Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +2° Маладзечна
Вілейка +2° Вілейка
Смаргонь +2° Смаргонь
Ашмяны +2° Ашмяны
Валожын +2° Валожын
Мядзел +1° Мядзел
Астравец +2° Астравец
Грамадства
Вілейка
14.11.2017 09:44 ,AЎТАР(Ы): Зоя ХРУЦКАЯ

Ёсць два варыянты выйсця. Што чакае гарадзішча жалезнага веку, якое знішчаюць на Вілейшчыне

Від на гарадзішча з боку кар'ера, бачны падкоп пад пляцоўку гарадзішча

Від на гарадзішча з боку кар'ера, бачны падкоп пад пляцоўку гарадзішча. Фота забяспечана Максімам Чарняўскім.

Каля вёскі Арпа Крывасельскага сельсавета будаўнічая арганізацыя распрацоўвае кар’ер. Аказалася, што ў гэтым месцы знаходзіцца мясцовы археалагічны помнік, падобных якому ў раёне налічваецца дзясятак.

Частку культурнага слоя паспелі парушыць, але краязнаўцы падаспелі своечасова. Яшчэ тыдзень – і беларусы пазбавіліся б аб’екта культурнай спадчыны, самі таго не ведаючы.

“З ДБУ робяць крайніх”

Дарожна-будаўнічае ўпраўленне №13 здабывае ў кар’еры каля Арпы пясок. Ім выдзелілі гэты ўчастак, і яны пачалі яго распрацоўваць. Мясцовыя паведамілі, што там можа ўтрымлівацца нешта каштоўнае, Максіму Чарняўскаму, старшаму навуковаму супрацоўніку аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук.

З баз па помніках ён убачыў, што прыкладна там месціцца гарадзішча. Пасля прыехаў і спраўдзіў, што кар’ер капаюць якраз на яго месцы.

– Ва ўсёй сітуацыі мне больш за ўсё шкада ДБУ, таму што не яно павінна адсочваць помнікі на сваіх участках. Мне паказвалі дакументы дазволу на работы. Ці да чыноўнікаў, адказных за культуру, не звярнуліся, ці яны прафілонілі сваю працу.

Максім Чарняўскі. Фота Зоі Хруцкай.

Максім Чарняўскі. Фота Зоі Хруцкай.

Археолаг зафіксаваў, што на частцы круглага гарадзішча бульдозерам цалкам зняты культурны слой. Некранутай засталася літарка “С” па перыметры.

Пасля Інстытут гісторыі напісаў прадпісанне на райвыканкам аб спыненні работ. І аб тым, што ёсць два варыянты вырашэння праблемы. Першы – змена праект­нага плана, умацаванне схілаў гарадзішча, кансервацыя і выратавальныя раскопкі пашко­джаных частак. Другі варыянт – раскапаць археалагічна цалкам рэшткі гарадзішча, далей можна выкарыстоўваць пагорак пад кар'ер цалкам.

З інтэрв’ю начальніка аддзела культуры, ідэалагічнай работы і па справах моладзі Сяргея Паўлоўскага парталу “Sputnik.by” вынікае, што ён падтрымлівае пазіцыю Акадэміі навук, ДБУ павінна выбраць адзін з прапанаваных варыянтаў і знайсці на гэта грошы.

– З-за гэтага мне вельмі няўтульна: гэта не віна ДБУ, але яны сталі ў сітуацыі крайнімі, –

кажа Максім Чарняўскі. – У той час, як нікому з чыноўнікаў усіх узроўняў не будзе хоць нейкае пакаранне, а віна іх. І адказнасць павінна быць на іх, хаця перакідваецца на ДБУ. Гэта зусім немалыя грошы, цяпер плошча тэрыторыі каля 1000 квадратных метраў ацалелага слоя. Я днямі праязджаў тое месца, бачыў, што яны спынілі работы, а значыць, трымаюць нашы дамовы.

Гэта гарадзішча вядомае з 19 стагоддзя, яно ёсць у спісе помнікаў гісторыі і культуры Вілейкі і Вілейскага раёна, дадатку да рашэння райвыканкама №1729 ад 2013 года. Гэта ўмацаванае паселішча-сховішча жалезнага веку. У тым жа спісе на тэрыторыі Вілейскага раёна іх 10.

– З пункту гледжання гісторыі і археалогіі – гэта вельмі каштоўныя крыніцы па даследаванні, – мяркуе навукоўца. – На гэтай пляцоўцы была зона па выплаўцы жалеза. Сказаць больш можна пасля даследавання. Прыбалты такія месцы ўключаюць у турыстычныя маршруты, ладзяць там мера­прыемствы. Там месца вельмі маляўнічае, і магло б быць менавіта такім турыстычным аб’ектам.

У пачатку мінулага тыдня павінны былі зносіць частку кар’ера, дзе гарадзішча. Прыехаў бы праз тыдзень – праблемы ўжо не было б.

Акадэмія будзе чакаць рэакцыі ДБУ і райвыканкама.

ДБУ: грошы на раскопкі для нас непад’ёмныя

Начальнік вілейскай ДБУ-13 Сяргей Сопрых на пытанне, да чаго схіляецца арганізацыя – кансервацыі ці капаць на знос, – адказвае:

– Калі мы даведаліся пра гэту сітуацыю, вядома, ні пра які знос не можа ісці гаворка. Але хочацца, каб увайшлі і ў становішча ўпраўлення. Кар’ер быў адведзены з усімі ўзгадненнямі, эканамічна мы на яго разлічвалі. Пад гарадзішчам знаходзіцца 2/3, а то і 3/4 ад усяго аб’ёму выпрацоўкі.

Было б ідэальным варыянтам, калі б праектныя і культурныя арганізацыі разам з намі правялі б там работы па пошуку археалагічнага матэрыялу. Мы б дапамаглі з арганізацыяй бытавых умоў, у саміх работах. А проста кансерваванне прывя­дзе да таго, што ДБУ застанецца без свайго кар’ера. Гэта бяда. Пакуль мы закрылі там усе работы. Паводле ліста райвыканкама, ёсць рэкамендацыя па ўмацаванні сцен, гэта мы зробім за тыдзень-паўтара. А юрыдычная служба нашага трэста прапрацоўвае, як зрабіць так, каб наша з вамі культурная спадчына не пацярпела.

Ці зможа арганізацыя фінансаваць археалагічныя работы, як гэтага патрабуе закон, кіраўнік арганізацыі кажа:

– Сума для арганізацыі непад’ёмная. Але тут паўстае іншае пытанне. На адкрыццё кар’ера была выдаткаваная каласальная сума, і хто яе будзе кампенсаваць? Да 10 лістапада я разлічваю атрымаць юрыдычную кансультацыю трэста, і будзем прапрацоўваць, што рабіць далей. Адкрываць новы кар’ер? А хто кампенсуе затраты па адкрыцці цяперашняга?

Адказу на пытанне, хто даў дазвол на гэтыя раскопкі, пакуль няма:

– Цяпер я не магу адказаць, таму што на пасадзе з два месяцы, і ўвесь пакет дакументаў яшчэ не падымаў.

Участак пляцоўкі, зачышчаны бульдозерамі ад культурнага пласту, які ссунуты ў валы па перыметры гарадзішча. Фота забяспечана Максімам Чарняўскім.

Участак пляцоўкі, зачышчаны бульдозерамі ад культурнага пласту, які ссунуты ў валы па перыметры гарадзішча. Фота забяспечана Максімам Чарняўскім.

Райвыканкам: вінаватая  заканадаўчая загваздка

На пытанне, якое выйсце лічыць аптымальным,  начальнік аддзела культуры, ідэалагічнай работы і па справах моладзі Сяргей Паў­лоўскі адказвае – правядзенне раскопак. Па заканадаўстве забяспечыць іх фінансаванне павінны заказчык, якім тут выступае ДБУ-13.

– Ці змогуць яны асіліць такія выдаткі?

– Я не ведаю ні аб’ёмы, ні сумы. Цяпер чакаю адказу ад кіраўніцтва ДБУ, каб яны выказалі сваю думку. Нічога новага дадаць не магу.

Сяргей Фёдаравіч кажа, што такая сітуацыя магла адбыцца праз недасканаласць заканадаўства, якім кіраваліся на момант падпісання дазволу на работы. “Гэта заканадаўчая загваздка. Цяпер усё ясна па Кодэксе аб культуры. Пры распрацоўцы дакументацыі на земляныя работы трэба звярнуцца ў Акадэмію навук, а пасля ўзгаднення – да мясцовых органаў. Цяпер заканадаўства распрацаванае лепш”.

Акадэмія: гэта невялікія грошы ў параўнанні з важнасцю

Паводле Кодэкса аб культуры, які ўступіў у законную сілу ў пачатку года, заказчык земляных работ не можа атрымаць дазвол на работу без заключэння Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук аб наяўнасці ці адсутнасці на месцы помнікаў археалогіі. Таксама мусіць фінансаваць неабходныя мерапрыемствы па ахове археалагічнай спадчыны.

І не толькі вядомых археалагічных аб’ектаў, але і работы па выяўленні яшчэ не ўлічаных помнікаў у межах зоны новабудоўлі. Патрэбная для гэтага сума разлічваецца са Зборніка норм затрат працоўных рэсурсаў. Яна залежыць ад многіх фактараў: шэрагу патрэбных мерапрыемстваў, умоў, аб’ёму і іншага.

Фрагменты керамікі, якія археолагі паспелі знайсці ў гарадзішчы. Фота Зоі Хруцкай.

Фрагменты керамікі, якія археолагі паспелі знайсці ў гарадзішчы. Фота Зоі Хруцкай.

Ацаніць, у колькі могуць абысціся раскопкі каля Арпы, мы папрасілі намесніка дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Вадзіма Лакізу:

– Дакладныя сумы пралічвае бухгалтар. Напрыклад, перада мной ляжаць дакументы па ўчастку ў Ашмянскім раёне. Навуковыя раскопкі 30 квадратных метраў культурнага пласта там ацанілі  ў      1 603 рублі. Гэта не такія вялікія грошы ў параўнанні з важнасцю аб’екта. А ў сітуацыі на Вілейшчыне была дапушчаная памылка ад моманту выдзялення ўчастку пад работы.

На заўвагу, што дазвол быў падпісаны да ўступлення ў законную сілу Кодэкса аб культуры, Вадзім Лакіза адказаў:

– На момант праектавання дзейнічаў шэраг іншых заканадаўчых норм – пастанова Савета Міністраў №651, Закон Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”, шэраг адміністрацыйных працэдур, якімі павінны былі кіравацца адказныя за дазвол на кар’ер асобы. І згодна з імі, павінны былі правесці папярэдняе даследаванне ўчастка.

Алгарытм дзеянняў быў прапісаны – землебудаўнічыя работы можна праводзіць толькі пасля прыняцця мер па ахове археалагічнай спадчыны.

Адказу на пытанне, хто дазволіў распрацоўваць кар’ер на месцы археалагічнага помніка, мы пакуль не атрымалі. “РГ” будзе сачыць за развіццём сітуацыі.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце