Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +10° Маладзечна
Вілейка +10° Вілейка
Смаргонь +10° Смаргонь
Ашмяны +10° Ашмяны
Валожын +10° Валожын
Мядзел +9° Мядзел
Астравец +10° Астравец
Грамадства
Валожын
26.08.2017 10:08 ,AЎТАР(Ы): Галіна СУДНІКОВІЧ

“Гэта адзіны мужчына, які вытрымаў мяне сем гадоў”. Удзельніца “Роварнага злёту” на Валожыншчыне падзялілася досведам (Фота)

Фота youtube.com.

Апошнім часам расце мода на ровары – усё больш людзей аддаюць перавагу гэтаму экалагічнаму віду транспарту, чым уласнай машыне і нават грамадскаму транспарту.

Наколькі павялічылася супольнасць раварыстаў, паказвае колькасць удзельнікаў “Роварнага злёту” на хутары Шаблі ў Валожынскім раёне, які адбыўся 19 і 20 жніўня. У параўнанні з мінулым годам яна вырасла прыкладна ў паўтара раза: летась было каля 300 удзельнікаў, сёлета – 500.

Праехалі каля 2000 кіламетраў, каб пабачыць беларускую велаактыўнасць

Фота Ганны Валынец.

Фота Ганны Валынец.

– Як гэта лічылася? Мы параўноўвалі колькасць аўтамабіляў і байкаў, колькасць палатак, а іх нашы валанцёры налічылі каля трохсот; а таксама людзей, зарэгістраваных на мерапрыемствах злёту, – тлумачыць арганізатар “Роварнага злёту” дырэктар Мінскага роварнага таварыства Анастасія Янчэўская.

Прыкладна 50% удзельнікаў былі з Мінска і Мінскай вобласці.

На мерапрыемства завіталі госці з замежжа: Расіі, Украіны, Германіі і Латвіі.

– Самую вялікую адлегласць, амаль у 5 тысяч кіламетраў у адзін бок, пераадолелі нашыя сябры-велаактывісты з Краснаярска. А раварысты з Растова і Пяцігорска праехалі каля 2000 кіламетраў, каб пабачыць беларускую велаактыўнасць, – расказвае Анастасія.

На ровары, як на кані

Фота забяспечанае Вікторыяй Церашонак.

Фота забяспечанае Вікторыяй Церашонак.

Вікторыя Церашонак прыехала на мерапрыемства з Мінска на машыне. Меркавала, не здолее пераадолець адлегласць да Валожына на ровары, узяла яго з сабой.

– Хацелася захаваць сілы і на роварную экскурсію, – тлумачыць жанчына. – Аднак на наступны год перагледжу маршрут, магчыма, і адолею ўвесь шлях на ровары.

Спачатку жанчына мела іншыя планы на выхадныя, але даведалася пра “Роварны злёт” – і ўсе адмяніла.

– Гэта Валодзя, – прадстаўляе жанчына свайго жалезнага сябра.

Тое, што ў ровара ёсць імя, простае тлумачэнне – Вікторыя шмат часу праводзіць з ім. Гэта не толькі частка яе жыцця, а сябар. Падбірала імя, каб яно не сустракалася сярод знаёмых і сяброў, каб не было крыўдаў і пытання.

– Спачатку назвала яго Уладзімірам, – расказвае жанчына. – У мяне тыповы гарадскі ровар з высокім сядлом. Калі садзілася на яго, падавалася, еду, нібы на кані. Сама сабой узнікла назва князь Уладзімір. Але з часам змяніла на Валодзю. Гучыць не афіцыйна, а значыць больш па-сяброўску.

Ровар, які Вікторыя ўзяла на фестываль, называе Уладзімір другі. Першага скралі ў 2011 годзе, прыйшлося набываць новы. Але купіла адзін у адзін з папярэднім, бо вельмі падабаўся.

– Дарэчы, гэта адзіны мужчына, які вытрымаў мяне сем гадоў, – жартуе ўласніца экалагічнага транспарту. 

“Язда на ровары – кайф, а не праверка на трываласць”

Фота забяспечанае Вікторыяй Церашонак.

Фота забяспечанае Вікторыяй Церашонак.

Роварны сезон у Вікторыі доўжыцца паўгода, з красавіка па верасень. Штодзень яна ездзіць на ім на працу з Каменнай Горкі і да станцыі метро “Маскоўская” і назад. Агулам атрымліваецца 40 кіламетраў.

– Для мяне язда на ровары – гэта кайф, а не праверка на трываласць, – тлумачыць жанчына. – Таму ніколі не ставіла сабе мэту праехаць, як мага больш. Па гэтай жа прычыне і не лічу колькасць кіламетраў, якія накручваю па гораду.

Часта жанчына сутыкаецца з пытаннямі ад знаёмых, якія не ездзяць на ровары, аднак мяркуюць паспрабаваць. Сярод самых распаўсюджаных: а як я буду ездзіць на ім на работу, калі ў нашым офісе дзелавы стыль адзення? Як я буду выглядаць пасля паўгадзіннай язды? 

Вікторыя ўпэўненая – гэта стэрэатыпы, што пасля паездкі на ровары прыязджаеш растрапаны, змучаны. Той, хто нечага хоча, шукае шляхі; хто не хоча, шукае адгаворкі. Так, напрыклад, на рабоце ў жанчыны ёсць вопратка, якую можа апрануць, каб ісці на дзелавую сустрэчу. А праблему з макіяжам выдатна вырашыць касметычка, яе можна і з сабой прыхапіць.

– Калі еду грамадскім транспартам, у мяне настрой псуецца, адчуваю сябе злой і раздражнёнай, – адзначае Вікторыя. – Нават рухаюся запаволена. Іншая справа, калі еду на ровары.

Фота забяспечанае Вікторыяй Церашонак.

Фота забяспечанае Вікторыяй Церашонак.

Адчувала сябе знаёмай сярод незнаёмцаў

На фестывалі ў Шаблях раварыстцы больш за ўсё спадабалася атмасфера, якая панавала сярод людзей: адчуваеш сябе даўняй знаёмай нават з  незнаёмымі.

– Ёсць адзін распаўсюджаны стэрэатып, што на ровары ў горадзе ездзіць толькі моладзь, – расказвае Віка. – Варта б было гэтым людзям прыехаць у Шаблі, каб упэўніцца ў адваротным, колькі людзей сталага ўзросту сабралася. Яны прызнаваліся, што менавіта ровар дапамагае захоўваць бадзёрасць.

Ці будуць праводзіць фестываль на лета

Фота Ганны Валынец.

Фота Ганны Валынец.

Арганізатары сёлетняга фестывалю абяцаюць, што роварныя мерапрыемствы будуць праводзіцца і ў наступным годзе. Аднак застаецца пытанне пра іх фармат, месца правядзення, магчыма назвы.

– Галоўнае для нас – рабіць якасныя і карысныя для раварыстаў мерапрыемствы, – адзначае арганізатар “Роварнага злёту” Анастасія Янчэўская.

Таму Мінскае роварнае таварыства заклікае неабыякавых людзей дзяліцца ідэямі, выказваць пажаданні. Арганізацыя ўпэўненая, што толькі разам можна зрабіць справу лепш.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце