Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +1° Маладзечна
Вілейка +2° Вілейка
Смаргонь +2° Смаргонь
Ашмяны +2° Ашмяны
Валожын +1° Валожын
Мядзел +2° Мядзел
Астравец +2° Астравец
Здарэнні
Вілейка
9.09.2017 17:24 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

Чаму мак варта купляць у краме і што рабіць, калі знайшоў мабільнік: першы намеснік начальніка РАУС расказаў аб працы вілейскай міліцыі

Фота Kirovsk.by.

Чаму мак для печыва трэба купляць у краме? Як сябе паводзіць, калі знайшоў чужы мабільнік? І чым служба ў міліцыі 20-гадовай даўніны адрозніваецца ад службы сённяшняй?

На гэтыя і іншыя пытанні адказаў першы намеснік начальніка Вілейскага РАУС, начальнік крымінальнай міліцыі, падпалкоўнік Аляксандр Лыско.

Аднак спачатку крыху статыстыкі. За сем месяцаў гэтага года са 197 злачынстваў раскрылі 119. Раскрываемасць, як тут кажуць, склала крыху больш за 60 %. Летась было 57,4 %.

11 злачынстваў аднеслі да цяжкіх і асабліва цяжкіх. З іх не раскрылі адно.

Крадзяжы – асноўная бяда

Усе забойствы, згвалтаванні, злачынствы, у выніку якіх памірае чалавек, тут раскрылі.

І ўвогуле, па словах Аляксандра Лыско, які працуе ў Вілейцы ад 2005 года, за ўвесь гэты час нераскрытых злачынстваў супраць асобы няма.

Доўгі час “вісела” згвалтаванне жыхаркі Вілейшчыны. Аднак праз тры гады яго раскрылі, затрымалі вінаватага, які з’язджаў у іншую краіну .

– Асноўная наша бяда – крадзяжы, – кажа начальнік крымінальнай міліцыі.

За сем месяцаў бягучага года іх здзейснілі 131 – больш за 60 % ад усіх злачынстваў. Па словах Аляксандра Мікалаевіча, калі крадуць з жытла, то амаль 70 % крадзяжоў злачынцы здзяйсняюць, свабодна трапіўшы ў кватэру, дом або лецішча.

Ля вілейскай міліцыі. Фота Аксаны Ярашонак.

Ля вілейскай міліцыі. Фота Аксаны Ярашонак.

Якія рэчы ў топе крадзяжоў? Ровары, мабільныя тэлефоны, розная сельскагаспадарчая тэхніка. Напрыклад, гаспадар, скасіўшы траву, кідае дарагі трымер у незачыненым хляве. А пасля не знаходзіць яго.

Набыць замок для хлява і для ровара

– Здзіўляе, што часам людзі зусім не клапоцяцца пра дарагую маёмасць, кідаюць рэчы абы-дзе. А як заўважаць, што знікла, адразу бягуць да нас пісаць заяву, – кажа Аляксандр Лыско.

На яго думку, лепш аддаць невялікія грошы за добры замок, чым пазбавіцца патрэбных рэчаў, якія каштуюць куды даражэй.

Варта паклапаціцца і пра замок для ровара. Напрыклад, у пачатку тыдня жанчына з вёскі Асавец паехала ў грыбы. У лесе ровар паставіла ля дрэва, не замкнуўшы. А сама адышла кіламетры на два. Калі вярнулася з грыбамі, рэч сваю не знайшла.

– Хутчэй за ўсё, ровар мы знойдзем, – мяркуе Аляксандр Мікалаевіч. – Недзе ў той мясцовасці ён “усплыве”. Не з Мінску ж яго красці прыязджалі. Аднак, калі б гаспадыня замкнула ровар, яго б не скралі.

А ў Даўгінава таксама здарыўся кур’ёзны выпадак. Мясцовая жыхарка прыехала ў вясковы магазін, набыла там бутэльку віна. Пайшла да знаёмых, дзе піла тры дні. І толькі праз гэты час успомніла, што ровар ля магазіна пакінула.

Чалавека, які прынёс тэлефон, разглядаем як патэнцыйнага злачынцу

Асаблівая тэма і галаўны боль для супрацоўнікаў вілейскай міліцыі – мабільныя тэлефоны. Некаторыя гаспадары самі губляюць іх недзе, а потым пішуць заяву, што тэлефон скралі.

Неяк малады чалавек паведаміў пра крадзеж тэлефона ў адным з вілейскіх бараў. Супрацоўнікі міліцыі прыехалі ў той бар. На відэа з камер назірання ўбачылі, што хлопец быў вельмі п’яны. Пасля высветлілі, што ў такім стане ён не памятаў, дзе ў той вечар кінуў мабільнік.

– Мы просім людзей, якія пішуць заявы пра крадзеж тэлефона, пісаць праўду, – звяртае ўвагу начальнік крымінальнай міліцыі. –  І калі чалавек сам не памятае, дзе кінуў тэлефон, не варта прыдумляць крадзеж.

А то пасля можа здарыцца, што сумленны грамадзянін прынясе знойдзены тэлефон у міліцыю, а яго пры ўстанаўленні асобы злачынцы будуць разглядаць як патэнцыйнага злодзея, які прысабечыў чужую рэч.

Калі ж з чужога мабільнага тэлефона будуць тэлефанаваць па сваіх справах на розныя іншыя нумары (а гэты ўбачаць па раздрукоўцы), чалавек, які выкарастоўваў чужы мабільнік для сваіх патрэб, заплаціць штраф.

Галоўны аператыўны дзяжурны Уладзімір Качан першым сустракае ўсіх, хто заходзіць у РАУС.

Галоўны аператыўны дзяжурны Уладзімір Качан першым сустракае ўсіх, хто заходзіць у РАУС.

І за гэта, згодна з артыкулам 10.6 адміністрацыйнага кодэксу, сумленны чалавек павінны будзе заплаціць штраф да 150 рублёў.

Як жа паводзіць сябе таму, хто знайшоў чужы мабільнік? Калі знаходка трапілася ў адміністрацыйным будынку, лепш адддаць камусьці з адміністратараў. Можна аднесці кіраўніку гаспадаркі, у сельсавет. Можна – у міліцыю, дзе ведаюць, што рабіць са згубленымі рэчамі.

Такі небяспечны мак

Са з’яўленнем інтэрнэта стала лягчэй працаваць распаўсюджвальнікам наркотыкаў. Спісваючыся ў ан-лайне з пакупнікамі, за пералічаныя грошы яны называюць адрас, дзе закладзена небяспечнае рэчыва. Прадаўцу і пакупніку нават не трэба сустракацца. Супрацоўнікі міліцыі манітораць інтэрнэт і адшукваюць такіх прадаўцоў.

Зараз па краіне праводзяць аперацыю “Мак”, каб па максімуму канфіскаваць небяспечную расліну. З пачатку года склалі 12 пратаколаў.

– Любому чалавеку, на дварэ якого спецыяльна  вырошчваецца мак, пагражае адміністрацыйная адказнасць, – расказаў Аляксандр Лыско.

Штраф за вырошчванне мака, паводле адміністрацыйнага кодэксу, складае каля 460 рублёў. Калі ж міліцыі стане вядома, што мак вырошчваюць для таго, каб прадаць ці памяняць, адказнасць будзе ўжо крымінальнай.

– А як жа булачкі з макам? – не магла не запытацца я.

– А на булачкі хай купляюць мак у магазіне, – адказаў Аляксандр Лыско.

У Вілейцы.

У Вілейцы.

Аднак,  калі куст мака расце ў бур’яне на дварэ ў бабулі, і  бачна, што яго не вырошчваюць і не даглядаюць спецыяльна, канешне ж, штрафу не дадуць. Абмяжуюцца гутаркай.

Жнівень – час уборачнай, верасень – час махляроў

Жнівень – час, калі міліцыя асабліва сочыць за тым, як адбываецца ўборачная. На Вілейшчыне за апошні месяц лета зарэгістравалі пяць дробных крадзяжоў.

Крадуць збожжа і бульбу з калгасных палёў. Штрафы за такія злачынствы не маленькія. Таму, звяртае ўвагу Аляксандр Мікалаевіч, лепш набыць мяшок бульбы за невялікія грошы, чым плаціць больш у некалькі разоў.

Калі жнівень – час ураджаю, то ад верасня – пачынаецца час махляроў, якія ходзяць па вясковых хатах, просяць вады, прапануюць набыць пледы, пытаюцца, ці можна купіць бульбы.

Насамрэч усё гэта робіцца з мэтай адцягнуць увагу гаспадара. У той час пакуль адзін гутарыць, другі выносіць з дому грошы і каштоўныя рэчы. А старыя людзі, па назіраннях Аляксандра Лыско, грошы хаваюць у адных і тых жа месцах.

Міліцыі варта паспяваць за злачынцамі

На сённяшні дзень, па словах начальніка крымінальнай міліцыі, калектыў вілейскага крымінальнага вышуку малады. Сёлета пяць чалавек прыйшло адразу пасля ВНУ. Своеасаблівы “касцяк” – тыя, хто  працуе не першы год – Уладзімір Мароз, Дзмітры Антановіч, Кацярына Курэц, Віталь Паслед.

– Як змянілася сённяшняя міліцыя ў параўнанні з міліцыяй дваццацігадовай даўніны? – пытаюся ў свайго субяседніка.

– Канешне, міліцыя стала больш мабільнай, забяспечанай сучаснымі тэхналогіямі, – распавёў Аляксандр Лыско. – Раней, каб даведацца звесткі пра чалавека, трэба было запыт у Мінск дасылаць, а цяпер усё пад рукой.

Аднак і злачынцы становяцца больш адукаванымі, мабільнымі, вынаходлівымі. А міліцыі нельга адставаць, перакананы Аляксандр Лыско.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце