Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -12° Маладзечна
Вілейка -11° Вілейка
Смаргонь -11° Смаргонь
Ашмяны -11° Ашмяны
Валожын -13° Валожын
Мядзел -10° Мядзел
Астравец -11° Астравец
Грамадства
Валожын
12.01.2018 14:41 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

Пераможцы "Асобы года 2017" Алена і Ігар Крэйнісы: не хочаце працаваць? Зрабіце хобі сваёй работай

Аляксандр Манцэвіч віншуе пераможцаў. Фота Зоі Хруцкай

Аляксандр Манцэвіч віншуе пераможцаў. Фота Зоі Хруцкай.

На ўганараванне пераможцы “Асобы года-2017” крыху спазніліся. Ратавалі аднаго з жыхароў сабачага прытулку – шчанюка з пашкоджаным вокам.

А потым іншы “выхаванец” згрыз паперку з адрасам і тэлефонамі газеты. За адно паснедаў бутэрбродамі, прыгатаванымі для сям’і.

Сёлета пераможцамі традыцыйнага конкурсу “Рэгіянальнай газеты” стала сям’я  Алены і Ігара Крэйнісаў з Валожыншчыны. Рэдакцыя адзначыла іх за арганізацыю прытулку для сабак у вёсцы Алешчаняты. Муж і жонка змаглі знайсці сталае фінансаванне для дзейнасці прытулку, уладкоўваюць гадаванцаў у розныя гарады краіны і за мяжу, а таксама прапануюць паслугі гасцініцы для сабак.

Пра тое, што ўключаныя ў спіс магчымых асоб года, сям’я даведалася ад суседкі і сяброўкі, журналісткі Наталлі Штэйнер. За прадстаўнікоў Валожыншчыны галасавалі аматары сабак з усяго свету: з Балгарыі, Германіі, Ізраіля, Расіі, Амерыкі, Аўстрыі.

Алена і Ігар Крэйнісы распавядаюць пра гадаванцаў.  Фота Зоі Хруцкай.

Алена і Ігар Крэйнісы распавядаюць пра гадаванцаў. Фота Зоі Хруцкай.

– Заўважылі, што ў вашым спісе з прадстаўнікоў Валожыншчыны ёсць яшчэ Алесь Белы, – дзеліцца Алена. – Мы яго добра ведаем, былі ў “Марціновай гусі” на мерапрыемстве, прысвечаным птушкам Беларусі. Алеся лічым дастойным кандыдатам, захапляемся тым, што ён робіць у накірунку гісторыі беларускай кухні.

Бульдог Жорж стаў іспанскай фотазоркай

Пра сваіх гадаванцаў Алена і Ігар могуць распавядаць доўга. Падзяліліся радасцю, што нядаўна змаглі “прыстроіць” французскага бульдога Жоржа. Сабака, кажа Ігар, быў праблемны. Былыя гаспадары выкарыстоўвалі яго для развядзення пароды. Калі бульдог не змог выконваць сваю “місію”, проста выкінулі яго.

Жорж не ведаў ласкі і адкрытай прасторы. Вялікім дасягненнем для гаспадароў прытулку стала тое, што праз нейкі час ён даўся сябе пагладзіць.

У тым, што ў прытулак трапляюць агрэсіўныя жывёлы, Крэйнісы ніколі не вінавацяць саміх сабак. У такіх паводзінах гадаванца, перакананыя яны, заўсёды вінаваты гаспадар. Так было ў выпадку з Жоржам.

Іспанская фотазорка Жорж. Фота Мікалая Саевіча.

Іспанская фотазорка Жорж. Фота Мікалая Саевіча.

Мужчына, які адважыўся забраць праблемнага бульдога, назаўтра патэлефанаваў Ігару і кажа: “У мяне ўсе рукі ў крыві”.

– Ты ж не сунь рукі, пакуль не дамовішся з ім, – праінструктаваў новага гаспадара Ігар. – Жорж такі сабака, якому трэба паказаць, што чалавек – гаспадар. Інакш будзе наадварот: кіраваць стане сабака.

Праз нейкі час Крэйнісы даведаліся, што Жорж з новым гаспадаром пасябраваў. Не толькі дае гладзіць сябе, а нават заскоквае на калені. 

А яшчэ французскі бульдог з лёгкай рукі прафесійнага фатографа стаў іспанскай фотазоркай. Да бабулі ў суседнюю вёску прыязджае прафесійны фатограф Мікалай Саевіч. Ён на валанцёрскіх пачатках здымае сабак з прытулку. Пасля выкладае фотаздымкі на сайт, дзе за невялікія грошы любая фірма можа яго набыць.

Фотаздымак з Жоржам спадабаўся іспанскай фірме, якая вырабляе фоташпалеры. Цяпер французскі бульдог на фоне драўлянага алешчаняцкага плота вялікімі тыражамі па цане 120 еўра разыходзіцца ў іспанскіх крамах.

Маленькі сабака давёў гаспадыню да нервовага зрыву

Неяк да прытулку невядомыя падкінулі дарослага паляўнічага сабаку. Яго ўзяў мужчына, што займаецца паляваннем, а праз нядоўгі час вярнуў гаспадарам. Сказаў, што ні паляваць не ўмее, ні вартаваць. Толькі есці.

– На што ж, будзем уладкоўваць не як паляўнічага і вартаўніка, а як кампаньёна, – смяецца Алена.

Гадаваць з гэтага сабакі паляўнічага, па словах Ігара, няма сэнсу. Гэта шмат укладанняў: і часавых, і фінансавых, і маральных.

Пятнашка. Фота Мікалая Саевіча.

Пятнашка. Фота Мікалая Саевіча.

Увогуле выпадкі, калі сабак вяртаюць назад у прытулак, не такія і рэдкія. Крэйнісы аддаюць сваіх жывёл з падрабязнымі рэкамендацыямі: распавядаюць новаму гаспадару пра характар сабакі, яе звычкі, захворванні, алергію на пэўныя прадукты. І заўсёды кажуць: калі нешта не так, каб не выкідалі жывёлу, а абавязкова везлі назад. Часам ездзяць забіраць самі.

Так было з Карамелькай. Невялічкую дварняку ўзяла з прытулку жанчына з Калодзішчаў, што пад Мінскам. За суткі, па словах Алены, сабачка, што важыць пяць кілаграмаў, забрудзіў шыкоўную мэблю і дываны, падрапаў дарагія дзверы і давёў да нервовага зрыву сваю новую гаспадыню. Жанчына патэлефанавала Крэйнісам са слязьмі і прабачэннямі і папрасіла забраць сабаку.

Цяпер Карамелька зноў жыве ў прытулку. Яе выхаваннем займаецца Ігар, які, па словах жонкі, вельмі добры сабачы псіхолаг, а яшчэ дварняга Пятнашка.

Сана везлі кантрабандай

Цікавая гісторыя ў сабакі Сана. У Крыме ён прыбіўся да расіян, што там адпачывалі. Людзі пашкадавалі кінуць сабаку і кантрабандай вывезлі яго да сябе ў Санкт-Пецярбург. Думалі, хутка ўладкуюць. Трымаць у сябе не было магчымасцяў.

Тым часам аказалася, што ў сабакі рак хрыбетніка. Гаспадары зрабілі яму такую дарагую аперацыю, за якую разлічваюцца яшчэ і сёння.

Сабака-інвалід ў вазку. Фота Мікалая Саевіча.

Сабака-інвалід ў вазку. Фота Мікалая Саевіча.

Пасля аперацыі ў сабакі перасталі дзейнічаць заднія ногі. Яму набылі інвалідны вазок. Жывёлу-інваліда прывезлі ў Мінск, а адтуль – у Алешчаняты. У Крэйнісаў Сан жыве 13 месяцаў. Хаця дактары ў Санкт-Пецярбургу давалі яму каля паўгода жыцця. Алешчаняцкія супляменнікі добра прынялі Сана.

– Цікава тое, што сабака сабаку ніколі не ўспрымае як інваліда, – дзеліцца Алена. – Яны не заўважаюць калецтваў супляменнікаў, у адрозненне ад людзей. Па-іншаму адносяцца сабакі толькі да шчанюкоў і да старых жывёл. Прыстроіць сабаку інваліда ў Беларусі нерэальна.

Выгляд Сана ў інвалідным вазку расчульвае ўсіх, хто яго ўбачыць, кажуць Крэйнісы. Прыгадалі, як на дзень нараджэння Ігара прыехала знаёмая жанчына і ўсё свята праплакала, шкадуючы сабаку.

Так выглядаў прытулак летам 2017 года. Фота Аксаны Ярашонак.

Так выглядаў прытулак летам 2017 года. Фота Аксаны Ярашонак.

Пасля гэтага яна далучылася да валанцёрскай дзейнасці і цяпер дапамагае гаспадарам алешчаняцкага прытулку. Хоць на выгляд жанчына – тыповая сталічная бізнес-вумэн, яна шкадуе ўсіх на свеце. Ёй нават сабаку нельга даць, кажа Ігар, бо раздурыць.

За мяжой нельга ўзяць бадзяжнага сабаку, бо іх там няма

Доўга з-за няпростага характару і агрэсіўнасці не маглі ўладкаваць Грышу. Але і ён знайшоў свайго гаспадара. Сабаку ўзяў рыбак. Цяпер наш Грыша жыве ў трохпакаёвай кватэры і ездзіць на машыне на рыбалку з новым гаспадаром, распавядаюць усцешаныя Крэйнісы.

Яшчэ адна гадаванка – Лакі, у якой ад нараджэння адна лапка карацейшая за астатнія, – цяпер жыве ў Аўстрыі. У прытулак яе прывезлі з вайсковай часці Валожына, каб стэрылізаваць, а пасля забраць. Аднак Крэйнісы вырашылі пакінуць сабаку ў сябе. І ў хуткім часе дварняку забралі ў Вену. Рэгулярна алешчаняцкіх сабак бяруць у Бостан.

Арына Крэйніс падтрымлівае бацькоў. Фота Аксаны Ярашонак.

Арына Крэйніс падтрымлівае бацькоў. Фота Аксаны Ярашонак.

 – Што прымушае жыхароў замежжа браць сабак з беларускага прытулку? Няўжо нельга гэта зрабіць у сябе? – пытаюся ў нашых пераможцаў.

Аказваецца, нельга. Як распавялі Крэйнісы, праблемы з бадзяжнымі сабакамі за мяжой даўно вырашаныя. Сабак на вуліцы там проста няма. А людзі, якія маюць усё, хочуць некаму дапамагчы.

Да таго ж гадаваць дварняжку лягчэй, кажа Ігар. Імунітэт у яе лепшы, чым у пародзістых сабак. Таму менш грошай ідзе на лячэнне і ўтрыманне.

Каб прыйсці да рэгуляцыі колькасці жывёл, што апынуліся на вуліцы, за мяжой спатрэбіліся гады. Бадзяжных сабак стэрылізавалі ветэрынары, але не забівалі. Так паступова колькасць бадзяжных жывёл скарачалася.

– У многіх замежных краінах, –  распавёў Ігар, –  увялі чыпіраванне для хатніх жывёл. Калі сабака ці  кот будзе гуляць на вуліцы без гаспадара, адразу высвятляць, каму ён належыць. Калі выпадкі такога бадзяння паўторацца, гаспадар атрымлівае вялікі штраф. Вось таму людзі пяць раз падумаюць, перш чым браць жывёлу.

За мяжой у прытулку ёсць куратары, якія ўладкоўваюць сабак. Гэта людзі адказныя. Звяртаюць увагу нават на тое, каб сям’я, у якую трапіць жывёла, была руска- або беларускамоўная. Гэта для таго, каб у сабакі не было стрэсу. Калі жывёлы вельмі прывязаныя адна да адной, іх таксама не раздзяляюць: аддаюць у адну сям’ю.

Стэрылізаваць больш танна і гуманна, чым забіваць

Гаспадары прытулку лічаць, што і Беларусі даўно варта пайсці па такім шляху, каб рэгуляваць колькасць бадзяжных сабак. Гэта і больш гуманна і танней, чым выклікаць брыгаду па адлове ў некалькі чалавек. Тым больш, ёсць такія ветэрынары, што могуць стэрылізацыю зрабіць хутка і ў палявых умовах.

Яшчэ госці распавялі, што пры доглядзе сабак кіруюцца тым, што гэтыя жывёлы з дагістарычных часоў прывыклі жыць у зграі. Як зграю яны ўспрымаюць і людзей. І важак для алешчаняцкіх сабак – Ігар, перакананая Алена.

За аўчарку зарабілі слоік мёду

Часам гаспадары, якія з’язджаюць за мяжу, аддаюць гадаванцаў на тыдзень-два ў Алешчаняты як у гасцініцу і аплачваюць іх знаходжанне. Гэта складае пэўную частку даходаў прытулку.

Пастаянны кліент – карлікавы шпіц Назарык. Гаспадыня шпіца – расіянка. Яна набыла кватэру ў Мінску, але часта ездзе ў Расію да дачкі. На гэты час здае Назарыка ў прытулак. Сабака ўжо добра ведае Крэйнісаў, адразу бяжыць да іх і ўскоквае на рукі. А міма ўласнай гаспадыні можа і міма прабегчы.

У Беларусі Крэйнісы вядомыя. Часта ім тэлефануюць незнаёмыя людзі, кажуць што недзе ля дарогі знайшлі сабаку. Часам прывозяць у прытулак самі, часам просяць прыехаць. І Ігар едзе.

Ігар з гадаванцам. Фота Мікалая Саевіча.

Ігар з гадаванцам. Фота Мікалая Саевіча.

Пасля такога званка ў прытулку з’явілася аўчарка. Нехта кінуў сабаку на дарозе, а людзі патэлефанавалі ў Алешчаняты. Ігар паехаў, доўга ўгаворваў сабаку залезці ў машыну, а той не паддаваўся.

Тады мужчына завёў машыну і ціхенька паехаў. Сабака падняўся і пайшоў ззаду. Так і ішоў да самых Алешчанятаў. Потым аўчарку забраў мужчына, які працуе вартаўніком. Сказаў, што будзе браць гадаванца на працу.

– За гэтага сабаку мы яшчэ і слоік мёду атрымалі, – смяецца Алена. – А аўчарка знайшла і гаспадара, і кватэру, і нават працу.

А здараюцца і сюрпрызы. Тэлефануюць: забярыце сабаку. Ігар прыязджае – а там з ёй яшчэ чатыры шчанюкі. Забіраюць усіх.

Падаткі плацім, крэдыт не даюць

Вельмі важна, на думку Крэйнісаў, каб сённяшнія дзеці мелі зносіны з жывёламі. Ад прыроды ўсе дзеці жаласлівыя, але сённяшнія камп’ютарныя гульні, дзе ў забітага яшчэ тры жыцці, прытупляюць пачуцці жаласлівасці і спачувальнасці.

– Неяк да нашай дачкі Арыны прыехаў аднакласнік, – прыгадала Алена. – Хлопчык захацеў паглядзець сабак, я правяла яго па вальерах. Ён запомніў мянушкі ўсіх сабак і цяпер у Арыны ўвесь час пытаецца, як справы ў кожнай, ці ўсе здаровыя, каго прыстроілі.

Калі я не навучу сёння сваё дзіця дагледзець ката ці сабаку, хто дагледзіць нас у старасці – па такім прынцыпе жывуць Алена і Ігар.

Гаспадары прытулку працуюць па артыкуле 295 Падатковага кодэксу. Штомесячна плацяць падаткі. А вось крэдыт узяць не могуць. Банкі асабліва не хочуць займацца з імі. Не ўсе разумеюць, што гэта за праца “догляд за жывёламі”. Былі праблемы і калі Ігара спынялі супрацоўнікі ДАІ, і калі Алена брала пуцёўку для дачкі ў лагер.

– Мы, канешне, чараўнікі. Можам зрабіць са злога сабакі добрага, – жартуе Алена. – Толькі вось крэдыт атрымаць гэтым чараўніцтвам сабе не дапаможам.

– Нехта разумны сказаў аднойчы: калі не хочаш працаваць, зрабі працай сваё хобі. Мы з жонкай так і зрабілі. І вельмі задаволеныя.

У жаніха папрасіла мінскага хлеба і соку

Канешне, амаль увесь час сям’і займаюць сабакі. Але знаходзіцца час і для іншых захапленняў. Алена любіць чытаць, захапляецца дызайнам інтэр’ера. Ігар адпачывае, калі глядзіць кіно.

Алена любіць родны Валожын:

– Ніколі не кажу, што я з-пад Мінска. Лічу, што Валожын – цудоўны самадастатковы горад. З Валожыншчыны выйшла шмат людзей, пачынаючы ад Шымона Перэса. Цяпер у Японіі ёсць перакладчыцкая фірма, якую заснавала дзяўчына з Валожына.

Ігар жа прыехаў на Валожыншчыну да Алены з Берліна.

– Мы пазнаёміліся па інтэрнэце, – пачынае прыгадваць гісторыю знаёмства з мужам Алена. – Я часта ездзіла за мяжу, вазіла развіццёвыя цацкі для сына. Так аднойчы ў нас з’явіўся камп’ютар. Да інтэрнэта на той час, у пачатку 2000-х, былі падключаныя ў Валожыне толькі тры абаненты. Сярод іх – я. На сайце знаёмстваў ўбачыла аб’яву Ігара. Звярнула ўвагу на імя: калі бацькі чакалі майго нараджэння, планавалі, што народзіцца хлопчык Ігар. Як аказалася потым, са скрыні Ігара пісаў яго сябар, у іх былі аднолькавыя імёны.

Фотасесія ў рэдакцыі.  Фота Зоі Хруцкай.

Фотасесія ў рэдакцыі. Фота Зоі Хруцкай.

Алена напісала. Ігар, не разабраўшыся, што ліст не яму, а сябру, адказаў. Пачалося “каханне ў лістах”. І аднойчы Ігар прыехаў у Валожын. Толькі вось сустрэцца з Аленай не атрымалася. Яна на той час дапамагала сястры ў іншым горадзе. Мужчына вярнуўся ў Берлін.

Праз пару месяцаў паездка была больш удалай.

– Ён патэлефанаваў мне ўжо з Мінска, спытаў, што трэба купіць. А я ад разгубленасці папрасіла мінскага духмянага хлеба і соку. Спякла пірог і стала чакаць. Чакаю-чакаю, а яго няма. Ну вось, думаю: збярэшся раз у жыцці замуж выйсці, а жаніх усё не едзе. Нарэшце пачула званок у дзверы. І вось ён стаіць: у адной руцэ хлеб, у другой – сок.  Кажу “заходзь”. Ігар зайшоў, агледзеў кватэру, дзе быў няскончаны рамонт, сказаў “о, ды тут працы столькі”, закасаў рукавы і … застаўся назаўсёды.

Па словах Алены, прапанову зрабіў у першы ж вечар.

– А я кажу: “ведаеш, у мяне сваячка ў ЗАГСе працуе. Я заўтра сапраўды зацягну цябе і ажаню…”

Пажаніліся праз месяц пасля прыезду Ігара. Праз год нарадзілася дачка Арына.

17-гадовы сын паехаў у Польшчу з 90 далярамі ў кішэні

Старэйшы сын Алены Нікадзім вучыцца ў Польшчы на лагіста. Ужо мае дыплом бакалаўра, хутка скончыць магістратуру. Хлопец, які ў 17-гадовым узросце паехаў у Польшчу з 90 далярамі ў кішэні, аб’ездзіў Еўропу, дасканала ведае пяць замежных моў, атрымаў два гранты:

– А ўсё тыя развіццёвыя цацкі і канструктары, што вазіла яму змалку, – прыгадвае шчаслівая матуля.

Дарослы сын Ігара Павел – чэмпіён свету па паўрліфтынгу.

Дачка Крэйнісаў Арына вучыцца ў валожынскай гімназіі, шмат чытае. Аднолькава захапляецца гісторыяй і хіміяй.

Некалі ў 10-гадовым узросце, калі была з татам у Польшчы, Арына змагла спыніць цягнік, бо Ігар, які пабег за білетамі, не паспяваў. Проста закрычала на польскай мове “Спыніце цягнік, вунь бяжыць мой тата!”. Дзяўчынку паслухаліся. Цягнік спынілі.

Крэйнісы стараюцца ніколі нічога не забараняць дзецям:

– Мы не кажам не гладзь сабаку. Кажам: гладзь асцярожна, можа ўкусіць.

Быў час, калі мама і тата працавалі на пяць рэпетытараў. У гэтай сям’і ўпэўненыя: грошы, укладзеныя ў адукацыю дзіцяці, абавязковы даюць вынік.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце