Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна Маладзечна
Вілейка Вілейка
Смаргонь Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын Валожын
Мядзел -1° Мядзел
Астравец Астравец
Грамадства
Вілейка
7.11.2017 08:45 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

У пяць раніцы аб'язджаў фермы, быў заўсёды ў ботах, гадаваў чацвярых дзяцей: аднавяскоўцы – пра легендарнага дырэктара саўгаса "Любань"

Сёння, 7 лістапада, спаўняецца 100 год з Дня нараджэння беларускага гаспадарчага дзеяча, заслужанага агранома БССР (1967), дэпутата ВС СССР (1974-1979), Героя сацыялістычнай працы (1972), ветэрана вайны, дырэктара саўгаса "Любань , што на Вілейшчыне, Яўгена Мірановіча (1917-1980).

Пра аднавяскоўца з нагоды яго 100-годдзя прыгадваюць Роза Шэрая (Ваўчок) і Вольга Кавалеўская (Талайка).

Усе дзеці Мірановічаў былі разумныя і абаяльныя

У сям'і дырэктара саўгаса было чацвёра дзяцей: Геня, Соня, Сеня і Маша. З адной з дачок, Геняй (Яўгеніяй), Роза Шэрая і Вольга Кавалеўская вучыліся ў адным класе.

Па словах Розы Канстанцінаўны, усе дзеці Мірановічаў былі вельмі прыгожыя і абаяльныя. Соня Мірановіч – начытаная. У школе яе звалі "наша энцыклапедыя".

Жонка Яўгена Мірановіча Любоў Фёдараўна была дырэктарам школы ў Любані, выкладала рускую мову, шмат твораў ведала на памяць. Былыя вучні памятаюць настаўніцу як строгую і патрабавальную.

– Кожную раніцу, – распавядае Роза Канстанцінаўна, – мы ў школе рабілі зарадку. Любоў Фёдараўна праходзіла па радах, правярала, ці чыста апранутыя дзеці, глядзела, каб хлопчыкі былі ў касцюмах, а дзяўчынкі ў форменных сукенках. Дысцыпліна была строгая.

Усе дзеці Мірановічаў атрымалі вышэйшую адукацыю. Калі ў 1980 годзе не стала бацькі, яны выехалі за мяжу назаўсёды. І маці таксама.

Рабіў усё, каб моладзь вярталася ў родны саўгас

Яўген Федаравіч, прыгадваюць жанчыны, быў заўсёды ў ботах. У чатыры-пяць гадзін раніцы аб'язджаў фермы, глядзеў за парадкам. На кіраўніка раўняліся і Уладзімір Завацкі, галоўны ветэрынарны доктар, і Міхаіл Казакевіч, галоўны заатэхнік. Яны таксама амаль увесь час былі на фермах, палях і элеватарах.

У 1960-80-ыя гады амаль не было злодзеяў, якія б нешта выносілі з саўгаса, прыгадала Вальга Кавалеўская. Усе ведалі, што могуць сустрэць дырэктара ў любы час, і днём і ноччу, таму красці баяліся.

Мірановіч паважаў працаваітых людзей, моладзь. Маладых накіроўваў вучыцца і наказваў вяртацца ў саўгас. Многія вучыліся на пчаляроў, рыбаводаў, садаводаў, аграномаў, бухгалтараў, жывёлаводаў. І ўжо атрымаўшы адукацыю, вярталіся назад у родны саўгас.

Месцаў для працы пры Мірановічу хапала ўсім. Быў кансервавы завод, спіртзавод, цэх шыпучых вінаў. Гадавалі авечак і выпускалі брынзу. Былі кабылі, і быў свой кумыс. Вырошчвалі шампіньёны.

У саўгасе быў вялікі сад і пладовыя кусты, пчаліная і рыбная гаспадаркі.

Пры Мірановічу ў Любані пабудавалі кантору, клуб, новую школу. У ёй запрошаны мастак стварыў галерэю партрэтаў лепшых працаўнікоў саўгаса.

Розу Канстанцінаўну заўсёды здзіўляла, што Яўген Фёдаравіч ці не кожнага вяскоўца ведаў у твар і па імені.

– Я з'ехала з Любані і некальні год там не была, а аднойчы прыехала, – прыгадвае жанчына. – Тады пры сустрэчы з Яўгенам Фёдаравічам я павіталася, а ён адказаў "здравствуй, Роза." Я здзівілася тады, што ён нават імя маё памятае.

Даведка "РГ"

Яўген Мірановіч (Анатоль Фінкельштэйн) нарадзіўся 7 лістапада 1917 года ў мястэчку Смілавічы на Чэрвеншчыне ў беднай яўрэйскай сям'і.

Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (1936 год). Ад 1939 года ў Чырвонай Арміі. Удзельнік савецка-фінляндскай вайны (1939-1940).

Падчас ВАВ камандзір партызанскага атрада брыгады Фрунзэ, які дзейнічаў на тэрыторыі Вілейскай вобласці.

Падчас вайны пасля гібелі яго сябра, партызана Яўгена Мірановіча, Анатоль Фінкельштэйн узяў сабе яго імя прозвішча, выконваючы сваю клятву перад баявым сябрам.

Ад 1944 года дырэктар Любанскага спіртзавода, ад 1961 – дырэктар саўгас “Любань” (пазней – саўгас “Любань” імя 50-годдзя СССР). Пад яго кіраўніцтвам саўгас вырас у буйную шматгаліновую гаспадарку з высокай культурай земляробства і жывёлагадоўлі. За поспехі ў павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак сельскагаспадарчай прадукцыі яму прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Узнагароджаны Ордэнам Леніна (1966, 1971). Пахаваны на гарадскіх могілках Вілейкі на вуліцы Першамайскай.

Больш пра Яўгена Мірановіча чытайце ў свежым нумары "РГ".

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце