Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +10° Маладзечна
Вілейка +10° Вілейка
Смаргонь +10° Смаргонь
Ашмяны +10° Ашмяны
Валожын +10° Валожын
Мядзел +9° Мядзел
Астравец +10° Астравец
Спорт
23.08.2017 17:24 ,AЎТАР(Ы): Сяргей УЛАДЫКА

"Маладзечна-ДЮСШ-4" паказала ці не "кузькіну маць", але не надоўга. Пра футбольны і хакейны матчы ў выхадныя піша Сяргей Уладыка

Фота Наталлі Тур.

У пошуках цудоўнага правёў ваш пакорны слуга мінулую суботу. У пошуках відовішча, азарта, барацьбы і эмоцый.

Для разагрэву адправіліся разам з жонкай у Лядовы Палац, дзе праходзіла сустрэча Кубка Беларусі паміж "Дынама-Маладзечна" і ХК "Брэст". Вабная прахалода лядовай пляцоўкі прыцягвала застацца з хакеем даўжэй, чым на адзін перыяд, аднак у прадчуваннi галоўнага дзейства вечара мы ўпэўнена ступілі ў летнюю спёку, якой яшчэ песціла тады прырода.

На прынцыповы матч з "Чысцю" заўзятары прыйшлі немалой колькасцю, але не сказаць, што многім большай, чым на хакейны паядынак.

Лік быў адкрыты вельмі хутка. Гледачы яшчэ не паспелі ямчэй размясціцца і папрактыкавацца ў прагнозах на гульню, а 69-ы нумар гасцей – Паўловіч – ужо атрымаў мяч на правым куце штрафной і другім дотыкам адправіў яго ў далёкую дзявятку варот Галгоўскага.

Пакуль каманда Дараховіча прыходзіла ў сябе пасля хуткага гола, адначасова ацэньваючы яго прыгажосць, прапусціла яшчэ два.

Кашэўскі і Казючыц забівалі настолькі лёгка і без перашкод, што, здавалася, госці выйшлі гуляць супраць дваровай каманды. Быў заспеты знянацку і дыктар стадыёна, якi запісаў усе ўзяцці варот на рахунак Казючыца.

Першыя тры ўдары ў створ варот нашай каманды – тры галы і 0:3 па выніках дзесяці стартавых хвілін. Здавалася, гэта быў накаўт, і маладзечанцы ўжо не падымуцца. Уражанне толькі ўзмацнялася з кожнай атакай "Чысці", футбалісты якой не думалі змяншаць абаротаў. І калі на 30-й хвіліне за фол апошняй надзеі выдалілі Бугая, заўзятары ўжо спаборнічалі ў складанні эпітафій.

Але, як ні дзіўна, апынуўшыся удзесяцёх, гульцы "Маладзечна-ДЮСШ-4" паказалі гледачам і супернікам калі не "кузькіну маць", то здольнасць змагацца ў крытычных сітуацыях – дакладна!

Дараховіч, нягледзячы на знаходжанне ў засмучаных пачуццях, прымусіў сябе трымаць удар: раз-пораз пакрыкваў з броўкі на сваіх падапечных, матывуючы кожнага працягваць змагацца і працаваць на вынік. Лепш за ўсё гэта атрымлівалася ў Прохара Новікава, які пачаў не толькі якасна выконваць абарончыя функцыі, але і раз за разам наведваўся на чужую палову поля са стваральнай місіяй. Менавіта з яго флангу прыйшоў пас на Галубовіча, які на 42-й хвіліне зрабіў лік 1:3. Пры такіх лічбах каманды адправіліся ў распранальні, а заўзятары – па сваіх справах.

Старт другой паловы атрымаўся больш сумным, чым канец першай. Госці пачалі гуляць на ўтрыманне лiка, а ў маладзечанцаў нічога не атрымлівалася. Першы ў тайме ўдар па варотах сапернікаў нашы хлопцы нанеслі толькі на 59-й хвіліне, і тое недакладны. У далейшым гульня абвастрылася, і каманды абмяняліся галамі. Спачатку Кашэўскі зноў зрабіў разрыў у тры мячы, уцёкшы ў контратаку, а затым Новікаў замкнуў дальнюю штангу пасля розыгрышу вуглавога.

2:4 – такі вынік прынцыповага матча. Калі ўлічваць суадносіны удараў: 9 (3)-16 (8) – вынік справядлівы.

Адставанне ад другога месца павялічылася да сямі ачкоў, але цяпер гэта не самае галоўнае. Важней, каб пры позірку на вынікі каманды не прапаў энтузіязм ў тых, хто зараз займаецца развіццём клуба. Андрэй Іваненка і яго каманда ідуць, як здаецца, у правільным напрамку, і калі не ў гэтым сезоне, то ў наступным пастаўленую задачу выканаюць.

Яшчэ б нам, заўзятарам, адчуваць ўдзел у лёсе каманды з боку гарадскіх уладаў.

Калі б яны, улады, паказалі сваю гатоўнасць узяць на буксір тую лодку без руля і ветразя, на якой у апошнія гады дрэйфуе маладзечанскі футбол – была б каманда ў вышэйшай лізе ў бліжэйшыя гады.

Ну а пакуль ... Будзем кідацца ў пошуках цудоўнага паміж хакеем і футболам. Гэта таксама не вельмі кепска. Дарэчы, "Дынама-Маладзечна" адолела ХК "Брэст" з лікам 5:1.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце