Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна Маладзечна
Вілейка Вілейка
Смаргонь Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын Валожын
Мядзел Мядзел
Астравец Астравец
Гісторыя
17.11.2017 16:35 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

Адаптацыя ветэранаў у мірным жыцці: ці маглі разлічваць на дзяржаву яе героі

Леанід Астальцаў пасля ўдзелу ў вайне ва Украіне адкрыў піцэрыю. Фота rusvesna.su

Леанід Астальцаў пасля ўдзелу ў вайне ва Украіне адкрыў піцэрыю. Фота rusvesna.su.

Вялікая Айчынная, афганская, украінская. Як пачуваюць сябе ўдзельнікі войнаў у мірным жыцці? Што рабіла і робіць дзяржава для адаптацыі іх, сваіх герояў-абаронцаў да жыцця пасля вайны? І ці павінна, і ці можа яна ўвогуле рабіць нешта?

Сын ветэрана ВАВ: Якая падтрымка?! Мы сена карове накасіць не маглі

Спытаць, як клапацілася дзяржава пра сваіх герояў – ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, – з першых вуснаў не атрымалася. Аднак пасляваеннае пакаленне – дзеці тых самых герояў – яскрава памятае сёння ўласнае дзяцінства ў 1950-1960-х гадах.

Бацька Мікалая Камінскага Пётр у войска пайшоў у 1940-м. Падчас вайны быў кулямётчыкам, прарываў ленінградскую блакаду,  тут яго параніла ў руку і нагу. Асколак у назе непакоіў да канца жыцця. А левую руку там жа, у палявых умовах, ампутавалі.

Да 1946 прабыў у шпіталі, скалечаны і фізічна, і маральна прыйшоў у родную Ілью. Малады ветэран без адной рукі пабудаваў хату, ажаніўся, у сям’і нарадзілася трое дзяцей.

Пётр Камінскі (у цэнтры), ветэран ВАВ з Вілейшчыны. 1948 год. Фота з архіва Мікалая Камінскага.

– Ці памятаеце, была нейкая дзяржаўная падтрымка, клапаціўся хто-небудзь пра адаптацыю ветэранаў, інвалідаў, што прыйшлі з той вайны? – пытаюся ў Мікалая Пятровіча.

– Пра што вы кажаце! Мы, сям’я ветэрана і інваліда вайны, на адну карову сена накасіць не маглі! – узрушаецца мой субяседнік.

І прыгадвае, як на пачатку 1960-х, яны, трое яшчэ невялікіх дзяцей, разам з мамай хадзілі ў лес за некалькі кіламетраў ад вёскі і жалі карове траву. А пасля посцілкамі насілі дадому.

Па ўспамінах Мікалая Пятровіча, бацька ніколі “не казыраў” сваёй інваліднасцю і ветэранствам, не насіў медалёў, не выступаў у школе, вельмі не любіў нешта прасіць.

Сям’я жыла бедна. Бацька-інвалід працаваць не мог. Праўда, неяк хацеў паспрабаваць адкрыць “сваю справу”.

У яго было спецыяльнае прыстасаванне, каб рабіць папяросы. Думаў, хоць гэтым неяк зарабляць на жыццё сям’і. Але ж якая там “свая справа” ў савецкі час. Гэта “прадпрымальніцтва” магло вельмі дрэнна скончыцца.

А яшчэ з расповедаў бацькі і з уласнага дзяцінства мужчына прыгадвае выпадак, калі сусед-ветэран, малады хлопец без адной нагі, прыйшоў на танцы і, убачыўшы танцораў, хацеў застрэліцца. Шмат хто співаўся.

Ад дзяржавы былі паштоўкі да Дня Перамогі, пазней пачалі даваць невялікія падарункі.  У 1975 годзе Пётр Камінскі ўжо цяжкахворы ляжаў у бальніцы. Савецкі Саюз святкаваў 30-годдзе Перамогі. А паміраючы ветэран у гэтыя майскія дні ляжаў на бальнічным ложку і казаў жонцы:

– Пэўна, забыліся яны пра мяне…

15 мая ветэран памёр. А падарунак, электрабрытву, жонцы аддалі. Праўда, пасля яго смерці.

Калі ветэранаў стала значна менш, пачалі даваць машыны “Запарожцы”. Пазней, кватэры. Аднак наш ветэран да гэтага не дажыў.

– Ведаеце, колькі інвалідаў было ў тыя часы? – заканчвае свой расповед Мікалай Пятровіч. – Паглядзіце афіцыйныя лічбы параненых ў Вялікай Айчыннай вайне. І вядома ж, ніякіх там спецыяльных умоў для іх адаптацыі не стваралі. Можа, з-за вялікай колькасці ветэранаў гэта было і немагчыма.

Мой субяседнік перакананы: можа, палкоўнікі і генералы мелі ад дзяржавы нейкія “пернікі”. А просты радавы салдат нікому быў не патрэбны.

Калі не зламаўся, знайшоў сілы не спіцца і не апусціцца, то добра. А разлічваць на дзяржаву ў тых абставінах было проста смешна.

Адаптацыя воінаў-афганцаў: псіхалагічная дапамога? Не чулі

А на пачатку 1980-х адаптавацца да звычайнага мірнага жыцця мусілі хлопцы, якія прыйшлі з Афганістана.

– Ні гаварыць, ні пісаць пра гэта не хочацца, – прыгадвае падзеі 1980-х колішні афганец, інвалід афганскай вайны, маладзечанец Ігар А. – Як не былі патрэбныя Радзіме яе ж героі пасля Вялікай Айчыннай, так нічога не змянілася і пасля афганскай.

–  Вы думаеце, чаму афганцы пачалі аб’ядноўвацца пасля таго, як прыйшлі з вайны? –  пытаецца Ігар.

Па яго словах, толькі таму, што адчувалі сябе нікому не патрэбнымі. З аднаго боку, ім давалі па-за чаргой інтэрнаты і кватэры. Задаецца, што яшчэ трэба маладым людзям? Але і тут узнікалі праблемы.

– Уявіце сабе, вы стаіце на чарзе на жыллё 15 гадоў,  а тут прыходзіць малады хлопец і яму без чаргі адразу кватэру даюць, –  кажа Ігар.

Не дзіўна, што пасля гэтага афганцаў маглі проста ўзненавідзець. Да таго ж, дзяржава прадугледзела для іх павышаныя заробкі. Таму, каб мець менш праблем, кіраўнікі прадпрыемстваў праўдамі-няпраўдамі стараліся не браць афганцаў на працу.

– Вельмі непрыемна было бачыць, як у канцы 1980-х – пачатку ліхіх 1990-х увесь час імкнуліся падмануць, запалохаць, – кажа Ігар. – Чым можна напалохаць тых, якія ўвесь час глядзелі ў твар смерці?

Балюча было, калі ў тыя ж 1990-я шмат негатыву ў прэсе з’явілася пра гэту вайну.

А было і такое, што несумленныя маладыя людзі апраналі форму афганца і ішлі здаваць экзамены ў ВНУ, распавядаючы экзаменатарам пра “духаў”, “вяртушкі” і баі пад Кандагарам. Расчуленыя выкладчыкі плакалі, а маладзёны станавіліся студэнтамі.

Каб паказаць псіхалагічны стан салдат, Ігар прывёў такі выпадак:

– Уявіце сабе, што салдат-кіроўца ездзе па афганскіх дарогах на грузавіку і возіць боепрыпасы. Ён ведае, што калі наедзе на міну, машына ўзарвецца і кішкі кіроўцы, прабачце, разляцяцца ў радыусе некалькіх кіламетраў. І ў гэтым “чаканні” ён ездзіць два гады.

Псіхалагічная дапамога? Пра што Вы? Не займаліся тады такімі дробязямі.

АТА: клопат ветэранаў пра саміх сябе ніхто не адмяняў

Праблемамі адаптацыі ветэранаў пасля АТА займаюцца ўкраінскія грамадскія арганізацыі. Пра дзейнасць НГА “Студэна” ў гэтым накірунку распавяла актывістка Аксана Іванцыў:

–  Мы працуем над псіхалагічнай адаптацыяй ветэранаў АТА, –  кажа Аксана. –  Натуральна, што пасля вяртання з вайны, у хлопцаў узнікаюць прэтэнзіі да дзяржавы, за якую яны змагаліся. Уявіце: хлопец,  які абараняў дзяржаву, прыходзіць у нейкую інстанцыю гэтай самай дзяржавы, а яму там хамяць.

Так упрыгожана піцэрыя Леаніда Астальцава ў Кіеве. Фота Аксаны Ярашонак.

Так упрыгожана піцэрыя Леаніда Астальцава ў Кіеве. Фота Аксаны Ярашонак.

У некаторых украінскіх гарадах існуюць цэнтры адаптацыі для ветэранаў і іх сямей. Увогуле спецыялісты НГА шмат працуюць у накірунку “ветэран-сям’я”. Арганізуюць сямейныя паездкі, дапамагаюць псіхалагічна.

Мусяць таксама развенчваць стэрэатыпы пра тое, што 93% удзельнікаў АТА небяспечныя для грамадства людзі. Аднак і клопат ветэранаў пра саміх сябе ніхто не адмяняў.

Ужываць слова “ветэран” у адносінах да 30-гадовага ветэрана антытэрарыстычнай аперацыі Леаніда Астальцава было нязвыкла. У свядомасці стаяў закасцянелы вобраз сівога дзядулі з ордэнамі.

Да ваенных падзей на Украіне Леанід займаўся прыгатаваннем піцы. Працаваў у шматлікіх піцэрыях і рэстаранах, даваў майстар-класы па прыгатаванні піцы.

На вайну Леанід пайшоў у 27 добраахвотнікам “проста з кухні”, як кажа ён сам. Вярнуўшыся, вырашыў  не закідаць любімую справу.

– Падумалася: а што калі адкрыць піцэрыю, узяць у штат псіхолага і навучаць кулінарыі хлопцаў-“аташнікаў”, – прыгадвае Леанід.

Мужчына пайшоў у мясцовы цэнтр занятасці, некалькі месяцаў адвучыўся на курсах прадпрымальніцтва і склаў бізнес-план.

Доўга шукаў інвестараў, большасць з іх не верыла ў поспех справы. Аднак падтрымлівала жонка, бацькі і сябры. Урэшце пачынаючы прадпрымальнік пазычыў 20 тысяч долараў і распачаў сваю справу. Зараз працуе сам, дае працу некалькім дзясяткам ветэранаў.

Сталы у піцэрыі. Фота Аксаны Ярашонак.

Сталы у піцэрыі. Фота Аксаны Ярашонак.

Па словах Леаніда, пасля вайны многія хлопцы не вяртаюцца на ранейшую працу, бо ўзнікаюць праблемы з кіраўніцтвам.

Цяпер пад брэндам “Ветэрана” працуе тры піцэрыі і 10 кавярняў. Сам Леанід гатуе рэдка. Шмат часу займаюць папяровыя і гаспадарскія пытанні. Настолькі шмат, што не хапае часу на сям’ю. Я не вельмі добры тата, прызнаецца ветэран.

Кажа, што ўстановы свае спецыяльна не рэкламуе. Але шмат інфармацыі трапляе ў інтэрнэт, сацыяльныя сеткі.

– Як усе індывідуальныя прадпрымальнікі, плачу падаткі, – кажа Леанід. – Ніякіх льгот дзяржавай для нас не прадугледжана.

1940-я, 1980-я, 2000-я… Зноў прыгадваюцца словы Мікалая Пятровіча Камінскага…

Калі не зламаўся, знайшоў сілы не спіцца і не апусціцца, то добра. А разлічваць на дзяржаву ў тых абставінах было проста смешна.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце