Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -1° Маладзечна
Вілейка -1° Вілейка
Смаргонь Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын Валожын
Мядзел Мядзел
Астравец Астравец
Грамадства
7.09.2017 11:13 ,AЎТАР(Ы): Наталля ТУР

Сям’ю з трыма дзецьмі хочуць выселіць з дома ў Хажове

Валер і Вольга Бягляк з дзецьмі на парозе пакуль яшчэ свайго дома

Валер і Вольга Бягляк з дзецьмі на парозе пакуль яшчэ свайго дома. Фота Наталлі ТУР.

У аўторак, 22 жніўся, адбыўся суд, які вынес пастанову сям’і Беглякоў выселіцца з дома, у які яны засяліліся тады, калі гаспадар дома Валер Бягляк, працаваў у мясцовым СВК.

Сям’я Бягляк – гэта маці Вольга, бацька – Валер і дзеці Ірына, Жэня і Сяргей.  Старэйшая Ірына сёлета перайшла ў сёмы клас.

Але так можа здарыцца, што букет настаўніцы яна будзе рваць ужо не ў сваім двары.

Сям’я Беглякоў прыехала ў Хажова гады тры таму.

– Мы жылі ў Віцебскай вобласці, – расказвае Вольга. – Там і заробкі былі ніжэйшыя, і да школы дзецям дабірацца было далёка. Таму галава сям’і прыняў рашэнне пераязджаць у Хажова.

– Я высветліў, што у СВК патрабуецца трактарыст, спытаўся пра жыллё і заробак. Усё задаволіла. Таму мы сабралі сумкі і прыехалі сюды, на Маладзечаншчыну.

Пад нагамі ў кухні круціцца чорна-белы кот.

– Ён таксама з Віцебшчыны прыехаў, малодшы сын Жэнька яго, яшчэ кацянём, пасадзіў у сумку і нікому не сказаў. Толькі ў цягніку мы пачулі: “Мяу-мяу”, адкрылі сумку – сядзіць.

Праца ў СВК Валеру падабалася, але з кіраўніцтвам СВК узніклі непаразуменні.

– Мне трэба сям’ю было карміць, я прасіў павысіць заробак. Але дырэктар СВК насустрач не пайшоў. Тады я ўспыліў, з гарачкі напісаў заяву аб звальненні, а дырэктар яе падпісаў. Але я ж не думаў, што дойдзе да таго, што ён скажа пакінуць дом.

Валер без працы не быў ні аднаго дня, адразу ўладкаваўся трактарыстам у Маладзечанскае райспажыўтаварыства. На пытанне, ці ёсць магчымасць у райспажыўтаварыства прадаставіць жыллё, Валер адказвае:

– Нават калі і ёсць у райспажыўтаварыства інтэрнат, я не ўяўляю, як змагу жыць у горадзе. Я нарадзіўся ў вёсцы і 46 гадоў жыву ў ёй. Да таго ж, у школу ходзяць дзеці, пасля ўрокаў бегаюць у мясцовую мастацкую школу.

 Выйсце Валер з сітуацыі бачыць наступнае. Калі б яго пагадзіліся ўзяць у гаспадарку на працу ізноў, ён бы не раздумваў і пагадзіўся.

Або сям’я згодная плаціць грошы за жыллё, абы ім пакінулі іх ужо абжыты дом.

На пытанне, ці разглядаецца варыянт, каб пераехаць у іншую вёску, Валер адказвае:

– Я працую адзін, Вольга па стане свайго здароўя пакуль працаваць не можа ды і за Сярожам трэба даглядаць. Ці захоча хто ў гаспадарку браць аднаго работніка?

Дзеці з інваліднасцю – гэта не аргумент, каб пакінуць жыллё сям’і

Юрыст Алеся Кананчук пракаментавала сітуацыю сям’і Бягляк:

– Завочна гаварыць цяжка. Але пры ўсім пры тым, што суд прыняў рашэнне на высяленне, трэба паглядзець дакументы, рашэнне суда.

 І пры ўсёй відавочнасці сітуацыі, ёсць абставіны, калі суд можа адмяніць сваё рашэнне.

Але тое, што сям’я шматдзетная і ў ёй выхоўваецца дзіця-інвалід – гэта не будзе асноўнай прычынай, па якой могуць службовае жыллё пакінуць у карыстанне.

Калі ж сям’ю Беглякоў выселяць з дома, яны акажуцца ў крытычнай сітуацыі, бо на Маладзечаншчыне ні ў Валера, ні ў Вольга сваякоў няма. Ісці ім няма куды.

Андрэй Марозаў, дырэктар Хажоўскай школы, у якой вучацца дзеці Валера і Вольгі расказаў, што на гэтым тыдні праходзіла паседжанне камісіі па пытанні гэтай сям’і.

– На яе мы запрасілі кіраўніцтва СВК,  – кажа Андрэй Марозаў, – і яны нас запэўнілі, што сям’ю на вуліцу ніхто не выставіць.

 Дом сям’я Беглякоў будзе займаць роўна столькі часу, колькі ім спатрэбіцца для таго, каб знайсці сабе іншае жыллё.

Пакуль кіраўнік СВК “Хажова” Уладзімір Гнілазуб знаходзіўся ў адпачынку, пра сітуацыю мы запыталіся ў галоўнага інжынера Аляксандра Карнея.

– Каб жа ўсё было так проста. Былі нюансы з дысцыплінай трактарыста Валера Бегляка. І, калі ўзяць яго паўторна на працу, думаю, кіраўніцтва не пагодзіцца. Бо, калі раптам што здарыцца, не хочацца за памылкі трактарыста адказваць сваёй галавой. А пакінуць сям’і дом? Ведаеце, тады ўсе так захочуць. Мець дом у вёсцы, а працаваць у горадзе. А дзе жыць тым, хто прыедзе на працу да нас і будзе гатовы працаваць усёй сям’ёй у СВК?

Кіраўніцтва СВК “Хажова”: “Калі атрымаем рашэнне суда, тут жа выселім сям’ю”

Сустрэчу з карэспандэнтам “Рэгіянальнай газеты” ініцыяваў Ула­дзімір Гнілазуб, як толькі той выйшаў з адпачынку:

– Мы прачыталі ваш матэрыял, і нам стала так крыўдна, што вы нас выстаўляеце нейкімі нелюдзямі. Маўляў, дзяцей не шкадуем. Але ж колькі раз мы даравалі Валеру прагулы і тое, што ён прыходзіў на працу ў нецвярозым стане. Мы гатовыя сустрэцца і ўсё патлумачыць вам на пальцах.

У СВК нас чакала інспектар па кадрах Галіна Жахавец са стосам дакументаў і з нумарам газеты, дзе на палях былі пазнакі, пытальнікі і клічнікі.

– Не, ну гэта проста дзіва. Пасля таго, што мы зрабілі для гэтай сям’і, у іх хапіла нахабства яшчэ скардзіцца. Валер вам расказвае, што прасіў павысіць заробак, таму і пасварыўся з нашым Уладзімірам Паўлавічам, але гэта не так.

Галіна Іванаўна расказала, што сям’я Беглякоў прыехала ў Хажова тры гады таму.

– Муж і жонка ўладкаваліся на працу ў СВК. Яна – даяркай. Ён – трактарыстам. Нічога не хачу сказаць, працавалі добра, пакуль раззнаёміліся з мясцовымі. Вольга папрацавала ў нас год і два месяцы, Валер – два гады і тры месяцы. А потым пачалося.

Галіна Іванаўна дастае папку з актамі, характарыстыкамі, загадамі, дакладнымі.

У іх зафіксаваныя ўсе парушэнні з боку Вольгі і Валера.

– Вольга на ранішнюю дойку неяк прыйшла з пахам алкаголю. Праверылі на алкатэстары, ён паказаў 2,5 праміле алкаголю. І гэта ў 4:30 раніцы!

А калі ўладкоўвалася да нас, гаварыла, што трапіла ў рай, бо ў нас дой­ка два разы на дзень: раніцай і вечарам. А ўвесь астатні час вольны. Рабі, што хочаш. Вось яна і рабіла, што хацела. Звольнілі па артыкуле. Потым Вольга аформіла дапамогу па доглядзе за дзіцем-інвалідам. І на працу больш не ўладкоўвалася.

Наверх на Вользіны дакументы Галіна Іванаўна працягвае класці дакументы Валера.

– Вось усе дакладныя на яго тут. Калі з’явіўся на працу ў нецвярозым стане, як абражаў калег. І зноў наш Уладзімір Паўлавіч пайшоў яму насустрач. Перавёў у жывёлагадоўцы.

У маі Валер без прычыны не прыйшоў на працу. Яму прапанавалі звольніцца.

– Ён пасля прыходзіў да нас, каяўся, казаў, што яму сорамна. Мы гаварылі, ідзі прасіся да дырэктара, можа, пакіне на працы. Не пай­шоў. А дырэктар усё адно яго звольніў па ўласным жаданні, не па артыкуле. Казаў: “Ну што мы будзем чалавеку лёс ламаць, хай працуе, уладкоўваецца, у яго ж дзеці”.

У СВК расказваюць, што пасля таго, як Валер звольніўся і ішла судовая справа, у гаспадарцы яшчэ месяц была вакансія трактарыста.

– Напэўна, Валер думаў, што суд вынесе прысуд на яго карысць, – разважае Галіна Іванаўна, – таму і не спяшаўся вяртацца. А калі прыйшоў прасіцца назад, мы ўжо ўзялі чалавека. Позна.

Што будзе з сям’ёй, калі рашэнне суда ўступіць у сілу, у СВК адказваюць катэгарычна:

– Будзем высяляць разам з судовымі выканаўцамі ці, калі спатрэбіцца, з міліцыяй.

У нас вакансіі агранома і інжынера па ахове працы не закрытыя. Як толькі пры­едуць працаваць сюды людзі, нам трэба даць ім жыллё. Што будзе з сям’ёй Беглякоў? Гэта ўжо не нашы праблемы. Хай наймаюць жыллё, пра дзяцей хай турбуюцца ў школе. Мы дапамагалі, колькі маглі.

Як жа памірыць закон і сумленне пакуль адказу няма.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце