Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +2° Маладзечна
Вілейка +2° Вілейка
Смаргонь +2° Смаргонь
Ашмяны +2° Ашмяны
Валожын +2° Валожын
Мядзел +1° Мядзел
Астравец +2° Астравец
Грамадства
1 Астравец
16.10.2017 16:16 ,AЎТАР(Ы): Наталля ТУР

“Каго любіш? – Люблю Беларусь! – То ўзаемна…” Як знайсці самы велічны помнік паўстанцам 1863 года, пастаўлены за грошы прыватнай асобы

Фота Наталлі Тур.

Помнік паўстанцам 1863 года ўсталявалі пяць гадоў таму ў вёсцы Слабодка, што на Астравеччыне. Але на гэтым тыдні пабачыць яго на ўласныя вочы ўдалося ўпершыню. 

Як дабрацца да помніка і ўдыхнуць на поў­ныя грудзі паветра свабоды, незалежнасці і гонару за краіну, мы раскажам вам у нашым артыкуле.

Падвох 1: на Астравеччыне дзве Слабодкі

Апісанне гэтага помніка ёсць у інтэрнэце, але пра яго сказана, што ён знаходзіцца ў вёсцы Слабодка на Астравеччыне. Таму калі мы ўвялі ў навігатар каардынаты гэтай вёскі, той нам паказаў, што Слабодка знаходзіцца непадалёк ад Астраўца. Туды і накіраваліся.

Калі звярнулі ў Слабодку, нам насустрач выйшаў мужчына, які нёс вілы.

– О, дык тут нашчадкі Каліноўскага не перавяліся, – пажартавалі мы.

Аднак, акрамя гэтага нашчадка Каліноўскага, вёска была пустая, магазін закрыты і папытацца, дзе знаходзіцца помнік, не было ў каго.

На шчасце, па дарозе ўсё ж трапіўся мясцовы жыхар, які дакладна сказаў, што помніка паў­станцам у іх вёсцы няма.

– У нас толькі два крыжы ў вёсцы са славутасцяў. А вам, пэўна, іншая Слабодка патрэбная, наша ж Астравецкая, а тая Варнянская.

– Ці далёка адсюль тая Слабодка?

– Ой, далёка, кіламетраў з 30 будзе.

Аднак, праехаўшы да гэтага больш за 70 кіламетраў, назад паварочваць было бессэнсоўна. Адзінае, што засмучала, гэта дробны восеньскі дождж, які паскорыў надыход змяркання больш, чым на гадзіну.

Падвох 2: навігатар кажа: “Вы на месцы”, а вакол лес і ніякага помніка

Да таго часу, як мы трапілі ў правільную Слабодку, пачало цямнець, хаця гадзіннік паказваў шэсць гадзін вечара.

Прыехалі. Скончылася вёска. Навігатар папярэдзіў: “Вы на месцы”. Мы прыпаркавалі машыну і выйшлі ў лес. Хм… сцежка вядзе ўглыб лесу, навігатар настойвае, што месца нашага прызначэння ў 50 метрах. Пакруціліся, пахадзілі – няма.

Праўда, у метрах пяцідзесяці былі жылыя дамы. Вырашылі запытацца у мясцовых жыхароў, дзе ж той помнік, які так старанна хаваўся ад нас.

Адзінае, чаго баяліся, што мясцовыя адкажуць, што недзе ў 30 кіламетрах ёсць яшчэ трэцяя Слабодка. Не, баяліся дарэмна.

Ідзём мы па Слабодцы, наперадзе возера, закінутыя хаты і ніводнай жывой душы… як раптам насустрач выбягае вялізны сабака.

Сабака стаў брахаць, і, на шчасце, мы пачулі:

– Дзік, фу! Хадзіце, не бойцеся, ён у нас яшчэ маленькі, таму дурнаваты, – адказаў нам мужчына.

– Мы помнік паўстанцам шукаем. Ведаеце пра такі?

– А як жа. Ён там, – мужчына паказаў рукой на свой агарод. – Ідзіце. Стойце! А вы на машыне? Як будзеце з’язджаць, праверце, каб Дзік не скокнуў у машыну. Ён у нас такі.

Так у нашай кампаніі народу паболела. Дзік шчыра радаваўся і вёў нас да помніка.

… Ускраіна лесу. Справа возера, над якім сцелецца дымок ад лазні. Высачэзны зялёны курган, а над ім узвышаецца шэры меч. Праўда, аж дух захапіла.

На лязе мяча словы, якія добра вядомыя кожнаму беларусу: “Каго любіш? – Люблю Беларусь! – То ўзаемна…”.

І вось тут ад гэтай прыгажосці, ад шчырасці літаральна распраўляюцца плечы і падымаецца ад гонару ўсё ўнутры.

Пра помнік мы ведалі толькі тое, што яго паставілі тут цалкам за ўласныя грошы аднаго з мясцовых гаспадароў. І што помнік гэты зрабіў скульптар Ігар Засімовіч. А пра Ігара Засімовіча, у сваю чаргу, мы ведалі тое, што ён таксама аўтар помніка Рыгору Барадуліну, які ўсталяваны на яго магіле.

У прынцыпе ўсё, але калі разгледзіш гэты помнік, дакранешся да яго, памацаеш кожную літару на ім, разумееш усё, што хацеў сказаць аўтар і што засталося нявыказаным.

Падвох 3: помнік знаходзіцца на прыватнай тэрыторыі

У гэтым асноўная складанасць дабрацца да яго.

Помнік не бачны з дарогі (а можа, нам проста не пашанцавала з надвор’ем?). Слабодку трэба праехаць усю, і на апошнім павароце звярнуць направа. Калі справа бу­дзе возера – вы на месцы. Грукайцеся ў драўляны дом з вялікімі шыбамі. Здагадацца, што гэта той самы дом, вельмі проста, на слупку агароджы – выява “Пагоні”.

У прынцыпе, вас можа сустрэць Дзік. Тады і да помніка паўстанцам 1863 года рукой падаць.

Абмеркаваць
Каментар (1) / Дадаць каментар
16.10.2017 18:31
Лена / О, боже какой мужчина!
Дадаць каментар
Новае на сайце