Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -1° Маладзечна
Вілейка -1° Вілейка
Смаргонь -1° Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын -1° Валожын
Мядзел Мядзел
Астравец -1° Астравец
31.07.2017 09:22 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

Нітраты, злучэнні азоту і фосфару: што знайшлі эколагі ў Віліі і чым гэта пагражае

Фота hutorkomaryszki.by.

Самая чыстая вада ў Віліі – ад вытоку і да Вілейкі. А вось з чысцінёй вады ніжэй  горадзе ёсць праблемы.

Да гэтых і іншых высноў прыйшлі супрацоўнікі Цэнтра экалагічных рашэнняў, якія сёлета ўпершыню ўдзельнічалі ў экспедыцыі “Шляхам Тышкевіча”. У традыцыйную турысцка-краязнаўчую праграму новыя ўдзельнікі ўнеслі экалагічны  складнік.

Па словах эксперта па ўстойліваму кіраванню воднымі рэсурсамі Наталлі Парэчынай, падобная экспедыцыя не першая для эколагаў. Перыядычна яны самастойна выбіраюцца ў падарожжы па рэках Беларусі, каб даследваць якасць вады.

Фота hutorkomaryszki.by.

Фота hutorkomaryszki.by.

Такая экспедыцыя была запланавана на 2017 год і па Віліі. Таму эколагі вырашылі сумясціць свае даследаванні са штогадовай экспедыцыяй па рацэ.

Даследавалі Вілію на тэрыторыях Вілейскага, Смаргонскага і Астравецкага раёнаў. Паралельна часткова фінансавалі знаходжанне ў падарожжы групы вілейскіх школьнікаў.

З аддзелам адукацыі спорту і турызму вілейскага райвыканкама Цэнтр экалагічных рашэнняў супрацоўнічае ад 2013 года. У гарадской школе №3 працуе інфармацыйна-адукацыйны цэнтр. Тут можна шмат даведацца пра ваду, узяць палоскі для вызначэння наяўнасці нітратаў у вадзе.

Чаму на Смаргоншчыне ў Віліі гіне рыба

Нязручнасці ў падарожжы? Так, яны былі, але не больш, чым ва ўсіх. Напрыклад, калі ішоў дождж, цяжка было распаліць вогнішча. Да таго ж у складзе экалагічнай групы былі турысты-байдарачнікі без досведу.

Для ўдзельнікаў экспедыцыі на шляху былі экскурсіі і канцэрты. Таму, па словах Наталлі, часам цяжка было і даследаванні правесці, і на канцэрт паспець, і не адстаць на шляху ад іншых байдарачнікаў.

А што ж з чысцінёй Віліі? За некалькі дзён эколагі зрабілі шмат важных назіранняў пра стан ракі і атрымалі каштоўную інфармацыю ад мясцовых жыхароў. Так, у Смаргонскім раёне людзі расказалі, што як толькі адчынілі ў Смаргоні прадпрыемства “Кранаспан”, у Віліі пачала паміраць рыба.

Па словах Наталлі, праблемы ад таго, што на “Кранаспане” няма ўласных ачышчальных збудаванняў. Усе рэчывы  прадпрыемства скідае ў ачышчальныя збудаванні хлебазавода. А яны не прызначаныя да такіх адходаў. Таму воды Віліі на Смаргоншчыне ўтрымліваюць шмат нітратаў і амонію.

А вада ў Віліі цвіце

У Астравецкім раёне, дзе ў Вілію ўпадаюць прытокі Страча і Ашмянка, эколагі заўважылі недахоп кіслароду. Гэта таксама сведчыць пра забруджванне ракі.

Адной з праблем, якую вывучалі эколагі ў час падарожжа, была эўтрафікацыя Вілейскага вадасховішча. У народзе яна называецца “цвіценнем вады”. Гэтую з’яву назіраюць звычайна ў другой палове лета: у вадзе вельмі вялікая колькасць сіне-зялёных водарасцяў.

Фота hutorkomaryszki.by.

Фота hutorkomaryszki.by.

Прычына – злучэнні азот у і фосфару, якія трапляюць у ваду з сельскагаспадарчых зямель. Здарацца, што насуперак закону аб ахове водных рэсурсаў пад ворыва ідзе ўзбярэжная зямля. А ўгнаенні з яе змываюцца адразу ў раку. Такіх прыкладаў за час экспедыцыі было некалькі, падзялілася Наталля.

Ад вялікай колькасці забруджвальнікаў, кажуць эколагі, змяншаецца колькасць кіслароду ў вадзе. Гэта вядзе да мору рыбы, з’яўлення мёртвых зон на рацэ.

Больш сучасныя ачышчальныя збудаванні варта зрабіць і ў Вілейцы, перакананыя эколагі. Цяпер шмат розных замежных экалагічных праграм падтрымкі і пры жаданні можна знайсці на гэта грошы,  лічыць Наталля.

Наталля Парэчына: мы толькі абазначылі наяўнасць праблем

Да Віліі ў эколагаў асаблівая ўвага. Бо гэта пакуль адна з самых чыстых буйных рэк у Беларусі. Да таго ж тры раёны Мінска п’юць ваду з Вілейска-Мінскай воднай сістэмы.

Ад зніжэння ўзроўню грунтовых вод,  расказала Наталля Парэчына, у многіх рэк Беларусі змяняецца месцазнаходжанне вытокаў. Часта розніца паміж ранейшым і сучасным вытокам даходзіць да аднаго кіламетра. Не выключэнне і Вілія. Гістарычны выток яе знаходзіўся значна вышэй.

Усяго на экспедыцыю пайшло каля дзвюх тысяч еўра. Гэта выдаткі на арэнду катамарана і байдарак, на дастаўку ўсяго гэтага з Мінску на Вілейшчыну, а пасля з Астраўца – у Мінск, а таксама на харчаванне і закупку неабходнага абсталявання.

Фота hutorkomaryszki.by.

Фота hutorkomaryszki.by.

Самі даследванні не былі дарагімі.

– Мы не акрэдытаваная лабараторыя, – кажа Наталля Парэчына. – Даследванні праводзілі толькі тыя, якія можна было зрабіць ва ўмовах экспедыцыі.

Дзякуючы такім простым метадам, па словах Наталлі, можна толькі абазначыць наяўнасць праблемы, а яе глыбіня – гэта ўжо работа для больш грунтоўных дадатковых даследаванняў. І для больш дарагіх.

Матэрыяльную падтрымку беларускім эколагам аказала шведскае агенства міжнароднага развіцця “SIDA”. Была падтрымка і з боку кааліцыі “Чыстая Балтыка”.

Справа ў тым, што многія беларускія рэкі нясуць свае воды ў Балтыйскае мора. І іх забруджванне з часам адаб’ецца на стане Балтыкі. Таму замежныя партнёры і зацікаўленыя ў чысціні беларускіх рэк.

Фота hutorkomaryszki.by.

Фота hutorkomaryszki.by.

Падчас экспедыцыі вывучалі не толькі якасць вады, але і стан раслін на берагах Віліі. Сярод удзельнікаў  быў навуковы супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі Акадэміі навук Беларусі Аркадзь Скуратовіч. У час стаянак навуковец сабраў гербарый узбярэжных раслін.

Усе дадзеныя, якія атрымалі эколагі ў час назіранняў, перадалі ў мясцовыя райвыканкамы.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце