Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +12° Маладзечна
Вілейка +12° Вілейка
Смаргонь +13° Смаргонь
Ашмяны +13° Ашмяны
Валожын +13° Валожын
Мядзел +12° Мядзел
Астравец +13° Астравец
Грамадства
26.09.2017 09:55 ,AЎТАР(Ы): Наталля ТУР

У калекцыі віляйчаніна 650 машын… цацачных (Фота)

Калекцыянер МІхаіл Крыватулаў з Вілейкі марыць аб тым, каб яго шматлікая калекцыя нарэшце заняла прасторную шкляную шафу

Калекцыянер МІхаіл Крыватулаў з Вілейкі марыць аб тым, каб яго шматлікая калекцыя нарэшце заняла прасторную шкляную шафу. Фота Наталлі Тур.

Міхаіл Крыватулаў з Вілейкі калекцыянуе мадэлі машынак ужо больш за 30 гадоў. 

Яго калекцыя то расла, то распрадавалася, то папаўнялася вельмі хутка, то на некалькі гадоў пра яе забывалі.

Міхаіл сустракае на парозе кватэры  і запрашае ў пакой. На ўсіх сценах у ім вісяць шкляныя паліцы. А ў іх машынкі: замежныя і савецкія, спартыўныя і тыя, што належалі ўраду. Але ўсе стэлажы закрытыя на шрубы – у сям’і падрастае двухгадовы сынок Данік.

Асобна на паліцах размясціліся грузавы транспарт і аўтобусы з тралейбусамі.

Міхаіл прызнаецца, што яны якраз і ёсць яго апошняя жарсць.

На паліцах размясціліся дакладныя копіі сапраўдных аўтобусаў. Тут можна ўбачыць і “Ікарусы”, і МАЗы-“гармонікі”, якія яшчэ нядаўна ха­дзілі па вуліцах нашых гарадоў. Ёсць ЛАЗы, а ёсць і легендарныя аўтобусы, напрыклад, той, што здымаўся ў фільме “Каралева бензакалонкі”, або аўтобус-кабрыялет, без даху, які ездзіў па курортах Краснадарскага краю як экскурсійны.

Але экскурсію па сваёй багатай калекцыі Міхаіл пачаў ад першай машынкі, якую купіў у 1988 годзе.

– Я сам маю дачыненне да аўтамабіляў, працую ў аўталаўцы на колах. Сам езджу на старой Аўдзі -100. І мне падабаецца. Вырасце сын, яшчэ ён будзе на ёй ез­дзіць.

Першую ж машынку з калекцыі, зялёненькі аўтамабільчык “Масквіч”, Міхаіл, вядома памятае.

– Гэтыя машынкі цяпер сярод калекцыянераў вельмі дорага цэняцца. Але не ўсіх цікавяць, бо ў апошнія гадоў 10 на рынку з’явіліся цэлыя калекцыі: грузавікоў, пажарных машын, першых іншамарак, якія прыязджалі ў СССР, даваенных аўтамабіляў.

Машынкі, якія ў да­дзены момант збірае наш герой, каштуюць у межах 100 долараў.

– А так гэты занятак дастаткова танны. Напрыклад, машынкі з часопісаў каштуюць ад 5 да 30 долараў. Адзінае, што для іх патрабуецца, – гэта месца. Таму я, бывае, прадаю адразу сваіх пяць машынак і купляю адну, пра якую мару.

Цяпер Міхаіл хоча сабраць да канца серыю з 20 аднолькавых аўтамабіляў ГАЗ-51. Адметныя яны тым, што гэта фургончыкі з каляровай савецкай рэкламай: “Адпачывайце на курортах”, “Піце мінеральную ваду”, “Абедайце ў рэстаране”.

– У маёй калекцыі цяпер 17 такіх машынак. Не хапае трох. Там, наколькі я памятаю, рэклама звязаная з рабочым адзеннем, рэкламуюцца пральні. Аднолькавыя машынкі рэдка хто збірае, а мне цікава.

Ёсць сярод калекцыянераў машынак і такія апантаныя людзі, якія збіраюць толькі адну марку машын, але рознага колеру.

– Вельмі прышпільна глядзіцца, калі стаіць на паліцы адзін “Масквіч-412”, а каляровай гамы цэлы спектр.

Цана на машынку можа ўзрастаць у залежнасці і ад таго, ці не фарбавалася яна, ці не губляліся нейкія дробныя дэталі, колькі гэтых машынак выпусцілі ў серыі. Асаблівая тэма – гэта аўтамабілі ручной работы.

– Адзін такі аўтамабіль я заказаў, калі нарадзіўся мой сын. На памяць. Замовіў у беларускага майстра. Гэта МАЗ. І гэта машына адзіная ў сваім родзе. Другой такой проста няма. МАЗ, як і іншыя машыны, мае маштаб 1:43, робіцца мадэль па чарцяжах. Гэта рэальная зменшаная копія сапраўднай машыны, адзін у адзін.

Ёсць у калекцыі Міхаіла і дзве аднолькавыя гоначныя савецкія машыны 1938 года.

– Справа ў тым, што іх рабілі толькі па чорна-белым фотаздымку. І дакладна цяжка сказаць, якога колеру была машына: чорная ці цёмна-зялёная. Таму я купіў яе ў двух варыянтах. Адзін чорны з адкрытым верхам, другі цёмна-зялёны – з закрытым.

Цёплую ўсмешку выклікаюць экспанаты з калекцыі “Савецкае кіно”.

“Волга” з фільма “Іван Васільевіч мяняе прафесію”, “Чайка” з фільма “Рускі гасцінец”. Дрызіна, на якой даганяў Ніну Шурык з фільма “Каўказская палонніца”.

– Да аўтамабіляў з кіно асобна прадаюцца фігуркі герояў. Можна, напрыклад, купіць машыну-халадзільнік, з той жа “Каўказскай палонніцы”, і да яе фігуркі Труса, Балбеса і Бывалага. Але пакуль у мяне няма агульнай канцэпцыі, фігуркі тыя не набываю.

З падарункам Міхаілу таксама лёгка ўгадаць – аўтамабіль ручной работы будзе заўсёды дарэчы.

Сам калекцыянер таксама захапляўся тым, што спрабаваў рабіць мадэлі машынак.

– І атрымоўвалася, хачу вам сказаць, толькі паказаць не магу, бо ўсе машыны, што рабіў сам, прадаў. Жонка, бывае, сварыцца, маўляў, купі ты сабе гараж, аўтобус і займайся справай! Быццам, з цацачнымі машынамі менш працы!

Некаторыя калекцыянеры працуюць з машынкамі ў пальчатках. На машынках таксама збіраецца пыл. Іх трэба дасканала праціраць пэндзлем.

– Падчас такой уборкі, бывае, згубіцца люстэрка ці фара, тады я злуюся. Жонку і дзяцей выганяю з пакоя, поўзаю па падлозе і шукаю дэталь, якая згубілася.

Апошняй пакупкай, якой ганарыцца Міхаіл, стаў аўтобус ЗІЛ-127.

– Ён каштаваў 165 долараў. У ім ёсць і шторкі, і нават касавы апарат. Вельмі марыў пра яго. Такіх аўтобусаў усяго выпушчана сем розных маршрутаў і рознага колеру. Мне спадабаўся маршрут “Стаўрапаль – Растоў-на-Доне” за зорачкі на баку аўтобуса.

З часам, расказвае калекцыянер, колькасць перарастае ў якасць.

Прадаюцца цэлыя калекцыі, каб набыць адну запаветную мадэль. Мадэлі нізкай якасці мяняюцца на больш дарагія і эксклюзіўныя.

– Некаторыя мадэлі з гадамі становяцца таннымі, іх прасцей аддаць гуляць сыну, чым займацца продажам. У Даніка цяпер свой аўтапарк. Хай падрастае, магчыма, ацэніць бацькаву калекцыю.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце