Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна Маладзечна
Вілейка Вілейка
Смаргонь Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын Валожын
Мядзел Мядзел
Астравец Астравец
Грамадства
6.12.2017 16:17 ,AЎТАР(Ы): Карына МІКЛУШЫС

Дзяўчынка на вазку Віялета Банковіч паспявае сустракацца з кумірамі, падарожнічаць і даваць майстар-класы

Падчас дабрачыннай акцыі.

Падчас дабрачыннай акцыі.. Фота Таццяны Банковіч.

Майстар-класы для навучэнцаў Маладзечанскай спецыяльнай школы-інтэрната адбыліся ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі ”Маладзік” 2 снежня.

Асаблівасцю аднаго з майстар-класаў было тое, што яго праводзіла 13-гадовая Віялета Банковіч. Дзяўчынка чацверты год вучыцца дома рукадзеллю пад кіраўніцтвам педагога цэнтра творчасці Таццяны Рамановіч. Асвоіла тэхнікі валення, дэкупажа, бісерапляцення і іншыя.

Віялета прапанавала дзецям стварыць сваімі рукамі навагоднюю цацку ў выглядзе каляднай шапачкі. Дзяўчынка пераадолела хваляванне і праявіла якасці добрага выкладчыка, дапамагала і выпраўляла недахопы ў працы.

Майстар-клас.

Майстар-клас.

– Спачатку было крышачку страшна, а потым, як кажуць, увайшла ў смак, – падзялілася сваімі ўражаннямі Віялета. – Мне вельмі спадабалася праводзіць майстар-клас, і я з задавальненнем паўтарыла б такі досвед. Сваю шапачку павешу ў пакоі, каб потым успамінаць гэты цудоўны дзень.

Паштоўкай запрасілі ў іншую краіну

3 снежня Віялета ўдзельнічала ў канцэрце “Інклюзіўны музей: натхняючы адзін аднаго” з песняй “Што мяне чакае”, арганізаваным Нацыянальным мастацкім музеем. На канцэрце выступалі беларускія артысты Георгі Калдун, група “Атлантыка” і іншыя.

Яшчэ адным хобі Віялеты з’яўляецца посткросінг. Дзяўчынцы прыходзяць паштоўкі з розных куткоў свету, напрыклад, з Германіі, Эстоніі, Расіі.

– Толькі за першы месяц мне прыйшло больш за 150 паштовак. Я не чакала, што іх будзе так шмат. Некаторыя людзі адпраўлялі цэлыя падарункі, а аднойчы мне нават даслалі запрашэнне ў іншую краіну, – з захапленнем  расказвае дзяўчынка.

З гуртом NaviBand.

З гуртом NaviBand.

За апошні месяц у Віялеты адбыліся дзве самыя жаданыя сустрэчы ў яе жыцці. Дзякуючы акцыі Беларускага дзіцячага хоспіса яна сустрэлася з удзельнікамі “Еўрабачання” ад Беларусі групай NaviBand, змагла пагутарыць з бронзавым прызёрам паралімпійскіх гульняў Аляксандрам Трыпуцём і пераможцай конкурсу “Міс свету на вазку” Аляксандрай Чычыкавай.

У пачатку лістапада дзяўчынка і яшчэ трое дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі сталі ўдзельнікамі праекта “Казка дзецям”. Яны адправіліся ў Маскву, дзе наведалі заапарк, планетарый і Чырвоную плошчу. Але пра самы галоўны  сюрпрыз Віялета даведалася ўжо ў Расіі. Гэта была сустрэча з яе кумірам, спявачкай Юліяй Самойлавай, прэтэндэнткай на “Еўрабачанне-2017”.

– Я пагутарыла з Юліяй сам-насам. Яна адкрылася для мяне з новага боку. Высветлілася, што мы з ёй вельмі падобныя. Напрыклад, я вельмі здзівілася, калі даведалася, што мая любімая спявачка гэтак жа, як і я, марыла стаць графічным мастаком. Цяпер мне ўсе кажуць, што, магчыма, і я ў будучым вырашу прыняць удзел у “Еўрабачанні”, – распавяла Віялета.

Фота аўтара і Таццяны Банковіч.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце