Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -4° Маладзечна
Вілейка -4° Вілейка
Смаргонь -4° Смаргонь
Ашмяны -4° Ашмяны
Валожын -4° Валожын
Мядзел -3° Мядзел
Астравец -4° Астравец
Грамадства
2 Вілейка
12.02.2018 16:53 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

Залікі з назвамі “АХ” і “БАХ” і дзявятка па біялогіі Вілейскі “стабальнік” здаў першую сесію ў медыцынскім універсітэце

Ягор Белахвостаў. Фота vk.com

Ягор Белахвостаў. Фота vk.com.

Летам мінулага года віляйчанін, выпускнік гімназіі “Логас” Ягор Белахвостаў дзяліўся з намі сваімі ўражаннямі ад выдатных вынікаў тэставання, увосень распавёў пра першыя месяцы студэнцкага жыцця.

А зімой прыйшоў час першай сесіі. Цяпер леташні стабальнік Ягор Белахвостаў з Вілейкі распавёў пра  залікі па біяарганічнай хіміі – БАХ, агульнай хіміі – АХ і экзамен па біялогіі.

Дыферэнцаваныя залікі, кажа Ягор, студэнты здавалі ў вучэбны час. Яны былі часткай заліковай сесіі, але падрыхтоўкі патрабавалі не меншай, чым да экзаменаў.

– Такі расклад нязручны, – дзеліцца Ягор. – Напрыклад, дыферэнцаваны залік быў у адзін дзень з калёквіумам па стаматалогіі. Да таго ж, перапынак паміж двума сур’ёзнымі залікамі атрымаўся ўсяго тры дні.

На падрыхтоўку да адзінага экзамену студэнтам далі больш часу. Можна было рыхтавацца шэсць дзён. Ніводнай ночы за падручнікамі я не правёў, прызнаецца першакурснік, клаўся спаць, як звычайна. Рыхтавацца было куды лягчэй, бо ўсю інфармацыю можна ахапіць за два-тры дні. Канешне, пры ўмове, што працуеш у час вучобы. Два дні перад экзаменам Ягор проста адпачываў.

– Цяпер я зразумеў, што рыхтавацца да ўступных тэстаў можна было пачынаць значна пазней  і разлічваць на той жа вынік, – дзеліцца адкрыццём Ягор.

Залікі былі такія, што экзамен падаўся бяскрыўдным

Да экзамену першакурснік рыхтаваўся па падручніках, часам звяртаўся да інтэрнэта, каб атрымаўся больш поўны адказ. Канспекты былі непатрэбныя. Я, шчыра кажучы, і не вёў іх, прызнаўся студэнт.

 Па словах Ягора, біялогія – не складаны для яго прадмет. Да таго ж, шмат у чым там паўтараецца школьная праграма. Пасля складаных залікаў экзамен здаваўся даволі бяскрыўдным.

Уражанні ад экзамену ў студэнтаў-аднагрупнікаў былі розныя. Хтосьці выходзіў з аўдыторыі і ўзахлёб распавядаў, як яму пашанцавала з выкладчыкам. А нехта, наадварот, рэзка выказваў сваё незадавальненне.

 Ягор заўважыў, што асабіста для яго экзамен прайшоў у даволі дружалюбнай атмасферы. Ніхто не думаў “засаджваць” студэнтаў. Уся група здала экзамен нядрэнна. Пераздач няма, шмат дзявятак і васьмёрак.

Большасць аднагрупнікаў, па словах Ягора, разлічвалі на ўласныя веды. І  ўсё ж некаторыя не забыліся і пра старую добрую традыцыю. Падчас сесіі з вокнаў можна было пачуць: “Халява, прыйдзі!”

Ягорава залікоўка. Фота забяспечанае Ягорам Белахвоставым

Ягорава залікоўка. Фота забяспечанае Ягорам Белахвоставым

Шпаргалкамі хлопец не карыстаўся. Кажа, так прывык яшчэ са школы: трымаць усё ў галаве і ад гэтага адчуваць сябе больш упэўненым.

Ад верасня Ягор – стараста ў сваёй групе. На маё пытанне, ці не было яму ад гэтага палёгкі на экзаменах, хлопец адказаў, што  падчас сесіі стараста ніяк не адрозніваецца ад іншых студэнтаў.

Ашчаджае сілы для другога семестра

Пакуль Ягор Белахвостаў пацвярджае свае ўзорныя вынікі цэнтралізаванага тэставання. Нагадаем, што летам ён атрымаў сто балаў па хіміі і 99 па біялогіі. Сесію здаў на “выдатна”, з сярэднім балам дзевяць. Цяпер будзе атрымліваць павышаную стыпендыю. Дзеля гэтага, на думку хлопца, варта папрацаваць.

Цяпер у Ягора канікулы. Ён адпачывае дома, у Вілейцы. Да вучобы пакуль ніяк не прычыняецца. Кажа, ашчаджае сілы на другі семестр.

– Не хацелася б, каб з маіх слоў чытачы зрабілі вынік пра тое, што вучыцца лёгка. Гэта не так. Добры вынік – значыць, добрая праца. Вельмі важна ацаніць свае магчымасці і правільна падысці да падрыхтоўкі. Тады сапраўды ўсё можа быць не так цяжка, – заканчвае нашу размову Ягор.

Абмеркаваць
Каментар (2) / Дадаць каментар
12.02.2018 20:31
Лёня / Ну сколько можно мусолить этого стобальника, пусть учится себе человек! А то скоро про каждую сессию будете рассказывать в газете.
13.02.2018 09:56
Аксана Ярашонак / Вітаем! Пра кожную сесію не будзем. Але хацелася б "давесці" Ягора да выпускнога. Мяркуем, будзе што распавесці і пра першую доктарскую практыку, і пра інтарнатуру, і пра ўручэнне дыплома. З павагай, А. Ярашонак.
Дадаць каментар
Новае на сайце