Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -4° Маладзечна
Вілейка -4° Вілейка
Смаргонь -3° Смаргонь
Ашмяны -3° Ашмяны
Валожын -3° Валожын
Мядзел -5° Мядзел
Астравец -3° Астравец
Грамадства
1
16.11.2017 11:39 ,AЎТАР(Ы): Наталля ТУР

У вёсцы Пажарышча цяпер няма з кім павітацца, а раней было нават сваё “тэлебачанне”

Жанна Ігнатовіч з мядзведзікам Топусем

Жанна Ігнатовіч з мядзведзікам Топусем. Фота Наталлі ТУР.

Вёска Пажарышча знахо­дзіцца ад Мала­дзечна ўсяго ў 30 кіламетрах. Але калі ў горадзе мігцяць агні, кавярні завуць на вячэру, у магазінах натоўпы людзей, то ў Пажарышчы, бывае, за месяц няма з кім павітацца.

 

Мы гэта не прыдумалі, а з’ездзілі халодным лістападаўскім днём у гэту вёску і пазнаёміліся з яе жыхаркай – Жаннай Ігнатовіч. Яна і расказала аб гэтым.

– Наша вёска і раней не была вялікая – двароў 40, не больш. Але цяпер у гэтых 40 дварах амаль не засталося жыхароў. Нехта прыязджае на лета, хтосьці вярнуўся ў дом да сваіх бацькоў, некалькі бабулек жыве. І ўсё. Зімой, бывае, выйдзеш на вуліцу – ні машын, ні людзей. Павітацца няма з кім. А дзіцячага смеху ў вёсцы не чуваць даўно. Калі толькі ўнукі да каго прыедуць.

У  Пажарышчы могілкі 19 стагоддзя. І помнікі, якія жыхары рабілі сваімі рукамі

Жанне Ігнатовіч – 53 гады. Жыве ў Пажарышчы ад нараджэння. Мае дарослую дачку, унука Ромку. Працуе санітаркай у Гарадку. Трымае гаспадарку – свінак і курэй. У двары жывуць два сабачкі. Яшчэ адзін – прыбіўся. Яго пакінулі дачнікі. Жанна яго корміць. У хаце гаспадарыць кот Томас. Яшчэ Жанна даглядае мясцовыя могілкі.

З іх і пачала экскурсію па вёсцы.

– Калі год таму мяне папрасіў старшыня сельвыканкама зрабіць перапіс магілак, я па­чала з таго канца, што недалёка ад маёй хаты. Перапісала толькі на рагу і ўжо атрымалася каля 100 імёнаў.

Уся шматгадовая гісторыя вёскі тут.

– Напэўна, захаваліся камяні з 19 стагоддзя. Бо на іх ужо нель­га і надпіс прачытаць. А вось магілка 1916 года.

Помнік з каменя незвычайнай формы.

– Бацька расказваў, што гэты помнік зрабіў наш аднавясковец уласнымі рукамі без дапамогі якіх-небудзь прыладаў у памяць аб сваёй дачцэ, якая трагічна загінула ў малым узросце.

Уніяцкую царкву разабралі на дошкі для пачатковай школы

Мы з Жаннай падымаемся ўгору.

– А тут стаяла ўніяцкая царква. Казалі, што яе пабудавалі яшчэ ў сярэдзіне 19-га стагоддзя. А можа, і раней. І стаяла яна тут аж да 60-гадоў 20 стагоддзя. Царква была драўляная. А калі прыйшлі “саветы”, ра­забралі на дошкі і перавезлі ў суседнюю вёску Пятроўшчыну, пабудавалі з яе школу. Цяпер гэту школу нехта выкупіў, абклаў сайдынгам. Але ж пад сайдынгам тыя самыя дошкі старой уніяцкай царквы.

Жанна расказвае, што разам з будынкам знішчылі ўсю царкоўную маёмасць.

– Мой тата расказваў, што калі разбуралі царкву, то ў двор выкідвалі кнігі. Старажытныя такія, абцягнутыя цялячай скурай. Вяскоўцы пабаяліся іх браць. Палічылі ці то грахом царкоўную маёмасць забіраць, ці што ўлады за гэта пакараюць. А тагачасныя ўлады расклалі вялікі касцёр і ўсе гэтыя кнігі папалілі. Уяўляеце, такую гісторыю спалілі!

Жанна падымаецца вышэй, разграбае рукамі апалае лісце.

– А вось тут ахвярны камень. Бачыце, дзірачка ў сярэдзіне. Туды манеткі кідалі. Хто ведае, можа, там яшчэ можна знайсці скарбы 19 стагоддзя.

Прадзед быў аканомам, а дзед ездзіў у Вільню на кані

Тут жа на гары Жанна паказвае магілкі бацькоў і дзеда. Магілка таты гля­дзіць на хату.

– Тата сам выбіраў гэта месца. Як і для хаты. Раней тут стаяла старая, у якой яшчэ жыў мой дзед, а да яго – прадзед.  Прадзед яшчэ пры прыгонным праве прыехаў сюды са Смалявічаў. Купіў тут зямлю. Расказвалі, што ён быў аканомам у пана. А дзед мой вазіў тавары з Вільні яўрэям у Гарадок. На кані вазіў. Во час быў. На кані ў Вільню. І тата расказваў, як да вайны тут было весела.

У Гарадку працавала мясцовае “тэлебачанне” – чалавек, які расказваў усе навіны

У Пажарышчы ніколі не было школы. У па­чатковую дзеці хадзілі за кіламетр у суседнюю Пятроўшчыну. А ў старэйшыя класы – за пяць кіламетраў у Гарадок.

– Тата расказваў, што да вайны ў Гарадку было цікавей, чым у якім вялікім горадзе. Тут працавала шмат яўрэйскіх лавачак, дзе можна было купіць абутак, адзенне, хлеб ці смачныя цукеркі дзецям. А па выхадных збіраўся вялікі кірмаш. Была тут і свая “тэлеперадача” – “Навіны. Час мясцовы”. У адзін і той час усе збіраліся вакол аднаго мясцовага чалавека, які цягам тыдня па навакольных вёсках збіраў навіны. І тут, як гаворыцца, пры ўсіх добрых людзях, расказваў, што дзе адбылося на мінулым тыдні.

А потым была вайна.

– Пажарышчам было цяжка ў вайну. Немцы тут доўга стаялі. Аднойчы ледзьве не спалілі вёску. Партызаны ўзарвалі мост, на якім падарваліся нямецкія матацыклісты. Немцы прыйшлі ў вёску, каб адпомсціць жыхарам. Але мясцовы жыхар, ён не быў старастам, войт гэта пасада яго называлася, ці як, добра ведаў нямецкую мову, бо ў Першую сусветную вайну ваяваў, патлумачыў немцам, што мірныя жыхары не вінаватыя ні ў чым. Войт вёску выратаваў, а яго самога не выратаваў ніхто. Пасля вайны забралі, а куды ён дзеўся, што з ім стала, ніхто не ведае.

Пасля паўзы Жанна дадае:

– А яшчэ мясцовыя жыхары баяліся начэй. Бо хто прыйдзе – партызаны ці бандыты, – ніхто не ведаў. Страшны час быў.

Даводзіцца сачыць за катом, бо той не любіць прас

А ў пасляваенны час вёска ажыла.

– У нас тут нават клуб з бібліятэкай працаваў. Моладзі было столькі, што яблыку не было дзе ўпасці. Прыязджалі нават з Мінска. Тут жа ад нас да Маладзечна кіламетраў 25-30, а да Мінска па ракаўскай трасе – сорак. Вёска стаяла пасярэдзіне.

А цяпер, як кажа Жанна, павітацца няма з кім. Калі мы прыехалі ў вёску, Жанна працавала ў агародзе.

– Каб не ездзіла на працу ў Гарадок, тут можна за зіму адзічэць. Добра, што ўнук прыязджае, парадкі тут свае панаводзіць, дык пакуль прыбяруся, ёсць занятак.

Жанна запрашае ў хату. Вялікая веранда, шмат пакояў. Печка.

– У хаце цёпла, утульна. З катом ваюю. Томас чамусьці не любіць прас. Даводзіцца гля­дзець, каб не перавярнуў, пакуль гарачы, і не апёк сабе лапы.

Топусь – мядзведзь, равеснік Жанны

Па падлозе раскіданыя цацкі Ромкі.

– Гэта лялька дачкі. А гэты мішка – Топусь – мой.  Памятаю, як у дзяцінстве баялася яго, бо быў большы за мяне. Ён раней крактаў, цяпер маўчыць. Я рада, што захавала яго. Цяпер такіх цацак няма.

Калі Жанна праводзіла на брамы, расказала, што вёска, верагодна, называецца Пажарышчам, бо калісьці згарэла.

– У нас тут і лес называецца Гарэлае. Вы прыязджайце летам, калі ў лесе шмат ягад і грыбоў, а вось за той горкай – найпрыгажэйшае возера Гліннае. І вы ўбачыце зусім іншае Пажарышча.

Абмеркаваць
Каментар (1) / Дадаць каментар
20.11.2017 00:13
Ларыса / Цудоўны матэрыял аб Пажарышчах. Малайчына Жана, што так цікава расказала аб сваёй вёсцы, яе невялікай, але адметнай гісторыі. Мне гэта блізка, бо ў 20 год мяне, так бы мовіць, абралі дэпутатам Гарадоцкага сельскага Савета па Пажарышчанскай акрузе. І першым загадам выканкама была задача зрабіць агароджу могілак. Ад мяне гэта было так далёка на той час, а вось для моладзі часу не шкадавала, бо у першую зіму ўжо абралі сакратаром камсамольскай арганізацыі калгаса.
Дадаць каментар
Новае на сайце