Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна Маладзечна
Вілейка Вілейка
Смаргонь Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын Валожын
Мядзел Мядзел
Астравец Астравец
Грамадства
1 Вілейка
5.12.2017 10:54 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

Па тых лесвіцах здаровы ледзь пройдзе, не тое што хворы: як віляйчанкі змагаюцца за перанос анкалагічнага дыспансера з будынка турмы

Таццяна Самаль, Марына Хмяльніцкая, Валянціна Бохан і Жанна Гардынец часта сустракаюцца ў кабінетах чыноўкнікаў. Фота Аксаны Ярашонак

Таццяна Самаль, Марына Хмяльніцкая, Валянціна Бохан і Жанна Гардынец часта сустракаюцца ў кабінетах чыноўкнікаў. Фота Аксаны Ярашонак.

На працягу апошніх тыдняў у сацсетках і блогах актыўна абмяркоўваюць праблему анкадыспансера. А падняла яе  Жанна Гардынец – жыхарка Вілейкі, якая некалькі год даглядае хворую маці.

– Што рабіць у маім узросце ў інтэрнэце? Толькі карцінкі “лайкаць” і розныя падарункі дасылаць, – пачынае Жанна размову падчас нашай сустрэчы.

Але жанчына зрабіла іншае. Дзякуючы магчымасцям сацсетак яна згуртавала вакол сябе неабыякавых жыхароў Вілейкі, каб разам вырашыць праблемы з анкалагічным дыспансерам.

Да размовы далучыліся тры сяброўкі Жанны – настаўніца музыкі Марына Хмяльніцкая, пенсіянеркі Валянціна Бохан і Таццяна Самаль.

Упершыню ў анкадыспансеры Жанна Гардынец аказалася ў 2013 годзе: суправаджала хворага свёкра:

– Адразу адчула, што будынак не прыстасаваны для медыцынскай установы, – прыгадвае Жанна. – Мы са старым хворым чалавекам з кійком з цяжкасцю маглі прайсці па крутых лесвіцах. На той момант там нават каталак не было, цяпер з’явіліся. Скончылася тым, што я папрасіла стул, і ледзь не на кожнай прыступцы ставіла яго, каб свёкар адпачыў. Адчуванне было такое, быццам трапіла ў 1950-60-я гады.

– А я была там раней, у 2001 годзе, – далучаецца да размовы Валянціна Бохан. – Уражанні падобныя да Жанніных. У анкадыспансеры памёр сваяк. Каб вынесці па тых лесвіцах нябожчыка, выйшла на вуліцу і звярталася па дапамогу да выпадковых прахожых-мужчын. Урэшце знайшла чатырох, якія дапамаглі.

“Кажуць, кроў ад турмы па вуліцы лілася, як ручай”

Тады, у 2013 годзе, у Жанны з’явілася думка, што трэба неяк паляпшаць умовы знаходжання хворых у вілейскім анкадыспансеры. Ды і месца, дзе яны ляжаць, па словах Жанны і яе сябровак, працятае смерцю. Будынак стаіць тут ад 1856 года і большасці віляйчан вядома, што там была турма, дзе катавалі людзей.

– Мая бабуля, якая жыла ў Вілейцы, казала, што ў вайну кроў па вуліцы ад турмы, быццам ручай, лілася, – кажа настаўніца Марына.

– А ў мяне у турме бацькі працавалі, – працягвае Валянціна. – Мама была бібліятэкаркай у турэмнай бібліятэцы, а бацька – ахоўнікам. Самі яны нічога пра сваю працу не расказвалі. А я была маладая, не пыталася. Цяпер шкадую.

Са сваякамі мусіла бываць у анкадыспансеры і Таццяна. Кажа, адчуванне такое, быццам усе сілы там пакідаюць цябе.

Пасля першага наведвання анкалагічнага дыспансера Жанна не ведала, да каго звярнуцца. Урэшце напісала лісты на 18 адрасоў: у газеты, на тэлебачанне, вілейскі райвыканкам і Савет дэпутатаў, Мінаблвыканкам, Адміністрацыю Прэзідэнта.

Рамонт у анкадыспансеры павінны былі зрабіць у 2014-2015 гадах

Адказы атрымала амаль ад усіх: з адных устаноў былі тэлефонныя званкі, з іншых – афіцыйныя лісты, якія Жанна захоўвае да сённяшняга дня. У лістах з Савета дэпутатаў, райвыканкама, упраўлення аховы здароўя Мінаблвыканкама пісалі пра тое, што ў 2014-2015 гадах у будынку анкадыспансера правядуць рамонт, ужо рыхтуюць каштарысную дакументацыю.

Анкадыспансер. Фота belisrael.info.

Анкадыспансер. Фота belisrael.info.

“У 2013 годзе будынак станцыянара анкалагічнага дыспансера ўключаны ў інвестыцыйную праграму рэканструкцыі (2 чарга). Згодна з рашэннем Мінаблвыканкама ад 25 студзеня 2013 года №92, на праектна-пошукавыя работы па рэканструкцыі будынка анкалагічнага дыспансера выдзелілі 250 мільёнаў рублёў (недэнамінаваных) … Рэканструкцыя прадугледжвае замену даху, дзвярных і аконных блокаў, ацяпленне, водаправод, каналізацыю, вентыляцыю, будаўніцтва ліфта, мэблю, абсталяванне”, – вось вытрымка з ліста, які Жанна атрымала на свой зварот ў 2013 годзе.

Абяцалі таксама добраўпарадкаванне тэрыторыі і будаўніцтва аўтастаянкі. Працу планавалі пачаць у 2014-2015 гадах.

Такі адказ задаволіў Жанну:

– А наконт месца размяшчэння падумалася: ладна, што я “вытыркаюся”. Тым больш, у тым жа лісце быў каментар, што ў шматлікіх краінах помнікі архітэктуры кардынальна мянялі сваё прызначэнне і служылі людзям.

Ад 2013 года Жанна асабліва не цікавілася, як адбываецца рамонт у анкадыспансеры. Жанчына жыве ў іншай частцы горада, таму проста верыла, што абяцаныя перамены ідуць. Але…

– У канцы 2015 года захварэў бацька, і я трапіла туды з ім, – распавядае Жанна. – І вельмі балюча было ўбачыць, што ад 2013 года тут не адбылося ніякіх істотных змен. У мяне быў шок. Але яшчэ большы шок быў ад хваробы таты, ды і мама ў мяне на руках на той момант была ўжо вельмі хворая. Калі ў 2016 годзе бацька памёр, панесла здаваць у дыспансер наркатычныя прэпараты. Выходзячы, паглядзела на гэты будынак і вырашыла: “Не буду больш думаць пра яго. І дай Бог сюды больш ніколі не трапляць”.

Трапіла на прыём да намесніка міністра з Ільі

Але жыццё складваецца так, што аб праблеме анкадыспансера забыць нельга. То сваяк захварэе, то сусед, кажа Жанна.

– Даведалася, што наш зямляк Дзмітры Піневіч з Ільі з’яўляецца першым намеснікам Міністра аховы здароўя. І вырашыла абавязкова патрапіць да яго, – прыгадвае Жанна падзеі верасня.

Атрымалася запісацца на прыём. Па словах жанчыны, Дзмітры Піневіч прыняў зямлячку, тактоўна выслухаў яе. Інфармацыю аб праблеме яму ўжо падрыхтавалі, бо падчас запісу на прыём Жанна распавяла, з якім пытаннем едзе.

Вытрымка з адказу Міністэрства здравааховы. Фота Аксаны Ярашонак.

Вытрымка з адказу Міністэрства здравааховы. Фота Аксаны Ярашонак.

– Дзмітры Леанідавіч сказаў мне, што ведае пра кепскія ўмовы ў вілейскім анкадыспансеры, на словах паабяцаў, што змены абавязкова будуць, сказаў чакаць пісьмовага адказу.

Праз месяц прыйшоў адказ, падпісаны намеснікам міністра Вячаславам Шылам: “… Анкадыспансер сапраўды мае патрэбу ў рамонце. Штогадова тут праводзяць цякучыя рамонты. А ў 2011-2012 гадах зрабілі капітальны рамонт паліклінікі анкадыспансера, на што выдаткавалі тры мільярды недэнамінаваных рублёў. Гэта з’яўлялася першай чаргой рамонту анкадыспансера. Цяпер у рамках другой чаргі капітальнага рамонту зробленая праектна-каштарысная дакументацыя на рэканструкцыю. Каштарысны кошт складае 50 мільярдаў недэнамінаваных рублёў.” Тут жа паведамілі, што пытаннямі рамонту і аснашчэння дыспансера займаецца галоўнае ўпраўленне аховы здароўя Мінаблвыканкама.

Віляйчанка звярнулася туды і атрымала пісьмовы адказ пра тое, што фінансаванне рэканструкцыі прадугледжвалася за кошт інвестыцыйнага фонду. Замаўляла рэканструкцыю ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Вілейскага райвыканкама. А паколькі ў 2016-2017 гадах фінансаванне не выдзялялі, да будаўніцтва не прыступілі.

Ініцыятыўную групу сабрала праз сацсеткі

Праблемай Жанна пачала дзяліцца ў сацыяльных сетках:

– Ведаеце, у “Аднакласніках” ёсць акенца “Пра што вы думаеце?”, а я апошнім часам ні пра што, акрамя дыспансера, думаць не магу.

Адказаў на запыты назбіралася шмат. Фота Аксаны Ярашонак.

Адказаў на запыты назбіралася шмат. Фота Аксаны Ярашонак.

Такім чынам аб праблеме даведаліся неабыякавыя людзі. Раней Жанна і яе аднадумцы не ведалі адзін аднаго ў твар, кантактавалі толькі праз сацсеткі і па тэлефонах.

Упершыню асабіста з віляйчанамі, якія вырашылі падтрымаць Жанну, яна пазнаёмілася каля кабінета дэпутата Наталлі Жыбуль.  Але той візіт вынікаў не даў.

Хацелася б, каб у анкадыспансеры былі добрыя машыны для перавозкі хворых на тамаграфію, а магчыма, з’явіўся і свой апарат для такога даследавання, каб знайшлі магчымасць перанесці дыспансер з гэтага жахлівага месца ў іншае або хаця б зрабілі добры рамонт, каб нарэшце перапахавалі астанкі людзей, якія загінулі на тэрыторыя будынка, калі там была турма.

Цяпер ініцыятыўныя жанчыны хочуць стварыць грамадскую арганізацыю, якая б вырашала сацыяльныя праблемы горада. Разумеюць, што гэта пэўныя складанасці, ды і ведаў не хапае. Таму шукаюць юрыста, які б змог дапамагчы ім. Спадзяюцца, што першай вырашанай праблемай стане рамонт або перанос дыспансера.

Абмеркаваць
Каментар (1) / Дадаць каментар
5.12.2017 23:42
Аляксандр / Абсалютна правільнае жаданне і патрабаванні. Хворым гэтай катыгорыі ўмовы і дыягностыкі, і лячэння, і "жыцця на шпітальным ложку" патрэбны ўдвая лепшыя і найсучасныя. Больш верыцца намаганням гэтых дзюжых жанчын, чым планам і абяцанням тых, хто не пабыў там аніводнай ночы і не сядзеў у чарзе з людзьмі з "патухшымі" вачыма. І як бы ні стараўся персанал і мясцовая ўлада, касметыкай тут не дапаможаш, на жаль... . Дзякуй гераіням артыкула за іх неабыякавую пазіцыю.
Дадаць каментар
Новае на сайце