Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна Маладзечна
Вілейка Вілейка
Смаргонь Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын Валожын
Мядзел -1° Мядзел
Астравец Астравец
Грамадства
1
28.11.2017 16:51 ,AЎТАР(Ы): Зоя ХРУЦКАЯ

Спайсы сышлі, але прыйшлі небяспечныя гульні. Чым забаўляюцца падлеткі, пра што трэба ведаць бацькам і да чаго вядуць юнацкія глупствы

Фота pixabay.com.

Якія небяспечныя захапленні акутуальныя сярод падлеткаў, як засцерагчы дзіця ад праблем з законам і якім чынам дзеці могуць абараніць свае правы.

Пра гэта распавёў начальнік інспекцыі па справах непаўнагадовых Маладзечанскага РАУС, маёр міліцыі Аляксей Посах.

На "улік" больш не ставяць

Ад ліпеня ўступілі ў сілу змяненні і дапаўненні ў закон "Аб прафілактыцы безнагаляднасці непаўнагадовых". Калі раней дзяцей, якіх напаткалі праблемы з законам, ставілі на "улік", то цяпер з імі праводзяць індывідуальна-прафілактычную работу (ІПР). Слова "ўлік" пужае, шкодзіць дзіцяці, лічыць міліцыянер. А галоўнае – не адлюстроўвае тое, што мэта ІДН – дапамагчы дзіцяці знайсці правільны шлях.

Таксама заканадаўцы звузілі пералік артыкулаў кодэкса, паводле якіх з непаўнагадовым праводзяць ІПР. Работу пачынаюць пасля нанясення цялесных пашкоджанняў, перахода ў неналежным месцы на чыгунцы, а вось за знаходжанне на праезжай частцы без флікера – ужо не.

Фота avatanplus.com.

Фота avatanplus.com.

Небяспечныя гульні, пра якія павінны ведаць дарослыя

Падлеткі найчасцей трапляюцца міліцыі за ўжыванне алкагольных і слабаалкагольных напояў, адурманьваючых рэчываў, часам за дробнае хуліганства. Дзяцей-курыльшчыкаў ловяць радзей.
Здараліся выпадкі, калі ДАІ затрымлівала падлеткаў 15-17 год, якія не мелі правоў, але былі за рулём.

Адзін падлетак з раёна за год двойчы трапіўся інспектарам за кіраванне аўто. У першы раз яго затрымалі работнікі падраздзялення "Страла", а другі раз прыехаў на машыне ў Маладзечна.

Яшчэ ў красавіку сярод дзяцей быў бум суіцыдальнай гульні "сіні кіт". Па словах начальніка ІДН, на Маладзечаншчыне дзеці толькі цікавіліся ёй, але шкоду сабе не наносілі. Праходзілі этапы, дзе трэба намаляваць канкрэтнае заданне, а да сур'ёзных узроўняў, дзе трэба нашкодзіць ці забіць сябе, не даходзілі.

фота Bobr.by.

фота Bobr.by.

У маладзечанцаў ёсць гульня з падобным прынцыпам – адно з заданняў у ёй нешта скрасці. Менавіта праз гэта трапляліся падлеткі, якія ў школе лічыліся добрымі вучнямі, нават выдатнікі.

Кралі жвачкі, розныя дробязі. Адна дзяўчына скрала 17 тавараў, хлопец – 24. Яшчэ крыху – і па суме скрадзенага хапіла б на крымінальную справу.

– Для дзяцей гэта жарты, пакуль не даведваюцца, якія наступствы могуць быць, – распавядае міліцыянер. – Уявіце, як пасля з гэтым грузам паступаць ва ўніверсітэт. Могуць таксама скласці пратакол на бацькоў за невыкананне бацькоўскіх абавязкаў. Пры гэтым сем'і дабранадзейныя, і раптам на працу бацькам прыходзіць папера, што ім трэба лепш глядзець за дзіцем, якое нешта скрала.

Фота detki.guru.

Фота detki.guru.

Чаму спайсы зніклі так хутка

Сёлета правапарушэнняў сярод падлеткаў стала менш у параўнанні з мінулым годам. Пры гэтым Маладзечаншчына – лідар вобласці па праванарушэннях, звязаных з распіццем алкаголю сярод падлеткаў. Было два злачынствы, якія здзейснілі непаўнагадовыя п'янымі – крадзеж і хуліганства. Усяго сёлета 11 крадзяжоў, 4 хуліганствы, 4 угоны, якія ўчынілі дзеці.

Большасць злачынстваў здзяй­сняюць навучэнцы, пераважна прыезжыя.

Міліцыянеры зафіксавалі восем выпадкаў прадажы алкаголю непаўнагадовым. Умацоўваецца тэндэнцыя, што не прадаўцы прадаюць алкаголь дзецям, а падлеткі просяць дарослых, якія пагаджаюцца. І атрымліваюць штраф ад 10 базавых велічынь (230 рублёў).

Па наркотыках сёлета не зарэгістравана ні аднаго злачынства, але былі факты ўжывання насвая і клею. Спайсы і іншая сінтэтыка адыходзяць. Бум на сінтэтыку быў сярод падлеткаў 1995-1997 гадоў нараджэння.

– На сыход спайса паўплывала тое, што павялічылі пакаранні – пазбаўленне свабоды ад васьмі год, – мяркуе маёр. – Суды над тымі, каго ўзялі за спайсы, праводзілі паказальна – запрашалі падлеткаў з ІПР, недабранадзейных сямей. Яны ўбачылі, да чаго гэта прыводзіць, расказалі знаёмым.

Сярод тых, хто ўжываў наркотыкі, былі адны хлопцы. А за алкаголь трапляліся і дзяўчаты.

Як змяніліся забавы дзяцей за некалькі год

– Балявыя кропкі ў працы з дзецьмі пастаянна мяняецца. Год 10 таму сацсеткі былі, але імі карысталіся студэнты, маладыя спецыялісты, але не дзеці, – кажа Аляксей Посах. – У 2015 годзе пайшлі спайсы. А гады тры таму пачаліся актыўнасці праз сацсеткі, небяспечныя гульні, крадзяжы праз інтэрнэт. Фанацкі рух таксама працуе праз сацсеткі. Раней фанаты ладзілі бойкі, маглі і мінакоў зачапіць. Цяпер яны калі збіраюцца, то паміж сабой. Ісці па горадзе і нахабна біць людзей – такога цяпер няма. Маніторынг у сацсетках дапамагае праводзіць ІПР больш эфектыўна.

Падлеткі хочуць паказаць сябе перад сябрамі, ад гэтага нікуды не дзенешся. І часам гэта выклікае праблемы.

Фота parent24.com.

Фота parent24.com.

Бацькі павінны дабіцца павагі

Менавіта для таго, каб работа ІДН дапамага дзецям, а не замінала ў будучым, заканадаўца і змяніў "улік" на ІПР.

– Часцей за ўсё кепскія ўчынкі дзеці робяць проста таму, што не занятыя, – мяркуе начальнік ІДН. – Звычайна адразу відаць дзяцей, якія проста памыліліся, трапілі пад уплыў старэйшых. Быў хлопец, які трапіў на 2 гады ў спецшколу, вярнуўся, закончыў каледж, цяпер працуе. Маці на яго асабліва не ўплывала, хлопец някепскі, але дарослыя сябры сказалі "Пойдзем" – і пайшоў з імі на крадзеж.

У правапарушэннях дзяцей найчасцей ёсць вялікая віна бацькоў. Менавіта яны павінны сачыць, каб у дзіцяці быў занятак, а адпачынак быў арганізаваны – схадзіў у кіно ці на культурныя мерапрыемствы.

Іншыя ж бацькі сочаць толькі, каб дзіця пайшло ў школу. А вольны час сам знойдзе, як правесці. Тады і пачынаюцца праблемы. Бацькам трэба дабіцца павагі, каб выхаваць сына ці дачку.

Фота bbc.com.

Фота bbc.com.

Спецшкола

Частка падлеткаў пасля правядзення ІПР паўтарае тыя ж памылкі. У такіх выпадках іх могуць накіраваць у спецустановы закрытага тыпу.

Сёлета з Маладзечанскага раёна накіравалі 5 падлеткаў у спецшколу за крадзеж, хуліганства, алкаголь. Гэта хлопчыкі ад 11 год. Адзін з іх шмат піў, яшчэ пару год – мог бы стаць хранічным алкаголікам.

Некаторыя пасля спецустановы не мяняюць нічога, ёсць тыя, якія мяняюць лад жыцця і кола сяброў.

Ад 15 кастрычніка працуе новая рэспубліканская тэлефонная дзіцячая лінія 8-801-100-16-11 для дапамогі непаўнагадовым, якія апынуліся ў складанай сітуацыі ці якім патрэбна псіхалагічная падтрымка. Лінія належыць Галоўнаму ўпраўленню аховы здароўя.

Абмеркаваць
Каментар (1) / Дадаць каментар
29.11.2017 15:55
куб / Таварыш міліцыянер пра сіняга кіта неяк сціпла паведаміў. Былі выпадкі, дзеці рэзалі рукі, і не адзін-два, а болей. І пра гэта пісалі ў сетцы. Дзяцей абследавалі. Была і больш цяжкая дзяўчынка. І пра гэта ведаюць многія. і пра гэта трэба ведаць. А прадстаўнік міліцыі прытрымліваецца страусінай палітыкі. Гэта не вельмі правільна. У іншых раёнах быў сіні кіт, а ў Маладзечанскім не?
Дадаць каментар
Новае на сайце