Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -1° Маладзечна
Вілейка Вілейка
Смаргонь Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын -1° Валожын
Мядзел Мядзел
Астравец Астравец
Беларусь
10.11.2017 15:56 ,AЎТАР(Ы): Паводле "Еўрарадыё"

За паўгода да смерці Аляксандра Коржыча ў Печах памёр яшчэ адзін вайсковец – падрабязнасці

Фота euroradio.by.

За паўгода да смерці Аляксандра Коржыча ў той жа вайсковай часці №43064 у Печах загінуў яшчэ адзін вайсковец тэрміновай службы Аляксандр Статуеў. Па афіцыйных звестках, ён страціў прытомнасць у казарме на вачах саслужыўцаў: спынілася сэрца, падрабязнасці здарэння надрукавала "Еўрарадыё".

"18 лютага 2017 года падчас ранішняга пад’ёму, падчас пастраення асабістага складу ў 6 гадзін 05 хвілін ваеннаслужачы ўпаў, страціўшы прытомнасць, ­– падрыхтаваў адразу пасля здарэння "Звесткі аб гібелі Аляксандра Статуева" дзяжурны па 72 гв. АНЦ, падпалкоўнік Туміловіч. – Дзяжурны па навучальнай батарэі малодшы сяржант Нікіценка С.А. неадкладна выклікаў дзяжурнага доктара медыцынскай роты. У 6 гадзін 25 хвілін у падраздзяленне прыбыў доктар. Падчас агляду ў ваеннаслужачага адсутнічала дыханне і сардэчная дзейнасць. Доктар аказваў рэанімацыйныя дзеянні да 6 гадзін 50 хвілін, пасля чаго канстатаваў смерць ваеннаслужачага. Папярэдні дыягназ – парушэнне сардэчна-сасудзістай дзейнасці".

Старшы следчы другога следчага аддзялення Барысаўскага раённага аддзела Следчага Камітэта, маёр юстыцыі Матусевіч праводзіць праверку, але не знаходзіць прычын для ўзбуджэння крымінальнай справы. Следчы паведамляе пра гэта 18 сакавіка, роўна праз месяц пасля трагічнага здарэння. За дзень да гэтага судмедэксперт Сяргей Золін завяршае экспертызу і аддае яе вынікі:

"Смерць Статуева А. А. наступіла ад вострай сардэчнай недастатковасці па прычыне ішэмічнай хваробы сэрца ў спалучэнні з дробнаачаговым серозным міякардытам. Падчас даследавання на целе Статуева А. А. якіх-небудзь цялесных пашкоджанняў не выяўлена".

Цікавае апісанне судмедэксперта таго, што было апранутае на хлопцы: зімовая ды летняя ніжнія сарочкі, зімовыя ды летнія кальсоны, камуфляжныя штаны і шкарпэткі. Больш нічога. Гледзячы па двайным камплекце бялізны, у казармах не вельмі цёпла. Пры гэтым падобна, што Аляксандр апранаўся пасля сну, але ў 6:05 да пастраення гатовы яшчэ не быў.

"Верагодна, абумоўлена зменамі ўмоваў жыцця, рэжыму працы і адпачынку"

Атрымліваецца, што хлопца прызвалі ў войска з ішэмічнай хваробай сэрца!? Следчы таксама задаецца гэтым пытаннем і атрымлівае адказ ад Упраўлення аховы здароўя магілёўскага аблвыканкама. На момант прызыву Аляксандр Статуеў быў прызнаны прыгодным да службы ў войску з нязначнымі абмежаваннямі. Пры гэтым абмежаванні абумоўленыя міжпазваночным астэахандрозам.

Пра праблемы з сэрцам Упраўленне аховы здароўя адказвае, што ў дзяцінстве ў Аляксандра Статуева "мела месца артэрыяльная гіпертэнзія пубертатнага перыяду, якая не мела патрэбы ў прыёме прэпаратаў". Але па выніках неаднаразовых абследаванняў спецыялістаў "у тым ліку і кардыёлага, паталагічных зменаў не знойдзена".

Медыкі некалькі разоў звяртаюць увагу на тое, што дзеянні прызыўной медкамісіі не выходзілі за межы заканадаўства і дадаюць:

"Захворванне (ішэмічная хвароба сэрца) у Статуева А. А. развілася востра, без скаргаў кардыялагічнага характару падчас службы ў шэрагах Узброеных Сіл, і праявілася ў выглядзе ўстойлівых спазмаў каранарных артэрый, верагодна, абумоўленае зменамі ўмоваў жыцця, рэжыму працы і адпачынку, значным павелічэннем фізічных нагрузак".

Аляксандра Статуева прызвалі 24 лістапада 2016 года. Атрымліваецца, што менш, чым за тры месяцы ў хлопца развіваецца сур’ёзнае захворванне, якое праходзіць без сімптомаў і скаргаў на здароўе. За месяц да смерці, з 13 па 19 студзеня Аляксандр ляжыць з ангінай у медчастцы, але і ў гэты час хлопец не скардзіцца на праблемы з сэрцам, не заўважаюць іх і дактары.

"Яго запрашалі ў міліцыю на працу, – распавядае Еўрарадыё крыніца, блізкая да загінулага вайскоўца. – Атрымліваецца, што перад самым прызывам ён прайшоў медкамісію ў паліклініцы МУС, і быў цалкам прыгодны. Ён суткі насіў адмысловы прыбор, які аўтаматычна вядзе бесперапынную рэгістрацыю электракардыяграмы. Ён быў прыгодны для службы ў МУС, але перадумаў. Таму, калі сапраўды нешта здарылася з сэрцам, то толькі праз тое, што яго заганялі і не давалі адпачываць".

У моргу, калі сваякі аглядалі цела, ніякіх слядоў пабоеў заўважна не было. "Але гэта быў візуальны агляд, пераканання, што ён не быў загрымаваны, няма", – кажа крыніца.

Адзінае, сын казаў, што нестатутныя адносіны, а больш нічога не казаў»

Маці ад сына пра дзедаўшчыну не чула нічога:

"Сын ніколі мне ні на што не скардзіўся, – кажа Лілія Статуева. – Бо ён мяне шкадаваў. Заўсёды казаў: усё, мама, добра! Наконт грошай – таксама, не шмат я яму давала. 200 рублёў, калі ездзіла на прысягу, і ў Печы да яго ездзіла таксама, 200 рублёў дала. На картцы яшчэ былі грошы, але ён іх не ўсе патраціў. Ён у мяне ніколі нічога не прасіў! Таму не буду браць грэх на душу і казаць пра дзедаўшчыну. Адзінае, ён казаў, што нестатутныя адносіны, а больш нічога не казаў. Я не ведаю, што і думаць".

Фота euroradio.by.

Фота euroradio.by.

Пасля гібелі ў Печах Аляксандра Коржыча старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч запатрабаваў для дадатковай праверкі ўсе матэрыялы па фактах смерці і нанясенні цялесных пашкоджанняў ваеннаслужачым за апошнія шэсць гадоў. Не засталася без увагі і справа Аляксандра Статуева, праверка па справе адноўленая 10 кастрычніка. Але весці яе даручаюць таму ж маёру юстыцыі Матусевічу Г.Е., які раней ужо не знайшоў прычын для ўзбуджэння крымінальнай справы.

На наступны дзень, 11 кастрычніка следчы даручае Цэнтральнай ваенна-ўрачэбнай камісіі Узброеных сіл РБ правесці пасмяротную ваенна-ўрачэбную экспертызу. Яе мэта — даведацца, ці пакутаваў Аляксандр Статуеў на нейкія захворванні падчас прызыву ў войска, ці быў насамрэч прыгодны для службы і ці не памыліліся дактары падчас абследавання хлопца.

То бок, усё тое, што спадар Матусевіч некалькі месяцаў таму ўжо прасіў зрабіць упраўленне аховы здароўя магілёўскага аблвыканкама. А яшчэ праз дзень, 12 кастрычніка следчы Матусевіч прыпыняе праверку, пакуль не будуць гатовыя вынікі экспертызы. Ні слова пра дзедаўшчыну ці паўторную суд-медэкспертызу.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце