Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна Маладзечна
Вілейка Вілейка
Смаргонь Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын Валожын
Мядзел -1° Мядзел
Астравец Астравец
Эканоміка
25.10.2017 11:30 ,AЎТАР(Ы): Зоя ХРУЦКАЯ

Работнік завода ў Маладзечне: “Кілбаса для нас раскоша, не кажучы пра рэстараны ці кафэ”

Фота Наталлі Тур.

Дзмітры працуе інжынерна-тэхнічным работнікам на адным з заводаў Маладзечна. І вельмі скардзіцца на міф, што ІТР “нічога не робяць, а заробкі маюць вялікія”.

У сям’і Дзмітрыя чатыры чалавекі: ён, жонка, дачка-падлетак і дзіця дашкольнага ўзросту. Ёсць яшчэ і кот, які таксама патрабуе расходаў.

Агульны даход сям’і за месяц складаў 1100 рублёў. Нядаўна ёй давялося змяніць працу, з-за чаго даход зменшыўся, адпаведна і сродкі прыйдзецца размяркоўваць па-іншаму.

Як мяркуе мужчына, у першую чаргу зменшаць выдаткі на ежу. Але нават калі разглядаць апошні месяц, калі даход быў адносна прыстойны, эканоміць даводзілася на многім.

Расходы на праезд

Жонка Дзмітрыя па зменах працуе ў Мінску. Каб дабрацца на працу, прачыналася ў 3 гадзіны ночы, у 4 раніцы ехала на Мінск. Вярталася каля 23 гадзін. У такія дні яна пад’язджала да вакзала на аўтамабілі, а Дзмітры дабіраўся на сваю працу аўтобусам. Калі ў жонкі выхадны, то аўтамабіль браў муж.

Каля 150 рублёў штомесяц сям’я выдаткоўвала на дарогу. Яшчэ 60 рублёў – на паліва для машыны, калi не патрабуюцца траты на рамонт і абслугоўванне.

У 150 рублёў абыхо­дзіцца аплата камунальных плацяжоў, сувязі, інтэрнэта і дзіцячага садка. 300 рублёў сям’я аддае на пагашэнне крэдытаў.

На жыццё застаецца каля 440 рублёў.

На ежу дазваляюць аддаць да 300 рублёў. Астатняя рэшта ідзе на набыццё дзіцячых рэчаў, радзей муж і жонка дазваляюць нешта купіць сабе. І то толькі ў выпадках, калі набыць новую рэч проста неабходна.

 

Эканоміць умеем абое

– Нават не ідзе гаворка, каб мая жонка траціла грошы на жаночыя радасці ці бяздумнае папаўненне гардэроба, – дзеліцца Дзмітры. – У нашай сям’і эканоміць мы навучыліся – памятаем пра 90-я. Апошнi раз у рэстаран цi кафэ хадзілі летам 2013 года.

Мяркую, калi б мог зарабляць больш, тады і расходы былi б iншыя, а не якасць жыцця. Ведаю людзей, якія добрую частку зарплаты трацяць на сябе. Ведаю людзей, якія ўсю зар­плату трацяць на сябе. Мне б сумленне на дазволіла траціць на сябе. Усё нясу ў сям’ю.

У магазін па прадукты ходзяць звычайна некалькі разоў на ты­дзень, адзін паход абыходзіцца прыблізна ў 30 рублёў. Дадаткова могуць набываць хіба што хлеб і малако. Пры гэтым удаецца клапаціцца, каб у дзіцяці было паўнавартаснае харчаванне, хапала і гародніны, і садавіны.

Фота rbc.ru.

Фота rbc.ru.

– Кілбасу дазволіць сабе я не магу, пры ўсёй эканоміі гэта для нас раскоша, – удакладняе Дзмітры. – Знаёмыя дзівяцца, як гэта мы без кілбасы жывём. Ну, часам дзіця просіць якія-небудзь сасіскі, то зрэдку можам набыць, але не са свініны ці ялавічыны, а курыныя. Часцей бяром курыцу, мяса чым таннейшае. Алкаголь у сям’і адсутнічае зусім. Мне вельмі шкада выкідаць на яго грошы. Ну, і не куру, хаця не толькі з-за эканоміі, проста не падабаецца.

Адзіны выпадак, калі муж і жонка могуць дазволіць сабе шампанскае, – хіба што Новы год. Прычым святочны стол хаця і ўпрыгожваюць больш урачыстыя стравы, чым звычайна, яны не выцягваюць з кашалька нашмат больш, чым звыклы паход у магазін.

У сям’і святкуюць дзіцячыя дні нараджэнні, дарослыя ж святы даводзіцца ігнараваць.

Пашанцавала зарабіць у Сочы

Накапіць на будучыню пры такім размеркаванні сродкаў сям’і не выпадае. Апошні раз, калі Дзмітры збіраў грошы, – чатыры гады таму, калі атрымалася накапіць на кватэру. Дзякуючы гэтаму жыллёвае пытанне для сям’і вырашанае.

Аўтамабіль мяняць не плануюць, у ім жа жыць не будзеш. Галоўная мэта, на якую неабходна збіраць грошы, – уладкаванне жылля. Яшчэ год штомесяц трэба выдаткоўваць па 300 рублёў на крэдыты, пасля будзе нашмат лягчэй.

Дзмітры адзначае, што цяперашнія складанасці – не самыя вялікія цяжкасці, з якімі сутыкалася сям’я. Некалькі год таму жылі ў вёсцы. Працаваў па той жа спецыяльнасцi, што i цяпер.

Мужчына дзяцей амаль не бачыў: калі ішоў на працу, дзеці яшчэ спалі, а калі вяртаўся, таксама ўжо спалі. Жылі ў службовым доме, жонка была ў дэкрэтным адпачынку.

Вельмі дапамагаў свой участак, трымалі гаспадарку: курэй, гусей, перапёлак, трусоў, разводзiлi свiней. Спачатку жонка была поў­ная энтузіязму. Аднак улічваючы, што муж увесь час павінны быў быць на працы, а з гаспадаркай і дзецьмі даводзілася спраўляцца адной, энтузіязму ўсё меншала, улiчваючы, што даход сям’i складаў роўна пражытачны мiнiмум. Праз некалькі год вырашылі, што неабходна нешта мяняць.

Фота Pixabay.

Фота Pixabay.

У Дзмітрыя былі добрыя часы, калі ён на некаторы час ездзіў на заробкі ў Сочы. Гэта дазволіла назбіраць не адну тысячу долараў, на якія пасля пашчасціла набыць кватэру. У той час  адно лета Дзмітры нават звазіў сям’ю ў Сочы. Цяпер пра адпачынак можна толькі марыць.

Рэчы для малодшага дзіцяці стараюцца па магчымасці абменьваць. Калі б не гэта магчымасць, даводзілася б набываць нешта новае ледзь не кожны месяц.

– Калі жылі ў вёсцы, у нас першых з’явіўся інтэрнэт. Дзякуючы яму шукалі танныя прапановы. Нікуды не вы­едзеш, працаваў амаль кругласутачна.  Закупкі праз інтэрнэт вельмі выратавалі ў той час.

Мужчына ганарыцца, што нават у цяжкія перыяды сям’я з усім спраўлялася самастойна, без дапамогі бацькоў і сваякоў. Тым больш, што жывуць яны не бліжэй чым за 100 кіламетраў.

Дзмітры не хавае, што сям’я жыве не ў раскошы, але лічыць, што амаль пры любым дахо­дзе можна адкладаць, толькі розныя сумы. Галоўнае, ведаць, на што, і не складаць рукі.

Фота скарыстаныя ў якасці ілюстрацыі.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце