Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -1° Маладзечна
Вілейка Вілейка
Смаргонь Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын -1° Валожын
Мядзел Мядзел
Астравец Астравец
Культура
19.10.2017 17:03 ,AЎТАР(Ы): Наталля ТУР

Артысту Барысу Доніну ўручылі медаль Францыска Скарыны

Барыс Донін

Барыс Донін. Фота Наталлі Тур.

Акцёр Мінскага абласнога драматычнага тэатра Барыс Донін атрымаў узнагароду з рук прэм’ер-міністра Беларусі Андрэя Кабякова.

Пасля ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання Барыс Ільіч запрасіў нас у тэатр, каб падзяліцца сваімі ўражаннямі.

Медаль разам з пасведчаннем Барыс Ільіч захоўвае ў шуфлядзе грыміравальнага століка.

– Пакуль не насіў яшчэ, – пачынае размову Барыс Донін, – толькі ў Палацы Рэспублікі, дзе было ўганараванне, надзеў, сфатаграфаваўся і зноў зняў. Гэты медаль пакіну ў спадчыну ўнукам. Не сорамна ўжо за тое, што пражыў.

Пра тое, што Барыс Донін увайшоў у лік тых, каго ўзнагародзяць сёння, стала вядома яшчэ 31 мая, а вось калі адбудзецца сама ўрачыстасць, не паведамлялі доўга.

– Цікава атрымалася. Напярэдадні ўзнагароджання ў нас у тэатры працавала тэлебачанне. Рабілі сюжэт пра тэатр, здымалі інтэрв’ю, рэпетыцыі. І вось журналістка пытаецца ў мяне, калі ж узнагароджанне. Я адказваю, што пакуль не дадуць, не памру. У нядзелю ў эфір выйшла гэта перадача, а ў панядзелак пазванілі і запрасілі на ўручэнне.

Барыс Ільіч расказ­вае, што нават не само ўручэнне было найбольш прыемнае, а дарога дадому.

– Назад з вялізным букетам кветак я вяртаўся ў маршрутцы. І калі ўжо выходзіў у Маладзечне, мяне стала віншаваць абсалютна  незнаёмая мне спадарожніца. Вось словы гледачоў пра тое, што яны любяць наш тэатр і ведаюць, што мяне адзначылі ўзнагародай, каштуюць дорага.

– А калегі з тэатра павіншавалі?

– Хтосьці павіншаваў, хтосьці не. А 25 лістапада мяне ў тэатры будуць віншаваць з узнагародай, так сказаць, афіцыйна. У гэты дзень будзе спектакль “Не такі, як усе”, таму, карыстаючыся магчымасцю, запрашаю ўсіх аматараў тэатра далучыцца да святкавання.

Барыс Донін прызнаецца, што цяпер мусіць адпрацоўваць высокую ўзнагароду яшчэ гадоў пяць, не менш.

– У тэатры цяпер працы хапае, рыхтуецца прэм’ера, хутка Новы год і новыя ролі ў дзіцячых ранішніках. Вось цяпер выклікаў да сябе дырэктар тэатра Юры  Крывенькі, сказаў, што праз чатыры дні ў нас спектакль. А я за сваё тэатральнае жыццё не сарваў ні аднаго спектакля, таму мушу падрыхтавацца за чатыры дні. Цяжка, але ж у гэтым асалода ад прафесіі.

– Няўжо ні разу не адмовіліся ад ролі?

– Прызнацца шчыра, толькі раз, калі надта не хацеў іграць міліцыянера ў казцы “Прынц Мамабук”. Вось тады прыйшоў на рэпетыцыю ў нямецкай ваеннай форме, мяне рэжысёр Мацкевіч выгнаў са сцэны, але і ролю гэту са спектакля прыбраў, чым я быў вельмі задаволены.

Барыс Донін прызнаецца, што вось самому давялося аднойчы амаль сарваць спектакль.

– Ігралі спектакль “Вяселля не будзе”, у апошняй сцэне само вяселле, застолле. І вось я прынёс спірт, наліў партнёру ў келіх, ён выпіў і раптам у яго заняло дыханнне. Ап’янеў імгненна. Вырубіўся. Я тады атрымаў па мазгах.

А ў народным тэатры з Барысам Доніным сыгралі падобны жарт, пасля якога ён апынуўся на бальнічным ложку.

– Ігралі спектакль “Сарачанская каша”, у якім па сюжэце я павінны быў есці кашу. Замест кашы насыпалі цукар. Не, каб зымітаваць, што я ем, дык я на поў­ным сур’ёзе запхнуў у рот цэлую лыжку цукру.  Стаў гаварыць, а я не магу гаварыць, задыхаюся. Ледзьве выратавалі тады.

Але да сваёй прафесіі Барыс Донін ставіцца як да свята.

– Ну, як можна не любіць тэатр? Ты займаешся любімай справай, а табе за гэта яшчэ плацяць грошы.

Ну, у якой яшчэ прафесіі вяртаешся дадому пад апладысменты ­ўдзяч­най публікі?

Даведка “РГ”. Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджваюцца работнікі адукацыі і культуры за выдатныя дасягненні ў прафесійнай дзейнасці, значны асабісты ўклад у развіццё і множанне духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу, культурнай спадчыны беларускага народа. Медалём могуць узнагароджвацца і замежныя грамадзяне. Медаль Францыска Скарыны ўручаецца ад 1990 года. У розныя гады ім былі ўзнагароджаныя: Ніл Гілевіч, Максім Танк, Васіль Быкаў, Генадзь Каханоўскі, Рыгор Сарока, Адам Мальдзіс, Віктар Роўда. Сёлета, акрамя Барыса Доніна, узнагародзілі яшчэ адну прадстаўніцу Маладзечаншчыны – кампазітара Алену Атрашкевіч.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце