Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна Маладзечна
Вілейка Вілейка
Смаргонь Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын Валожын
Мядзел -1° Мядзел
Астравец Астравец
Грамадства
Вілейка
6.11.2017 12:25 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

Думаў, сустрэну крыважэрных выкладчыкаў, якія мараць "заваліць" студэнта: вілейскі "стабальнік" падзяліўся ўражаннямі ад студэнцтва

1 верасня ў медуніверсітэце. Ягор – крайні справа. Фота vk.com.

1 верасня ў медуніверсітэце. Ягор – крайні справа. Фота vk.com..

Падчас сёлетняй уступнай кампаніі імя Ягора Белахвостава прагучала на ўсю Вілейшчыну. А як жа? Выпускнік гімназіі “Логас” на сто балаў здаў цэнтралізаванае тэставанне па хіміі.

Вынікам па біялогіі і рускай мове да сотні не хапіла зусім крыху: Ягор набраў 99 і 96 балаў адпаведна. Да таго ж сюды дадаліся 96 балаў са школьнага атэстата.

Атрымалася, што вілейскі выпускнік амаль дагнаў па выніках тэставання лепшых сталічных гімназістаў.

Як склалася жыццё гэтага разумніка з Вілейкі? Ці здзейснілася яго мара – паступленне на стаматалагічны факультэт? Пра першыя ўражанні ад студэнцтва Ягор распавёў нашай газеце.

Фізіка, лаціна… Усё лёгка і цікава

– Вучуся ў медыцынскім універсітэце ў Мінску, на стаматалагічным факультэце, – пачынае Ягор.

Значыць, мара здзейснілася. Ягор вывучае шмат цікавых для яго дысцыплін: гісталогію, біялогію, фізіку, лацінскую мову, агульную стаматалогію.

Кажа, было вельмі прыемна, што ў першы студэнцкі панядзелак жаданую стаматалогію правялі першай парай.

Вывучаюць таксама замежную мову і прафесійную лексіку. Гэта, на думку Ягора, абавязкова спатрэбіцца ў працы.

Менш цікавяць сацыяльна-гуманітарныя дысцыпліны. Аднак асаблівых цяжкасцяў у вучобе Ягор пакуль не адчувае.

Адзінае, гісталогія – навука пра тканкі – даецца крыху цяжэй за астатнія з-за вялікага аб’ёму інфармацыі.

Кажа, лёгка і цікава вучыць лаціну. Ды і фізіка, да ўласнага здзіўлення, цікавіць таксама.

Выкладчыкі і растлумачаць, і зразумеюць, і адпусцяць раней

Ужо ў першыя дні вучобы Ягор заўважыў асноўнае адрозненне ўніверсітэцкай сістэмы ад школьнай.

– Ва ўніверсітэце мы самі рыхтуем тэму да заняткаў, – тлумачыць Ягор. – А на занятках ужо разбіраем пытанні, якія ў нас узніклі пры вывучэнні.

Па словах віляйчаніна, такая сістэма для многіх аднагрупнікаў нязвыклая.

А Ягор добра знаёмы з ёй дзякуючы працы з рэпетытарамі.

– Ідучы ў гэту ВНУ, чакаў сустрэць “крыважэрных” выкладчыкаў, якія толькі і хочуць, што “заваліць” студэнта, – жартуе Ягор. – Але на самой справе мы маем добрых педагогаў, якія і растлумачаць, і зразумеюць, а часам яшчэ і з заняткаў адпусцяць раней.

Школьныя праграмы па хіміі і біялогіі, па назіраннях Ягора, пераклікаюцца з універсітэцкімі.

Маючы добрую пад­рыхтоўку па гэтых прадметах, а яшчэ па гісторыі, Ягор эканоміць час для вывучэння новых дысцыплін.

Нават застаецца час на вячэрнюю прагулку

Працоўны дзень студэнта пачынаецца ад 6:30. Заняткі – ад васьмі раніцы і працягваюцца да трох-чатырох гадзін дня.

Раз у дзень, або паміж парамі, або пасля іх, студэнт харчуецца ў сталовай. У інтэрнаце пасля кароткага адпачынку Ягор зноў садзіцца за вучобу.

– Не скажу, што вучоба займае вельмі шмат часу. Здараецца, што ўвечары нават ёсць час прагуляцца, – дзеліцца Ягор.

Большасць у Ягоравай групе дзяўчат: 12 з 15 студэнтаў. Падобная сітуацыя і ў іншых групах.

Мінчан шэсць чалавек, астатнія прыезджыя. Замежных студэнтаў у групе Ягора няма, хоць ва ўніверсітэце іх можна сустрэць часта.

Па словах студэнта Ягора Белахвостава, усе аднагрупнікі старанныя. Але магу сказаць, што мой узровень ведаў адзін з самых высокіх, кажа мой суразмоўца.

– З усімі аднагрупнікамі ўжо пасябраваў, – распавядае Ягор. – А каб атрымаць поўнае задавальненне ад студэнцкага жыцця, вырашыў жыць у інтэрнаце.

У сталіцы жывуць бабуля і дзядуля Ягора. Яны заўсёды гатовыя дапамагчы ўнуку. Таму бытавыя пытанні часта вырашаюцца “на месцы”.

Аднак дадому пакуль Ягор ездзіць кожныя выхадныя.

– Не магу сказаць, што вельмі сумую, – дзеліцца хлопец. – Але заў­сёды прыемна вярнуцца дадому, хаця б на два дзянькі.

А яшчэ адказнага і разумнага віляйчаніна абралі старастам групы.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце