Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна Маладзечна
Вілейка Вілейка
Смаргонь Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын Валожын
Мядзел Мядзел
Астравец Астравец
Грамадства
1 Астравец
14.09.2017 15:51 ,AЎТАР(Ы): Паводле tut.by

Што такое "дранікі", даведалася ад свекрыві: былая вязніца Азарычаў пра выпрабаванні, каханне і цуды

Таццяна Волкава. Фота tut.by

Таццяна Волкава. Фота tut.by.

84-гадовая Таццяна Нікіфараўна Волкава жыве ў аграгарадку Варняны Астравецкага раёна. У дзяцінстве, падчас нямецкай акупацыі, яна трапіла ў канцлагер "Азарычы", а пасля вызвалення Беларусі апынулася ў дзіцячым доме. Жанчына амаль 50 гадоў працавала настаўніцай.

Гаворым па-беларуску, Таццяна Нікіфараўна просіць прабачэння за "сваю трасянку", але насамрэч мова ў яе мілагучная і прыгожая. Пра сваё нялёгкае жыццё жанчына распавядае з гумарам, прыгадваючы розныя вясёлыя эпізоды.

Аб жаночай модзе, "картовых юбачках", ткацтве і першым дні вайны

– Янарадзілася на Гомельшчыне ў вялікай вёсцы Міхайлаўская. Было нас пяць дзяцей. Бацькі мае працавалі ў калгасе. Бацька быў майстар на ўсе рукі – і конюх, і каваль, і жнец. Помню, да вайны ён некалькі разоў са сваімі жарабцамі ездзіў на выставу ў Маскву. А потым трапіў на Фінскую вайну. Прыйшоў адтуль інвалідам, але працягваў працаваць і лічыўся адным з лепшых працаўнікоў.

А маці была майстрыхай па вышыванні, вязанні ды ткацтве. Я помню, як у нашай хаце рабілі аснову. Каб было зручна, адцягвалі канапу і па ўсёй хаце снавалі аснову, а потым набіралі на ніці. Да нас прыходзілі ткаць жанчыны з усёй вёскі. Абрусы – асобна, посцілкі – асобна. Была і спецыяльная рама з сетачкай, мама вучыла, як ружы вышываць, паказвала, як правільна рабіць.

 Фота tut.by.

Фота tut.by.

Рабілі так званыя перабіранкі. І гэта ўсё зборышча было ў нас. Хата як клуб тады была. Хоць у мамы былі дзеці-драбяза, яна сур’ёзна займалася гэтым рамяством. Я, малая, памятаю, што ў вёсцы былі толькі дзве такія жанчыны: мама і Куліна. Дык казалі: сёння ідзём да Арыны шоўк рабіць, а заўтра на воўну да Куліны. Так і хадзілі.

Успамінае моду тых часоў. Вясковыя жанчыны ў святы ды выхадныя апраналі сукенкі з рукавамі-"ліхтарыкамі" і кофты з круглымі каўнерыкамі.

 – Юбачкі – у каго былі картовыя, у дробненькія палосачкі, насілі паркалёвыя сукені, а калі былі шоўкавыя – дык апраналі іх толькі на вялізныя святы.

У буднія дні звычайна была спаднічка і кофтачка, фартушок і абавязкова белая касыначка на галаве. Канешне, былі і вышыванкі – вельмі прыгожыя. Так і жылі, добра і не ведаючы гора. Але прыйшла вайна.

Першы дзень вайны я добра запомніла. Не памятаю, колькі мне было. Сапраўды, я не асабліва ведаю, колькі мне гадоў, бо дакументаў не захавалася, а пасля вайны, ужо ў інтэрнаце, усё запісалі з маіх слоў. Часцяком я думаю, што, можа, я старэйшая, бо надта добра ўсё памятаю.

Перад вайной я ў школу яшчэ не хадзіла, але мае сябровачкі – дзве Хімы, дзве Тані, Зіна і Маня – ужо на вучобу збіраліся. Я была ў іх гурце, але мне тады казалі: малая яшчэ.

Была сонечная нядзеля. Мама нас пабудзіла і сказала: "Паедзем да дзеда на запруду". Раптам прыбягае сусед і кажа: "Высоцкі (прозвішча майго бацькі)! Вайна, немец ідзе на нас". Я не зразумела, чаму мама ў крык, бацька разгубіўся, а гэты чалавек пабег далей.

Фота  tut.by.

Фота tut.by.

Мужыкі сталі рыхтавацца ў армію, але іх вярнулі – мужчыны гэтага ўзросту тады былі непатрэбныя. Потым з іх ужо ніхто нікуды не пайшоў.

– Калгас, відаць, у нас быў добры, бо людзі кінуліся туды па розныя рэчы. Выносілі, што маглі. Майму бацьку з таго калгаснага нічога не засталося. А потым у вёсцы стала ціха і глуха.

Праз некалькі дзён прыехалі немцы. Прыгожыя, халёныя і на конях. Нам было цікава. Мы пабеглі да іх. Яны ганяліся на конях за намі. А нам было і смешна, і страшна адначасова.

А потым яны наступілі на аднаго хлопчыка і задавілі яго. І мы з піскам і слязамі пабеглі дадому, а той хлопчык застаўся там ляжаць. Потым немцы – гэта быў ужо толькі страх.

У нашай вёсцы яны былі толькі наездамі, а квартараваліся праз рэчку Стрэмку ў мястэчку Трамец. Адтуль час ад часу пастрэльвалі ў наш бок. Так забілі на рэчцы некалькі мужчын.

А ноччу да нас прыходзілі партызаны. Гэта былі свае людзі, старыя і маладыя адразу накіроўваліся ў лес, бо хадзілі чуткі, што ў суседніх вёсках немцы спальвалі людзей.

– Аднойчы і ўсю вёску падпалілі. З-за партызана, які ноччу дахаты прыйшоў і праспаў, днём схаваўся. У немцаў была завядзёнка: яны купаліся ўзімку ў рацэ. Начальнікі - таксама. Кузьма залез на страху і забіў галоўнага купальшчыка. Салдаты пачалі страляць і падпалілі вёску.

За ноч згарэлі ўсе 360 дамоў. Тады маленькая Таццяна ўжо жыла разам са сваімі братамі і сёстрамі без бацькоў. Маці памерла, а бацьку да гэтага расстралялі немцы.

Пра канцлагер «Азарычы», згубленую малодшую сястру і памерлых людзей пад нагамі

– Калі я вярнулася праз некалькі дзясяткаў гадоў у вёску, то магілу мамы не знайшла. На пахаванне нас, малых, не бралі. А тут, у Варнянах, яна мне часцяком снілася. Прыязджаю – зноў сон. "Танечка, – кажа яна, – ты мяне не там знайшла, –і паказвае месца.

На наступны год зноў паехала на могілкі. Доўга стаяла, прыглядаючыся. Знайшла месца – паставілі там крыж. Больш мне маці не снілася. Можа, я б хацела, бо вельмі па ёй сумую, але не.

Малых дзяцей забраў хросны бацька дзяўчынкі, дапамог ім уладкавацца ў лесе, зрабіўшы шалаш – курань. Праз некаторы час прыйшлі немцы і павялі людзей да Азарычаў. Так Таня апынулася ў канцлагеры.

Таня захварэла на тыф. Жанчына не помніць, як апынулася ўжо ў савецкім шпіталі.

– Мне медсёстры казалі, першае, што я спытала: «Дзе мае дзеці?». Яны толькі пасмяяліся. А я ўжо прызвычаілася называць малодшых сваімі дзецьмі. Так мы згубілі самую малодшую – Валю.

Ляжалі ў шпіталі доўга, а потым нас размеркавалі ў прыёмнікі, і я з двума сваімі "дзецьмі" трапіла ў дзіцячы дом у Любані. А меншай не было і няма. Я яе не забывала. Увесь час сустракаліся добрыя людзі, якія мне дапамагалі. Так атрымалася і тут. Прычапілася я да дырэктара і выхавацельніцы – дапамажыце Валю знайсці. Знайшлі праз 7 год. Аказалася, жыла яна ў дзіцячым доме ў Глуску. Прозвішча – Высоцкая, а iмя па бацьку назвала Іванаўна.

Як мяне збіралі на сустрэчу! Часы былі цяжкія, і мы, дзетдомаўскія, былі апранутыя ў абы-што. А так хацелася сукенку. І вось дзяўчынка з майго класа Зоя Канончык дала мне сваё паліто і сукенку, пераапрануўшыся ў мае лахманы. Клас проста ахнуў. Зоя была прыгажуня і ва ўсім першая, з забяспечанай сям'і.

У дзетдоме выхавацелька сказала: "Таня, якая ты красівенькая". А мне ж ніхто такога ніколі не казаў, што я прыгожая. Так я і паехала да сястры. Мы так хваляваліся, што яна мяне спачатку не пазнала – кінулася да маёй выхавацелькі. Цуд нейкі!

Пра каханне, мудрую свякроў, дранікі ды жыццё

Пасля школы я скончыла педвучылішча. Прыехала ў Астравецкі раён, дзе вось і жыву.

– А каханне ў жыцці было?

– Канешне. Як жа, каб любові не было. Я была дзяўчынка гарластая і актыўная: пела, танчыла ў гуртках, хлопцы хадзілі гуртам за мной. Нават біліся за мяне. А што я? Я толькі здзіўлялася. Усе на танцы, а я – кніжкі чытаць.

Пайшла на дыскатэку толькі на трэцім курсе. І так мне ўсё гэта спадабалася, што не прапускала ўжо танцы. Дзяўчыны зайздросцілі, што хлопцы са мной танчаць, але што я магла зрабіць? Два гады працавала піянерважатай.

Прыслалі да нас трох фізкультурнікаў. І кажуць, што пасля ваенных збораў прыедзе яшчэ адзін. Ну і чакаем. А мяне начальнік лагера адправіў у Астравец у банк. Явілася, дзеўкі хахочуць, а я зубаскалка добрая таксама, падключылася. Гляджу — нейкі маладзён.

Фота з архіву Таццяны Волкавай.

Фота з архіву Таццяны Волкавай.

Пытаю: "Хто гэта?". Кажуць: той, новы. Пачалі збірацца ў клуб. Гляджу, гэты кавалер чысціць штаны ад саломы бензінам. Кажу, калі б да мяне такі падышоў з пахам бензіну, дык адышоў бы адразу. Ён толькі ўсміхнуўся: паглядзім. Запрасіў на танец. І так добра танцаваў вальс, што я вырашыла прыглядзецца.

А потым стаў падсаджвацца за стол у сталоўцы, на лавачку. Да мяне заляцаўся тады і іншы хлопец – мясцовы паштавік, але Валодзя, якога я пра сябе называла Бензін, увесь час хадзіў са мной – на рэчку, на танцы, на лінейку.

І раптам ён кажа: "Выхадзі за мяне замуж". А я ж кажу: "Я ж з дзіцячага дома, не ўмею ні варыць, ні рабіць, ні свіней карміць, ні кароў даіць – нічога не ўмею. А ён кажа:

 – Вось дзівачка. Мы будзем жыць без каровы, без свіней. Купім чугунок, у печцы наварым бульбу, у скавародачцы нажарым сальца і наядзімся з табой, і нам не будуць патрэбныя свінні.

Ну, пакрыўлялася і пайшла за яго замуж. Ажаніліся 10 жніўня, і яго забралі на ваенныя зборы. Свякроў пасцяліла нам на гарышчы. Муж паехаў, а я сяджу і не спускаюся. Яна мяне заве, а я не іду. Дзень там сяджу, другі дзень. Есці хочацца, але не спускаюся – баюся.

Бацькі мужу неяк ўсё гэта данеслі, а ён на зборах начальнікаў угаварыў, што жонка з голаду памрэ. І прыехаў раней.

Свякроў мая была вельмі мудрая жанчына, і я да яе тулілася, бо мне вельмі не хапала маці. Яна мяне ўсяму і навучыла: як гатаваць, дзе памаўчаць, дзе сказаць.

Я ж ад яе, напрыклад, упершыню даведалася, што такое дранікі і як іх гатаваць.

Муж мой памёр у 2001 годзе. Рак. Без яго, здаецца, свет апусцеў. Гэта такая страта – няма ў доме роднага чалавечка. Былі пасля яго ў мяне ўхажоры, але я нават уявіць не магла, як гэта пасля яго з кім-небудзь жыць.

Мы пражылі 44 гады. Людзям здавалася, што мы ніколі не сварыліся. Але ўсяго ў жыцці хапала. Памятаю, як ён прыйшоў са школы, дзе выкладаў фізкультуру. Дзеці не здалі нейкія нарматывы. Прыйшоў злы.

Я абед прыгатавала і кажу: "Было б большай бяды", – а ён мне – «…маць». Я тут і села, бо ніхто на мяне матам ніколі не казаў. Стаю, разгубілася і як пачну плакаць. Ён так спужаўся!

Вельмі яго не хапае, канешне. А яшчэ да яго смерці памёр старэйшы сын – упаў на лесвіцы каля дома. І я неяк пасля гэтага ўсяго вельмі разгубілася – як жа далей? Але потым успамінаю ўсё, што было, і думаю аб тым, што трэба проста жыць.

Абмеркаваць
Каментар (1) / Дадаць каментар
12.10.2017 12:30
Елена / Это моя родная тетушка, вернее ее муж мой дядя по крови, но тетю Таню люблю очень. Всегда очень любила бывать в гостях в Ворнянах, играть со своей сестричкой Светой. Но к сожалению никогда не спрашивали про ее детство. Прочитала, очень интересно-расплакалась!!!
Дадаць каментар
Новае на сайце