Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -12° Маладзечна
Вілейка -11° Вілейка
Смаргонь -11° Смаргонь
Ашмяны -11° Ашмяны
Валожын -13° Валожын
Мядзел -10° Мядзел
Астравец -11° Астравец
Грамадства
Вілейка
18.12.2017 09:47 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

"Як можна сцерці з памяці вілейскую славутасць?". Прадпрымальнік з Вілейкі плануе аднавіць "Казіны" мосцік

На скрынях для ахвяраванняў размясцілі фотаздымкі маста

На скрынях для ахвяраванняў размясцілі фотаздымкі маста.

Вілейскі прадпрымальнік Віталь Малыш плануе аднавіць "Казіны" мосцік праз Вілію, разбураны ўраганам сёлета вясной.

Гэта немалыя грошы, фізічная сіла і іншыя складанасці, але Віталь перакананы: "Казінаму" мосціку ў Вілейцы быць!

– Я нарадзіўся ў Вілейцы ў іншым раёне, але каля "Казінага" мосціка жылі сваякі, – прыгадвае Віталь. – Таму пачынаючы з сярэдзіны 1980-х гадоў тут я бавіў канікулы, святкаваў дні нараджэння. Ведаю, у многіх віляйчан з мосцікам звязаныя падобныя ўспаміны. Як можна сцерці з памяці гэтую “вілейскую” славутасць?

Мосцік для коз, грыбнікоў, рыбакоў і закаханых

Віталь распавёў, што мосцік самастойна будавалі жыхары Вілейкі, якія жывуць каля ракі. Калі трэба, самі, без дапамогі ўладаў, рамантавалі яго. А цяпер, падзяліліся, што больш не могуць “цягнуць” гэту справу без дапамогі.

Першапачаткова мост быў неабходны для таго, каб пераводзіць пасвіцца на той бераг свойскую жывёлу: кароў, козаў. Адсюль і назва.

А яшчэ на мосціку, па словах Віталя, можна было сустрэць рыбакоў, грыбнікоў, бацькоў з дзецьмі, рамантычныя пары закаханых. Віталь з сынам часта каталіся тут на роварах.

– Мяркую, працэнтаў 60 гараджан карысталіся "Казіным мосцікам", – дзеліцца Віталь.

Па словах мужчыны, масток быў вузкі, прыкладна паўметра ў шырыню, без парэнчаў. Некаторым віляйчанам ён падаваўся ненадзейным. Магчыма, з-за гэтай ненадзейнасці не ўсе гараджане хочуць падтрымаць рэканструкцыю моста, мяркуе прадпрымальнік.

Скрыні з грашыма адкрыюць вясной

Ад сярэдзіны жніўня Віталь замовіў у мясцовага прадпрымальніка скрыні для ахвяраванняў. На іх размясцілі два фотаздымкі мосціка: класічныя “да” і “пасля”.

Скрыні стаяць у некалькіх установах горада. Ёсць такая ў магазіне электратавараў у Доме быту, у Палацы культуры, у “Востраве чысціні”, прадуктовых крамах на плошчы Свабоды. Хутка паставяць яшчэ дзве.

– Я адразу пайшоў у падатковую інспекцыю, удакладніў, што магу займацца зборам грошай. Пасля быў на прыёме ў старшыні райвыканкама. Ён нават узрадаваўся, што некага зацікавіла аднаўленне мосціка, – расказаў Віталь.

Па словах мужчыны, скрыні пакуль не адкрывалі. Гэта зробяць вясной. На яго думку, паўгода – мала для збору грошай. Але не хочацца адцягваць, каб народ “не перагарэў” ідэяй. Пакуль ёсць ахвотныя дапамагчы фізічна.

А гараджане патроху ахвяруюць. Пра вялікія сумы гаворка не ідзе. Нехта пяць капеек пакладзе, нехта – 50. Часам трапяцца і 20 рублёў. У бліжэйшы час прадпрымальнік плануе адкрыць банкаўскую картку. Можа, камусьці будзе больш зручна ахвяраваць на мосцік, не выходзячы з дома. Па падліках прадпрымальніка, для таго, каб зрабіць мост, трэба каля трох тысяч рублёў.

Як будзе новы казіны мосцік

Віталь прыгадаў, што нядаўна лавіў рыбу недалёка ад таго месца, дзе стаяў мосцік, і сустрэў хлопчыка-рыбака. Хлопчык з вудай некалькі разоў паўтарыў, як шкада, што няма мосціка. Завязалася гутарка.

– Хлопчык сказаў тады, што і ён ахвяраваў, і бацька яго, і дзядзька, і іншыя сваякі, – прыгадаў Віталь. – А гэта яшчэ раз пераконвае, што мосцік патрэбны.

І ўсё ж сустракаюцца людзі, якія кажуць “разбурыўся мосцік – і забудзьцеся пра яго”. Бачыў Віталь і такіх, хто нарадзіўся і жыве ў Вілейцы, але пра мосцік не чуў.

Адна са скрынь стаіць у краме прадпрымальніка Віталя Малыша.

Адна са скрынь стаіць у краме прадпрымальніка Віталя Малыша.

Сорак металічных паляў закупяць у фірме, якая займаецца ў Беларусі будаўніцтвам і рэканструкцыяй мастоў. Хутчэй за ўсё, да спецыялістаў гэтай фірмы будуць звяртацца і ў час аднаўлення моста.

– Ні я сам, ні іншыя гараджане, наколькі мне вядома, не могуць пахваліцца багатым досведам у мостабудаўніцтве, – жартуе мужчына.

Працы пачнуць, калі вада пацяплее, а гэта значыць, бліжэй да лета. Для мосціка абяруць месца, дзе не асабліва глыбока, каб было лягчэй і танней.

Якім жа будзе новы мосцік? Значна шырэйшым за стары. Па словах Віталя, каля метра ў шырыню. Аснова будзе металічнай. Як распавёў субяседнік, з улікам сучасных тэхналогій металічныя палі могуць прастаяць у вадзе 60-80 год. Насціл будзе з дошак.

Пасярэдзіне моста плануюць зрабіць два выступы па баках. Яны будуць выконваць адразу некалькі задач. Па-першае, на адну з пляцовак можна будзе сысці, каб, напрыклад, размінуцца з чалавекам на ровары. Па-другое, гэтыя дзве пляцоўкі зробяць мост больш трывалым. А трэцяя функцыя – эстэтычная. Стоячы на пляцоўцы мосціка, гараджане змогуць глядзець на хвалі і берагі Віліі.

Для большай зручнасці новы мосцік зробяць з парэнчамі.

Магчыма, мосцік існуе столькі, колькі сама Вілейка

Вольга Коласава, старшы навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея, мяркуе, што казіны мосцік існуе шмат дзесяцігоддзяў.

– Свойскай жывёлы раней шмат трымалі, трэба ж было яе неяк на пашу перапраўляць, – кажа Вольга Аляксандраўна. – А паколькі той бераг Віліі ніколі не быў заселены, вось яго і выкарыстоўвалі для пашы.

Фота Аксаны Ярашонак.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце