Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +10° Маладзечна
Вілейка +10° Вілейка
Смаргонь +10° Смаргонь
Ашмяны +10° Ашмяны
Валожын +10° Валожын
Мядзел +9° Мядзел
Астравец +10° Астравец
Грамадства
12.09.2017 13:31 ,AЎТАР(Ы): Наталля ТУР

Хочаце багаты ўраджай бульбы – раз на тры гады мяняйце насенне

Сямён Кацуба ведае толк у бульбе

Сямён Кацуба ведае толк у бульбе. Фота Наталлі Тур.

Калі гаворка ідзе пра бульбу, чамусьці ўспамінаецца Тося з фільма “Дзяўчаты”, якая казала, што бульба – гэта вам не проста так.

Дырэктар Маладзечанскай гатункавыпрабавальнай станцыі Сямён Кацуба, той, што месціцца ў Маркаве, у прынцыпе, з Тосяй быў салідарны і расказаў, што бульба – гэта не толькі сельскагаспадарчая культура, а цэлы космас. І трэба ведаць не толькі, калі яе паса­дзіць, як захаваць на зіму, але і з якога гатунку лепш прыгатаваць пюрэ, а якую пакінуць на чыпсы.

“Брыз”, “Маніфест” і “Скарб” – з гэтымі гатункамі зімой без бульбы не застаняцеся

Каму ж яшчэ давяраць у пытанні вырошвання бульбы, як ні чалавеку, які штогод выпрабоўвае да 50 гатункаў бульбы?

Сямён Мікалаевіч расказаў, што на амаль 30 гектарах выпрабаванні праходзяць гатункі беларускай, нямецкай, галандскай і іншых селекцый.

– Цягам трох год мы выяўляем лепшыя гатункі па ўраджайнасці, устойлівасці бульбы да захворванняў і па мэтавым яе выкарыстанні.

Мэтавае выкарыстанне бульбы – гэта такая разумная назва таго, за што мы, уласна, і любім бульбачку на вячэру: ці разварыстая яна, ці ва­дзяністая, ці будзе ў яе смачная падрумяненая скарыначка.

Сямён Мікалаевіч расказаў, што разварыстасць бульбы залежыць ад таго, ці шмат у ёй крухмалу. Чым яго больш – тым больш бульба разварваецца.

– Але гэта не значыць, што такая бульба будзе самая лепшая. Гаспадыні выбіраюць такую бульбу, бо з яе атрымоўваецца мяккае пюрэ. А калі трэба бульбу ў салату? Хочацца ж бачыць, што там кавалачкі бульбачкі, праўда?

Ёсць гатункі, у якіх высокае ўтрыманне рэдуцыраваных цукроў. Страшнае слова, праўда? А значыць яно тое, што чым больш у бульбе тых цукроў, тым у ёй скарыначка хутчэй запякаецца.

– Дык вось бульба з высокім утрыманнем цукроў на чыпсы ці фры не пойдзе, бо ў гэтых прадуктах бульбачка павінна быць залацістая.

Сямён Мікалаевіч абараняе гатункі беларускай селекцыі:

– Яны нічым не горшыя за галандскія. І да розных шкоднікаў больш устойлівыя. Раю пакаштаваць гатункі “Брыз” і “Маніфест”. Яны ранняспелыя. Бульба гэтых гатункаў не разварваецца, але па ўраджайнасці яны найлепшыя.

Толькі 7-10% бульбы прахо­дзяць выпрабаванне селекцыянерамі.

Астатнія адбракоўваюцца, бо ці няўстойлівыя да захворванняў, ці непрыдатныя для захоў­вання.

– “Брыз” і “Маніфест”  можна купіць у нас. Цяпер цана за кілаграм  меней за 30 капеек. І з наступнага тыдня яна пачне падаць. Вясной жа бульбу амаль 40 гатункаў можна купіць у нас на насенне. 

Вырашчаную бульбу ў Маркаве амаль усю распрадаюць.

– Нашу бульбу ядуць у санаторыях, дзіцячых садках, вайсковых часцях. Ёй жа забяспечваем амаль усё Маркава і бліжэйшыя вёскі.

Гатункавыпрабавальная станцыя займаецца не толькі бульбай. Тут вырошчваюць і ацэньваюць гатункі агуркоў, памідораў, перцаў, пятрушкі, капусты, цыбулі.

Але пра гэта іншым разам, таму што, мяркуем, вам цікава будзе даведацца, як трэба прафесійна вырошчваць бульбу, каб яна радавала сваім ураджаем.

Бульбу садзім толькі ў перапрэлы гной

Тое, што ў традыцыі беларусаў садзіць бульбу на майскія святы, вядома ўсім.

Але Сямён Мікалаевіч запэўнівае, што бульбу трэба садзіць у глебу, якая прагрэлася на 10 градусаў.

Але проста пакідаць бульбу у зямлю і чакаць добрага ўраджаю – гэта фантастыка.

Спецыялісты раяць перад тым, як пасадзіць бульбу ў зямлю, пратравіць яе інсектыцыдамі і фунгіцыдамі.

Такая работа перад пасадкай пазбавіць вас ад неабходнасці змагацца са шкоднікамі падчас вегетацыі.

– Гаспадары ведаюць, што рабіць з бульбай, пакуль яна расце, калі яе абганяць і калі збіраць. Адзінае, што, магчыма, камусьці будзе ў навінку, магу параіць, калі бульбоўнік пачы­нае сохнуць, апрацаваць яго “Рэглонам”. Бульбоўнік пасохне, расліна не будзе на яго траціць сілы, а клубні будуць яшчэ расці.

Сямён Мікалаевіч адкрыў яшчэ адну таямніцу.

Памеры бульбы не залежаць ні ад гатунку, ні ад угнаенняў, а толькі ад таго, наколькі рэдка або густа яна пасаджаная.

– Ранняспелыя гатункі можна садзіць гусцей, познія – радзей. І чым радзей пасаджаная бульба, тым большыя клубні вырастуць.

Яшчэ адна парада ад спецыялістаў тычыцца таго, як захаваць бульбу на ўсю зіму.

– Бульба, выкапаная з зямлі, павінна астыць. Нельга яе адразу адпраўляць на захоўванне. Трэба, каб пару дзён паляжала на сонцы, высахла. І тады, калі яе захоўваць пры тэмпературы ад 1 да 5 градусаў, яна спакойна праляжыць да 200 дзён.

А вось каб быў стабільна высокі ўраджай, трэба раз на тры гады мяняць насенне вашай бульбы.

– У бульбе назапашваюцца розныя вірусы, тля. Яны і прыводзяць да таго, што бульба хварэе і дае нізкі ўраджай. Абнаўляйце гатункі. І ўсё будзе добра.

Дзякуючы нам, участковыя выконваюць план па штрафах

– А ў нас ёсць аддзел, які дэгустуе бульбу. Бульба дэгустуецца без солі і без селядца. Мае супрацоўнікі  бульбу розных гатункаў адварваюць роўна 30 хвілін і садзяцца яе каштаваць . Механізм такі: кожнаму гатунку бульбы надаецца нумар. І далей па спісе ацэньваецца, якога яна колеру, як разварваецца, наколькі глыбокія ў бульбы вочкі, колькі ў ёй крухмалу і гэтак далей. Кожную бульбіну эксперт запівае глытком моцнага несалодкага чаю.

Ёсць на гатункавыпрабавальнай станцыі і лабараторыя, якая можа вызначыць гатунак бульбы па яе ДНК.

– Мы дапамагаем выяўляць нядобрасумленных пастаўшчыкоў, якія завозяць хворую бульбу.

А палямі, дзе расце бульба і гародніна, можна любавацца бясконца. Мора капусты, бульбы, цыбулі! Але ў галаву лезе думка:

– Ці не крадуць вашу гародніну?

– А як жа! Амаль кожны дзень ловім зла­дзеяў. Участковыя, праўда, задаволеныя. Яны, дзякуючы нам, у перадавіках у працы. На палях кругласутачна дзяжурыць вартаўнік. Але мы часта даруем. Зловім злодзея, пагутарым з ім, што нельга так, і адпускаем. Але калі крадуць мяхамі, то тут, выбачайце, адда­дзім міліцыянерам!

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце