Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -3° Маладзечна
Вілейка -3° Вілейка
Смаргонь -3° Смаргонь
Ашмяны -2° Ашмяны
Валожын -2° Валожын
Мядзел -4° Мядзел
Астравец -3° Астравец
Спорт
9.10.2017 09:45 ,AЎТАР(Ы): Наталля ТУР

Футбаліст Аляксандр Альховік: час расстаўляць фішкі пакуль не надышоў

Аляксандр Альховік

Аляксандр Альховік. Фота Наталлі Тур.

Асоба Аляксандра Альховіка ў маладзечанскім футболе заўважная. Яшчэ б! Футбаліст гуляў за каманду Маладзечна ў вышэйшай лізе, пазней у той жа вышэйшай лізе адстойваў гонар Смаргоні, гуляў у Светлагорску. А калі прыйшоў на сустрэчу, запытаўся:

– І нашто я вам, стары, спатрэбіўся?

– Няўжо такі стары? Што, і з футболам думаеце заканчваць?

– Не, пакуль Дорык, ой, Сяргей Іванавіч, мне давярае, буду гуляць. Хаця ў нас была размова. Ён кажа, ну што, Саня, вазьму цябе ў памочнікі, бу­дзеш фішкі на полі расстаўляць.

– Вы з Дараховічам даўно знаёмыя?

– Даўно. У “Забудове” разам гулялі, у Маладзечне. Ён мне  дапамог у вышэйшую лігу трапіць у Смаргоні. Ён тады заканчваў гуляць, а я прыйшоў у каманду на яго месца. Сяргей тады размаўляў з трэнерам Кандрацьевым, думаю, ён яго і пераканаў, што трэба браць мяне. І да гэтага ў нас вельмі добрыя адносіны. Ён стараецца быць добрым трэнерам, трэніроўкі цікавыя, насычаныя. Канешне, Сяргей, бывае, патрабуе бегаць на трэніроўцы, а ты ўжо змену адпрацаваў, ногі папросту не бягуць. Але ён кіраўнік малады, навучыцца.

А ў камандзе Аляксандра Альховіка звязвае шматгадовае сяброўства з Дзмітрыем Касцюком і Сяргеем Драздом. Мяркуем, вы не ведалі, што Аляксандр Альховік і Сяргей Дрозд адзін аднаму кумы.

– З Дроздзікам мы з дзяцінства сябры. Памятаю, як старэйшыя таварышы нам, малым, казалі: “Бярыце мяч і спіце з ім”. Тады вельмі хацелася даказваць, што ты чагосьці варты ў футболе. Памятаю, закрываліся на базе і трэніраваліся, баяліся толькі, каб не выпхнулі адтуль. А цяпер што? Зробіш заўвагу маладому футбалісту, а ён табе 18 слоў у адказ.

– Інакш кажучы, вы згодныя з думкай трэнера, што ў маладых вочы не гараць?

– Адназначна! У пачатку сезона Іванавіч ставіў жа на мясцовых футбалістаў, прыезджыя былі толькі таму, што патрабуецца пэўны ўзрост.  А што атрымалася, не хоча Талстой гуляць, які ў пачатку сезона заўсёды быў у аснове. Таму, канешне, трэба думаць пра тое, кім замяніць. Я ж агульную мову магу знайсці з любым. Мне было ў першым крузе камфортна гуляць з Шукеловічам, цяпер з Макаравым. А на трэніроўках у нас сяброўская атмасфера, можам і пасмяяцца, і пагутарыць пра ўсё. А што моладзь? Сядзіць у камп’ютарах.

– А вы не гуляеце ў футбол на камп’ютары?

– Не.  У нас па гэтых справах – Чэпа. Так і напішыце, Чэпа, гэта Павел Галубовіч, вось ён – чэмпіён па камп’ютарных гульнях.

– Аляксандр, а ў вас мянушка ёсць?

– Мяне з дзяцінства называюць Маля, бо, калі стаў гуляць у футбол, быў самага маленькага росту, потым выцягнуўся, а мянушка засталася.

– А нумар 18 чаму?

– Гэты нумар у мяне з’явіўся, калі за “Хімік” светлагорскі гуляў. Усё проста – у мяне дзень народзінаў 18 красавіка. 

– Аляксандр, не сакрэт, што вакол каманды сёлета многа размоў, у тым ліку скандальных. Як гэта адбіваецца на камандзе?

– Калі вы пра канфлікт аднаго з мясцовых журналістаў і нашага дырэктара Андрэя Іваненкі, то ніяк. Нас, футбалістаў, гэта не датычыцца ўвогуле. Ёсць дырэктар Іваненка, мы гуляем з ім. Не – быў бы нехта іншы.  Яны дарослыя людзі, хай разбіраюцца самі. У мяне сваіх клопатаў хапае, вунь, бегае мой клопат, якому год і сем месяцаў.

– Вы пра дачку?

– Так, пра Еву Аляксандраўну.

– Ева, як і тата, будзе спартсменкай?

– Хацелася б аддаць у гімнастыку. Але калі цешча сыграе на апярэджанне, можам страціць спартсменку. Цешча ў мяне выкладчыца музыкі.

– А на футболе дачка была? Ведае, што яе тата футбаліст?

– Так, прыходзіла на футбол, жонка кажа, што таксама крычала: ”Тата!”. Але я не люблю, калі блізкія прыходзяць на гульні. Бо пасля шмат парадаў, як трэба было гуляць, і шмат крытыкі, чаму не так гуляем. Я і сам ведаю, што ў некаторых эпізодах можна было згуляць лепей.

– Вам не здаецца, што з такіх эпізодаў і складаецца агульная карціна, што каманда не на першым месцы ў чэмпіянаце?

– Не здаецца. Гэта так ёсць на самой справе. Мы, відаць, ужо згубілі шанец трапіць у наступным годзе ў першую лігу, засталіся чатыры матчы. Мы толькі, хіба, за месца крыху вышэй можам пазмагацца.  Хаця, невядома, што там будзе з Чысцю і з камандай з Жыткавічаў. А ЮАБ малайцы, магчыма, на наступны год у першай лізе з’явіцца маленькая новая кропачка. Каманда ўпершыню ў першай лізе.

– Чаму так здарылася, што ў гэтым годзе гэта каманда загуляла?

– Грошы. Толькі грошы. З’явіўся чалавек, які хварэе за футбол, які можа зацікавіць футбалістаў. У іх як. Каманда перамагла – адразу футбалістам плацяць прэмію, ёсць за што пабегаць.

– Акрамя Жыткавічаў, за якія каманды заўзееце?

– З дзяцінства за “Манчэстэр Юнайтэд”.

– Хутка скончыцца сезон. Якія планы на зіму?

–  Працаваць, працаваць і яшчэ раз працаваць. Пакуль дачка маленькая, нікуды ляцець не плануем. Адзінае, што я забраніраваў сабе білет на чэмпіянат свету, які адбудзецца ў наступным годзе. Мая сястра жыве ў Светлагорску, тым, што ля Калінінграда. І я падумаў, што калі цяпер на чэмпіянат свету не трапіць, то калі ўжо тады. А жонка з дачкой, пакуль тата на футболе будзе, у моры паплаваюць.

– А з футболам што на наступны год?

– Пакуль Іванавіч не дасць у рукі фішкі, яшчэ пагуляем!

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце