Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +16° Маладзечна
Вілейка +16° Вілейка
Смаргонь +17° Смаргонь
Ашмяны +17° Ашмяны
Валожын +17° Валожын
Мядзел +16° Мядзел
Астравец +17° Астравец
19.07.2017 10:19 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

Як сям'я з Маладзечна чатыры разы пісала заявы на беларускамоўнае навучанне і ні адну з іх не задаволілі

Дзіма, Антон, Ксюша і Юля Брылі хацелі б вучыцца па-беларуску. Фота Іны Брыль

Дзіма, Антон, Ксюша і Юля Брылі хацелі б вучыцца па-беларуску. Фота Іны Брыль.

Актывісты ў Маладзечне збіраюць подпісы за тое, каб у школах горада адкрылі беларускамоўныя класы. Як ставяцца маладзечанцы да такой ініцыятывы? Што кажуць у школах бацькам, калі адмаўляюць у беларускамоўным класе? І якія справы з беларускамоўным навучаннем у рэгіёне? Адказы на такія пытанні мы пастараліся знайсці.

Раман Ганчароў: многія няправільна разумеюць паняцце “беларускамоўны клас”

Зборам подпісаў у Маладзечне займаецца актывіст “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі” Раман Ганчароў.

– Маладзечанцы, да якіх мы прыходзім збіраць подпісы, станоўча адносяцца да нашай ініцыятывы. – кажа Раман Ганчароў. ­ – Так, няхай подпісы ставіць палова з іх. Аднак нейкіх абраз або непаразуменняў пакуль не было. Напрыклад, могуць сказаць, што ўрокі беларускай мовы і літаратуры і так ёсць у раскладзе, а больш не трэба.

Па словах Рамана, калі людзі па нейкіх прычынах не хочуць падпісацца, то яны робяць гэта тактоўна. Разам з тым свае подпісы гатовыя ставіць нават госці з Расіі.

Актывіст заўважыў, што часам людзі няправільна разумеюць само паняцце “беларускамоўны клас”.

– Многія думаюць, што ў іх не будзе выбару: сёння падпісаліся – а заўтра ўжо толькі беларускамоўныя класы ва ўсіх школах горада. Але гэта не так, – кажа Раман.

Напрыклад, адна жанчына не падпісалася таму, бо лічыла, што яе сыну будзе цяжка вучыцца па-беларуску.

Альжбэта Спрынчан-Малішэўская (справа) вучыцца ў беларускамоўнай гімназіі ў Мінску. Фота facebook.com.

Альжбэта Спрынчан-Малішэўская (справа) вучыцца ў беларускамоўнай гімназіі ў Мінску. Фота facebook.com.

Па словах жа актывістаў, гаворка вядзецца пра тое, каб у маладзечанцаў было права выбару мовы для навучання дзіцяці ў школе.

Сёння, калі бацькі прыходзяць пісаць заяву ў школу, у бланку  пазначаная толькі руская мова для навучання. І бацькі пішуць і падпісваюць такія заявы, бо выбару няма.

Актывісты ўжо назбіралі каля 200 подпісаў. А гэта, між іншым, сем-восем класаў.

Па словах Рамана, хочуць сабраць 500 подпісаў. І збіраць будуць да таго часу, пакуль клас з беларускай мовай навучання на адкрыюць. Хлопцы ўжо пабывалі ў шостым, дзясятым і адзінаццатым раёнах горада. Тут жыве шмат маладых сямей, патлумачыў Раман.

Актывісты гатовыя звяртацца ў Міністэрства адукацыі, у аддзел адукацыі спорту і турызму маладзечанскага райвыканкама, да дырэктараў школ.

Дзясятая гімназія ў Маладзечне некалі была беларускамоўнай. Фота з архіва РГ.

Дзясятая гімназія ў Маладзечне некалі была беларускамоўнай. Фота з архіва РГ.

Раман спаслаўся на артыкул 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Тут пазначана, дзяржаўнымі мовамі з’яўляюцца беларуская і руская.

А ў адпаведнасці з артыкулам 50 Канстытуцыі дзяржава гарантуе выбар мовы выхавання і навучання.

 Згодна з артыкулам 90 Кодэкса “Аб адукацыі”, дзяржава павінна ствараць умовы для рэалізацыі гэтага права, у тым ліку забяспечваць развіццё класаў, груп, патокаў з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання.

– Аднак на практыцы гэта канстытуцыйнае права грамадзян Беларусі груба парушаецца. Гэта відавочна па вельмі малой колькасці беларускамоўных груп у дзіцячых садках і школах. У 2009 годзе ЮНЕСКА унесла беларускую мову ў спіс моў, якім пагражае знікненне”,  – расказаў Раман Ганчароў.

У маладзечанскім аддзеле адукацыі спорту і турызму пацвердзілі, што на сённяшні ў дзень у горадзе няма ніводнага беларускамоўнага класа. Аднак, калі сюды звернуцца з ініцыятывай, пытанне гатовыя разгледзець.

Заяву на беларускамоўнае навучанне пісалі чатыры разы

Іна і Валеры Брылі з Маладзечна выхоўваюць чацвёра дзяцей. Усе – школьнікі. Вучацца ў маладзечанскай школе №1 імя Янкі Купалы.

– Калі наша дачка Ксенія ішла ў першы клас, муж аднёс заяву на беларускамоўнае навучанне ў аддзел адукацыі ў Маладзечне, – распавядае Іна. – Нам прыйшоў адказ, што ў першай школе беларускамоўны клас не адкрыюць. Прапанавалі пайсці ў сельскую школу ў Выверы. Тады ж з такой заявай у першую школу звярнулася яшчэ адна сям’я.

Па словах жанчыны, калі ішлі ў першы клас малодшыя дзеці, для кожнага яны з мужам пісалі такую заяву. Праўда, ужо не ў аддзел адукацыі, а ў школу.

Іна Брыль з дачкой Юляй і сынам Антонам на курсах Мова нанова. Фота з архіва РГ.

Іна Брыль з дачкой Юляй і сынам Антонам на курсах Мова нанова. Фота з архіва РГ.

Жаданне бацькоў ні разу не задаволілі. Казалі, што няма патрэбных падручнікаў, навучальных праграм.

Сёння ўсе дзеці Іны і Валерыя вучацца ў першай школе па-руску. Па словах мамы, вельмі добра праяўляюць сябе на ўроках беларускай мовы і літаратуры, паспяхова ўдзельнічаюць у алімпіядах і прадметных конкурсах.

– Настаўнікі-філолагі кажуць, што беларускую мову ў сваіх класах добра ведаюць толькі Брылі, – кажа Іна. – Мне, як маме, прыемна гэта чуць. Але я разумею, што калі ў Беларусі беларускую мову ведае адзін вучань у класе, гэта зусім нядобра.

Мы звярнуліся ў праваабарончы цэнтр “Вясна” з пытаннем, ці парушылі правы, дадзеныя Канстытуцыяй, адмаўляючы ў навучанні па-беларуску.

Дзіма Брыль (першы справа) сярод удзельнікаў конкурсу эсэ. Фота з архіва РГ

Дзіма Брыль (першы справа) сярод удзельнікаў конкурсу эсэ. Фота з архіва РГ

– Калі сям’і сапраўды прапаноўвалі навучанне па-беларуску ў іншай школе, няхай сабе і ў сельскай, то іх правы не парушылі, – адказаў супрацоўнік цэнтра Сяргей Сыс. – Іншая справа, калі такой прапановы не было.

Але ў мамы ўсё роўна застаецца пытанне: чаму дзеці не могуць вучыцца па-беларуску там, дзе ім зручна: у родным гарадзе.

Выпускніца беларускамоўнай школы: вучу аднагрупнікаў роднай мове

Дар’я Савіна, выпускніца ільянскай школы, зараз вучыцца ў маладзечаскім політэхнічным каледжы.

Па словах дзяўчыны, цяжкасці ў навучанні пасля школы былі толькі ў самы першы час. Адразу не магла прывыкнуць да рускіх тэрмінаў у той жа матэматыцы, фізіцы, хімііі. Бо ў Ільі ўсе прадметы выкладалі па-беларуску.

– Але я вельмі хутка ўсё зразумела, – кажа Даша. – І цяпер я добра паспяваю па ўсіх прадметах. З беларускай мовай і літаратурай, увогуле, усё цудоўна. А яшчэ тлумачу сваім аднагрупнікам беларускія словы, якія яны не разумеюць.

Тамара Мацкевіч: вельмі дрэнна, што ў бацькоў няма выбару

Намесніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч ведае пра ініцыятыву актывістаў у Маладзечне.

Маладзечна – інтэлігентны, беларускацэнтрычны горад, лічыць яна. Тут ёсць і бацькі, якія жадаюць навучаць дзяцей па-беларуску, і настаўнікі, якія могуць гэта зрабіць.

І ўсё ж жанчына не прыгадала выпадку, каб дзякуючы вялікай колькасці подпісаў, у бліжэйшы час дзе-небудзь адчынілі беларускамоўны клас.

– А вось адмоўныя прыклады ёсць, – кажа Тамара. – У Глыбокім зачынілі беларускамоўную школы №3, хоць і бацькі, і настаўнікі былі супраць гэтага.

Канешне, гэта не падстава здавацца. Так, трэба спасылацца на Канстытуцыю, на Закон аб адукацыі. Аднак у Беларусі няма добрай заканадаўчай базы пра адстойванне права навучацца на роднай мове. І юрыдычна тут цяжка нешта параіць.

Вынік ініцыятывы актывістаў у Маладзечне, на думку Тамары, спрагназаваць цяжка.

– Але тое, што ў бацькоў нават няма выбару мовы навучання, гэта парушэнне правоў, – перакананая жанчына.

Толькі Ашмяны і Астравец

Мы звярнуліся ў аддзелы адукацыі, спорту і турызму райвыканкамаў і даведаліся, што ў сямі гарадах рэгіёна беларускамоўных класаў на сённяшні дзень пяць: чатыры – у Ашмянах і адзін – у Астраўцы.

У 2014/2015 навучальным годзе два апошнія беларускамоўныя класы выпусцілі ў Смаргоні. Няма такіх класаў і ў гарадскіх школах Маладзечна, Вілейкі, Валожына і Мядзела. Традыцыйна па-беларуску вучацца дзеці ў большасці сельскіх школ рэгіёна.

Беларусачка Соня нарадзілася ў Канадзе. На роднай мове пакуль не размаўляе, аднак разумее яе і спрабуе спяваць беларускія песні.

Фота facebook.com.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце