і замацоўваў свае веды, каб у час тэставання быць больш упэўненым ва ўласных сілах. Пры гэтым хлопец знаходзіў час для захапленняў.

На маё пытанне, ці магчыма падрыхтавацца да тэстаў без дапамогі рэпетытара, хлопец адказвае ўпэўнена: магчыма. І дадае, што рэпетытары не даюць новых ведаў.

Яны працуюць з тым, што сістэматызуюць тыя веды, якія ў вучня ўжо ёсць. Аднак каб якасна самастойна рыхтавацца, трэба ўмець правільна размяркоўваць сілы і час.

“Сотняй” па хіміі падзяліўся з мамай

Па словах Ягора, высокія балы на тэставанні яго не вельмі здзіўляюць. Дзіўна для хлопца тое, што ў час напісання тэстаў зусім не было хвалявання. Асабліва тады, калі ўжо запоўніў бланк. Рэпетыцыйнае тэставанне было для мяне больш хвалюючым, прыгадвае Ягор.

96 балаў па рускай мове ўзрадавалі Ягора. Запаветнай “сотні” не чакаў: ведаў, што будуць памылкі. Ну па хіміі з біялогіяй і каментаваць не варта. Першай, з кім хлопец падзяліўся стобальным вынікам па хіміі, была мама Ягора.

Што, акрамя добрых ведаў, трэба абітурыенту, каб паспяхова здаць тэставанне? На думку Ягора, ўпэўненасць у сабе і здольнасць правільна размяркоўваць час.

На ўроку хіміі. Ягор другі справа. Фота vk.com.

На ўроку хіміі. Ягор другі справа. Фота vk.com.

Ягор расказаў, што не займаўся выключна вучобай. У яго была магчымасць і жаданне праявіць сябе з розных бакоў, і ён гэта рабіў. Удзельнічаў у канцэртах, хадзіў у паходы, займаўся спортам. Галоўнае, не саромецца, перакананы мой субяседнік.

Намеснік дырэктара гімназіі: Ягор у нас эрудыт, інтэлектуал, разумнік

Па словах Алы Патапавай, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі “Логас”, Ягор на працягу некалькіх гадоў займаўся выключна на “выдатна”. Ды і з паводзінамі пытанняў не было.

Па словах педагога, выдатнымі дадзенымі Ягор надзелены ад прыроды, ён разумны, працаздольны. Любы школьны прадмет даваўся хлопцу без асаблівых цяжкасцяў.

На памяць пра школьныя гады. Ягор першы злева. Фота vk.com.

На памяць пра школьныя гады. Ягор першы злева. Фота vk.com.

Калі ж вучань прыкладаў сілы, то станавіўся ўдзельнікам і пераможцам прадметнай алімпіяды. У мінулым навучальным годзе Ягор аказаўся лепшым знаўцам хіміі ў раёне, удзельнічаў і ў абласной алімпіядзе.

Што пра яго можна сказаць? Эрудыт, інтэлектуал, разумнік. Ягор іграе на гітары, добра спявае, малюе, піша ўласныя песні. Яго гітара не раз гучала і са сцэны гімназіі, і ля вогнішча ў лесе. Бо турыст і спартсмен – гэта таксама пра Ягора.

– Не так даўно ў інтэрнэце чытала пра выпускнікоў ліцэя пры БДУ, якія набралі па 399 балаў, – кажа Ала Патапава. – Прыемна, што вучань вілейскай гімназіі зусім ненамнога адстаў ад іх.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце