Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +12° Маладзечна
Вілейка +12° Вілейка
Смаргонь +13° Смаргонь
Ашмяны +13° Ашмяны
Валожын +13° Валожын
Мядзел +12° Мядзел
Астравец +13° Астравец
Грамадства
1 Вілейка
7.10.2017 16:25 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

Старыя рэчы: навошта васьмікласніку з Ільі стары прабабулін ліхтар

Вова Буркевіч з ліхтаром прабабулі

Вова Буркевіч з ліхтаром прабабулі.

Швейная машынка пачатку 20 стагоддзя. Саматканае пакрывала. Вельмі стары мапед, якому браты Вова і Ягор плануюць даць другое жыццё…

У гаспадарцы сям’і Буркевічаў з Ільі старых рэчаў шмат. Па словах гаспадыні, Людмілы Буркевіч, такія рэчы вельмі функцыянальныя, надзейныя, правераныя. Не тое што сённяшні пластык.

Ад бабулі прывезлі начоўкі, чайнік і ліхтар

Сярод усяго гэтага багацця ёсць і стары ліхтар у жалезным корпусе. У Ілью ён трапіў з Гродзеншчыны. Там, у маленькай вёсцы Лемнікі каля Міра, жыла бабуля Людмілы Ганна Русецкая.

–  Калі прадавалі бабуліну хату, – прыгадвае жанчына, –  нам, унукам, дазволілі ўзяць хто што захоча. Я прывезла драўляныя начоўкі, чайнік 1955 года для сваёй калекцыі посуду і вось гэты ліхтар.

Гляджу на ліхтар і прыгадваю бабулю

Ліхтар жанчына памятае яшчэ па дзяцінству. Гляджу на яго і прыгадваю бабулю, кажа Людміла.

Да бабулі  Ганны ў Лемнікі унучка Людміла з вёскі Краснае ездзіла з задавальненнем. Там можна было адпачыць, і грошай зарабіць.

Так ліхтар падзараджаюць.

Так ліхтар падзараджаюць.

– Мясцовы калгас Жалязняковіча быў адным з самых паспяховых у Беларусі, – прыгадвае Людміла. – Памятаю, як я шасцікласніцай прыехала да бабулі і папрацаваўшы там летам на бураках, набыла сабе калькулятар і парасон. Для шасцікласніцы гэта былі істотныя набыткі.

Даглядалі гаспадарку і хадзілі за торфам

Ліхтаром карысталіся яшчэ тады, калі ў вёсцы не было электрычнасці. Праўда, якім чынам яго тады падзараджалі, застаецца загадкай.

Але нават калі электрычнасць з’явілася, ліхтар не страціў сваёй функцыі.

З ім бабуля ў цёмны час хадзіла даглядаць вялікую гаспадарку: 30 авечак, дзвюх кароў, каня. А курам, па словах Людмілы, увогуле ніхто ліку не ведаў.

З ліхтаром хадзілі за дровамі і торфам, каб пратапіць у хаце. Людміла памятае, што хлеў быў не далёка ад бабулінай хаты, а да будыніны, дзе складалі торф, трэба было ісці метраў сто.

У размове з Людмілай адкрыла для сябе, што торф – гэта не брыкет, якім сёння часам яшчэ паляць печы ў вёсцы. Торф кожны гаспадар здабываў на ўчастку балота, які яму выдзяляў калгас.

Гэта было асноўнае паліва. Дровы трымалі толькі на растопку, бо пасля вайны лес быў патрэбны для будаўніцтва.

Пласты экалагічнага паліва выкопвалі з вады, стоячы па калена ў балоце, разразалі рыдлёўкай і цэлае лета сушылі. Калі выкопвалі бульбу, тады торф звозілі бліжэй да хаты.

А пасля восеньскімі і зімовымі вечарамі бабуля Ганна, а потым і падгадаваныя ўнукі бралі за ручку зручны ліхтар і ішлі з ім за торфам.

Новая накрыўка і падзараднае ад “Явы”

Старэйшыя сваякі казалі Людміле, што ліхтар, хутчэй за ўсё, выкарыстоўваўся як чыгуначны. Побач з вёскай чыгункі не было. Аднак кіламетраў за дваццаць цягнікі хадзілі. І туды не аднойчы бабуля Ганна падвозіла на кані свайго сына – бацьку Людмілы. Можа, адтуль і прывезла.

– Я так разумею, што ліхтар трапіў да бабулі або ў час вайны, або адразу пасля яе, – мяркуе жанчына. – Бабуля была вельмі добрай, таму можа нехта ёй проста зрабіў такі падарунак.

Праз дзесяцігоддзі ліхтар працуе выдатна. У ім рэгулюецца шырыня промня святла.

А яшчэ гаспадары крыху ўдасканалілі яго. Бацька Людмілы, які ўсё жыццё адпрацаваў на маторным заводзе ў Мінску, зрабіў новую накрыўку.

Малодшы сын Вова, каб падзараджаць ліхтар, прыстасаваў падзараднае ад матацыкла “Ява”.

Цяпер ліхтар асвятляе “штабік”

Цяпер ліхтар – уласнасць Вовы. Ён яго падзараджае і, як некалі прабабуля, ходзіць зімой у хлеў за дровамі.

– Звычайна падзаражаю дзень, – распавядае хлопец. – А карыстацца потым можна хоць месяц.

Лямпачка ў ліхтарыку, па словах Людмілы, працуе ўжо год дзесяць. Ці шмат электраэнергіі “цягне” падзарадка, гаспадыня не ведае. Аднак на дапамогу прыходзіць Вова.

– Аднакантактная, двухвальтовая лямпачка, – аўтарытэтна заяўляе сын-васьмікласнік. – Яна не можа спажываць шмат электрычнасці.

У Вовы ў двары ёсць свой “штабік” – маленькая будыніна, дзе ён захоўвае цікавыя, дарагія сэрцу рэчы, экспанаты ўласных калекцый, гуляе ў хлапечыя гульні.

Дык вось, прабабулін ліхтар там не толькі экспанат калекцыі, а яшчэ і асноўная крыніца асвятлення.

Фота Аксаны Ярашонак.

Абмеркаваць
Каментар (1) / Дадаць каментар
7.10.2017 19:11
Малаховская Елена / Здорово, что наше прошлое сохраняется такими замечательными "потомками",как Вовик и Егор ,а также их прекрасной мамой , которая привила своим детям любовь к прошлому,истории. Побольше бы таких. Ведь есть такое мудрое изречение,что у народа,который не знает своего прошлого,нет будущего.
Дадаць каментар
Новае на сайце