Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +16° Маладзечна
Вілейка +16° Вілейка
Смаргонь +17° Смаргонь
Ашмяны +17° Ашмяны
Валожын +17° Валожын
Мядзел +16° Мядзел
Астравец +17° Астравец
Грамадства
11.09.2017 10:49 ,AЎТАР(Ы): Галіна СУДНІКОВІЧ

“Проста не веру, што ў Беларусі могуць жыць нешчаслівыя людзі”. Сябры перабраліся з Варонежа ў Маладзечна, каб адкрыць бізнес

Аляксандра ў навукова-забаўляльным цэнтры, які яна з сябрам адкрыла ў Маладзечне

Аляксандра ў навукова-забаўляльным цэнтры, які яна з сябрам адкрыла ў Маладзечне. Фота Наталлі Тур.

Напэўна, адна з рысаў беларусаў наракаць на жыццё ў сваёй краіне і не без долі зайздрасці глядзець на іншыя: “А вось там жа людзі жывуць, а ў нас…”

Нам удалося пагаварыць з Аляксандрай Савельевай, якая на працягу двух гадоў ездзіць з Варонежа ў Маладзечна, аднак плануе застацца тут назаўсёды.

– Маладзечна падабаецца сваім спакоем, мернасцю, – дзеліцца варонежка. – Тут нават калі працуеш, не адчуваеш нейкай напружанасці, усё робіш у задавальненне і з энтузіязмам. У Варонежы, наадварот, усё настолькі імкліва, што не паспяваеш сканцэнтравацца. Ад хуткага тэмпу пад канец тыдня адчуваеш сябе, як выціснуты лімон.

У Беларусі адкрыць бізнес прасцей, чым у Расіі

Дзяўчына працавала гідам-экскурсаводам, работа падабалася, аднак марыла працаваць з дзецьмі. Тады і ўзнікла ідэя стварыць навукова-забаўляльны цэнтр для дзяцей і бацькоў.

Фота Наталлі Тур.

Фота Наталлі Тур.

Фота Наталлі Тур.

Фота Наталлі Тур.

Фота Наталлі Тур.

Фота Наталлі Тур.

– У Варонежы такімі паслугамі перанасычаны рынак, – тлумачыць Аляксандра. – Таму вырашылі паспрабаваць у Маладзечне. Праездам я часта была тут, горад спадабаўся: малады, перспектыўны. У бізнесе такія гарады называюць рэсурснымі. Гэта значыць, што побач шмат невялікіх населеных пунктаў, у якіх няма разнастайнасці ў паслугах. Таму людзі прыязджаюць у вялікія гарады, каб затарыцца прадуктамі, весела правесці час, адпачыць. Параілася з будучым кампаньёнам і сябрам Яўгенам Сакардзіным, разам узважылі ўсе “за” і “супраць” і вырашылі – а чаму б тут і не адкрыць сваю справу.

Пра тое, ці цяжка весці бізнес у Беларусі, сябры нават і не задумваліся – загарэліся ідэяй і пачалі дзейнічаць.

На сваім досведзе Аляксандра і Яўген адчулі, што значна прасцей, чым у Расіі. Напрыклад, афармленне дакументаў заняло літаральна тыдзень. А работнікі арганізацый заўсёды тлумачылі, як гэта зрабіць правільна.

Здзіўлялася, што на вуліцах ёсць дзеці

– Уражвае, што беларусы вельмі спагадлівыя і добразычлівыя, – дзеліцца адчуваннямі дзяўчына. – Куды б ты ні прыйшоў, табе дапамогуць, выслухаюць, параяць. У Расіі складваецца адчуванне, што, акрамя грошай, людзей нічога не цікавіць, ад гэтага яны сталі больш злымі. У Беларусі, наадварот, на вуліцах шмат людзей, якія ўсміхаюцца, ад гэтага і ў самой настрой ідзе ўгору. Таму я проста не веру, што тут могуць жыць нешчаслівыя людзі. Няшчасныя так не ўсміхаюцца.

Першы час у Маладзечне дзяўчыну вельмі здзіўляла, што на вуліцах шмат дзяцей. У Варонежы дзяцей проста не выпускаюць адных на вуліцу, толькі пад наглядам дарослых.

Беларускае ў Расіі разбіраюць так хутка, што не паспяваюць раскладаць

Хаця Аляксандра і жыве два гады ў Мала­дзечне, аднак і да гэтага часу не можа ад’есціся беларускімі кілбасамі і малочнымі прадуктамі.

– У вас прадукты натуральныя, ад гэтага і смачныя, – дзеліцца варонежка. – Напрыклад, у Расіі ўсе ведаюць, што “Доктарскую” лепш не набываць, настолькі многа харчовых дадаткаў, што хімію можна вучыць. Беларуская вараная кілбаса іншая на смак, ясі – і есці хочацца.

У прыклад сваіх слоў яна ўзгадвае той факт, што ў Варонежы штотыдзень праходзіць кірмаш, на якім прадаюць беларускія тавары: трыкатажныя вырабы, малочныя прадукты, цукеркі і іншае. Прадукты разбіраюць настолькі хутка, што прадаўцы не паспяваюць раскладаць.

Адчуванне, што ў буслоў ёсць спецыяльныя датчыкі

Фота sueveriya.ru.

Фота sueveriya.ru.

Толькі калі Аляксандра пажыла ў Беларусі, зразумела, чаму краіну называюць зямлёй пад белымі крыламі.

– З якога б боку ні ехала, заўсёды пазнаю, што ўжо ў Беларусі, – усміхаецца Аляксандра. – Як толькі перасякаеш мяжу, з’яўляецца безліч буслоў. Пры гэтым складваецца адчуванне, што ў птушак своеасаблівы датчык, які пад­казвае не ляцець за межы Беларусі.

За два гады Аляксандра настолькі палюбіла краіну, што і не думае, каб вяртацца на радзіму. Наадварот, у планах набыць жыллё ў Мала­дзечне і далей развіваць бізнес.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце