Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -4° Маладзечна
Вілейка -4° Вілейка
Смаргонь -4° Смаргонь
Ашмяны -4° Ашмяны
Валожын -4° Валожын
Мядзел -3° Мядзел
Астравец -4° Астравец
Грамадства
4 Вілейка
31.01.2018 01:07 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

“У вас – рак”, – сказаў доктар і ўсміхнуўся так, што я забылася пра хваробу: віляйчанка – пра тое, як хварэла на анкалогію

Жанна Вярбіцкая

Жанна Вярбіцкая.

Пра рак малочнай залозы – хваробу, з якой сутыкнулася ў 2016 годзе, – Жанна Вярбіцкая з Вілейкі распавядае з усмешкай і нават з гумарам. І толькі ў асабліва хвалюючых момантах у бездакорна нафарбаваных вачах блісне сляза.

Па дыплому Жанна – мастак роспісу па тканіне, па прызванні – спявачка і актрыса. Працавала мастаком-афарміцелем, дзесяць год іграла ў народным тэатры ў Вілейцы. Сёння яна працуе мастацкім кіраўніком у Любанскім Доме культуры і праводзіць вяселлі і юбілеі.

– Жанна, распавядзіце, як пачыналася хвароба?

– У адносінах здароўя – я чалавек дысцыплінаваны. З юнацтва раблю зарадку, здаю ўсе патрэбныя аналізы. У 48 год першы раз зрабіла мамаграму, таму што падышоў узрост. Тады мой доктар-гінеколаг сказаў, што ніякіх праблем у мяне няма. Як і ўсім жанчынам майго ўзросту, параіў самастойна абследаваць малочныя залозы, раз на год рабіць УЗІ, два разы на год – мамаграму.

У пачатку 2016 года навалілася шмат працы: навагоднія канцэрты, ранішнікі. І хоць ужо падыходзіў час зрабіць УЗІ, я прапусціла яго. Неяк пры самаабследаванні на малочнай залозе з правага боку адчула ушчыльненне. Але зноў жа – праца, а тут яшчэ ў лютым накіравалі на курсы ў Мінск. Мне б схадзіць праверыцца ў сталічнай клініцы, але тады чамусьці не зрабіла гэтага.

– Боль адчувалі?

– Менавіта само ўшчыльненне не балела, але пагоршылася агульнае самадчуванне, з’явілася слабасць, стомленасць. У Мінск на курсы брала з сабой спартыўныя снарады. Рабіла зарадку, піла каву, але стомленасць не праходзіла. На твары з правага боку, бліжэй да падбародка, з’явіліся цвёрдыя фурункулы. Думала, прастыла. Усё ж быў люты, а ў Мінску мусіла часта ездзіць на грамадскім транспарце.

Пасля курсаў вярнулася ў Вілейку. На працы правялі канцэрт да 8 Сакавіка, і я адчула, што з-за гэтай слабасці і стомленасці трэба браць бальнічны. Выклікала на дом тэрапеўта. Доктар паглядзела, паслухала і ўжо збіралася сыходзіць, як раптам я ўспомніла пра тое ўшчыльненне і папрасіла паглядзець. Пасля агляду тэрапеўт параіла звярнуцца да гінеколага. Гінеколаг паглядзела, сказала не палохацца, але накіравала на мамаграму.

Штодзённыя практыкаванні на фітболе.

Штодзённыя практыкаванні на фітболе.

– Вы ўжо тады адчулі нядобрае?

– Хутчэй за ўсё, так. Магчыма, адчувала і раней. Таму свядома цягнула, не хацела пачуць дыягназ. Гэта, дарэчы, памылка многіх людзей, хворых на анкалогію. Насцярожылі і паводзіны гінеколага. На ранейшых прыёмах яна заўсёды казала, што ўсё добра. А тут не стала хаваць, што мой стан ёй не падабаецца.

Тады асцярогі пацвердзіліся?

– Уявіце, не. Здараецца так, што мамаграма не выяўляе ўшчыльнення. Я тады грашыла на дрэнны апарат, але пасля даведалася, што ўшчыльненне часам бачнае толькі на УЗІ. А я ж прапусціла УЗІ ў 2016 годзе. Магчыма, тады б усё выявілася на яшчэ ранейшай стадыі. Нягледзячы на тое, што на мамаграме было быццам бы ўсё добра, гінеколаг адправіла ў мясцовы анкалагічны дыспансер да анколага. Гэта было прыкладна 16-17 сакавіка. У рэгістратуры сказалі, што могуць запісаць на УЗІ толькі на 15 красавіка, бо ў іх чарга. Трапіць на прыём да анколага таксама не атрымалася.

Рэгістратарка, нібы прафесар медыцыны, пагартала маю картку і сказала: “Ідзіце, жанчына. Тут жа ў мамаграме пазначана, што ў вас усё добра”. Калі я пачала настойваць, яна набрала нумар тэлефона доктара, пачытала яму запісы ў картцы і ўрэшце яшчэ раз паўтарыла: “Ідзіце, ідзіце. Усё нармальна ў вас.”

Я выйшла ў шоку. Патэлефанавала ў сталіцу нявестцы, каб знайшла, дзе можна платна і хутка зрабіць УЗІ. Паехалі ў адну са сталічных радзільняў, зрабілі УЗІ, і мне сказалі, што патрэбная кансультацыя анколага.

Памятаеце свае адчуванні ў той момант?

– Спалохалася. Была разгубленасць ад таго, што не ведаеш, куды з гэтым ехаць. Муж патэлефанаваў сваёй сястры, што працавала ў адным з міністэрстваў. Дзякуючы ёй, я трапіла ў прэзідэнцкую клініку. Добрыя адносіны да сябе адчула адразу. Доктар сустрэў з усмешкай.

Ён і паведаміў вам пра хваробу?

– Так. Ён яшчэ раз зрабіў мне УЗІ. І я спытала: “Рак?”

– Рак, –  адказаў ён і... усміхнуўся. – І хто ж яго заўважыў?

– Я сама.

– Якая ж вы малайчына! – пахваліў анколаг, і пакуль я ляжала на стале, яшчэ раз агледзеў мяне са словамі. – Так… Тут прыбяром, тут дададзім. Будзеце, як Анжаліна Джалі. Ведаеце, у мяне ёсць два сябры, што робяць аперацыі: высокі і нізкі, як Дон Кіхот і Санча Панса.

І тут жа патэлефанаваў аднаму з сяброў і дамовіўся, сказаўшы, што зараз да яго прыедзе адна маладая сімпатычная дзяўчына.

І ўсё гэта рабілася з жартамі, усмешкай. Мне нават падумалася: ну, і добра, што ў Вілейцы не прынялі. Дзякуй той прафесаршы ў рэгістратуры! Каб мне ў Вілейцы пра хваробу сказалі, напэўна, памерла б адразу.

Доктар намаляваў мужу схему, як даехаць да першага анкалагічнага дыспансера ў Мінску, і зноў жа пажартаваў: маўляў, там такая назва вясёлая – АХА-1 (анкахірургічнае аддзяленне).

У дыспансеры мяне прыняў доктар Генадзь Былінскі. Спытаў мамаграму. Я падала яму паперку. А ён пытае: “А дзе дыск?” Аказалася, што і мамаграму, і УЗІ абавязкова павінны рабіць з дыскам, каб доктар бачыў запіс. Не ведаю, чаму ў Вілейцы так не робяць.

Пасля была біяпсія. І дакладны дыягназ – 1 ступень анакалогіі – пацвердзіўся.

Атрымліваецца вас, ужо анкалагічна хворую, адправілі з вілейскага анкадыспансера са словамі “усё ў вас, жанчына, нармальна”?

– Атрымліваецца так. Уявіце, у пятніцу ў Вілейцы мне сказалі “ў вас усё нармальна”, а ў панядзелак ў Мінску мне паставілі рак. А іншая жанчына магла б і не паехаць у Мінск, а пачуўшы “ўсё нармальна”, пайшла б дамоў чакаць, пакуль будзе чацвёртая ступень, калі ўжо нічога зрабіць немагчыма.

Раскажыце пра час перад аперацыяй.

– Мне павінны былі выдаліць хворую малочную залозу і паставіць імплантант. Працэдура каштавала 15 мільёнаў на старыя грошы. Калі стала вядомая гэтая сума, я выйшла з кабінета да нявесткі і мужа. І кажу: патрэбна 15 мільёнаў. А муж: “Так, так, канешне!” А я ж ведаю, што дома грошай зусім няма. Мы – музыканты, грошы заўжды вадзіліся, але якраз на той час не было.

Як шукалі?

– Муж напазычаў у сваіх сяброў. А ўжо пасля аперацыі ўзяў крэдыт, каб разлічыцца з людзьмі. Крэдыт выплачвае і сёння.

У бальніцу мяне паклалі 6 красавіка, а 7, на Дабравешчанне, ужо была аперацыя. Мне пашанцавала, што так хутка. Маральна вельмі цяжка доўга чакаць аперацыю ў бальніцы.

Што найбольш палохала?

– Наркоз. Начытаўшыся і наслухаўшыся, баялася, каб хаця правільна дозу разлічылі. Аперацыю рабілі вечарам, ад чатырох да шасці. У палату прывезлі прыцемкамі. Пэўны час нельга было засынаць, а я ўсё баялася, што засну. Адразу перад аперацыяй і пасля бачыла толькі твар анестэзіёлага. Доктара Былінскага не бачыла зусім. Ён пажартаваў пасля: дык можа, анестэзіёлаг Вам і аперацыю рабіў?

Фота ўнучкі і калекцыя лялек для яе захоўваюцца ў бабулі.

Фота ўнучкі і калекцыя лялек для яе захоўваюцца ў бабулі.

Умовы, напэўна, у сталічным дыспансеры вельмі добрыя?

– У аддзяленні зрабілі рамонт. А вось да аперацыйнай рамонт не дайшоў. Але там на гэта ўвагі не звяртаеш. Галоўнае – цёплыя, чалавечыя адносіны ўсяго персаналу. Калі доктар дрэнны як чалавек і як спецыяліст, то ў якія б шыкоўныя кабінеты яго ні пасадзілі, хворым ад гэтага не стане лепш.

Цікава яшчэ тое, што здавалася б, у такім невясёлым месцы людзі – аптымісты: і дактары, і хворыя. Асабліва наша палата вясёлая была. Я ўсіх смяшыла анекдотамі і прыколамі. Дзякуючы таму, што праводжу вяселлі, шмат усяго ведаю. Мы так гучна смяяліся і нават песні пелі пад тэлефон.

Знаёмыя пыталіся, колькі грошай я дала дактарам, што яны так добра да мяне ставіліся. Але гэта тыя дактары, якіх проста немагчыма было абразіць хабарам. Дамовіліся, што я ім адспяваю і адтанцую.

Як адчувалі сябе пасля аперацыі?

– Праз два тыдні мяне выпісалі. Далей – шэсць працэдур хіміятэрапіі. “Хімію” прызначылі самую моцную – з чырвоным растворам, падобным да журавінавага морсу. Я і цяпер не магу глядзець на такі морс. Працэдуры рабілі з інтэрвалам праз 20 дзён. Бо пасля гэтага часу ўжо пачынаюць расці ракавыя клеткі.

Кажуць, хіміятэрапія вельмі дрэнна ўплывае на самаадчуванне. Як было ў вас?

– На першую “хімію” паехала, нічога не прачытаўшы, не ведаючы. На другі дзень пасля працэдуры ў Вілейцы сабраліся з сяброўкамі, пайшлі на прыроду. Так добра пасядзелі, нагаварыліся. Я дранікаў наелася, што сяброўка прыгатавала. Як жа мне дрэнна ўвечары было! Пасля ўжо даведалася, што трэба з ежай вельмі акуратна.

Бабуля з унучкай любяць гуляць у калекцыйных лялек. Прыбірае бабуля.

Бабуля з унучкай любяць гуляць у калекцыйных лялек. Прыбірае бабуля.

Паміж працэдурамі піла шмат лекаў: для падтрымання сэрца, печані, розныя вітаміны. Уколы калола сама сабе ў нагу. Ампулы спецыяльна брала імпартныя. Іх лягчэй адкрыць. Здавалася б, дробязь. Але для мяне гэта было істотна. Адкрываючы беларускую ампулу, неяк параніла правую руку. А яе пасля аперацыі не пажадана было траўмаваць.

Пасля першай “хіміі” пачалі вылазіць валасы. Як толькі заўважыла, паехала да сяброўкі-цырульніцы і кажу: “Галі налыса!” Вырашыла, што парык купляць не буду. Валасы адрастуць, куды яго потым дзену? Хіба як рэквізіт на вяселлях выкарыстоўваць? Па інтэрнэту замовіла сабе шмат прыгожых тонкіх шапачак. Старалася з густам апранацца, заўсёды фарбавалася, рабіла манікюр, педыкюр. Думала: і так мне дрэнна, дык будуць яшчэ і пазногці недагледжаныя раздражняць. Чула шмат кампліментаў. Калі хто тэлефанаваў, хацеў прыйсці, усіх папярэджвала: не палохайцеся, я лысая.

Недзе пасля пятай хіміі валасы пачалі адрастаць. Старэйшая ўнучка гладзіла мяне па кароткай прычосцы і казала: “Бабуля, ты як мішка”.

Часта адчувала сябе, як цяжарная. Было млосна ад розных пахаў, хацелася чаго-небудзь, напрыклад сушанай рыбы. Толькі вось адрозненне: цяжарнасць – гэта шчасце.

Самаадчуванне было жахлівае. Выкручвала косці, балелі ногі, злазілі пазногці. Начамі доўга не магла заснуць, гадзінамі сядзела на балконе. Стала плаксівай, раздражнёнай. Пасля чарговага эмацыйнага ўсплёску, казала родным, што гэта не я, гэта мая хвароба. Хіміятэрапія сапраўды не лепшым чынам уплывае на мозг. Быў час, калі тэмпература падымалася да сарака, ад хіміятэрапіі захварэла на стаматыт. З цяжкасцю падымалася ў сваю кватэру на чацвёрты паверх. І здавалася, што такое самаадчуванне будзе заўсёды.

Перыядычна здавала аналіз крыві. Былі праблемы з лейкацытамі. Пры неабходным паказчыку чатыры і пяць, яны знізіліся да 0,88. Прызначылі пяць уколаў антыбіётыкаў у вену. Хадзіла іх рабіць у вілейскі анкадыспансер. Перад трэцім уколам прыснілася мама-нябожчыца.

Пайшла на ўкол. Медсястра пачала ўводзіць, а я кажу, што мне быццам бы пашчыпвае ў вене. І раптам валюся і трачу прытомнасць. Калі ачуняла, убачыла над сабой твары дактараў.

І адна з іх, на маю думку, самы душэўны там чалавек, Таццяна Поклад, сказала: “Дзякуй богу, што ачуняла! Пасля прыёму гэтага прэпарату парадзіха ў Маладзечне памёрла”.

Аказалася, я перажыла анафілактычны шок. Хацелі пакінуць на нейкі час у бальніцы, але я, як пахадзіла па гэтых змрочных калідорах і лесвіцах, як пабачыла турэмную прыбіральню, сказала: “Не!” У выніку на наступны дзень лейкацыты павысіліся самі. Я адчула гэта. Адчуванні пацвердзіў і аналіз, зроблены ў Мінску.

Падчас хваробы было жаданне займацца хатнімі справамі, хобі?

–  Я перагледзела старыя савецкія і французскія фільмы, сядзела ў скайпе, сацсетках. Раптам захацелася класічнай музыкі. Засынала пад Шуберта, Бетховена.

Можа, малявалі?

– Не. Маляваць не хацелася. Хоць і эцюднік татаў у кватэры ляжыць. Я мала малявала. Адзіную сваю працу, напісаную алейнымі фарбамі, падарыла свекрыві. Магчыма, калі-небудзь прыйду да гэтага. Вось і сын пытаецца, чаму я не малюю. Сын Максім, бацька траіх маіх унучак – творчая асоба, сам піша музыку. А тата шмат маляваў. Ён тады з кватэры сыходзіў у падвал, дзе абсталяваў майстэрню. На сценах у маёй кватэры – толькі татавы карціны. Часам бачу яго нацюрморты ў знаёмых і незнаёмых людзей.

Трэнажор Жанна набыла ў растэрміноўку.

Трэнажор Жанна набыла ў растэрміноўку.

Як вы цяпер сябе адчуваеце?

– Абсалютна здаровым чалавекам. Цяпер у мяне рэмісія – час, калі хвароба слабне і паступова знікае. Кажуць, патрэбна каля двух гадоў, каб рэабілітавацца. Столькі спатрэбілася і мне. Прымала транквілізатары, пасля адмовілася ад іх, была на бясплатнай рэабілітацыі. У студзені мінулага года ўжо адыграла першае, пасля доўгага перапынку, вяселле. Усё прайшло дробра, хоць фізічна было цяжкавата, бо спяваю толькі ўжывую. Адразу, калі даведалася пра хваробу, адмовілася ад курэння, таму мой голас стаў больш высокім.

Ад чаго яшчэ мусілі адмовіцца з-за хваробы?

– Больш ні ад чаго. Харчавацца правільна я старалася і да хваробы. Ад зарадкі таксама не адмаўлялася. Нават у бальніцы рабіла практыкаванні на ложку і на парэнчах лесвіцы. Цяпер узяла сабе ў растэрміноўку велатрэнажор. Думаю, што дзякуючы спорту, якім займаюся для сябе, мне было лягчэй перанесці і хваробу, і аперацыю.  

Ці ўплывала хвароба на адносіны з роднымі і сябрамі?

– Так. Некаторыя перасталі тэлефанаваць. Баяліся чагосьці. Вельмі ўдзячная мужу, Юрыю, і сыну, якія былі побач у няпросты час. Аднойчы так атрымалася, што хіміятэрапія была перад самым маім днём народзінаў. Муж спытаў пра падарунак, а якраз у краме абутку ў Маладзечне былі зніжкі. Паехалі туды і набылі мне ў падарунак дзве пары прыгожага абутку. Зрабілі гэта за некалькі дзён да дня нараджэння, бо ведалі, што, калі пазней, мне будзе дрэнна пасля хіміі.

Кажу цяпер усім сябрам, каб сачылі за сваім здароўем. Не лічу себя вялікім прафесіяналам у анкалогіі. Тым больш ракі – яны розныя, індывідуальныя. У жанчыны, якая захварэла ў 50, хвароба можа працякаць зусім не так, як у 40-гадовай.

І ўсё ж мне дзіўна, калі адна знаёмая кажа, што была ў гінеколага 34 гады таму, калі нараджала сына. Некаторыя кажуць, ты вось і аналізы здавала, і правяралася, а захварэла. А можа, я і захварэла ад таго, што ў свой час прапусціла УЗІ.

З’явіліся і новыя знаёмыя. Разам са мной ляжала жанчына з Наваполацка Святлана. Я адразу адчула ў яе асобе роднасную душу. Тым больш, Наваполацк – гэта горад, дзе я нарадзілася. А потым ужо сям’я пераехала ў Вілейку, на радзіму бацькі, мастака Сяргея Вярбіцкага, пра якога, дарэчы, пісала “Рэгіянальная газета”. У невялічкай Вілейцы не хочацца дзяліцца з людзьмі нечым патаемным, а са Святланай я магу гаварыць на любыя тэмы.

Каля карціны таты – мастака Сяргея Вярбіцкага.

Каля карціны таты – мастака Сяргея Вярбіцкага.

–  У роспачы, захварэўшы на анкалогію, людзі часта кідаюцца да розных народных сродкаў. Як вы да гэтага ставіцеся?

– Я не супраць травак: рамонку, зверабою, але калі яны не замест лекаў, а разам з імі. Упэўненая: ставіць дыягназы і прызначаць лячэнне павінен толькі доктар. Сама спрабавала піць спіртавы настой грыба вясёлкі, але так і не ведаю, ці дапамог ён мне.

Некаторыя знаёмыя кажуць, навошта ты  на аперацыю згаджалася і імплантант ставіла? А я ў адказ – “канешне, трэба было прыкласці капусным лістом і чакаць.”

Фота аўтара.

Абмеркаваць
Каментар (4) / Дадаць каментар
31.01.2018 20:57
Макс / Здоровья тебе Мама
1.02.2018 16:53
mara / Вельмі рада за Жанну. Было б зусім не справядліва, калі б такая маладая, прыгожая, абаяльная жанчына пакінула гэты свет. Яна атрымала перамогу над страшнай хваробай, і цяпер кожны дзень будзе прыносіць ёй шчасце. Любіце жыццё, жывіце па законах Сусвету і атрымоўвайце радасць ад кожнага пражытага дня.
1.02.2018 17:03
Ольга / Чароўная жанчына, заслугоўвае павагі і ўзнагароды жыццём!
1.02.2018 19:01
Раіса / Шмат апошнім часам пішуць у "Рэгіянальнай газеце" аб праблемах вілейскага анкадыспансера. І тут дарэчы фраза гераіні : "калі доктар дрэнны як спецыяліст і як чалавек, то хоць у палац яго пасадзі, хворым лепш не стане". А Жанне - здароўя, кахання, асабістага шчасця!!!
Дадаць каментар
Новае на сайце