Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +10° Маладзечна
Вілейка +10° Вілейка
Смаргонь +10° Смаргонь
Ашмяны +10° Ашмяны
Валожын +10° Валожын
Мядзел +9° Мядзел
Астравец +10° Астравец
Грамадства
Астравец
7.08.2017 09:30 ,AЎТАР(Ы): Аддзел інфармацыі

Дабіўся, каб станцыі ў метро аб'яўлялі па-беларуску, мае медаль Гонару Кембрыджскага ўніверсітэта: што варта ведаць пра Адама Мальдзіса

Адам Мальдзіс

Адам Мальдзіс.

Сёння святкуе 85-гадовы прафесар, доктар філалагічных навук, літаратуразнаўца, гісторык, журналіст, сябар нашай газеты Адам Мальдзіс. Мы віншуем Адама Восіпавіча з юбілеем, зычым здароўя, натхнення і ўдзячныя за супрацоўніцтва і сяброўства. А цяпер крыху пра тое, чаму варта ведаць і паважаць юбіляра.

Адам Мальдзіс – ураджэнец нашага рэгіёна. Ён нарадзіўся ў вёсцы Расолы ў сям’і сялян. Сёння – гэта Астравеччына. А ў 1930-х гадах вёска ўваходзіла ў склад Ашмянскага павета. Па лініі бацькі мае літоўскія карані.

Вучыўся ў гудагайскай сямігодцы. З дапамогай прафесара Мальдзіса ў яго роднай школе стварылі музей. Сёння педагогі кажуць, што самыя каштоўныя экспанаты ў музеі – гэта падарункі пісьменніка.

Галоўны рэдактар Рэгіянальнай газеты Аляксандр Манцэвіч і Адам Мальдзіс.

Галоўны рэдактар Рэгіянальнай газеты Аляксандр Манцэвіч і Адам Мальдзіс.

Адкрыў імёны невядомых раней ўраджэнцаў Астравеччыны – паэта і святара Казіміра Сваяка, мастакоў Мар’яна Богуша-Шышкі і  Льва Дабжыньскага, падарожніка, дыпламата, перакладчыка Іосіфа Гашкевіча.

У 1974 годзе Адам Іосіфавіч упершыню ў беларускім друку расказаў, адкуль і пры якіх абставінах знікла галоўная беларуская святыня – Крыж Еўфрасінні Полацкай. Пошукам крыжа навуковец займаецца больш за 40 гадоў. Па яго словах, некалі нават звяртаўся па дапамогу ў пошуках да балгарскай прарочыцы Вангі. Тая абяцала, што крыж хутка знойдзецца.

Прафесар адкрыў і таямніцы знікнення іншых рэліквій нашай зямлі: рукапісаў, абразоў, карцін, старажытных бібліятэк, партрэтаў, гравюр, прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Па яго падліках, у Беларусі засталося толькі 5-10 працэнтаў ад усіх нацыянальных каштоўнасцей.

Знайшоў шмат слуцкіх паясоў, якія былі вывезеныя з Беларусі. На думку прафесара, каля 300 з іх цяпер знаходзіцца ў Маскве.

У час візітаў у Маладзечна пазнаёміўся з актрысай ураджэнкай Мядзельшчыны Паўлінай Мядзёлкай і жыхаром Маладзечна, гісторыкам Міколам Ермаловічам. Прымаў удзел у рабоце  маладзечанскага літаратурнага аб’яднання, якім кіраваў Ермаловіч.

Адам Мальдзіс адкрыў асобу кампазітара і грамадскага дзеяча Міхала Клеафаса Агінскага. Даказаў, што знакамітыя паланэзы кампазітар пісаў менавіта ў смаргонскім Залессі, а не ў Польшчы, як лічылі раней.

Дабіўся, каб у мінскім метро станцыі аб’яўлялі на беларускай мове. Пасля па-беларуску пачалі аб’яўляць прыпынкі і ў наземным транспарце сталіцы.

Шматгадовае сяброўства звязвала Адама Мальдзіса з пісьменнікам Уладзімірам Караткевічам. Пасля смерці Уладзіміра Сямёнавіча Мальдзіс расказаў пра гэтае сяброўства ў кнізе “Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча”.

Адзін з нашых падарункаў прафесару.

Адзін з нашых падарункаў прафесару.

У 1990 годзе быў на аўдыенцыі ў папы Рымскага Яна Паўла Другога.

Біяграфічны цэнтр Кембрыджскага ўніверсітэта ў 1997 годзе прызнаў беларускага прафесара Чалавекам года ў галіне культуралогіі і ўзнагародзіў медалём Гонару.

Некаторыя паштоўкі са сваёй асабістай калекцыі Адам Мальдзіс перадаў калекцыянеру і гісторыку Уладзіміру Ліхадзедаву. Там яны не прападуць, перакананы прафесар.

Прафесар Мальдзіс – экс-прэзідэнт, а ад 2010 года – ганаровы старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.

Адам Мальдзіс і загадчык аддзела інфармацыі РГ Зоя Хруцкая.

Адам Мальдзіс і загадчык аддзела інфармацыі РГ Зоя Хруцкая.

Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, іншымі медалямі, а таксама некалькімі ганаровымі адзнакамі суседніх краін. З’яўляецца ганаровым грамадзянінам Польшчы.

Напрыканцы мінулага года Адам Мальдзіс заступіўся за астравецкія дубы, якія  прадстаўнікі мясцовых уладаў хацелі ссекчы для будаўніцтва новага мікрараёна. Тыя, хто прыняў рашэнне зразаць каралеўскія дубы, абсалютна не ведаюць гісторыі, сказаў “Рэгіянальнай газеце” пісьменнік.

Ён аб’явіў, што адмовіцца ад звання “Ганаровы грамадзянін Астраўца”, калі ўлады ссякуць старыя дрэвы. У выніку ў Інстытуце батанікі Акадэміі навук Беларусі дубы ўзялі пад навуковы кантроль.

А прафесар стаў пераможцам у конкурсе нашай газеты “Асоба года” ў намінацыі “Учынак года”.

Фота з архіва "Рэгіянальнай газеты ".

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце