Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +10° Маладзечна
Вілейка +10° Вілейка
Смаргонь +10° Смаргонь
Ашмяны +10° Ашмяны
Валожын +10° Валожын
Мядзел +9° Мядзел
Астравец +10° Астравец
Культура
3.09.2017 12:46 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

Маркава, Залессе, Крэва, Гальшаны, Мілідаўшчына: удзельнікі паэтычнага пленэру прайшліся шляхамі паэткі і журналісткі Таццяны Сапач

Хата-студыя Сяргея Верамейчыка.

Хата-студыя Сяргея Верамейчыка..

Яна любіла жартаваць на тэмы смерці і старасці. Магла зрабіць так, каб у вялікай кампаніі кожны адчуваў сябе ўтульна.

Шмат пра паэтку і журналістку Таццяну Сапач даведаліся ўдзельнікі сёлетняга чатырохдзённага паэтычнага пленэру ў вёсцы Маркава на Маладзечаншчыне.

Літаратурныя чытанні, вечары памяці штогод пасля трагічнай смерці Таццяны Сапач ладзяць родныя на яе радзіме. Запрашаюць сяброў, літаратараў, краязнаўцаў.

Гальшаны.

Гальшаны.

А сёлета ўпершыню памятныя мерапрыемствы правялі ў выглядзе паэтычнага пленэру. Дачка Таццяны Адэля прыехала з Кіева на радзіму маці, каб сабраць тут маладых паэтаў.

– Форму пленэру мне параіла сяброўка, якая вучыцца ў Амерыцы на магістра мастацкіх навук, – распавяла Адэля.

У Залессі.

У Залессі.

Па словах жанчыны, сяброўка вучылася на пісьменніцу, але чаго толькі ні рабіла: і дакументальныя фільмы здымала, і краязнаўствам займалася. Частай формай працы будучых магістраў былі паэтычныя пленэры.

Прайшліся шляхамі Таццяны Сапач

Маладых літаратараў Адэля запрасіла да ўдзелу праз сацыяльныя сеткі. Адгукнулася шэсць чалавек. Самыя далёкія госці былі з Гомеля і Рагачова. Напрацягу чатырох дзён хтосьці з’язджаў, хтосьці далучаўся.

Першы дзень пачаўся са знаёмства. Пасля была сустрэча з Міхасём Казлоўскім – краязнаўцам і пісьменнікам з Маладзечна, які добра ведаў Таццяну Сапач, і мясцовымі краязнаўцамі.

Алесь Яўдаха, Наста Кудасава, Адэля Дубавец пад гербам Агінскіх.

Алесь Яўдаха, Наста Кудасава, Адэля Дубавец пад гербам Агінскіх.

Удзельнікі даведаліся пра гісторыю вёскі Маркава і рэчку Гадзяя, якая працякае ў вёсцы недалёка ад роднай хаты пісьменніцы.

Па словах краязнаўцаў, няма легенды, якая б тлумачыла назву ракі. Таму паэты атрымалі заданне – напісаць вершаванае паданне пра раку Гадзяю, каб яе чыталі сённяшнія маркаўскія школьнікі.

Удзельнікі наведалі знакавыя мясціны рэгіёна: Залессе, Крэва, Гальшаны. Можна сказаць, што маладыя паэты прайшліся шляхам Таццяны Сапач.

У аранжэрэі.

У аранжэрэі.

Па словах Адэлі, у 1980-ыя гады яе бацькі, Таццяна Сапач і журналіст Сяргей Дубавец, прыязджалі ў Маркава разам са сваімі сябрамі – літаратарамі, журналістамі, навукоўцамі, краязнаўцамі і пешшу ішлі ў Крэва або Залессе. Прычым часцей такія падарожжы ладзіліся зімой, падчас Калядаў.

Маладыя паэты дваццаць кіламетраў пешшу адолець не рашыліся, падарожнічалі на машыне. У Залессі наведалі палац і парк Міхала Клеафаса Агінскага. А пасля трапілі ў госці да рэстаўратара, мастака і музыкі, жыхара Залесся Сяргея Верамейчыка.

Як паэты шукалі бельведэр

У свой час Сяргей Іванавіч з’ехаў з Мінску ў вёску на Смаргоншчыне, каб захаваць тут памяць пра славутага дыпламата і кампазітара. З вучняў залескай школы стварыў гурт “Альтанка”, які доўгі час займаўся спевамі і пастаноўкай п’ес, прысвечаных Агінскаму.

Зацікавіліся працамі Верамейчыка.

Зацікавіліся працамі Верамейчыка.

Праз “Альтанку” прайшлі чатыры пакаленні дзяцей. Гурт залескіх вучняў ведалі ў Польшчы, Літве, Італіі.

Разам з Сяргеем Іванавічам удзельнікі пленэру шукалі ў парку бельведэр – гару, з якой адкрываецца найпрыгажэйшы краявід.

“Пошукі бельведэра” – своеасаблівая экскурсія, распрацаваная Верамейчыкам па паэме “Залессе” пісьменніка 19 стагоддзя Аляксандра Ходзькі.

Лялькі і капелюшы  – працы Сяргея Верамейчыка.

Лялькі і капелюшы – працы Сяргея Верамейчыка.

Нягледзячы на пастаянны дождж удзельнікі пленэру адшукалі бельведэр, на якім разгарнулі герб Агінскіх – браму з рассечаным крыжам наверсе.

Сяргей Іванавіч таксама не пакінуў маладых літаратараў без творчага задання. Прапанаваў напісаць вершаваны адказ Аляксандру Ходзьку пра тое, што б ён убачыў у Залессі сёння.

Развейце тут мой прах

Усе мерапрыемствы пленэру былі прасякнутыя ўспамінамі пра паэтку Таццяну Сапач. Яе згадвалі родныя, калегі і сябры.

– Мама для мяне была падобная да сонейка, – распавяла Адэля. – Невысокая, кругленькая, усмешлівая, яна магла сабраць вялікую кампанію, члавек 20-25, і зрабіць так, каб кожнаму было цёпла і ўтульна.

Па словах Адэлі, мама ніколі сур’ёзна не ўспрымала такія з’явы, як смерць і старасць. Родныя прывыклі да яе дзіўных жартаў.

– Як толькі ў час нашых сямейных падарожжаў мама бачыла нейкае прыгожае месца, яна казала з усмешкай: “Калі памру, развейце тут мой прах”, – прыгадала Адэля.

Былі такія месцы і пад Вільняй, і ля беларускіх вёсак. Дачка памятае тры мясціны. Муж удвая больш. Апошнім месцам, дзе Таццяна так звыкла пажартавала, быў луг побач з вёскай Мілідаўшчына, недалёка ад роднага Маркава. Тут у 2010 годзе родныя развеялі яе прах.

А восень нас не пакідала

Бард і настаўніца з Гомеля Вальжына Цярэшчанка прыгадала “сваю” Таццяну Сапач – спачатку проста журналістку, якая брала ў яе інтэрв’ю, а пазней – шчырую сяброўку.

– На гомельскім тэлебачанні запісвалі, як я з дзяўчатамі з музвычылішча спявала беларускія песні, – прыгадала Вальжына. – У перапынку да мяне падышла журналістка і пачала задаваць пытанні на прыгожай беларускай мове.

Дачка Таццяны Адэля Дубавец з фірмовым кубкам РГ.

Дачка Таццяны Адэля Дубавец з фірмовым кубкам РГ.

Маладая спявачка тады размаўляла выключна па-руску, адпаведна па-рускку пачала і адказваць. Аднак журналістка гомельскага тэлебачання, якой аказалася Таццяна Сапач, перапыніла яе фразай “Волечка, вы ж па-беларуску спяваеце, адказвайце па-беларуску”.

– Я спрабавала нешта сказаць, але зразумела, што можна спяваць па-беларуску, а мовы, па сутнасці не ведаць, – кажа Вольга.

Пасля таго даўняга інтэрв’ю жанчына павярнулася да беларускасці. І ўжо шмат гадоў па-беларуску і спявае, і размаўляе.

Абавязковую частку паэтычнага пленэру – разбор вершаў маладых паэтаў – праводзіў журналіст Сяргей Дубавец. Былі тут і крытычныя водгукі, і практычныя парады, а часам творчыя спрэчкі.

На Юравай гары ў Крэве.

На Юравай гары ў Крэве.

З чатырох дзён больш за палову ўсяго часу на вуліцы ішоў моцны, па-восеньску халодны дождж. Такое надвор’е вельмі пасавала творчаму насторою і міжволі згадвліся радкі верша Таццяны “Няхай не пакіне нас восень…”

Даведка “РГ”

Таццяна Сапач нарадзілася ў 1962 годзе ў вёсцы Маркава на Маладзечаншчыне. Скончылафакультэт журналістыкі БДУ. Падчас паступлення ва ўнівэрсітэт далучылася да руху за незалежнасць. Разам з мужам Сяргеем Дубаўцом, прыехаўшы працаваць па размеркаванні ў Гомель, стварылі маладзевую грамадска-палітычную краязнаўчую суполку “Талака”. У пачатку 1990-ых пераехала ў Вільню, каб аднавіць віленскі беларускі асяродак. Там працавала на літоўскім радыё. Аўтарка паэтычных зборнікаў “Восень” і “Няхай не  пакіне нас восень”. Загінула ў снежні 2010 года ў аўтакатастрофе ў Літве.

Фота аўтара.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце