Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +2° Маладзечна
Вілейка +2° Вілейка
Смаргонь +2° Смаргонь
Ашмяны +2° Ашмяны
Валожын +2° Валожын
Мядзел +1° Мядзел
Астравец +2° Астравец
Гісторыя
1 Смаргонь
10.08.2017 14:00

На Смаргоншчыне археолагі знайшлі старажытны горад Крэва

Радасць знаходкі. Фота Аляксея Чубата

Радасць знаходкі. Фота Аляксея Чубата.

Крэва – адзін з ранніх гарадоў старажытнай Літвы з тых, што існавалі на тэрыторыі сучаснай Беларусі прыкладна ў дзясятым-трынаццатым стагоддзях.

У гэтым пераканалі навукоўцаў сёлетнія раскопкі старажытнага гарадзішча ў Крэве.

Па словах кіраўніка экспедыцыі, супрацоўніка Акадэміі навук Беларусі Алега Дзярновіча, сёлетнія раскопкі сталі своеасаблівым спалучэннем навуковага дзяржаўнага праекта і грамадскай ініцыятывы. 

– Сёння ўсё, што датычыцца археалогіі, строга рэгламентавана рознымі дакументамі, – расказаў Алег. – Таму любыя раскопкі павінны праводзіцца пад патранажам Акадэміі навук.

Яе якраз і прадстаўляў Алег.  Астатнія ўдзельнікі прысутнічалі тут на валанцёрскіх умовах. Валанцёраў сабралі праз абвесткі ў інтэрнэце, праз фонд “Крэўскі замак”. Таму стаялі з рыдлёўкамі і здымалі слаі зямлі абсалютна розныя людзі: студэнты, айцішнікі, архітэктары.

Паэт, ураджэнец Смаргоншчыны Уладзімір Някляеў (другі справа) падчас раскопак. Фота facebook.com

Паэт, ураджэнец Смаргоншчыны Уладзімір Някляеў (другі справа) падчас раскопак. Фота facebook.com

Найбольш людзей было з Мінска. Аднак прыязджалі і гродзенцы, і нават жыхары Мазыра.

На раскопках былі вершы, песні і танцы

Сёлета на раскопках праявіўся і яшчэ адзін від валанцёрства. Аказваецца валанцёрыць з археолагамі – гэта не толькі капаць зямлю рыдлёўкай.

Па вечарах у археалагічны летнік у Крэва прыязджалі творчыя людзі. Тут выступалі барды і пісьменнікі Зміцер Бартосік і Андрэй Хадановіч, удзельнікі этнаграфічнага клуба “Кола”, гурт “Мярэжа”.

– Андрэю Хадановічу так спадабалася ў нас, – прыгадвае Алег, – што ён застаўся не на гадзіну, як планаваў, а на тры.

Археолагі ідуць. Фота facebook.com.

Археолагі ідуць. Фота facebook.com.

Раскопкі ў знакамітым Крэўскім замку пад кіраўніцтвам Алега Дзярновіча ладзілі ў 2012 годзе. Тады ўскрывалі Княскую вежу.

Капаць на месцы гарадзішча пачалі ў 2013 годзе. Сёлета таксама раскопвалі выключна старажытнае гарадзішча. А яно, мяркуючы па знаходках, старэйшае за замак 14 стагоддзя.

Гарадзішча знаходзіцца ў межах сённяшняга Крэва на вуліцы Смаргонскай у адлегласці каля двух кіламетраў ад замка. Яно абгароджанае. Ёсць спецыяльны знак, які паведамляе, што месца ахоўваецца дзяржавай.

Гістарычны помнік за агародамі

Гістарычны помнік 10 стагоддзя размясціўся за агародамі сучасных крэўскіх жыхароў. У сваіх гаспадарчых пабудовах яны дазвалялі складаць археолагам інструмент.

Што знайшлі? Знайшлі горад. Так-так, старажытны горад Крэва. Больш сучаснае Крэва ўзнікла ўжо пасля будаўніцтва замка ў 14 стагоддзі. Тады цэнтр паступова перамясціўся туды, а гарадзішча прыйшло ў заняпад.

Кіраўнік Алег Дзярновіч (у цэнтры) з удзельнікамі экспедыцыі

Кіраўнік Алег Дзярновіч (у цэнтры) з удзельнікамі экспедыцыі

Менавіта ў тым, старажытным, яшчэ паганскім горадзе Крэва, польскі кароль Ягайла пабудаваў касцёл, каб хрысціць паганцаў.

Даследуючы старажытны горад, навукоўцы прыйшлі да высновы, што ў Крэве 10-13 стагоддзя прадстаўленая ўрбаністычная культура Усходняй Еўропы.

Па словах кіраўніка экспедыцыі, на самім гарадзішчы, падобна, жылі славяне, якія займаліся гандлем і рамёствамі.

Магчыма, у той час Крэва было калоніяй старажытнага славянскага племені –  крывічоў. Адсюль, магчыма, паходзіць і назва паселішча.

Ювелірныя цікавосткі для крэўскіх прыгажунь

Аб развітых рамёствах сярод старажытных гараджан сведчаць сёлетнія знаходкі. Па словах Алега Дзярновіча, археолагі знайшлі матрыцу для караляў – спецыяльную прыладу, з выкарыстаннем якой выраблялі жаночыя ўпрыгажэнні. Яны былі часткай убору тагачасных гараджанак.

– Таму мы можам казаць пра тое, – працягвае Алег. – Што ў нашых продкаў была добра развітая ювелірная вытворчасць.

Пацвярджаюць гэта знойдзеныя кавалкі шкляных бранзалетаў і пацеркі са шкла. Падчас раскопак старажытных курганоў у вёсках шкляных бранзалетаў не знаходзяць.

Фрагмент касцяной накладкі – самая каштоўная знаходка сезону. Фота  facebook.com.

Фрагмент касцяной накладкі – самая каштоўная знаходка сезону. Фота facebook.com.

Самы каштоўны экзэмпляр гэтага сезона – фрагмент карункавай накладкі, зробленай з косткі. Праўда, для чаго нашы продкі яе выкарыстоўвалі, цяпер невядома.

Яшчэ адна знаходка – аднабаковая манета брактыят. Такія рабілі ў другой палове 13 стагоддзя. Траплялі яны ў Крэва з прускіх гарадоў. Манеты вельмі тонкія, таму сярод археалагічных знаходак сустракаюцца рэдка.

Знайшлі шмат рэшткаў ганчарнага посуду і косткі старажытнай курыцы

Здымаючы слой за слоем, археолагі натрапілі на печку-котлішча. Побач знайшлі фрагменты глінянага посуду і косткі свойскай птушкі, хутчэй за ўсё, курыцы.

Рэшткаў керамікі на Крэўскім гарадзішчы археолагі заўсёды знаходзяць шмат. Цікава тое, што керамічны посуд рабіўся на ганчарным коле.

Па словах спецыяліста, такі керамічны посуд вызначаюць як славянскі. Даўнія балты не ведалі ганчарнага кола. А між іншым, доўгі час лічылі, што ў старажытным Крэве жылі балты-язычнікі.

Як Крэва гарэла двойчы

Археолагі зафіксавалі і два вялікія пажары. Ад аднаго старажытнае Крэва пацярпела ў дзясятым стагоддзі, ад другога – у трынаццатым.

Пажар, па словах Алега, лёгка пазнаць па вугальных слаях. А датаваць іх пэўным стагоддзем дапамагаюць знаходкі.

Алег Дзярновіч. Фота Аляксея Чубата.

Алег Дзярновіч. Фота Аляксея Чубата.

Даследуючы Крэва, мы даследуем старажытную Літву, колішні Ашмянскі павет Віленскага ваяводства, тыя мясціны, што яднала паваенная Маладзечанская вобласць, кажа Алег.

Дзякуючы такім знаходкам археолагі могуць сцвярджаць, што яшчэ да першага князя Вялікага Княства Літоўскага Міндоўга на сучаснай тэрыторыі гістарычнай Літвы ўжо былі спраўдныя гарады, дзе жылі славяне – гандляры і рамеснікі. А кіраваў Міндоўг у другой палове 13 стагоддзя.

Гарадзішчы ў Крэве і Гальшанах – гэта помнікі, вывучаючы якія археолагі могуць убачыць шырокую панараму жыцця Беларусі ў 10-13 стагоддзях.

Абмеркаваць
Каментар (1) / Дадаць каментар
10.08.2017 22:06
Dux / хм... а хто аўтар артыкула? чый пэрл: "Менавіта ў тым, старажытным, яшчэ паганскім горадзе Крэва, польскі кароль Ягайла пабудаваў касцёл, каб хрысціць паганцаў. Па словах кіраўніка экспедыцыі, на самім гарадзішчы, падобна, жылі славяне, якія займаліся гандлем і рамёствамі. Магчыма, у той час Крэва было калоніяй старажытнага славянскага племені – крывічоў. Адсюль, магчыма, паходзіць і назва паселішча."
Дадаць каментар
Новае на сайце