Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +16° Маладзечна
Вілейка +16° Вілейка
Смаргонь +17° Смаргонь
Ашмяны +17° Ашмяны
Валожын +17° Валожын
Мядзел +16° Мядзел
Астравец +17° Астравец
Эканоміка
Вілейка, Валожын
20.08.2017 09:40 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

Адным – 33 рублі, другім – 53. Сума дзярждапамогі школьнікам у рэгіёне розная. Чаму?

Фота Intex-press.

Аксана – шматдзетная мама з рэгіёна – гадуе пяць дзяцей. Трое з іх школьнікі. Таму інфармацыю пра тое, што дзяржава дапаможа грашыма школьнікам са шматдзетных сем’яў, Аксана успрыняла з радасцю.

Тым больш, усюды ў друку і на сталічным тэлебачанні, гучала лічба да 60 рублёў на школьніка. Шматдзетная мама ўжо пачала падлічваць, што зможа купіць дзеткам да школы. Сума ж на траіх – амаль дзвесце рублёў.

30 ці 60? Ёсць розніца?

Але жанчыну чакала расчараванне. Яна патэлефанавала ў Цэнтр сацыяльнай абароны насельніцтва свайго горада, дзе ёй сказалі, што сума будзе амаль на палову меншай. Па словах жынчыны, яе знаёмыя шматдзетныя сём’і з Мінска ўжо атрымалі амаль па 60 рублёў на дзіця.

– Вось скажыце, ёсць розніца 30 рублёў ці 60? – патэлефанавала да нас у рэдакцыю абураная жанчына. – Калі не даюць 60 рублёў, то навошта пра іх пісаць.

На мінулым тыдні на сайце Беларускага тэлеграфнага агенства сапраўды змясцілі інфармацыю пра тое, што на Міншчыне больш за 27 тысяч школьнікаў са шматдзетных сем'яў атрымаюць матэрыяльную дапамогу на падрыхтоўку да новага навучальнага года.

Па словах Зоі Канапліной, начальніка аддзела народанасельніцтва і гендэрнай палітыкі камітэта па працы, на гэтую мэту папярэдне прадугледзелі больш за адзін мільён рублёў з бюджэту. Дапамогу ў Мінскай вобласці атрымаюць больш за 13 000 сем'яў і больш за 27 000 дзяцей.

Выплаты прадугледжаныя дзяржаўнай праграмай “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2016 – 2020 гады".

На мінулым тыдні, па словах Зоі Канапліной, выплаты на Міншчыне ўжо пачаліся. На іх могуць разлічваць сем'і, якія гадуюць траіх і больш непаўнагадовых дзяцей, якія вучацца ў школах. Памер дапамогі складзе амаль да 60 рублёў і вызначаеццца мясцовымі ўладамі.

Мы звярнуліся ў некаторыя гарады рэгіёна, каб высветліць чаму ў розных гарадах Міншчыны памеры дапамогі розныя.

Вучыцца ў Валожыне, жыве ў Маладзечне

Валожынскія школьнікі са шматдзетных сем’яў атрымаюць грашовую дапамогу да школы сумай 33 рублі. Прыкладна столькі ж атрымаюць школьнікі з Маладзечна. У Вілейцы гэтая сума складзе 53 рублі.

Такая розніца ад таго, што сума, прадугледжаная праграмай, не 60 рублёў, а да 60 і складае да 30 працэнтаў бюджэтнага мінімуму. Канчатковую суму вызначаюць мясцовыя ўлады.

Па словах дырэктара валожынскага Цэнтра абслугоўвання насельніцтва Галіны Рай, летась гэтая сума склала 31 рубель.

Па словах Галіны Фадзееўны, на рэгіянальным узроўні няма адзінага Палажэння пра такія выплаты. З-за гэтага ўвесь час і супрацоўнікі Цэнтра, і бацькі шматдзетных дзяцей сутыкаюцца з пэўнымі праблемамі.

Напрыклад, у Ракаве жыве шмат сямей, дзеці якіх вучацца ў Мінску. Ёсць сем’і, якія зарэгістраваныя ў Маладзечне, а школу наведваюць у Валожыне. Як быць у такіх сітуацыях? Дзе павінны атрымліваць дапамогу гэтыя дзеці?

Летась, па словах Галіны Рай, у Маладзечне выплочвалі дапамогу толькі тым дзецям, якія ходзяць у маладзечанскія школы. Таму  з-за гэтых недапрацовак некаторыя ўвогуле засталіся без дапамогі.

Агульнае Палажэнне спрасціла б працэдуру

Каб пазбегнуць такіх выпадкаў сёлета, у Валожыне зрабілі дадатак у Палажэнні, паводле якога тут выплацяць дапамогу і тым валожынскім школьнікам, якія тут вучацца, але не зарэгістраваныя. Вядома, калі ў іх будзе дакумент аб тым, што па месцы рэгістрацыі грошай яны не атрымалі.

Дапамогу ў Валожыне, як у большасці невялікіх гародоў Міншчыны, выплочваюць наяўнымі грашыма. Калі вёска месціцца далёка ад горада, супрацоўнікі Цэнтра самі прывозяць грошы ў вясковыя сям’і.

Каб атрымаць дапамогу, бацькі павінныя сабраць дакументы: даведку пра склад сям’і, даведку пра тое, што дзіця вучыцца ў школе і напісаць заяву.

 Школы ў Валожыне актыўна дапамагаюць Цэнтру ў зборы дакументаў. Часам бацькі прыносяць паперы “на прамую” ў Цэнтр.

Ужо паступілі 937 заяў. Ад 15 жніўня пачалі выплочваць грошы.

Аднак, па словах супрацоўнікаў, 937 – не канчатковая лічба. У канцы жніўня выпускнікі базавай школы, што не паступілі ў сярэднія спецыяльныя ўстановы, вяртаюцца ў школу. Такім дзецям таксама трэба будзе выплаціць дапамогу.

Канешне, каб пазбегнуць праблем і непаразуменняў, хацелася б нейкага агульнага Палажэння для ўсіх гарадоў, кажа Галіна Рай.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце