Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна Маладзечна
Вілейка Вілейка
Смаргонь Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын Валожын
Мядзел Мядзел
Астравец Астравец
Гісторыя
Вілейка
30.08.2017 10:33 ,AЎТАР(Ы): Паводле rp.pl і Радыё Свабода

Палякі правядуць эксгумацыю жаўнераў, пахаваных на Вілейшчыне ля вёскі Пагост

Фота з архіва польскага Інстытута нацыянальнай памяці.

Беларусь дала дазвол польскаму Інстытуту нацыянальнай памяці на пошукавыя работы ля вёскі Пагост, што ў Вілейскім раёне, паведамляе Rzeczpospolita. Даследчыя работы пачнуцца 4 верасня з удзелам беларускага 52-га спецыялізаванага пошукавага батальёна і маюць завершыцца цягам верасня.

Плануюць адшукаць парэшткі жаўнераў польскага Корпусу аховы памежжа (КАП), палеглых 17 верасня 1939 года, калі савецкія войскі ўвайшлі ў Заходнюю Беларусь. Польскія даследчыкі кажуць, што не маюць пэўнасці, ці жаўнеры са стражніцы ў раёне Пагосту загінулі ў баях з савецкімі войскам, ці былі расстраляныя ў палоне.

Польскі бок адзначае, што яшчэ год таму беларуская пракуратура не дала дазвол на правядзенне даследаванняў на сучасным памежжы  там, дзе могуць быць пахаваныя ахвяры "аўгустоўскай аблавы" пад Сувалкамі летам 1945 года, калі савецкія войскі і польская тайная паліцыя затрымала каля 600 падпольшчыкаў.

Дазвол палякам на раскопкі ў Беларусі  не ўнікальны выпадак, кажа Свабодзе гісторык Ігар Мельнікаў. Але не часты: Мельнікаў гаворыць, што апошні раз падобныя раскопкі праводзілі ў 2008 годзе, калі ў Кобрыне беларускі 52-і батальён разам з польскімі археолагамі праводзіў эксгумацыю жаўнераў Польскага войска, якія загінулі ў 1939 годзе ў баях з немцамі, і ахвяраў савецкіх войскаў і падпольшчыкаў таго часу. Усе знойдзеныя жаўнеры былі перапахаваныя на могілках каля мясцовага касцёла.

Але ад 2008 года такіх работ не адбывалася на тэрыторыі Беларусі,  кажа Мельнікаў.  Тут хутчэй палітыка ўплывала на гэтую справу. Але цяпер прайшло шмат часу, гэта сапраўды добрая навіна для гісторыкаў і даследчыкаў. Ужо даўно чуў пра гэта ад супрацоўнікаў амбасады Польшчы, і яны рады. Я так думаю, дазволяць нават зрабіць дакументальны фільм, ёсць такія прапановы з боку беларускіх дакументалістаў.

Насамрэч, там ідэнтыфікаванае месца пахавання КАПаўцаў ля стражніцы Пагоста, але такіх месцаў было досыць шмат  амаль на кожнай КАПаўскай стражніцы былі досыць крывавыя баі. Мясцовыя людзі кажуць, што забітых жаўнераў КАП, як і чырвонаармейцаў, забітых пры штурме стражніц КАП, хавалі побач з будынкамі. Цяпер месца мала хто можа паказаць, бо шмат палёў зааралі, ландшафт змяніўся за 80 гадоў. Таму, калі ёсць дакладнае месца, то напэўна трэба праводзіць эксгумацыю.

І што дапусцяць адмыслоўцаў з польскага інстытута, гэта вельмі добра. Гэта дазволіць прыадкрыць яшчэ адну са старонак 17 верасня 1939 года, пра тое, што ўваход Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь адбываўся не мірна і спакойна, гэта былі баі.

У КАП на момант пачатку Другой сусветнай вайны было шмат рэзервістаў беларускага паходжання, бо асноўныя лінейныя часткі былі перакінутыя з мяжы на захад, у "этнічную Польшчу".

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце