Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -1° Маладзечна
Вілейка Вілейка
Смаргонь Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын -1° Валожын
Мядзел Мядзел
Астравец Астравец
Культура
9.11.2017 14:27 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

А вы ведаеце, як паказаць кампраміс на фотаздымку? У Маладзечне падвялі вынікі беларуска-нямецкага фотамарафону

На выставе-фотасушцы размясцілі лепшыя здымкі

На выставе-фотасушцы размясцілі лепшыя здымкі.

Як на фотаздымку можна паказаць падтрымку, цярплівасць, зносіны, кампраміс, мусілі вырашаць удзельнікі беларуска-нямецкага фотамарафону “Дружба”.

Фотамарафон ладзілі ў Маладзечне першы раз. А праводзілі яго ў межах традыцыйных тыдняў Германіі ў Беларусі, якія пачаліся 22 верасня і доўжыліся да канцы кастрычніка.

У юбілейны год аднаўлення беларуска-германскіх дыпламатычных адносін Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія праводзіла цікавыя мерапрыемствы па ўсёй краіне для тых, хто хоча пазнаёміцца з культурай, мовай і грамадствам Германіі.

12 фотаздымкаў на 12 тэм за 12 гадзін

Не стала выключэннем і Маладзечна. 28 кастрычніка ў 17:00 у зале літаратуры на замежных мовах цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча па выніках фотамарафону арганізавалі фотавыставу “Freundschaft” (“Дружба”) у фармаце фотасушкі.

Аднак выстава – гэта вынік фотамарафону. А пачыналася ўсё 30 верасня. Тады ў бібліятэцы сабраліся людзі, якія цікавяцца фатаграфіяй. Хтосьці з іх здымае перыядычна, хтосьці – час ад часу.

Бібліятэкар Таццяна Летунова распавяла пра складаны і цікавы фотамарафон.

Бібліятэкар Таццяна Летунова распавяла пра складаны і цікавы фотамарафон.

Сэнс марафону заключаўся ў наступным. Удзельнікі за 12 гадзін робяць 12 фотаздымкаў па 12 тэмах. Сюжэты для сваіх фотатвораў удзельнікі шукалі, ходзячы па вуліцах горада. Таму арганізатары адразу звярталі увагу на тое, каб удзельнікі былі ў зручным адзенні і абутку.

– Першапачаткова планавалі прымаць толькі ўдзельнікаў ад 16 гадоў, – распавяла Таццяна Летунова, бібліятэкарка, адна з арганізатараў фотамарафону. – Але падчас рэгістрацыі было столькі званкоў ад падлеткаў, якім не было 16 год, што мы вырашылі крыху панізіць узроставую мяжу. Параіліся з калегамі з Баранавічаў і Брэста. У іх была падобная сітуацыя.

Як усё пачыналася

30 верасня ў 10 гадзін удзельнікі фотамарафону сабраліся ў бібліятэцы, атрымалі першыя тры тэмы для фотаздымкаў і на дзве з паловай гадзіны пайшлі па горадзе выконваць заданні. У вызначаны час зноў сабраліся ў бібліятэцы і скінулі на ноўтбук выкананыя заданні.

Атрымалі наступныя. І дзейнічалі па ранейшай схеме. Апошні раз фатографы выправіліся на здымкі ў 18:00, а свае фота скінулі ў бібліятэку на электронную пошту.

– Мы вельмі хваляваліся, як адбудзецца фотамарафон, – дзеліцца Таццяна Летунова. – Бо гэта першае падобнае мерапрыемства ў Маладзечне. А яшчэ тэмы нам падаліся вельмі складанымі. Ды і надвор’е зусім не спрыяла.

Адна з пераможцаў Юліяна Казлоўская атрымала ў падарунак флэшку.

Адна з пераможцаў Юліяна Казлоўская атрымала ў падарунак флэшку.

Згодны з Таццянай і маладзечанскі фатограф Яўген Стэльмах, старшыня журы фотамарафону. Ён лічыць, што і часу на здымкі варта было даць больш, і тэмы не такія складаныя. Ды і ўмовы надвор’я цяпер магчыма крыху прадугледзець.

Па словах Яўгенія, выязджаючы здымаць захад ці ўсход, ён заўсёды кіруецца парадамі сіноптыкаў. І калі тыя абяцаюць бязвоблачнае надвор’е, то звычайна так і бывае.

Як на фотаздымку ўвасобіць кампраміс?

Што ж павінны былі ўвасобіць у сваіх фотаздымках удзельнікі? Тэмы былі наступныя: “Клопат”, “Падтрымка”, “Сварка”, “Цярплівасць”, “Кампраміс”, “Вернасць”, “Давер”, “Сакрэт” і іншыя. Атрымаўшы такія тэмы, мы самі былі ў шоку, дзеліцца Таццяна Летунова.

Прапанаваныя тэмы ўдзельнікі ўбачылі па-рознаму. Хтосьці на здымку сварка паказаў дзе сумныя дзяўчыны, а ў кагосьці – два коцікі, якія глядзяць у розныя бакі.

Віктар Летуноў не пакідаў фотаапарат і ў час узнагароджання.

Віктар Летуноў не пакідаў фотаапарат і ў час узнагароджання.

Падчас ацэнкі работ нярэдка ўзнікалі дыскусіі. Напрыклад, на тэму “Вернасць” фатограф прапанаваў вясельны фотаздымак. Аднак, на думку журы, фотаздымак першага дня сямейнага жыцця – далёка не паказчык вернасці.

У журы былі два фатографы, два мастакі, бібліятэкар і дырэктар бібліятэкі. Кожны ставіў свае балы, якія пасля складаліся. Звярталі ўвагу на якасць фотаздымкаў, на тое, ці ўсе заданні выканаў удзельнік. Пасля вызначалі лепшую працу ў кожнай тэме.

– Працы мы ацэньвалі па пяцібальнай шкале, – расказаў Яўген Стэльмах. – І шчыра кажучы, я мала каму ставіў пяцёркі. Лічу, што даволі цяжка раскрыць тэму адным фотаздымкам. Гэта не фотамарафон, а мегафотамарафон.

Маладым фатографам Яўген параіў часцей хадзіць па горадзе і здымаць на вызначаную тэматыку. Гэта, на яго прафесійную думку, дае шмат досведу, развівае прафесіяналізм фатографа.

У падарунак – фотасесія і майстар-клас

Пераможцамі фотамарафону сталі Дар’я Часноўская і Ганна Багдановіч з сёмай гімназіі, а таксама маладзечанка Юліяна Казлоўская, якая прыйшла на мерапрыемства з сынам.

Прыз глядацкіх  сімпатый вызначылі галасаваннем. У адзін з дзён за фотаздымак, які найбольш спадабаўся, галасавалі супрацоўнікі бібліятэкі, госці з інстытута Гётэ і чытачы, якія прыходзілі ў бібліятэку. Большасць адзначыла фотаздымак Алесі Чумаковай.

Пераможцы і ўдзельнікі атрымалі ў падарункі неабходнае абсталяванне для фотаздымкі. А Дар’я Часноўская, якая заняла першае месца, у падарунак атрымала майстар-клас ад Яўгена Стэльмаха і фотасесію з ім.

Вялікія каляровыя фотаздымкі фармату А4 з выставы-фотасушкі ўдзельнікам таксама дазволілі забраць у якасці падарункаў ад бібліятэкі.

Падчас узнагароджання прайшла скайп-канферэнцыя. Маладзечанская бібліятэка звязалася з бібліятэкамі Брэста і Баранавічаў, дзе таксама ладзілі фотамарафоны. Па скайпе маладзечанцы атрымалі прывітанне ад прадстаўніцы пасольства Германіі ў Беларусі фраў Лютэр.

Тыдні Германіі ў Беларусі скончыліся 31 кастрычніка. Акрамя фотамарафону, супрацоўнікі бібліятэкі правялі “круглы стол” на нямецкай мове. Сюды запрасілі нямецкую сям’ю і вучняў маладзечанскіх школ, якія вывучаюць нямецкую мову.

Пасольства ФРГ у Беларусі.

 

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце