Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +2° Маладзечна
Вілейка +2° Вілейка
Смаргонь +2° Смаргонь
Ашмяны +2° Ашмяны
Валожын +2° Валожын
Мядзел +1° Мядзел
Астравец +2° Астравец
Грамадства
13.11.2017 10:55 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

Як працуюць сталяры-кітайцы і чаму беларускім калегам іх не дагнаць: у маладзечанскім каледжы правялі конкурс прафесійнага майстэрства

Ягор Янкоўскі робіць драўляную скрыню. Фота Аксаны Ярашонак

Ягор Янкоўскі робіць драўляную скрыню. Фота Аксаны Ярашонак.

У маладзечанскім каледжы пачаўся штогадовы конкурс прафесійнага майстэрства “Каледж-скілс”.

Свае ўменні тут дэманстравалі будучыя сталяры і маляры. Сталяры за чатыры гадзіны павінны былі зрабіць драўляную скрыню.

Для маляроў падрыхтавалі імітацыю памяшкання, дзе яны клеілі шпалеры, рабілі дэкаратыўную тынкоўку з нанясеннем арнаменту.

Малады сталяр з Маладзечна выступаў на міжнародным конкурсе

– Конкурс мы ладзім штогод, – кажа Кацярына Ілюковіч, намеснік дырэктара каледжа па вытворчым навучанні. – Робім гэта для таго, каб падняць прэстыж рабочай спецыяльнасці, а таксама выбраць навучэнца, які б мог дастойна выступіць на абласным, рэспубліканскім, а магчыма, і сусветным конкурсе прафесійнага майстэрства “Ворд Скілс”.

Будучы маляр працуе з імітацыяй памяшкання. Фота Кацярыны Ілюковіч.

Будучы маляр працуе з імітацыяй памяшкання. Фота Кацярыны Ілюковіч.

Тым больш, што досвед міжнароднага ўзроўню ў каледжы ўжо ёсць. Нядаўні выпускнік Ціхан Кавальчук з Мар’інай Горкі летась як сталяр паспяхова адолеў усе этапы, ад унутранага да рэспубліканскага. І сёлета ён разам са сваім майстрам вытворчага навучання Мікалаем Цалко прадстаўляў Беларусь на конкурсе ў Шанхаі.

– Канешне, не факт, што сярод сённяшніх трох удзельнікаў конкурсу знойдзецца такі Ціхан, – кажа Мікалай Цалко. – Але гэтым навучэнцам ёсць да чаго імкнуцца.

Па словах майстра, у падрыхтоўцы да падобных конкурсаў важныя і прафесійныя ўменні, і псіхалагічная, і фізічная падрыхтоўка. Важна, каб былі развітыя групы мышц, неабходныя для працы сталяра.

Кітайцы працуюць “подбегам”

Мікалай Цалко прыгадаў нядаўні конкурс у Шанхаі. Кажа, што там адразу звяртаеш увагу на тое, як працуюць кітайцы, японцы, карэйцы.

– Яны і робяць усё вельмі хутка, і па працоўнай пляцоўцы подбегам усё робяць, але гэта не пустая мітусня, а вывераныя і сістэматызаваныя рухі. Гэта ў кітайцаў і японцаў яшчэ на генным узроўні. Нам іх не дагнаць, – перакананы Мікалай Цалко.

Іншыя майстры, па назіраннях Мікалая Яўгенавіча, былі ўсе ў поце, гублялі інструменты, рабілі шмат лішніх рухаў, каб іх знайсці. І ў выніку прайгравалі сваім калегам.

Шпалеры, дэкаратыўная тынкоўка. Фота Кацярыны Ілюковіч.

Шпалеры, дэкаратыўная тынкоўка. Фота Кацярыны Ілюковіч.

А вось сістэма прафесійнай адукацыі ў нас і за мяжой крыху падобная, лічыць майстар. Напрыклад, на выпускныя экзамены і ў нас, і ў Шанхаі ў камісію запрашаюць прадстаўніка арганізацыі, якая возьме на працу выпускніка.

Па словах Кацярыны Ілюковіч, правядзенне такіх конкурсаў нават у межах каледжа патрабуе не малых выдаткаў. Напрыклад, каб закупіць абсталяванне на конкурс сантэхніку трэба аддаць каля 100 рублёў. Грошы выдзяляе кіраўніцтва каледжа з тых сродкаў, што зарабляюць пазабюджэтнай дзейнасцю.

З конкурсам паміж сталярамі крыху лягчэй: асабліва дарагіх матэрыялаў не трэба, тое-сёе з абсталявання засталося з таго часу, як рыхтавалі Ціхана.

Закупленае абсталяванне не знікае дарма. Ім карыстаюцца наступныя навучэнцы, а ўдзельнікі конкурсу разбіраюць свае памылкі.

Выкласці з пліткі лічбу 60

Сёлета для ўдзелу майстры выбралі будучых сталяроў Сямёна Асіповіча, Мацвея Шлойду і Ягора Янкоўскага.  У кожнага на стале ляжыць чарцёж і малюнак гатовага вырабу.

– Раблю драўляную скрыню для захоўвання нейкіх рэчаў, – тлумачыць студэнт другога курса, хлопец з Яхімоўшчыны Сямён Асіповіч. – На працу нам далі чатыры гадзіны.

За працай.

За працай.

За работай хлопцаў назіраюць намеснік дырэктара па вытворчым навучанні, майстар і член журы.

– У журы мы заўсёды запрашаем незацікаўленых людзей, – распавяла Кацярына Ілюковіч. – Да маляроў прыходзіў прадстаўнік будаўнічай арганізацыі горада. Да сталяроў сёння запрасілі настаўніка працоўнага навучання першай школы. Судзяць вельмі строга, кожную дробязь заўважаюць.

Сёлета ў рамках конкурсу “Каледж-скіс” запланаваныя таксама прафесійныя спаборніцтвы паміж швачкамі, плітачнікамі, сантэхнікамі, мулярамі.

Для некаторых з іх ужо гатовыя заданні. Напрыклад, плітачнікі павінны будуць з пліткі розных колераў выкласці вялікую лічбу “60”. Яе ж з цэглы будуць рабіць муляры.

Чаму? Таму што ў наступным годзе маладзечанскі прафесійна-тэхнічны каледж будзе святкаваць 60-годдзе.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце