Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +15° Маладзечна
Вілейка +15° Вілейка
Смаргонь +15° Смаргонь
Ашмяны +15° Ашмяны
Валожын +15° Валожын
Мядзел +15° Мядзел
Астравец +15° Астравец
Гісторыя
2 Вілейка
16.07.2017 18:48 ,AЎТАР(Ы): Алесь Раткевіч

Як былы асабіст збягаў ад жыхароў вёскі Пляшчаны, у якой у вайну расстрэльваў людзей (Апошняя частка)

Фота Алеся Раткевіча.

Расповеды Зінаіды Раковіч (Карповіч) пра дзейнасць партызанскай брыгады “Штурмавая” дапаўняе былы партызан брыгады імя Фрунзе Аляксандар Кажура.

Аляксандру Іванавічу было 16 год, калі ён прыйшоў у партызаны да фрунзенцаў. Брыгада дыслакавалася ў вярсце на поўдзень ад вёскі Навасёлкі (ад Хаценчыцаў сем вёрст). У ёй знахо­дзіўся штаб брыгады і асобы аддзел. Малалетняга Шурку пакінулі пры штабе. Вазіў падрыўнікоў на чыгунку ды сакрэтныя пакеты па іншых партызанскіх атрадах і брыгадах. Часта бываў і ў “Штурмавой”.

На думку Аляксандра Іванавіча, і не толькі яго, гэта брыгада мела авантурны і анархісцкі характар з зусім нізкай вайсковай дысцыплінай. Яе камандзір Барыс Лунін сам злоўжываў спіртным і не забараняў сваім падначаленым.

Вызначаўся разгульнымі паводзінамі адносна жанчын, празмернай самастойнасцю і “адсябячынай” пры вя­дзенні барацьбы з ворагам, лічыў нормай рабаванне насельніцтва нават не на сваёй падкантрольнай тэрыторыі

– усё гэта ўскладняла ўзаема­дзеянні пры правядзенні буйнамаштабных баявых аперацый.

Да прыкладу, ад сумеснага разгрому фашысцкага гарнізона ў Хаценчыцах лунінцы адмовіліся. Але дзякуючы дасканала распрацаванаму плану ваенных дзеянняў, фрунзенцам хапіла трох гадзін, каб цалкам завалодаць гарнізонам з мінімальнымі стратамі. Былі знішчаныя пяць кулямётных пунктаў (у тым ліку два кулямётныя дзоты) і мінамётны разлік. Было забіта 30 паліцэйскіх і трое немцаў. Гарнізон фашысты больш не аднавілі.

Аляксандр Кажура, былы патрызан брыгады імя Фрунзе.

Аляксандр Кажура, былы патрызан брыгады імя Фрунзе.

Неяк Аляксандара Іванавіча камандаванне адправіла з пакетам да лунінцаў. Той праехаў спакойна праз усю падкантрольную “Штурмавой” тэрыторыю аж да самога яе штаба і нідзе не заўважыў ніякіх пастоў. І толькі на зваротным шляху, у адным месцы з чатырох, усё ж спынілі для праверкі. “Адмоўныя паводзіны лунінцаў у вачах насельніцтва кампраметавалі і нашу брыгаду, – кажа Аляксандар Іванавіч. – А яшчэ за імі вадзіліся празмерныя прыпіскі.

Заб’юць дзе-небудзь немца ці паліцэйскага, а два прыпішуць. Кажаш іншы раз, а я ж бачыў, што там адзін ляжаў забіты. А яны ў адказ: значыць, двух ужо ваўкі з’елі. Ну, і што ім можна было сказаць на гэта? Вось так і ваявалі!             

Пасля вайны шмат хто з жыхароў, у тым ліку дзеці загінулых Карповічаў, а таксама родныя расстралянай сям’і Жукоўскага Змітрака Жоглы, спрабавалі адшукаць забойцаў сваіх родных, каб прыцягнуць іх да адказнасці. Але першая спроба не прынесла станоўчых вынікаў.

Праз пэўны час пасля звароту пацярпелыя атрымалі адказ, у якім паведамлялася, што для ўзбуджэння крымінальнай справы супраць герояў вайны пададзеных матэрыялаў недастаткова. Ды і ўвогуле, была вайна, а на вайне заўжды ёсць ахвяры.

Герояў-пераможцаў у СССР  не судзілі. Але толькі не ў гэтым выпадку

Пасля смерці Сталіна і Берыі настырнасць і паслядоўнасць жыхароў у зваротах прымусіла ваенную пракуратуру БССР распачаць крымінальныя справы супраць былога камандзіра партызанскай брыгады “Штурмавая” Барыса Луніна і начальніка асобага аддзела гэтай брыгады Івана Беліка.

Нашы героі-садысты адразу пасля вызвалення атрымалі не толькі высокія дзяржаўныя ўзнагароды, але і высокія дзяржаўныя пасады.

Камандзір партызанскай брыгады “Штурмавая” Герой Савецкага Саюза Барыс Лунін, хоць і не меў вышэйшай адукацыі, атрымаў пасаду намесніка міністра аўтамабільнага транспарту БССР. Але за сістэматычныя запоі быў вызвалены з пасады. Пасля чаго з’ехаў на Кубань. Там у 1955 годзе быў арыштаваны следчым Беларускай ваеннай пракуратуры. У гэтым жа годзе быў арыштаваны і яго намеснік начальнік асобага аддзела Іван Белік, які, не меўшы адукацыі, працаваў інжынерам на “Інтэграле” ў Мінску.

За злачынствы, здзейсненыя падчас вайны супраць мірнага насельніцтва, гвалт, здзекі, рабаванне, а таксама за забойства 36 мірных грамадзян, у тым ліку малалетніх, немаўлят і васьмі савецкіх выведвальнікаў, Лунін і Белік былі асуджаныя Ваенным трыбуналам на сем год кожны. Абодва былі пазбаўленыя ўсіх Дзяржаўных узнагарод, а Лунін і звання Героя Савецкага Саюза.

Прыезд Беліка ў Пляшчаны ў 1976 годзе

Белік пасля вызвалення вярнуўся назад на “Інтэграл”. Жанаты быў на Ніне Змяеўскай з Жабічаў. Пазнаёміўся ён з ёй, як там партызаніў. Аднойчы ў 1976 годзе Белік з жонкай прыехалі ў Пляшчаны на пахаванне яе дзядзькі, Юзі Карповіча. Пра прыезд партызана-ката імгненна даведаліся жыхары не толькі Пляшчанаў, але і навакольных вёсак. Навіну гэту тады распаўсюдзіў Міхаіл Іванавіч Жогла, стрыечны брат Ніны Жукоўскай, чыя сям’я была расстраляная Белікам.

Міхаіл Іванавіч на той час працаваў старшынёй Хаценчыцкага сельсавета і таксама вельмі хацеў зазірнуць у вочы таму забойцу яго родных. Ад самасуду Беліка выратавала “Волга”, на якой прыехаў. Натоўп людзей перакрыў вясковую вуліцу з двух бакоў і чакаў, калі пачнецца працэс пахавання, каб вычапіць і расквітацца з Белікам за ўсе яго злачынствы і забойствы іх родных. Бо лічылі, што прысуд яму быў моцна заніжаны.

Агрэсіўнасць грама­дзян з кожнай хвілінай нарастала. Белік з двара назіраў за натоўпамі і перабіраў усе варыянты прарыву з заблакаванага падворка. Дапамагла ваенная партызанская кемлівасць. За падворкам была пасеяная калгасная канюшына, але не ўбраная. Вось на тое поле ён і звярнуў увагу.

Як толькі сабраліся выносіць памерлага, Белік, не завастраючы на сабе ўвагі, сеў у сваю “Волгу” і пачаў яе разварочваць, быццам для выезду на вуліцу. Людзі расступіліся, каб даць магчымасць Беліку выехаць з двара. Ну а што здарылася далей, кажа Міхаіл Іванавіч, то ўсё трэба было бачыць.

Белік на поўным газе рвануў машыну не ўперад, а назад і на поўным ходзе праз падворак, збіўшы прасла плота, даўся наўцёкі па канюшынным полі, пакідаючы за сабой толькі вялізны слуп пылу. Ад нечаканасці людскі натоўп стаяў моўчкі ў разгубленасці. А пасля, забыўшыся нават пра пакойніка ў хаце, жыхары паднялі рогат на ўсю вёску.

Уцёкі ката былі людской перамогай над Белікам ды і ўвогуле над несправядлівасцю.

Пасля таго выпадку ўсе ўздыхнулі з палёгкай і засталіся задаволеныя, што абышлося без кровапраліцця. Больш Белік у Пляшчанах не з’яўляўся. Для  яго далейшы лёс склаўся не зусім удала, бо сышоў з жыцця не ў пару і не звычайным шляхам.

Выпіска з рашэння суда

“На основании изложенного, руководствуясь ст.ст. 319 и 320 УПК БССР, приговорил Лунина Бориса Николаевича и Белика Ивана Никитовича на основании ст. 180 п. "б" УК БССР с применением ст. 51 УК БССР лишить свободы в ИТЛ сроком на 6 лет каждого, с поражением в правах по п.п. "а", "б" и "в" ст. 34 УК БССР сроком на 3 года каждого.

Их же на основании ст. 214 ч. II УК БССР с применением ст. 51 УК БССР лишить свободы в ИТЛ сроком на 7 лет каждого, с поражением в правах по п.п. "а", "б" и "в" ст. 34 УК БССР сроком на 3 года каждого.

Окончательную меру наказания по совокупности совершенных преступлений Лунину и Белику определить на основании ст. 214 ч. II УК БССР с применением ст. 51 УК БССР — семь (7) лет каждого, с поражением в правах по п.п. "а", "б" и "в" ст. 34 УК БССР сроком на три (3) года каждого.

Срок отбывания наказания с зачетом предварительного до суда заключения исчислять Лунину с 7 марта 1957 года, Белику – с 27 октября 1956 года.

Меру пресечения до вступления приговора в законную силу осужденным Лунину и Белику оставить ранее избранную, т.е. содержание под стражей.

21 сентября 1957 года Военная коллегия Верховного суда СССР отклонила кассационную жалобу Лунина на приговор.

26 ноября 1957 года Президиум Верховного совета СССР лишил его звания Героя Советского Союза, орденов и медалей”.

ЗАГІНУЛЫЯ ПЛЯШЧАНЦЫ

01. Булах Фёдар Іванавіч, 1898 г.н.

02. Булах Аляксанар Фёдаравіч, 1918 г.н.

03. Булах Надзея Іосіфаўна, 1920 г.н.

04. ? Кацярына (з Мінска), 1918 г.н.

05. Булах Уладзімір Паўлавіч, 1925 г.н.

06. Высоцкі Мікалай Фаміч,

07. Гарбач Гаўрыла, 1896 г.н.

08. Гарбач Алена Сцяпанаўна, 1907 г.н.

09. Гарбач Аляксандра Гаўрылаўна,1927 г.н.

10. Дзік Яўген Людвігавіч, 1912 г.н.

11. Дзік Іван Яўгенавіч, 1935 г.н.

12. Жогла Іван Іванавіч, 1912 г.н.

13. Жукоўскі Дзмітры, 1876 г.н.

14. Жукоўская Варвара, 1885 г.н.

15. Жукоўская Серафіма Дзмітрыеўна, 1916 г.н.

16. Жукоўскі Леанід Дзмітрыевіч, 1920 г.н.

17. Жукоўская Марыя Дзмітрыеўна, 1923 г.н.

18. Жукоўская Алімпа, 1933 г.н.

19. Карповіч Іван Сямёнавіч, 1900 г.н.

20. Карповіч Марыя Васілеўна, 1907 г.н.

21. Лабецкі Іосіф Антонавіч, 1896 г.н.

22. Лабецкі Іван Іосіфавіч, 1918 г.н.

23. Шарамет Пётра Марцінавіч, 1883 г.н.

24. Шарамет Міхаіл Пятровіч, 1929 г.н.

25. Шарамет Алена Пятроўна, 1924 г.н.

Чытайце папярэднія часткі:

Хаценчыцы і наваколле ў людскіх лёсах. Вёска Дварэц (1)

Як дварчане сустрэлі вайну з гітлерам. Вёска Дварэц (2)

“Душы дзіця, бо яно загубіць усю вёску!”. Успаміны пра вайну ў вёсцы Дварэц Вілейскага раёна (3)

Пляшчанская трагедыя. Аднойчы адчуўшы на сабе “справядлівасць” савецкай улады, ардэнаносец на радзіму больш не вярнуўся (4)

Пляшчанская трагедыя: як жыхары мусілі збіраць партызанам гарэлку, закусь і "дэсерт", а тыя замест абароны ад паліцаяў даліся на ўцёкі (5)

Пляшчанская трагедыя ў вайну. Параненая ў сківіцу, выцягнула з палаючай хаты мужа і 6-гадовага сына, але выжыла толькі сама (6)

"У таты былі пазрываныя пазногці на нагах, а ў мамы павырываныя на галаве валасы". Як сустрэліся пасля вайны з забойцам сваіх бацькоў (7)

Абмеркаваць
Каментар (2) / Дадаць каментар
20.07.2017 15:40
Владимир Богданов / Алесь, сегодня я по другому поводу попал на сайт РГ, но увидел и прочитал цикл Ваших статей о судьбах жителей дер. Плещаны и др. Это в прямом смысле потрясающий материал. Как в прошлом журналист и человек, занимающийся историей, хочу сказать, что рассказами таких стариков Вы создаете документ истории, а не ее интерпретацию. Впечатлен, потрясен и благодарен! Выдающаяся работа! Владимир Богданов, Минск
20.07.2017 22:21
Алесь Раткевіч / Шаноўны спадар Уладзімір,вялічэзны Вам дзякуй за такія шчырыя і цёплыя словы ў мой адрас.Яны мяне кранулі да глыбіні душы. Прызнанне чытача -самая высокая ўзнагарода для мяне,як для аўтара! З павагай,Алесь Раткевіч.
Дадаць каментар
Новае на сайце