Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -2° Маладзечна
Вілейка -2° Вілейка
Смаргонь -2° Смаргонь
Ашмяны -3° Ашмяны
Валожын -2° Валожын
Мядзел -2° Мядзел
Астравец -2° Астравец
Культура
16.09.2017 08:26 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

Трэба "вырубіць" Лёшу Кудзіна: маладзечанка расказала пра здымкі свайго кліпа

Кіра Трыш. Эпізод з кліпа. Фота youtube.com

Кіра Трыш. Эпізод з кліпа. Фота youtube.com.

Памятаеце той сёлетні майскі дзень, калі раптоўна выпаў снег? У гэты дзень маладзечанская паэтка і спявачка Таццяна Атрошанка завяршыла працу над сваім першым кліпам, які цяпер можна пабачыць на беларускіх музычных каналах.

Увогуле праца над кліпам на песню “Калі б проста”, па словах Таццяны, была зусім няпростай. Працаваць пачалі зімой. 

– Здымкі доўжыліся тры дні і адну ноч, – смяецца Таццяна. – Прыгадваюцца асацыяцыі з “Тысячай і адной ноччу Шахеразады”. 

Па словах спявачкі, было зусім няпроста падабраць месца для здымак на прыродзе, бо якраз пачаліся моцныя маразы.  

Нешта перашкодзіла ў вызначаны дзень зняць кадры на баксёрскім рынгу. Тады здымкі перанеслі на ноч, якая выпадкова супала з  Вадохрышчам. 

Як Таццяна Атрошанка стала Кірай Трыш 

Займацца песеннай творчасцю Таццяна пачала некалькі год таму. У 2013 годзе выйшаў яе дэбютны альбом “Унутры вялізнага горада”, куды ўвайшло 11 музычных кампазіцый. На аснове гэтага матэрыялу Таццяна падрыхтавала і правяла  канцэрты ў некалькіх гарадах Беларусі. 

Адзін з рамантычных сюжэтаў. Фота youtube.com.

Адзін з рамантычных сюжэтаў. Фота youtube.com.

У Таццяны цяпер не толькі новы кліп, а і новы творчы псеўданім – Кіра Трыш. Спявачка пакінула частку свайго сапраўднага прозвішча, сугучную з імем трыадзінага паганскага боства. У выніку атрымалася “Трыш”. 

А імя Кіра – нішто іншае, як вяртанне да каранёў.  

– Калі я нарадзілася, імя Кіра было асноўным сярод тых, якім мяне хацелі назваць бацькі, – распавяла Таццяна. – А потым неяк вырашылі памяняць сваё рашэнне. 

На думку Таццяны, першыя эмоцыі –  заўсёды самыя правільныя. Таму і вырашыла ў сваім сцэнічным псеўданіме вярнуцца да Кіры. 

Аднак паэткай мая субяседніца засталася па-ранейшаму Таццянай Атрошанкай. Здымкі кліпа ніяк не перашкодзілі паэтычнаму натхненню, і вершы пісаліся паралельна з працай на здымачнай пляцоўцы.  

Калі прырода часам “падкідала” розныя праблемы ў выглядзе  маразоў і снегу ў маі, то праблем з людзьмі падчас здымак не было, прыгадвае мая субяседніца.

Узаемаразуменне было і з тымі, хто ў кадры, і з тымі, хто за кадрам: і з выканаўцам адной з галоўных роляў Вадзімам Івановым, і з маладым беларускім кліпмейкерам Палінай Ждановіч, і прадзюсарам Сяргеем Ждановічам

Патрабуецца "вырубіць" Лёшу Кудзіна 

Асаблівая тэма – акцёры. З беларускім спартсменам, баксёрам Аляксеем Кудзіным, які сыграў адну з мужчынскіх роляў у кліпе, Таццяна добра знаёмая. 

– Неяк падчас аднаго сумеснага свята на ўзроўні жартаў я загаварыла з Аляксеем пра здымкі кліпа, – прыгадвае Таццяна. 

Аляксей не адмовіўся. Але баксёр у кліпе – гэта, як ружжо, што павінна выстраліць, перакананая Таццяна. Калі ёсць баксёр – павінна быць бойка. І мы  знайшлі яму партнёра – спартсмена Дзмітрыя Валента.  

– Калі  прапанавалі Дзмітрыю зняцца ў кліпе, ён спытаў “што ад мяне патрабуецца?”, – прыгадвае Таццяна. 

“Вырубіць Лёшу Кудзіна” – адказалі яму. Дзмітры пагадзіўся. Гэта пры тым, што абодва спартсмена з’яўляюцца шматразовымі чэмпіёнамі свету. 

 

Бойка была самая сапраўдная. Падчас здымак удзельнікі нават некалькі разоў ад неспадзеўкі ўскрыквалі.

Галоўным героем кліпа стаў... пярсцёнак 

Для спартсменаў, чэмпіёнаў свету здымкі – справа звычайная, кажа Таццяна. Гэта публічныя асобы. Як толькі яны чулі “камера працуе”, адразу ўваходзілі ў ролю. Тым больш, для Аляксея здымкі ў кліпе Таццяны – не першы акцёрскі досвед. 

Аляксей Кудзін на сапраўдных спаборніцтвах. Фота photoparallax.livejournal.

Аляксей Кудзін на сапраўдных спаборніцтвах. Фота photoparallax.livejournal.

– Хоць, па сутнасці, сюжэт у кліпе трагічны – два лепшыя сябры закахаліся ў адну жанчыну, аднак здымкі кліпа адбываліся ў гумарыстычным рэчышчы, – дзеліцца Таццяна. – У самых сур’ёзных месцах нам раптам хацелася смяяцца. Нават кадры з сур’ёзнымі тварамі часам нялёгка было выбраць. 

Хто галоўны герой кліпа? Як кажа Таццяна, гэта не Дзмітры, не Аляксей, не Вадзім, і нават не яна сама. Такім героем становіцца пярсцёнак, што з’яўляецца на працягу кліпа.

– Ён – як матэрыяльнае сведчанне кахання, аднойчы надзеты на безыменны палец, рашуча іграе сваю ролю, – кажа Таццяна. І нават калі здаецца, што ўсё ўжо зразумела, і шляху назад няма, ён зноў з’яўляецца ў кадры… На яго паступова нанізваюцца сюжэты гісторыі кахання.

Такі рэквізіт, вакол якога круціцца сюжэт. 

Даведка “РГ” 

Таццяна Атрошанка – беларуская паэтка, аўтар-выканаўца. Лаўрэат прэміі “Залаты Купідон” у намінацыі “Песенны жанр”. Песні гучалі на “Славянскім базары”, “Дні беларускага пісьменства”, “Нацыянальным фестывалі песні і паэзіі ”, “Дзіцячым Еўрабачанні”, “Песні года Беларусі”. Аўтар зборніка паэзіі “Не я”. Вершы друкаваліся ў шматлікіх перыядычных выданнях.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце