Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +3° Маладзечна
Вілейка +3° Вілейка
Смаргонь +3° Смаргонь
Ашмяны +3° Ашмяны
Валожын +3° Валожын
Мядзел +3° Мядзел
Астравец +3° Астравец
Грамадства
18.09.2017 11:27 ,AЎТАР(Ы): Наталля ТУР

Чаму ў пажарных машына чырвоная? І іншыя наіўныя пытанні маладзечанскіх першакласнікаў да выратавальнікаў

Выратавальнікі адказалі на ўсе пытанні "чамучак"

Выратавальнікі адказалі на ўсе пытанні "чамучак". Фота Наталлі Тур.

Для першакласнікаў 10-й гімназіі навучальны год яшчэ толькі пачаўся, а да іх на ўрок ужо завіталі юныя выратавальнікі, каб нагадаць, што трэба рабіць, калі раптам здарыцца пажар, ды і проста весела і з карысцю пабавіць час.

Юныя выратавальнікі разам са старшым інспектарам групы прапаганды і навучання Маладзечанскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Марынай Ганчаровай паказалі першакласнікам адну з серый мультсерыяла “Чароўная кніга МНС”.

У гэтым мультсерыяле шкадлівы воўк трапляе ў розныя небяспечныя сітуацыі, а мудры бабёр са сваімі сябрамі зайчыкам і куранём пры дапамозе чароўнай кнігі МНС дапамагаюць воўку разабрацца ў правілах пажарнай бяспекі.

Мульцік ідзе пяць хвілін, дзеянне развіваецца дынамічна, таму такія пяціхвілінкі можна дзецям паказваць і дома.

Затым дзяўчынкі і хлопчыкі спаборнічалі ў тым, чыя пажарная машына даедзе хутчэй, патрэніраваліся ў тым, як неабходна пакінуць памяшканне, калі ў ім здарыцца пажар.

Першакласнікі закрывалі рукавом твар і гуськом выходзілі з класа.

Марына Ганчарова пры гэтым расказвала, што пры пажары кісларод збіраецца ўнізе, таму трэба да выхаду прасоўвацца на кукішках.

А пасля  інспектар вучыла дзяцей  званіць на нумар 112. Здавалася б, што тут такога, набірай нумар і крычы: “Пажар!”.

А не, трэба назваць сябе і дакладны адрас, куды ехаць пажарнай машыне.

Ні для каго не сакрэт, што ў шэсць гадоў усе дзеці тыя яшчэ чамучкі, таму, калі Марына Ганчарова загаварыла пра пажарныя машыны, у яе спыталіся:

– А чаму пажарная машына чырвоная?

– Машына выратавальнікаў павінна мець яркі колер, каб іншыя машыны, якія едуць па дарозе, бачылі, што машына спяшаецца на пажар, ёй трэба саступіць дарогу.

Там, куды прыязджае машына, бывае шмат дыму, і чырвоную машыну ў дыме лягчэй заўважыць. Для гэтага ў пажарных машынах ёсць яшчэ і маячкі.

– А пажарныя баяцца пажару?

–  Выратавальнікі не маюць права баяцца. Калі ён выбраў гэту прафесію, значыць ён ведаў, куды ідзе працаваць. Таму баяцца тут няма як.

– А чаму выратавальнікі носяць зялёную форму, а на пажары ездзяць у чырвонай? Чаму не ў вясёлкавай?

 

– Форма ў пажарных, насамрэч,  не чырвоная, а аранжавая. А яшчэ ёсць чорная з яркімі салатавымі ўстаўкамі. Яна таксама такая яркая, каб у дыме пажарны быў заўважны. А чаму не вясёлкавая? Не ведаю, трэба прапанаваць нашаму кіраўніцтву, магчыма, у вясёлкавай форме пажарныя былі б яшчэ больш заўважныя.

– Чаму вядро ў бабулі можна паставіць на зямлю, а вядро для тушэння пажараў не?

– А вы заўважалі калі-небудзь, як цяжка выцягваць з вады звычайнае вядро?

А вось вядзерца для тушэння пажару дзякуючы сваёй форме лёгка ўвахо­дзіць у ваду і гэтак жа лёгка выходзіць з яе.

– Скажыце, а калі будзе гарэць лес і ў ім будзе стаяць конь, вы яго выратуеце?

– Канешне, выратавальнікі нікога ў бядзе не пакідаюць. Але такая сітуацыя наўрад ці можа здарыцца, бо жывёлы – разумныя істоты. Яны ведаюць, што ад пажару трэба ўцякаць. Таму асноўная задача выратавальнікаў – не дапусціць таго, каб агонь распаўсюдзіўся на вялікія плошчы, каб жывёлы, што жывуць у лесе, маглі адбегчы на бяспечную адлегласць ад агню.

– А што было б, каб не было пажарнай службы?

– А давайце разам адкажам на гэта пытанне, – прапанавала Марына Ганчарова.

І ўсе дзеці наперабой, але вельмі слушна адказалі, што, калі б знікла служба выратавання 101, то:

 – Была б бяда-а-а-а!

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце