Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +16° Маладзечна
Вілейка +16° Вілейка
Смаргонь +17° Смаргонь
Ашмяны +17° Ашмяны
Валожын +17° Валожын
Мядзел +16° Мядзел
Астравец +17° Астравец
Культура
Валожын
27.08.2017 10:58 ,AЎТАР(Ы): Паводле прадмовы да кнігі Алеся Белага “Сакатала бочачка”

Валожынец выдаў кнігу пра спіртныя напоі. Яна здольная разбурыць міфы вакол культуры піцця самагону і крамбамбулі

Аўтар кнігі Алесь Белы

Аўтар кнігі Алесь Белы. Фота naviny.by.

Падаецца, ну што можна расказаць пра спіртныя напоі і ці варта ўвогуле расказваць? Людзі з чаркамі ўвогуле б запярэчылі: што тут гаварыць – налівай ды пі.

Валожынец Алесь Белы робіць амаль немагчымае: спрабуе адарваць людзей ад сталоў і  прыемных бясед за імі і заве ў падарожжа па алкагольным свеце нашых продкаў з кнігай “Сакатала бочачка”.

Гэта зборнік займальных, але гістарычна праўдзівых нарысаў, прысвечаных самым знакавым алкагольным напоям нашай краіны. У большасці выпадкаў – цалкам забытым, адкінутым як “чужынскія”.

– Першыя радкі кнігі былі напісаныя 18 гадоў таму, – піша ў прадмове аўтар. – За гэты час “алкагольна-гістарычныя” нарысы публікаваліся ў некаторых выданнях, але для гэтай кнігі былі істотна перапрацаваныя і дапоўненыя. Чытач атрымае ўнікальную ілюстраваную энцыклапедыю, надзейную крыніцу ведаў і вобразаў у гэтай “пікантнай” і мала знанай галіне айчыннай гісторыі.

Маладая дзяўчына, як бочачка піва

Фота naviny.by.

Фота naviny.by.

Назва кнігі паходзіць ад старадаўняй беларускай народнай песні, у якой маладую дзяўчыну жартаўліва, але вельмі лірычна параўноўваюць з бочкай піва, якая нудзіцца ў піўніцы, імкнучыся “разліцца” і здаволіць смагу таго, каму прызначаная.

Жаночыя вобразы ў кнізе займаюць ці не цэнтральнае месца. Апроч маладой дзяўчыны з вясельнай песні, якая дала кнізе назву, гэта і какетка Тэлімена, за гонар якой уступіўся малады пан Тадэвуш з раздзелу пра пунш; гэта і дасведчаныя гаспадыні дому – прызнаныя майстрыхі варыць крупнік; безыменныя жнейкі, што ўслаўлялі ў песнях пшанічнае піва. І нават па-жаночаму эмацыйная рабіна.

Што ж, свет алкагольных напояў – гэта пераважна мужчынскі свет, але вобразы тут пануюць жаночыя.

Кніга, у якой галоўныя героі – спіртныя напоі

Крупнік і старка, шампанскае і такай, пітны мёд і розныя наліўкі ды настойкі – ад зуброўкі і рабінаўкі да “калмусоўкі” і “жаніхі”, а таксама пшанічнае піва, самагон, экзатычны посуд для пітва і іншае – вось галоўныя “героі” гэтай унікальнай кнігі.

Зрэшты, папулярныя і экзатычныя напоі ў кнізе – гэта хутчэй нагода, як у сапраўднай добрай бяседзе. Нагода для гутарак пра нашу гісторыю, літаратуру, пра вайну і мір, пра сяброўства і каханне. 

Чытаць гісторыю спіртнога, як дэтэктыў

Кніга ў вялікай ступені прысвечаная разбурэнню міфаў і стэрэатыпаў, якія ўкараніліся ў нашым грамадстве вакол культуры піцця, напрыклад, вакол самагону і крамбамбулі. Яна аднаўляе сапраўдную гісторыю нашых алкагольных напояў, якая часам чытаецца як захапляльны дэтэктыў.

Вы будзеце бязмежна здзіўленыя, наколькі бясконца разнастайным быў гэты страчаны свет у параўнанні з сучаснасцю.

Сучаснае становішча на айчынным рынку алкагольнай прадукцыі, з відавочным адрывам ад векавых традыцый нашай зямлі, падаецца аўтару цалкам абсурдным і ганебным. У якой іншай краіне замест сваіх гістарычных напояў, тых жа старкаў, крупніка, зуброўкі ды іншых уласных спецыялітэтаў з вельмі глыбокімі і маляўнічымі мясцовымі традыцыямі, дадумаліся б рабіць стаўку на мясцовы разліў віскі, тэкілы, кальвадосу? Дзеля нібыта “імпартазамяшчэння”.

Здавалася б, мусіла дзейнічаць зусім іншая логіка: іншаземныя напоі ўсюды цэняцца менавіта за аўтэнтычнасць, ніхто не думае разліваць іх у краіне-імпарцёры і тым больш – ствараць ім фальшывую мясцовую генеалогію. Такія напоі імпартуюць з краін іх гістарычнага паходжання, прадаюць дорага і адносна няшмат.

Затоe ў сябе шануюць мясцовыя прадукты, з яскравым гістарычным радаводам. У нас, на жаль, такая логіка не дзейнічае. У першую чаргу менавіта таму, што не ведаюць гісторыі сваёй зямлі. Таму ставяць нямецкую крамбамбулю па-над сваім крупнікам, а кельцкае віскі – па-над сваёй старкай. З лёгкай душой саступаюць правы на зуброўку рускім і палякам. Але, можа быць, чытачы гэтай кнігі задумаюцца ды сваёй неабыякавасцю дапамогуць змяніць гэтае вартае жалю становішча?

Прачытайце і пераканайцеся:  “Сакатала бочачка” – вытанчаны і ап’яняльны шлях да разумення сімвалаў і міфаў нашай гісторыі. І не толькі алкагольных напояў. 

Фота nn.by.

Фота nn.by.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце