Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +2° Маладзечна
Вілейка +2° Вілейка
Смаргонь +2° Смаргонь
Ашмяны +2° Ашмяны
Валожын +2° Валожын
Мядзел +1° Мядзел
Астравец +2° Астравец
Спорт
3.11.2017 13:34 ,AЎТАР(Ы): Наталля ТУР

Футбаліст Павел Галубовіч: у гэтым сезоне нам не хапіла футбольнай злосці

Павел Галубовіч лепшы футбаліст 2017 года

Павел Галубовіч лепшы футбаліст 2017 года. Фота Наталлі Тур.

У суботу, 21 кастрычніка, у Маладзечне закрылі футбольны сезон 2017 года. Закрылі прыгожа, перамогай з лікам 6:1 над камандай СДЮСШ-8 з Гомеля. 

У канцы матча заўзятары ФК “Маладзечна ДЮСШ -4” назвалі імя лепшага, на іх погляд, гульца сезона.  Ім стаў Павел Галубовіч, 23-гадовы паўабаронца каманды.

Пасля уручэння заслужанай узнагароды, мы сустрэліся з Паўлам.

– Я не лепшы і не асаблівы, – сціпла прызнаецца Павел, – проста імкнуўся гуляць, не прапускаць трэніроўкі, не падстаўляць каманду. А за такую ўзнагароду дзякуй нашым фанатам, гэта прыемна. Узнагарода заняла сваё месца на паліцы разам з іншымі кубкамі і медалямі, якія я атрымоўваў з шасцігадова ўзросту. Фанаты ў нас харошыя, ездзяць на далёкія выезды, падтрымліваюць. Акрамя гэтай узнагароды, у мяне ёсць яшчэ шалік ФК “Маладзечна”. Неяк фанаты кідалі на поле, я злавіў, берагу, захоўваю.

– А акрамя фанатскай “розы”, збіраеце нешта, звязанае з футболам?

– Не, хіба толькі мне на Дзень нараджэння сябры прыгатавалі торт у форме футбольнага поля, на якім крэмам быў напісаны лік 2:3.

Паўлу, або Паўлу Віктаравічу, 23 гады. Па імені па бацьку Паўла сталі называць  тады, калі ён стаў настаўнікам фізкультуры ў гімназіі № 3, а таксама трэнерам дзяцей у спартыўнай школе.

– Я і трэнірую так, каб у дзяцей не знікала цікавасць да футбола. Дзецям жа хочацца – раз, і заіграць адразу ў вышэйшай лізе, а так не бывае. Я думаю, што футбол – гэта ў меньшай ступені талент, у большай жаданне працаваць. 

– Вы настаўнік строгі? Двойкі ставіце?

– Не, двоек стараюся не ставіць. Толькі цяжка працаваць, калі на ўрок фізкультуры прыходзіць восьмы клас, у якім 30 чалавек. Бывае, што крычу тады, бо не слухаюцца.

– А калі гаварыць пра вас, у якіх працэнтах  суадносіцца ваш талент і працавітасць?

– Думаю, 60 на 40. 60 % таленту ўсё ж. Футбол  я выбраў, калі вучыўся ў першым класе ў той жа самай гімназіі № 3. Тады прыйшоў на ўрок трэнер, спытаўся,хто хоча гуляць, я падняў руку, так і застаўся ў футболе. Не ўяўляю цяпер, чым бы мог займацца акрамя футбола. У дзяцінстве самае страшнае пакаранне для мяне было, калі за нейкую правіннасць бацькі забаранялі хадзіць на трэніроўкі. Таму імкнуўся ўсё выконваць своечасова, каб бегаць трэніравацца.

Павел гуляе за ФК “Маладзечна” два гады, да гэтага быў гульцом сталічнага клуба “Прамень”.

– Калі вучыўся ў педагагічным універсітэце, трапіў у “Прамень”. І адразу стаў гуляць у асноўным складзе. Дарэчы, там таксама атрымаў прыз, як лепшы ігрок сезона. З “Праменем” давялося паездзіць за мяжу, ігралі ў Босніі і Герцагавіне. А калі закончыў вучобу ва ўніверсітэце, вярнуўся ў Маладзечна на працу.

– Павел, акрамя гульні ў футбол, кажуць, што вы цудоўны ігрок і ў футбол на камп’ютары.

– Хто кажа? Саша Альховік? Дык ён са мной не іграў ні разу, адкуль ён ведае,што я добра гуляю? Па праўдзе кажучы, на камп’ютэрныя гульні часу няма. Панядзелак, серада, пятніца я на працы і трэніроўках ад васьмі раніцы да дзевяці вечара.

– Паша, вас паслухаць, у камандзе ўсе гульцы адказныя, дысцыплінаваныя. Чаму ж усё ж такі сёмае месца ў выніку?

– Я не ведаю. Я, праўда, не ведаю. Я не думаю, што нехта спецыяльна іграў блага. Магчыма не хапіла майстэрства, а можа чароўнага пінка. Калі параўноўваць гэты сезон і мінулы, у мінулым гулялася спакойна. Ніхто ніякіх патрабаванняў не выказваў, задач не было. Сёлета ж на нас ціснулі, патрабавалі выхаду ў першую лігу. У хлопцаў быў, пэўна, нейкі мандраж, адказнасць. Нам не хапіла футбольная злосці, вось так вось.

– А ў вас ёсць амбіцыі пагуляць у першай, вышэйшай лізе?

– Канешне, хацелася б. Трэніравацца для гэтага трэба многа. А дзе трэніравацца? Ужо ў шэсць гадзін вечара цёмна.

Нас заганяяюць у каробку. А як там будзеш трэніравацца? Штучнае ж поле нельга ж пабудаваць. Вакол Маладзечна пабудавалі палі ў Чысці, Вілейцы, Смаргоні. А Маладзечна абмінулі.

Падчас размовы Павел не раз узгадвае пра перадапошні сумны матч, які маладзечанцы прайгралі з крыўдным лікам 4:5.

– Вельмі крыўдна прайграваць такія матчы. Стараешся, трэніроўкі не прапускае, а тут залятае такая ерунда.

– Тады многа хто вінаваціў аднаго варатара, Радзівона Субача.

– Нельга вінаваціць у тым, што прайгралі аднаго варатара. Радзівону толькі 18 гадоў. І такіх памылак у яго раней не было, ён жа вучыцца пакуль. Нічога страшнага, бывае ў кожнага.

– Кіраўніцтва каманды вас ужо збірала? Агучвала вынікі сезона? Гаварылі пра планы на будучае?

– Я думаю, нас збяруць пасля апошняй гульні. І яшчэ за час, што я гуляю ў футбол, я зразумеў, што загадваць на будучае нельга. І тое, што абяцаюць у пачатку сезона, не факт, што будзе ў канцы сезона. А я, магчыма, наогул пераеду ў Мінск.

– Паша, вы вельмі спакойны чалавек? Што вас можа вывесці з сябе? Калі пачынаеце крычаць?

– Калі лік у канцы матча становіцца 4:5. 

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце