Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +3° Маладзечна
Вілейка +2° Вілейка
Смаргонь +3° Смаргонь
Ашмяны +3° Ашмяны
Валожын +3° Валожын
Мядзел +2° Мядзел
Астравец +3° Астравец
Гісторыя
Вілейка
5.08.2017 13:33 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

Тытунёвыя люлькі і магчымы наканечнік стралы: чым здзівіла археолагаў сёлетняя экспедыцыя ў Ільі

Паліна Курловіч-Бяляўская на раскопках у Ільі. Фота Аксаны Ярашонак

Паліна Курловіч-Бяляўская на раскопках у Ільі. Фота Аксаны Ярашонак.

Калі вам, як і мне, цікава патрымаць у руках 300-гадовую манету-“барацінку” і прымераць на пальчык пярсцёнак 250-гадовай даўніны, напрасіцеся на раскопкі да археолагаў.

Тры тыдні археалагічная экспедыцыя пад кіраўніцтвам выкладчыцы БДУ, супрацоўніцы НАН Беларусі, археолага Паліны Курловіч-Бяляўскай працавала ў Ільі на месцы былой ільянскай шкляной гуты. Па дакументах, прадпрыемства працавала тут ад 1760-х і да 1806 года

Паліна сустрэла мяне на раскопках і правяла невялікую экскурсію:

– Тут стаяла печ, дзе варылі шкло. Вось тут, магчыма, была пляцоўка, дзе шкляныя вырабы застывалі. А сюды скідалі смецце, – распавяла Паліна.

Паказала археолаг і межы раскопа, які ў 1982 годзе рабіў вядомы навуковец, гісторык, ураджэнец Мядзельшчыны Міхась Чарняўскі. Дакументаў пра тыя раскопкі па нейкіх прычынах не засталося. Аднак ёсць знаходкі, перададзеныя ў музеі у Маладзечна і Вілейцы.

Тут печка, тут падлога, а тут скідалі смецце

На месцы, дзе стаяла печка, сёння рудыя рэшткі цэглы і вялікі слой попелу. Цэгла выкладзеная па крузе. Унутры канструкцыі шмат вапняку. Побач рэшткі тагачаснага дрэва.

Сёлета, па словах Паліны, шмат бессістэмана пакладзеных драўляных кавалкаў знайшлі па ўсёй тэрыторыі прадпрыемства. Пакуль дакладна нельга сказаць пра іх прызначэнне. Нешта магло трапляць у яму для смецця падчас рамонту, нешта выкарыстоўвалі для канструкцый на вытворчасці.

Але захавалася 300-гадовае дрэва даволі добра. Гэта таму, што тут блізка грунтовыя воды, кажа Паліна. Яны ствараюць неабходны для захоўвання вільготны слой.

Грунтавыя воды сведчаць яшчэ і пра тое, што недзе зусім побач з прадпрыемствам мог быць вадаём, які не захаваўся да сённяшняга дня. Магчыма, прыток ракі або нейкі ручай.

Знайшлі гліняны гаршчок.

Знайшлі гліняны гаршчок.

Гэтую здагадку пацвярджаюць і сёлетнія знаходкі – вялікая колькасць жалезных кручкоў. Па словах Паліны, яны маглі выкарыстоўвацца для рыбалоўства.

Гліняны гаршчок спецыяльна для мяне

Археолагі вызначылі прыкладныя межы завода. І на самай мяжы вытворчай пляцоўкі ў час сёлетняй экспедыцыі знайшлі вялізны камень. А каля яго гадоў дзвесце з хвосцікам стаялі тры шклянкі, устаўленыя адна ў адну.

– А гэты гаршчок мы не чапалі, спецыяльна для вас пакінулі, – кажа археолаг і дастае з зямлі гліняны кавалак, у якім пазнаецца невялікая круглая пасудзіна. Яна нагадала мне сённяшнія вазонніцы, у якіх кветкаводы разводзяць фіялкі.

Даследчыца расказала, што такі посуд маглі выкарыстоўваць як у бытавых, так і ў вытворчых мэтах.

Добра бачны і ўзровень падлогі завода. Яе майстры выкладалі глінай. Сёння пра падлогу нагадвае руды слой.

Пад падлогай у многіх месцах – вялікі слой вуглю. Па словах Паліны, можна меркаваць, што на прадпрыемстве быў нейкі пажар, а пасля завод рамантавалі.

Руды слой – ранейшая падлога гуты.

Руды слой – ранейшая падлога гуты.

Наступны слой – мацярык. Так ў археалогіі называецца зямля, якая была тут першапачаткова, яшчэ да з’яўлення прадпрыемства. У ёй няма рэшткаў чалавечай дзейнасці.

Што тут было раней, чым гута?

Аднак участак, які даследуюць археолагі, у Паліны ўжо даўно выклікае здзіўленне. Справа ў тым, што дзе-нідзе ў межах раскопа сустракаюцца сляды культурнага слоя, адрознага ад слою прадпрыемства.

Пра што гэта можа сведчыць? Пра тое, што чалавек працаваў тут раней, чым пабудавалі гуту. Над гэтым прымушаюць задумацца і некаторыя знаходкі.

Напрыклад, падчас сёлетняй экспедыцыі з зямлі выкапалі металічны прадмет, падобны на наканечнік стралы.

Падчас працы. Фота Паліны Курловіч-Бяляўскай.

Падчас працы. Фота Паліны Курловіч-Бяляўскай.

Адкуль ён браўся на прадпрыемстве 18-19 стагоддзе, калі, па словах Паліны, зброю са стрэламі скончылі выкарыстоўваць у 16, максімум 17 стагоддзі?

Або тыя ж манеты-барацінкі, якія выявілі ў гэтым годзе ў Ільі? Барацінкі – дробныя манеты Рэчы Паспалітай.

Гэтыя медныя грошы пачалі вырабляць па прапанове тагачаснага кіраўніка манетнага двара Бараціні ў 1659 годзе, каб пераадолець эканамічны крызіс у дзяржаве.

У 1666 годзе манеты ўжо перасталі чаканіць. Але тым не менш на ільянскім прадпрыемстве 1760-х гадоў іх знаходзяць. Адкуль?

А вось манета царскай Расіі “дзяньга” трапіла ў Ілью ўжо пасля падзелу Рэчы Паспалітай. Такія манеты чаканілі ў 1730-1740-ых гадах.

Сустракалася падчас раскопак і кераміка, якая датуецца 16 ст.

Як курылі ільянцы ў 18 стагоддзі

Калекцыю археалагічных знаходак папоўнілі рэшткі дзвюх тытунёвых люлек. Зусім маленькі кавалак “галандскай” люлькі з белай гліны знайшлі ў слаі попелу, які пакуль нельга аднесці да дзейнасці гуты.

Паліна праводзіць экскурсію. Фота Аксаны Ярашонак.

Паліна праводзіць экскурсію. Фота Аксаны Ярашонак.

Паліна расказала, што такія прылады выраблялі ў Паўночнай Еўропе, у Галандыі, Англіі. У 18 стагоддзі прадпрыемства па вырабе “галандскіх” люлек заклаў Пётр Першы ў Пецярбургу.

Яшчэ адна люлька – тая, якую даследчыкі называюць “турэцкай”. Ад яе засталося значна больш, чым ад папярэдняй. Можна зразумець куды закладалі тытунь і ўстаўлялі мундштук.

“Турэцкія” люлькі рабілі ў Асманскай імперыі, Паўднёвай і Усходняй Еўропе. Невядома, ці выраблялі такія прылады для курэння ў Беларусі. Але цяпер дакладна вядома, што ільянцы ў 18 стагоддзі карысталіся імі.

Як у шкларобаў нешта пайшло не так

Кожны год археолагі знаходзяць кераміку, адходы вытворчасці. Гэта плаўленае шкло, вялікія і малыя шкляныя кроплі.

У гэты раз знайшлі нават “брак”. Відаць, майстар хацеў зрабіць маленькую бутэлечку, але нешта пайшло не так. Выраб сплюснуўся. І амаль праз тры стагоддзі трапіў у рукі археолагам.

Шкляныя бутэлькі больш за два стагоддзі чакалі навукоўцаў.

Шкляныя бутэлькі больш за два стагоддзі чакалі навукоўцаў.

Рэшткі шкляных вырабаў – высокія горлачкі ад бутэлек для алкагольных напояў і нізкія – ад аптэчных сасудаў, падстаўкі ад келіхаў – усе розных колераў.

Па словах спецыяліста, натуральны колер шкла – зеленаваты. Каб выраб стаў празрыстым, продкі-шкларобы дадавалі ў шкляную масу крэйду або свінец.

Каб дабіцца ружовага, фіялетавага, блакітнага колераў, таксама дадавалі нейкія фарбавальнікі, хутчэй за ўсё натуральныя. Аднак высветліць якія менавіта, дапаможа толькі хімічная экспертыза.

Шмат донцаў ад сасудаў. На ніх захаваліся сляды ад понціі – жалезнага стрыжня, для фармоўкі шкляных вырабаў.

Гравіраванае шкло для багатай кухні

Зацікавіла спецыялістаў гравіраванае шкло. Каб зрабіць гравіроўку, майстры ў 18 стагоддзі павінны былі мець вельмі добрыя інструменты і дасканала валодаць імі.

Майстроў такіх было няшмат. Адпаведна, і шкляныя вырабы з гравіроўкай каштавалі дорага і выкарыстоўваліся ў інтэр’ерах багатых гаспадароў.

Гравіроўка на кавалку знойдзенага кілішка зробленая даволі прафесійна.

Знайшлі пярсцёнак на тонкі пальчык і прывітанне ад Капейкіных

Стагоддзі тры таму на прадпрыемства завітвала мясцовая прыгажуня. Напэўна, яна і згубіла тут просценькі медны пярсцёнак.

Я не стрымалася і памерала ўпрыгажэнне на свой палец. Аднак нацягнула пярсцёнак толькі да сярэдзіны. Відаць, тонкія пальчыкі былі ў той прыгажуні.

Пярсцёнак ільянскай прыгажуні 18 стагоддзя. Фота Аксаны Ярашонак.

Пярсцёнак ільянскай прыгажуні 18 стагоддзя. Фота Аксаны Ярашонак.

Невядома для чаго на шкларобчым прадпрыемстве выкарыстоўвалі знойдзены сёлета нож. Магчыма, для вытворчасці.

А можа, для банальных бытавых мэт: парэзаць мяса падчас абеду. Нездарма ж кожны год у вялікай колькасці археолагі знаходзяць тут косткі розных жывёл.

Трымаю ў руцэ пасярэбраны гузік. На адваротным яго баку добра захаваўся надпіс “Копѣйкинъ”. Гэты гузік з тых, што рабілі ў 19 стагоддзі тагачасныя прадпрымальнікі – Капейкіны ў Пецярбургу.

Іх было некалькі братоў – Іван, Максім, Канстанцін, Мікалай і Аўксенцій. Выраб якога брата трапіў у Ілью? Пра гэта можна толькі здагадвацца.

Дзеля раскопак гаспадары перасталі садзіць бульбу

Участак раскопа археолагі падзяляюць на квадраты два на два метры. Межы абазначаюць калкамі. Знойдзеныя рэчы складаюць у кошыкі. Потым мыюць і раскладаюць па пакетах. На спецыяльным плане пазначаюць, у якім месцы і на якой глыбіні знайшлі рэч.

У Ілью археолагі з БДУ прыязджаюць кожнае лета. Узгадняюць сваю дзейнасць з мясцовым сельсаветам і жыхарамі.

Яшчэ некалькі год таму на месцы старой ільянскай гуты вельмі добра радзіла бульба. Тут яе садзіла сям’я Філіповічаў.

Таму навукоўцы мусілі прасіць гаспадароў, каб выдзелілі ім хаця б невялікі кавалак для раскопак. І гаспадары з разуменнем паставіліся да працы археолагаў: увогуле перасталі садзіць бульбу на гэтым участку.

Студэнты-археолагі. Фота Паліны Курловіч-Бяляўскай.

Студэнты-археолагі. Фота Паліны Курловіч-Бяляўскай.

Летась даследчыкі жылі ў школе. Сёлета ўмовы былі больш “палявымі”. Тры тыдні студэнты разам з кіраўніком правялі ў палатках на тэрыторыі Ільянскага лясніцтва. Яго супрацоўнікі дапамагалі з дровамі і час ад часу сачылі за парадкам.

Вельмі дапамаглі археолагам мясцовыя жыхары, якія жывуць недалёка ад месца раскопак. Яны частавалі студэнтаў вітаміннай зелянінай, дапамагалі вырашыць побытавыя праблемы.

Асабліва дзякуем сям’і Аляксандра Кульгавага, які дазволіў падзараджаць тэлефоны і браць ваду для піцця і гатоўкі, і ні разу не адмовіў у дапамозе, а таксама Ірыне Юльянаўне, якая працуе лабарантам у каледжы і ўсім неабыякавым ільянцам! кажа Паліна.

Фота Аксаны Ярашонак.

Фота Аксаны Ярашонак.

Па словах Паліны, тое што раскапалі – гэта не ўсё прадпрыемства.

– Мы з вамі зараз якраз стаім на тым месцы, дзе майстэрня працягвалася, – кажа археолаг.

Сёлетняй экспедыцыяй даследчыкі планавалі закончыць раскопкі. Аднак ільянская зямля настолькі багатая на знаходкі, што археолагі мусяць вярнуцца ў наступным годзе.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце